Мабільнасць студэнтаў і выкладчыкаў з’яўляецца адным са складнікаў Балонскага працэсу, пра планы ўваходжання ў які заявіла Беларусь. БДУ, як вядучая ВНУ краіны, стараецца ісці ў авангардзе гэтых тэндэнцый. Вопытам выкладання ў Еўропе, а таксама сваім бачаннем перспектыў запрашэння замежных спецыялістаў з намі падзяліўся першы прарэктар БДУ прафесар Міхаіл Жураўкоў.

– Міхаіл Анатольевіч, Вы нядаўна здзейснілі вельмі пра­дуктыўную паездку па Еўропе, дзе выступілі з лекцыямі ў розных краінах. Раскажыце пра гэтую праграму і пра свае ўра­жанні.

– Мне давялося прачытаць лекцыі і выступіць на семінарах у Дэльфцкім тэхналагічным універ­сітэце (TU Delft, Нідэрланды) і Каралеўскім тэхнічным універсі­тэце (KTH, Стакгольм, Швецыя) у рамках еўрапейскага праекта «Матэматычнае мадэляванне і кам­п’ютарнае мадэляванне ў навуковых даследаваннях і інжынерыі». У ім задзейнічаны некалькі краін. Перш за ўсё гэта Германія, Швецыя, Данія, Нарвегія. У рамках праекта як выконваюцца навуковыя дасле­даванні, так і чытаюцца спецыяльныя лекцыі для студэнтаў розных універсітэтаў.

– А як усталяваліся гэтыя кантакты?

– У мінулым годзе мяне запрасілі ў якасці члена камісіі на абарону доктарскай дысертацыі ў Дэльфцкі тэхналагічны ўніверсітэт. Там абароны праходзяць інакш, чым у нас. Навукоўцам, якія з’яў­ляюцца аўтарытэтнымі спе­цыя­лістамі ў галіне даследаванняў, па якіх прадстаўлена дысертацыя, і абавязкова з розных краін, зага­дзя высылаецца для азнаямлення навуковая праца і прапануецца прыняць удзел у рабоце спецы­яльнага камітэта, на пасяджэнні якога адбываецца публічнае аб­мер­каван­не і прымаецца рашэнне аб прыс­ваенні вучонай ступені.

Падчас удзелу ў такім па­сяджэнні я выступіў з дакладам на семінары факультэта прыкладной матэматыкі, інфарматыкі і элек­тронікі, пасля чаго мне было прапанавана ўклю­чыцца ў згаданы навукова-аду­кацыйны праект.

– Па якой тэме Вы выступілі на гэты раз?

– Дэльфцкі тэхналагічны ўніверсітэт – адна з найбольш прэстыжных вышэйшых навучальных устаноў Нідэрландаў. Я прачытаў курс лекцый для магі­странтаў і аспірантаў на факультэце матэ­матыкі, інфарматыкі і элек­тронікі. Яго можна ўмоўна назваць «Асаблівасці колькаснага мадэлявання ў ме­ханіцы». Курс уключаў у сябе тры лекцыі па дзве гадзіны, па выніках якога слухачы атрымалі пэўную колькасць крэ­дытаў. Таксама я выступіў з дак­ладам перад вы­кладчыкамі і су­працоўнікамі.

Затым я адразу ж адправіўся ў Стакгольм у Каралеўскі тэхнічны ўніверсітэт, які з’яўляецца элітнай ВНУ Швецыі. Пра гэта кажа і гістарычнае аблічча яго галоўнага будынка і «статуснасць» выклад­чыкаў. Я выступіў на семінары, арганізаваным факультэтам прыкладной матэматыкі і колькаснага мадэлявання і прачытаў курс лекцый для аспірантаў па сучасных аспектах матэматычнага і камп’­ютарнага мадэлявання ў геа­ме­ханіцы.

– Ну і як там прымала наву­ковая супольнасць і маладыя даследчыкі спецыяліста з БДУ?

– Павінен прызнаць, што, на жаль, там нас пакуль мала ведаюць. Нават выйшаў такі казус: у Швецыі ў аб’яве пра чытаныя мной лекцыі значылася: прафесар Жураўкоў з Беларускага дзяр­жаўнага ўніверсітэта (Канада) (усміхаецца). Не ўсе ведаюць, што такое Беларусь. Таму хочацца, вядома ж, каб не толькі нашы студэнты ездзілі вучыцца, але і вык­лад­чы­кі выступалі, прадстаўляючы і БДУ і нашу краіну.

Прафесары і даследчыкі ў асноўным ведаюць і нас і ўзровень нашых дасле­да­ванняў. Але вось моладзь, тыя ж магістранты і аспіранты, вельмі слаба арыентуюцца і мала чулі пра нашы дасягненні (гэтая пацеш­ная аб’ява, дарэчы, аўтарства аднаго з такіх маладых людзей).
У Дэльфцкім універсітэце якраз з БДУ знаёмыя добра. Наша кафед­ра тэарэтычнай і прыкладной механікі супрацоўнічае з галанд­скімі партнёрамі ўжо некалькі гадоў. Некалькі разоў у Дэльфце стажыраваліся нашы супрацоўнікі і аспіранты, і мясцовыя выкладчыкі вельмі добра адгукаюцца пра ўзровень пад­рыхтоўкі нашых маладых спецы­ялістаў і задаволеныя іх падыходам да справы. Тое ж самае можна сказаць і пра іншыя ВНУ, з якімі БДУ цесна супрацоўнічае. Трэба сябе больш актыўна прапагандаваць, бо мы на самай справе ні ў чым не саступаем еўрапейскім калегам.

– Ёсць толькі адна праблема…

– Праўда, слабае культываванне англійскай мовы, прычым не толькі гутарковай, а і наогул ва ўсіх сегментах. Падчас заняткаў га­ландскія навучэнцы цікавіліся БДУ і перш за ўсё пыталіся: «А ці ведаюць беларускія студэнты англій­скую мову?» Бо сутнасць навучання не толькі ў набыцці новых ведаў, але і яшчэ ў простых зносінах, сяброўстве, узаемаспасціжэнні культур. Але ўсё ж галоўнае – гэта арганізацыя адукацыйных праг­рам. У тых краінах, дзе я пабываў, уся магістратура на англійскай мове. Адукацыя – гэта міжнародны працэс, і ў ім задзейнічаны студэнты з розных краін. Студэнт, які прыязджае ў тую ж Швецыю, натуральна, не абавязаны вучыць шведскую мову.

Выкладанне на англійскай мове ў іх арганізавана вельмі добра. Што, дарэчы, мы хочам укараняць у сябе. Калі мы гэтага не зробім, то безнадзейна адстанем ад найлепшых еўрапейскіх універ­сітэтаў. Сёлета мы ўпершыню адкрываем падрыхтоўку ў магіс­тра­туры на англійскай мове па шэрагу спецыяльнасцяў практычна на ўсіх факультэтах. Будзем спадзявацца, што яна стане запатрабаванай, і гэтая практыка атрымае распаў­сюджанне, у тым ліку і на першай ступені адукацыі.

– Вось і рэктар ужо чытаў лекцыі нашым студэнтам на англійскай мове…

– Ды і я спрабаваў. Але ёсць нюанс. У прынцыпе, нашы студэнты вельмі ахвотна гэта прымаюць, але не ўсе ў групе валодаюць англій­с­кай у дастатковым аб’ёме. Усё залежыць ад факультэта і ад таго, каму ты чытаеш. А адну-дзве лекцыі яны з задавальненнем праслухаюць для праверкі сябе і проста для разнастайнасці, але больш паглыблена вывучаць прадмет у групе пакуль не могуць. У цэлым, колькасць студэнтаў, якія ведаюць англійскую мову, вельмі вялікая. Яны разумеюць, што замежная мова патрэбная для зносін і для прафесійнага росту амаль па ўсіх спецыяльнасцях. Гэта датычыцца і развіцця супрацоўніцтва на вышэйшым узроўні. У еўрапейскіх ВНУ паняцце перакладчыка практычна адсутнічае. І дзелавыя перамовы заўсёды вядуцца без пасярэдніка. А калі да нас прыязджаюць замежнікі са сваімі прапановамі, то без перакладу рэдка абыходзіцца. Гэта не правільна.

– Якія яшчэ тэндэнцыі Вы для сябе адзначылі?

– У Еўропе і ў нас праблемы ў адукацыі шмат у чым падобныя. У іх падае папулярнасць «цяжкіх» навуковых спецыяль­насцяў: фізікі, хіміі, матэматыкі, а самымі папу­ляр­нымі з’яўляюцца эканоміка і юрыспрудэнцыя. Але дзякуючы сумесным намаганням і ўніверсітэтаў і ўрадаў цікавасць да гэтых спецыяльнасцях зноў пачынае расці. Пра гэта мы шмат гаварылі і на маіх семінарах. Таму сумесныя праграмы акадэмічнага абмену абавязкова патрэбныя. З нашай кафедры мы адпраўлялі выкладчыкаў на стажыроўку з навуковымі мэтамі і для распра­цоўкі навучальных курсаў у Парыж, Кракаў і Лондан. Адзін дагэтуль працуе ў Галандыі. Такі вопыт мае каласальнае значэнне, і выкладчыкам усіх фа­культэтаў неабходна максімальна выкарыстоўваць маг­чы­масці сваіх кафедраў, а таксама ўключацца ў міжнародныя наву­кова-адука­цый­ныя праграмы…

– …якіх у БДУ стала значна больш.

– Сапраўды, мы прыкметна актывізаваліся ў плане акадэмічнай мабільнасці. Упраўленне міжна­родных сувязяў вядзе мэтанакіра­ваную працу па ўключэнні БДУ ў інтэрнацыянальныя праграмы і пра­екты. У мінулым годзе мы ра­зам з начальнікам УМС Вадзімам Рэзнікавым з’ездзілі ў Брусель, дзе правялі шмат сустрэч з прад­стаўнікамі камісій па навуцы і адукацыі ў Еўрапарламенце, шмат распавядалі пра БДУ і нашы стратэгіі. Мяркую, гэта таксама паўплывала на прыняцце вялікай колькасці заявак на міжнародныя праекты ад БДУ. У гэтым годзе па праграме Эразмус Мундус на навучанне і стажыроўкі ў еўрапей­скія ўніверсітэты адправяцца 45 сту­дэнтаў і выкладчыкаў БДУ – гэта рэкордная колькасць за ўсе гады. Акрамя таго, у рамках бягучых праектаў Тэмпус (іх пакуль 4, а з восені будзе яшчэ больш) плану­ецца пробнае навучанне груп сту­дэнтаў па распрацаваных сумесна з еўрапейскімі партнёрамі вучэб­на-метадычных і лекцыйных матэрыялах у галінах юрыспру­дэнцыі, энергаэфектыўнасці і прад­пры­мальніцтва. Агульнай мэтай гэтых праектаў з’яўляецца паляпшэнне навучальных планаў і праграм і на­бліжэнне іх да еўра­пейскіх стан­дартаў, а таксама да патра­ба­ван­няў міжнароднага рынку працы.

Аднак на дадзеным этапе ас­ноўная наша накіраванасць – гэта, вядома, стажыроўкі. Традыцыйна ад БДУ па абмене вопытам выязджае за мяжу звыш 100 супра­цоўнікаў за год. У той жа час для чытання лекцый запрашаюцца каля 10 чалавек. Стажыроўкі – гэта таксама добра. Напрыклад, у 2012 г. я пабываў у Кракаўскім педа­гагічным універсітэце і ўсталяваў добрыя кантакты. Цяпер туды пастаянна ездзяць выкладчыкі нашай кафедры. Але чытанне лекцый – гэта іншы ўзровень. Тут патрэбная пэўная кваліфікацыя і аўтарытэт у навуковых колах. На школе рэзерву, якая толькі прайшла, я заклі­каў нашых перспектыўных маладых супрацоўнікаў смялей да гэтага імкнуцца і больш рашуча заяўляць пра сябе. Колькасць стажыровак ужо расце, і можна спадзявацца, што колькасць неўзабаве перарасце ў якасць.

– Іншы бок медаля – гэта запрашэнне замежных спецыя­лістаў…

– І тут чакаюцца сур’ёзныя зрухі. Якраз нядаўна (10 мая – Рэд.) Савет Міністраў прыняў пастанову аб прыцягненні замежных спецыя­лістаў да рэалізацыі праграм вышэйшай адукацыі. У адпаведнасці з ім значна павялічваецца стаўка пагадзіннай аплаты працы замежнага спецыяліста (у памеры да 300 % стаўкі першага тарыфнага разраду – Рэд.). Ім таксама прадугледжана пакрыццё выдаткаў на праезд і пражыванне ў Беларусі. Фінан­саванне будзе ажыццяўляцца за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, прадугледжаных на рэ­а­лізацыю Дзяржаўнай праграмы развіцця вышэйшай адукацыі на 2011–2015 гг. Гэта ўжо будуць супастаўныя расцэнкі ў параўнанні з еўрапейскімі універсітэтамі, бо раней мы не маглі прапанаваць належных умоў і многія прыязджалі да нас на чыстым энтузіязме. Зараз ёсць добры стымул, і цяпер, мы спадзяёмся, да нас паедзе больш еўрапейскіх спецыялістаў, што не праміне адбіцца на якасці навучальнага працэсу і ўзроўні навуковых даследаванняў.

Наогул, у БДУ ў год прыязджае каля 100 выкладчыкаў (у тым ліку з блізкага замежжа), з іх 20 працуюць на пастаяннай аснове. Ліда­рамі сярод факультэтаў з’яўляюцца філфак і ФМА, якія запрашаюць моўных спецыялістаў. На жаль, на прыродазнаўчых факультэтах гэта досыць рэдкая з’ява, і не выпадкова цяпер прыярытэт будзе аддавацца спецыяльнасцям тэхнічнага профілю, якія забяспечваюць інавацыйнае развіццё.