Скарачэнне кафедры беларусістыкі, філасофіі і гісторыі – такія праблемы ўзніклі за апошнія гады ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце, што месціцца ў Літве. У беларускім універсітэце ў выгнанні засталіся такія факультэты як турызм, міжнароднае права, журналістыка ды гэтак далей.

Са словаў кіраўніцтва ўніверсітэта, гэта звязана з прагматычным выбарам студэнтаў, нягледзячы на тое, як адзначыў рэктар ЕГУ Анатоль Міхайлаў, што ўніверсітэт скіраваны ў першую чаргу на будучыню Беларусі:

— Універсітэт пераследуе тыя ж мэты, што былі сфармуляваныя ў момант яго заснавання: садзейнічаць нашаму далучэнню да інтэлектуальнай еўрапейскай прасторы, каб як мага хутчэй інтэграваць Беларусь у Еўропу. 

РР: Гэта будуць кадры для Беларусі ці для Еўропы?

Анатоль Міхайлаў: У Еўропе кадраў у сферы сацыяльных гуманітарных навук больш чым дастаткова. У Беларусі такіх спецыялістаў не хапае, таму што доўгі час дамінаванне ідэалогіі не стварыла неабходныя перадумовы для трансфармацыйных працэсаў, для інтэграцыі Беларусі ў Еўропу. Я думаю, што на нас ляжыць вялізная адказнасць у забеспячэнні якаснай адукацыі. Мы не атрымалі ў спадчыну багатыя інтэлектуальныя традыцыі, я маю на ўвазе еўрапейскую культуру, філасофію, права, гісторыю і шмат іншага. Мы былі адрэзаныя ад гэтага. Нам трэба забяспечыць якасную адукацыю дзеля таго, каб гэтыя маладыя людзі пасля заканчэння ўніверсітэта змаглі знайсці прымяненне сваіх ведаў і сіл. Гэта зусім не проста.

РР: За апошнія гады былі скарочаныя такія кірункі як гісторыя, філасофія. Чым гэта можна патлумачыць?

Анатоль Міхайлаў: Перада мной ляжыць артыкул пра крызісны стан гуманітарнай адукацыі ў Еўропе і свеце. Гэта агульная глабальная тэндэнцыя. Тэндэнцыя сумная. Гэта адбываецца нават у краінах, якія забяспечаныя вялікім запасам трываласці, вялікім інтэлектуальным патэнцыялам, краінах, у якіх універсітэцкае жыццё развівалася цягам стагоддзяў. На жаль, гэта наша бяда. Гэта праблема для ўніверсітэта, таму што такога кшталту адукацыя неабходная, але ёсць студэнты (ці іхныя бацькі), якія выбіраюць прагматычныя дысцыпліны. Я мяркую, што гэта наіўна, бо няма такой дысцыпліны, дзе можна набыць нейкі набор, арсенал сродкаў вырашэння ўсіх праблемаў. Я лічу, што агульнагуманітарная падрыхтоўка садзейнічае трансфармацыі мыслення.

РР: Калі ўніверсітэт накіраваны на фармаванне і выпуск кадраў менавіта для Беларусі, то чаму скарочана кафедра беларусістыкі? Чаму цяпер беларуская мова з’яўляецца не асноўным прадметам, а дадатковым па выбары?

Анатоль Міхайлаў: Мы доўгі час падтрымлівалі праграму па філасофіі, па палітычных навуках і беларусістыцы. Мы з’яўляемся ўніверсітэтам, і калі студэнты не ідуць на гэтыя спецыяльнасці (а мы знаходзімся па-за межамі сваёй краіны), то ў нас няма ніякіх рычагоў, магчымасцяў і спосабаў паўплываць на іх выбар. Вось гэта рэчаіснасць. І рэчаіснасць сумная. Мы не з’яўляемся структурай, якая існуе сама па сабе. Што тычыцца мовы навучання, калі мы выкладаем дысцыпліны, напрыклад філасофію, палітычныя навукі, сацыялогію, ці маем мы крыніцы на беларускай мове? Нам трэба выкарыстоўваць усе мовы дзеля таго, каб імкнуцца ўкараніць у Беларусі тое, што недастаткова зафіксавалася ў гэтай краіне.

РР: У ЕГУ была рэформа. Чым яна завяршылася?

Анатоль Міхайлаў: Мы не трансфармаваліся ў рэгіянальны. Але мы лічым, што ў адукацыі, навуцы, мастацтве, спорце, нарэшце, існуе тое, што не можа быць замкнёным ў нацыянальных межах. Ажыццяўленне прафесійных якасцяў адбываецца на больш высокім роўні: альбо я спецыяліст, якога прызнаюць у іншых краінах, альбо я спецыяліст толькі ў сваёй роднай вёсцы, горадзе ці краіне. Таму галоўнае – гэта праблема інтэграцыі Беларусі ў прастору, у якой яна знаходзіцца, выбудоўванне мастоў, разуменне таго, што адбываецца. У нас наладжваюцца кантакты з Літвой, літоўскімі ўстановамі. Дарэчы, некаторыя студэнты добра размаўляюць на літоўскай мове. Гэта кепска для Беларусі, калі мы не будуем адносіны з тымі партнёрамі, якія нам так патрэбныя. Мы павінны наганяць страчанае. 

“Самае галоўнае – падвысіць якасць таго, што мы робім”, — падкрэсліў рэктар ЕГУ. На ягоную думку, лёс універсітэта цалкам у руках студэнтаў і ягоных выкладчыкаў. – Мы не хацелі б, каб студэнты выходзілі з універсітэта з невызначанымі перспектывамі для працаўладкавання, трэба быць рэалістамі і разумець, што шырокапрофільным спецыялістам з нашага ўніверсітэта ў Беларусі пакуль рэалізавацца складана”, — падагульніў Анатоль Міхайлаў.