Як вучыцца ў лепшай польскай ВНУ, дзе выкладчыкі могуць працаваць на энтузіязме, другакурснікаў запрашаюць у буйныя карпарацыі, а ў інтэрнатах стаяць камеры? Уражаннямі дзеліцца Раман Янаў*, які вучыцца ў магістратуры Варшаўскага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Эканоміка».

Стыпендыя для платніка

Навучаюся платна на ангельскай – так больш перспектываў. На польскай было б бясплатна. Раней лічыў, што ведаю ангельскую, але калі прыехаў, быў як сабака: разумеў адсоткаў 50 і сказаць нічога не мог.

Год навучання ў Варшаўскім універсітэце каштуе 1500 даляраў (я маю зніжку праз нізкі заробак бацькоў), палякі плацяць 2 тысячы, іншаземцы – 3. Кошт атрымаўся, як і у берасцейскім універы, які я скончыў.

Маю стыпендыю, бо даход на аднаго чалавека ў сям’і не перавышае 300 даляраў. Яшчэ можна мець стыпендыю ад урада, калі навучаешся па-польску. Можна – стыпендыю для найлепшых студэнтаў – даляраў 150-200. Але яе атрымліваюць толькі 5% лепшых.

Мая стыпендыя зараз – 500 злотых, з іх 470 аддаю за акадэмік (інтэрнат).

Інтэрнат у стылі Оруэла

Мой інтэрнат самы круты, найноўшы, і дзверы самі адчыняюцца. Тут вельмі чыста. Жывеш, як у Оруэла: паўсюль відэакамеры, ID-карткі.

Тусіць можна ў адмысловых пакоях і нават да другой ночы. Кожны гатуе нешта сваё – пакістанцы, італьянцы. Здзівіла, што гэта ўсё амаль без алкаголю. Тут шмат вегетарыянцаў: з 15 чалавек 3-4 стабільна не ядуць мяса.

Першы паверх тут – гэта нумар нуль. У кожным пакоі дынамік, каб кіраўнік інтэрната мог звязацца з усімі, тэлефон для ўнутранай сувязі, вельмі хуткі інтэрнэт, кухня і душ на трох чалавек. Жыць тут падабаецца, але дорага. Аднак зняць пакой не танней: у цэнтры разам з камунальнымі выходзіць 300 даляраў.

Польскія кошты меншыя за беларускія: я набываю прадукты ў Бедронцы (сетка танных крамаў – аўт.), выдаткоўваю на месяц меней за 100 даляраў і добра ем тры разы на дзень.

Не глядзець, якога колеру ў чалавека скура

Тут навучаюцца студэнты з Германіі, Украіны, Італіі, Іспаніі, Мексікі, Кітая, В’етнама, Ірана і Пакістана. Я адзін беларус на сваім курсе. Палякаў чалавек шэсць.

Мы працуем у групах, і гэта вучыць не глядзець, якога колеру ў чалавека скура, а глядзець, што ён разумее ў матэматыцы, эканоміцы і іншым. Напачатку мы больш намагаліся ў групкі браць… можна сказаць, сваіх. Стасуюся з украінцамі і палякамі – праз мову, з мексіканцамі – яны файныя, вельмі адкрытыя.

Калі даведваюцца, што беларус – спачуваюць

Калі толькі прыехаў, вельмі хацеў знайсці беларусаў: падыходзіў, вітаўся, – а яны адразу пыталі: “Ты першакурснік? Пабудзеш тут год – перастанеш увагу звяртаць”.

Я зразумеў, што шмат людзей гавораць па-польску і могуць не сказаць, што яны з Расеі ці Беларусі. Агулам да беларусаў палякі-нацыяналісты (іх не так шмат) ставяцца лепей, чым да расейцаў. Калі даведваюцца, што я беларус – спачуваюць.

Палякі спяваюць “Кацюшу”

Адчуваецца розніца між намі і імі: у іх база эканомікі, статыстыкі, а мяне вучылі толькі размаўляць і вешаць локшыны на вушы. З шасці прадметаў у мяне зараз чатыры матэматычныя.

Перспектывы працы з веданнем ангельскай лепшыя, а польскую я і так ведаю. Тут нікога не здзівіш ангельскай: яе мусіць ведаць нават афіцыянт. А калі валодаеш расейскай – гэта бонус.

Сярод маіх знаёмых шэсць чалавек вывучаюць яе ў школе. Яны прыязна ставяцца да расейскай культуры, і я быў здзіўлены, калі паляк пачаў спяваць “Кацюшу”. Тут ёсць расейскія турысты, бізнэс, капітал. Такая эклектыка: расейская мова і вядомы польскі нацыяналізм.

Выкладчыцкі хлеб з маслам і ікрой

У Польшчы ёсць выслоўе: калі не ўмееш нічога рабіць – ідзі выкладаць (у нас можа дадавацца “ідзі ў міліцыю / войска”). Выкладчыкі тут – людзі, якіх задавальняе сярэдні заробак і высокі сацыяльны статус. Яны знайшлі свой цёплы закуток і хлеб з маслам і ікрой.

Пяць з шасці выкладчыкаў захопленыя сваёй дзейнасцю. Ёсць дзве гадзіны на тыдзень, калі прафесар проста сядзіць у кабінеце, і кожны можа прыйсці задаць пытанні. Нават было, што прафесару недаплачвалі за заняткі, і ён пагадзіўся весці іх кожны тыдзень па паўтары гадзіны бясплатна. Яны сапраўды любяць сваю працу.

А студэнты крочаць наперад, трэба бачыць агонь у іх вачах. Ва ўніверы сцены заклееныя плакатамі з прапановамі ад буйных карпарацый, якія вярбуюць студэнтаў з другога курсу (усяго першая ступень адукацыі – бакалаўрэат – 3 гады – аўт.). Яны набіраюць людзей і глядзяць, хто можа хутка вучыцца. Калі ёсць жаданне – праблемы ў грошах не будзе. Але выбіраеш: альбо жыць, альбо працаваць.

“Кім ты хочаш быць? – Студэнтам!”

Розніца між берасцейскім і варшаўскім універсітэтамі вялікая. У варшаўскім выкладаюць прафесары, кандыдаты і дактары навук. Няма магістрантаў, якія на пытанні адказваюць “не ведаю”.

На тыдзень у мяне 4 дні навучання, на дзень 1-2 пары, але ведаў трэба атрымаць нашмат больш, чым з 5-6 парамі на дзень у Берасці. Спецыялізацыя ўжо з першага курсу. Далей – толькі адказнасць студэнта за тое застанецца ён робатам у сваёй сферы ці пачне развіццё.

Маё суб’ектыўнае меркаванне: Беларусі патрэбная рэформа адукацыі. Можа, нейкія радыкальныя меры: скараціць колькасць студэнтаў у 10 разоў, падняць стыпендыю да 3-4 мільёнаў – тады ў нас будуць студэнты, як касманаўты ў Савецкім саюзе: “Кім ты хочаш быць? – Студэнтам!”

Шчасце і грошы, якія ляжаць пад нагамі

Што буду рабіць з дыпломам? Складанае пытанне. Працаваць у вялікай карпарацыі не хацеў бы. Спачатку думаў з’ехаць з Беларусі, потым вырашыў, што павінны вярнуцца: хто, калі не я. А зараз… усё складана. Я маю праблемы са здароўем, і халодны клімат не вельмі пасуе.

Калі вяртацца, то ў Менск. Альбо займацца навукай, альбо набрацца досведу і адкрыць сваю справу. Грошы ляжаць пад нагамі, трэба толькі умець узяць іх. Дзіўна, што маё жыццё ў Варшаве змяніла сувязь паміж шчасцем і грашыма. Пазнаёміўся з людзьмі, якія зарабляюць ад 5 000 даляраў на месяц і ў іх вачах далёка не шчасце. Я не гэтага для сябе шукаю.

Хочацца дадаць: на сайце ўнівера пішуць, што дастаткова прыехаць – і будзе вам казка, толькі вучыцеся. Не, не так: усе лічаць грошы і нават калі ты паляк, трэба разлічваць на сябе, знаёмых, а не спадзявацца на гатовае. Трэба памятаць што галоўнае для чалавека за мяжой – гэта інфармацыя: якія стыпендыі ёсць, куды несці заяўку на інтэрнат, куды ісці калі захварэў і гэтак далей. Таму цікаўся, знаёмся і навучайся на карысць сваёй мэце. Жыве Беларусь, сябры!

* імя і прозвішча зменены.