Пісьменнік і перакладчык, крытык і паэт, вучоны і асветнік-педагог, заслужаны работнік культуры Беларусі Анатоль Клышка больш за паўстагоддзя плённа працуе на ніве нацыянальнага адраджэння, верна служыць беларускай культуры, роднаму слову.

Шмат гадоў вучоны аддаў на распрацоўку тэорыі навучання грамаце. Шырокую вядомасць атрымаў ягоны беларускі „Буквар”. Першае выданне падручніка з’явілася на свет ажно ў 1969 годзе. Буквар шматразова перавыдаваўся. Нядаўна я сустрэўся са спадаром Анатолем і мы доўга вялі гутарку пра буквар, пра педагогіку, літаратуру, мову і, наогул, пра наша жыццё.

Сяргей Чыгрын


— Спадар Анатоль, дзякуй вялікі за тое, што пагадзіліся пагутарыць са мной пра наш беларускі буквар. Дый не толькі пра наш… Таму адразу напрошваецца пытанне: калі ж у Беларусі з’явіўся першы буквар?
– Мне прыемна весці гаворку пра першы школьны падручнік, бо сама сённяшняя назва гэтай кнігі – буквар нарадзілася ў Беларусі. У 1618 годзе ў друкарні Святадухава брацтва ў нашым горадзе Іўі была выдадзена кніга пад назваю „Букварь языка славенска”. У 1631 годзе вядомы выдавец Спірыдон Собаль падтрымаў гэтую назву сваёю кнігаю, выдадзенай у Куцейне. Так і пайшло гэтае слова – у рускую мову, ва ўкраінскую, балгарскую, серба-харвацкую… Праўда, у Беларусі пазней выкарыстоўвалі слова „лементар” ад лацінскага „элементарыус” – пачатковы. А згаданае слова, у сваю чаргу паходзіць ад пачатковых літар другога раду лацінскага алфавіта LMN. Якраз з гэтых літар і пачыналі ў старажытнасці навучанне грамаце.

— Дык іўеўская кніга і ёсць першы беларускі буквар?

– Ды не. Першыя нашы буквары – гэта і самшытавы грабеньчык з кірыліцкімі літарамі на ім, які зберагаецца ў брэсцкім музеі. І скарынаўскі пераклад „Псалтыры”, па якой у тыя часы навучаліся грамаце. Побач з вялікімі каляровымі літарамі ў пачатку раздзелаў Скарына змясціў рысункі прадметаў, назвы якіх пачыналіся з гэтых літар, – прынцып, які выкарыстоўваецца і ў наш час… Увогуле, з 1590-га да 1653-га ў Беларусі выйшла 16 элементарных падручнікаў – болей за палавіну ўсіх выданняў на ўсходнеславянскіх землях.

— Тут нельга абыйсці бокам і Сімяона Полацкага. Так?

– Вядома ж, буквар Сімяона Полацкага, па якім сам аўтар вучыў дзяцей рускага цара. У тым ліку кіраваў навучаннем і маленькага Пятра Першага…

Нельга не згадаць і Цётку, Максіма Багдановіча…
– Сапраўды, „Беларускі лементар” Цёткі (1906 г.) адыграў вялікую ролю ў развіцці беларускай школы. А 1911 год. У туберкулёзнай гарачцы, пры штодзённай 38-градуснай тэмпературы, Максім Багдановіч задумвае каляровы буквар. Неажыццёўленая мара вялікага паэта, якая рэалізуецца толькі ў нашы пасляваенныя гады! А буквар для дарослых: БССР першая сярод саюзных рэспублік ліквідавала непісьменнасць…

— Спадар Анатоль, а што Вас натхніла на напісанне беларускага буквара?

– Я з’яўляюся бацькам траіх дзяцей. І, як заўсёды – падрастаюць дзеці, міжволі робішся настаўнікам, вучыш іх чытаць, лічыць. А да паступлення ва ўніверсітэт я вучыўся ў Наваградскім педвучылішчы, дзе грунтоўна выкладалася методыка навучання грамаце. У тыя пасляваенныя гады ў Наваградку сабраліся моцныя выкладчыцкія кадры. Некаторыя з нашых настаўнікаў у даваенныя гады вучыліся ў славутым Белпедтэхнікуме, адкуль выйшла нямала пісьменнікаў. Але ў часе вайны некаторыя з гэтых выкладчыкаў апынуліся пад акупацыяй. І ў суровыя берыеўскія гады разгарнення ў Мінску ім не было, хоць асобныя з іх мелі ўжо напісаныя дысертацыі. Але не да абароны было: бо знаходзіліся пад акупацыяй.

У Наваградку ў той час былі школа для глуханямых і школа для сляпых дзяцей. І мы, навучэнцы, таксама некалькі разоў наведвалі ў гэтых школах у часе пасіўнай педпрактыкі. І на здзіўленне ўражвала нас, як дзіця, якое не чуе, вучылі размаўляць. Пасля мне добра гэта спатрэбілася пры роздуме-аналізе розных метадаў навучання грамаце, бо ўзаемадзеянне зрокавага, слыхавога, моварухальнага аналізатараў у працэсе чытання і пісьма вельмі і вельмі складанае.

Калі ў 1968 годзе Міністэрства асветы аб’явіла конкурс на новы буквар, я працаваў у нашым старэйшым часопісе „Полымя”, галоўным рэдактарам якога быў Максім Танк. Неяк, вярнуўшыся з пасяджэнняў Генеральнай Асамблеі ААН, ён сказаў, што дзяржаўным народам прызнаецца народ, які мае свае герб, гімн, сцяг, буквар, энцыклапедыю, каляндар. Мяне здзівіла такое прызнанне значэння буквара. А да ўсяго буквар Надзеі Сіўко, па якім займаліся трое маіх дзяцей, мне апрыкраў – ненатуральная, калькаваная мова, нудотныя тэксты…

— І Вы тады ўзяліся за напісанне свайго буквара?…

– Так. І я ўзяўся за напісанне свайго „Буквара” і… перамог. А з 1968 года мой буквар штогод выходзіў, дапрацоўваючыся, перапрацоўваючыся ад выдання да выдання аж да 2010 года. Цяпер выдаецца раз у некалькі гадоў, як і іншыя падручнікі, хоць па ім штогод вучацца дзеці. У школах з беларускай мовай навучання ён адзіны, у адрозненне ад рускага буквара, у якога ёсць спаборнік, хоць, як паказала дзяржаўная экспертыза, тэхніка чытання ў дзяцей, якія вучыліся па маім буквары, на трэць вышэйшая, чым у тых, хто навучаўся па „Буквары” Н. Сторажавай.

— Спадар Анатоль, нядаўна я прачытаў кнігу Валерыя Марусяка „Учим ребёнка читать. Как? Где? Когда?”, якая выйшла ў маскоўскім выдавецтве „ЛабиринтПресс”. Там у раздзеле „Методика обучения грамоте” разглядаюцца методыкі М. Зайцава, Ваша і амерыканца Г. Домана. Там пра Ваш падручнік напісана: „Букварь Анатолия Константиновича Клышки в методическом плане удивителен и уникален. Могу утверждать это с полной ответственностью, по сколько ничего подобного я не нашёл в более чем трёхтысячной коллекции Юриса Цибульса (латышскі калекцыянер буквароў – С. Ч.). Есть буквари, которые превосходят букварь Клышки в оформительском отношении, но ни один из них не сравнится с его методической проработкой”.

– Дзякую. Гэтая ацэнка надзвычай каштоўная для мяне. Нават няёмка стала: на Радзіме чуў крытыку, а за мяжой атрымаў прызнанне.

Спадар Анатоль, раскажыце, як Вы працавалі над напісаннем беларускага буквара?
– Вядома ж тады ў 1968 годзе, перш чым узяцца за працу, я перачытаў каля 500 буквароў рознага часу на беларускай, рускай, украінскай, польскай, нямецкай мовах, якія былі ў Дзяржаўнай бібліятэцы, грунтоўна пазнаёміўся з сотнямі метадаў навучання грамаце, якія былі сабраны дарэвалюцыйным метадыстам Паульсанам. Гэтая праца працягвалася і далей пасля выхаду майго „Буквара”. Калі хто са знаёмых ехаў за мяжу, я прасіў яго прывесці гэты першы школьны падручнік. Памятаю, добра дапамаглі мне такія вядомыя навукоўцы, ураджэнцы Слонімшчыны, як Алег Лойка і Янка Саламевіч. Алег Лойка з паездкі ў Францыю прывёз мне французскі буквар, а Янка Саламевіч з Польшчы – яўрэйскі буквар на ідыш (у Савецкім Саюзе ў тыя гады буквар на ідыш не выдаваўся). Праўда, гэтыя буквары нядоўга ў мяне заставаліся. Хутка знайшліся людзі, якім яны вельмі прыдаліся.

— Цікава, і каму ж яны ў Беларусі прыдаліся?

– Гандлярка-яўрэйка з польскай кнігарні „Przyjaźń” (быў тады такі магазін у Мінску), да якой я звярнуўся, каб яна прачытала-пераклала мне тэксты, сказала, што не ведае ідыш (мне пераклаў той буквар у парку Чалюскінцаў выдатны яўрэйскі паэт Хаім Мальцінскі). Але неўзабаве тая ж гандлярка папрасіла пазычыць ёй кнігу. А пасля і не вярнула. Але я не пакрыўдзіўся, бо ведаў: буквар робіць добрую справу, вучыць яўрэйскіх дзетак роднай мове ў Беларусі. Напісаў я тады і ліст да вядомага польскага букварыста Мар’яна Фальскага, ураджэнца Беларусі (родам з-пад Ляхавіч). Яго польскі буквар выдаваўся недзе з 1913 года праз увесь гэты час. Да рэвалюцыі Мар’ян Фальскі пераклаў на беларускую мову апавяданні Сянкевіча, Жаромскага. Ён тут жа адгукнуўся, даслаўшы мне свой буквар, метадычныя распрацоўкі да яго і цёплы ліст, першая палова якога была напісана на чысцюткай беларускай мове, а на „Elementarzu” стаяў надпіс лацініцай па-беларуску: „Аўтару буквара беларускага ад аўтара буквара польскага”.

— Вы распавядаеце пра Мар’яна Фальскага, а мне згадалася постаць і другога выдатнага польскага букварыста, ураджэнца Мінска, Конрада Прушынскага…

– Дарэчы, пасля заканчэння Варшаўскага ўніверсітэта (Віленскі ўніверсітэт тады быў зачынены царскімі ўладамі) Конрад Прушынскі, прыехаўшы ў польскую вёску, быў уражаны поўнай непісьменнасцю яе жыхароў. І з дазволу аднаго гаспадара пачаў пісаць, складаць на сцяне яго будынка свой буквар-самавучнік. Так сяляне, ідучы на працу і з працы, авалодвалі граматай. На падставе тых насценных запісаў з’явіўся буквар, які вытрымаў 49 выданняў і ў 1875 годзе ў Лондане быў прызнаны лепшым з 500 буквароў свету. І „Беларускі лемантар” Цёткі, які выйшаў у Пецярбургу ў 1906 годзе, паводле ўспамінаў Паўліны Мядзёлкі, якраз грунтаваўся на методыцы Конрада Прушынскага.

— Спадар Анатоль, ці шмат Вы мелі клопатаў пры напісанні свайго буквара?

– Найпершы клопат быў – гэта тэксты. У букварах пачатку ХХ стагоддзя яны з’яўляліся ў пасля букварны перыяд, калі пройдзены ўсе літары, засвоены розныя тыпы складоў. А так – слупкі слоў ды асобныя, не звязаныя між сабою сказы.

Памятаю, неяк я, шасцігодак, захацеў паказаць хатнім, што ўжо ўмею хутка чытаць ўголас. У буквары стаялі сказы: „У Данілы – барада. На дубе – жалуды”. І я гучна затараторыў: „У Данілы барада на дубе…”. А далей паветра не хапіла, і я змоўк пад агульны смех родных людзей…

Вельмі цяжка даць якасны і зразумелы тэкст, калі пройдзена ўсяго некалькі літар. Мажлівасцей мала, а патрабаванняў шмат. Скажам, прыдумай тэкст ды яшчэ з выхаваўчым ухілам. І каб словы былі не даўжэйшыя, чым двухскладовыя і з адкрытымі складамі (зычны + галосны). А ў цябе чатыры зычныя літара (м, н, ш, х) і дзве галосныя (а, ы).

Памятаецца, б’юся я над тэкстам, ніяк не выходзіць. І вось раптам нешта атрымліваецца: „Мама, мама! Наша Маша на шашы. На шашы машыны… Ах, ах!”. Я ўсцешаны, і ўяўляецца малюнак да гэтага – хлопчык, устрывожаны за сваю сястрычку, бяжыць да мамы. І настаўнік можа правесці гутарку з вучнямі, як паводзіць сябе пры дарозе… Якая мне радасць!

— Я так зразумеў, спадар Анатоль, Вы вельмі хацелі, каб Ваш буквар значна адрозніваўся ад ранейшых беларускіх буквароў і буквароў іншых краін?

– Буквар – першае свядомае далучэнне дзіцяці да роднай мовы. І мне хацелася, каб яно палюбіла родную мову. Каб буквар быў займальнай кніжнай для чытання, каб у ім былі вартасныя тэксты, якія маглі б вытрымаць шматразовае чытанне іх на ўроках…

Усе тагачасныя буквары ў адрозненне ад дзіцячых часопісаў былі зашпілены ў аднастайны адукацыйны шынель. А мне хацелася, каб у гэтым першым падручніку знайшлося месца гумару, жарту, казцы, загадцы, лічылцы, прыказцы, прымаўцы, народнай прыкмеце, рэбусу. Каб там былі гульні з гукамі, літарамі, словамі. Каб дзіця адчула, як словы пераасэнсоўваюцца, як ад адных нараджаюцца другія. „Даўней людзі пісалі гусіным пяром. Ад яго і назва – пяро, хоць цяпер яно сталёвае (шарыкавыя ручкі тады яшчэ не былі ў школьным ужытку). Нашы прадзеды пісалі яшчэ і алавянай палачкай. Здагадайцеся, адкуль пайшла назва алоўка?”. Мне хацелася, каб дзіця, услухоўваючыся ў родныя словы, хоць раз задумалася над аднакаранёвасцю слоў: „Вунь у мох зашыліся махавікі. А там пень абляпілі апенькі”. Або каб вучань проста адчуў алітарацыю – паўтор зычных гукаў. Напрыклад: „Нарач. Вечар. Хутка ноч. Шапоча чарот То крыкне сыч, то заплача сава”, – гэта на літару ч.

Я тут, згадваючы, кажу, вядома, пра свае букварныя намаганні. А на практыцы раптам у метадычных мэтах мяняеш паслядоўнасць літар і тэкст, які табе падабаецца, у наступным выданні буквара даводзіцца апускаць або перапрацоўваць у зусім іншым кірунку. Літары, літары, адпаведныя тыпы складоў… Вось чаму ніякі буквар нельга перакласці з адной мовы на другую… Але я зноў скажу пра свае букварныя памкненні. Я імкнуўся, каб у гэтай кнізе былі тэксты самыя розныя – лірычныя, апавядальныя, апісальныя, навукова-папулярныя. Пра нашу Беларусь, пра Мінск, пра Фрацыска Скарыну, пра Янку Купалу і Якуба Коласа, пра слуцкія паясы, пра нашы народныя святы, пра ветлівыя звароты, пра прыроду… І няхай будзе шмат вершаваных радкоў, бо вершаванае слова, западаючы ў памяць, можа больш чым што вучыць мове, спрыяць яе засваенню.

— Таму Вам з беларускім букваром вельмі пашанцавала…

–Так. Неўзабаве пасля выхадубуквара на Выставе дасягненняў народнай гаспадаркі СССР мой беларускі „Буквар” атрымаў срэбны медаль акурат за тэксты. Украінскія калегі нават пазычылі некалькі для свайго „Буквара”, у прыватнасці вышэй згаданы тэкст пра пяро і аловак і прыслалі мне з удзячнасцю свой буквар. Для мяне гэта было радасна і прыемна. Пасля быў і залаты медаль на Лейпцыгскай міжнароднай кніжнай выставе.

Няўжо з эксперыментаваннем пры напісанні беларускага буквара ў Вас заўсёды быў толькі поспех і не было праблемаў?
–Аднак не ўсё было так проста,асабліва, як ты сказаў, Сяргей, з эксперыментаваннем, праверкаю новых метадычных здагадак. Давялося поўнасцю зазнаць беларускую школьную трагедыю.

Гэта што значыць?
–У апошнія гады Савецкага Саюза быў перыяд, калі ў Мінску не было ўжо ніводнай беларускай школы. Праводзілася хітрая палітыка. Мінск рос, і ў навакольных вёсках, перш чым яны траплялі ў межы горада, навучанне з беларускай мовай пераводзілі на рускае. Так што і на ўскраінах Мінска школы ўсе працавалі на рускай мове. Праўда, пасля ўсё ж адчынілі адну з беларускай мовай навучання. І мне даводзілася цягніком дабірацца за 40 кіламетраў і пасля ісці гразкаю восеньскай дарогаю яшчэ некалькі кіламетраў у вёску да школы, настаўніца якой дазволіла мне эксперыментаваць у яе першым класе. Пасля, калі я перайшоў з рэдакцыі ў Інстытут педагогікі, з эксперыментальнай працай стала лягчэй. Не трэба было самому дамаўляцца з настаўнікамі. Была вызначана спецыяльна эксперыментальная школа. Але таксама за дзесяткі кіламетраў, куды трэба было дабірацца цягніком…

— Спадар Анатоль, як я не памыляюся Вы яшчэ з’яўляецеся складальнікам рускага і польскага буквароў для беларускіх дзетак?

– На напісанне рускага буквараскіравалі мяне настаўнікі і бацькі, якія пастаянна скардзіліся на складанасць тагачаснага падручніка. Для мяне важна было ўлічыць, што гэты рускамоўны буквар ствараецца для беларускіх дзяцей. Таму яны павінны пазнаёміцца не толькі, напрыклад з Пушкіным і Талстым, але і са Скарынам, Янкам Купалам, Якубам Коласам, з вядомымі мясцінамі Беларусі, з нашымі народнымі святамі і г.д.
А вось польскі буквар я ўвогуле не намерваўся складаць. Але супрацоўнік Міністэрства асветы, які ў свой час мусіў працаваць над гэтым падручнікам, адмовіўся. А я да гэтага выдаў у 1992 годзе 300-старонкавы „Беларуска-польскі размоўнік” і таму папрасілі мяне. Да гэтай задачы я паставіўся сур’ёзна і адказна: пазнаёміўся з вялікай колькасцю новых польскіх буквароў, з падшыўкамі дзіцячых часопісаў „Płomyk”, „Płomyczek”, „Miś”. І, вядома, ганаровае месца ў маім польскім буквары занялі ўраджэнцы Беларусі Адам Міцкевіч, Эліза Ажэшка, Тадэвуш Касцюшка. І ў той жа час мне хацелася, каб малы паляк адчуваў сябе ў Беларусі паўнапраўным грамадзянінам нашай краіны, таму і ў гэты падручнік уключыў тэксты пра Францыска Скарыну, Янку Купалу, Якуба Коласа… Дарэчы, да тэксту Янкі Купалы далучыў яго верш „Вясна”, які паэт напісаў па-польску. Даводзілася адшукваць цікавае, адметнае з нашага беларуска-польскага пабрацімства. Я тут згадаў пра Тадэвуша Касцюшку. Памятаю, неяк адзін наш вядомы кінадакументаліст, робячы фільм пра яго, ездзіў у Швейцарыю, а пасля хваліўся фактам, прывезеным адтуль. Пасля смерці Тадэвуша Касцюшкі набыўца яго каня быў вельмі здзіўлены, прыязджаючы ў горад: конь спыняўся перад кожным жабраком. Набыўца не ведаў, што Касцюшка, выязджаючы ў горад, заўсёды браў з сабой мяшочак з грашыма. І раздаваў тым, хто не мог ужо зарабляць на пражыццё.

А гэтаму кінадакументалісту і не трэба было ехаць па гэты факт у Швейцарыю. Яшчэ за сем гадоў да яго паездкі ён мог уведаць гэта з майго польскага буквара. Між іншым, гэтую згадку пра Касцюшкуя падмацаваў у буквары выслоўем Яна Паўла II: „Bogatym nie jest, kto posiada, lecz ten, kto daje, kto potrafi dawać”, – дзеля духоўнага ўзгадавання нашага маладога пакалення.

— Ведаю, што ў 2004 годзе у Франкфурце-на-Майне Ваш польскi буквар быў адзначаны як лепшы падручнiк 2003 года. Спадар Анатоль, акрамя буквароў Вы яшчэ напісалі і выдалі шмат казак, языкаломак, загадак. Усё гэта – каштоўныя дадаткі да буквара…

– У канцы 2010 года выдавецтва „Народная асвета” выдала ў маёй апрацоўцы зборнік казак „Расказваў неяк Міхалка з Данеяк. Беларускія народныя казкі”, а ў 2011 – перавыдала. Гэта сапраўды казкі, пачутыя мною ад майго дзядулі Міхалкі.

Зіма. Паліцца печка. Мы сядзім з дзедам. Кот ляжыць на яго каленях. Катова поўсць ад раскрытых дзверак печкі нагрэта так, што не дакрануцца, здаецца, апячэш рукі. А кату гэтая гарачыня падабаецца. У хаце паўзмрок – самы час казак… Мне цяпер нават здаецца, што ў сонечны летні дзень казкі не расказваюцца…

Летась у тым жа выдавецтве выйшлі „Прыгаршчы языкаломак”. Мне не падабаюцца словы-запазычанні – „скарагаворка” або „хуткамоўка”. Калі ёсць галаваломка, то чаму не быць языкаломцы? Бо тут языку ёсць работа ды работа: „У бабра торба дабра. Добра бабру: у бабра торба дабра”. Або: „Далі Даню дома дыню”. Ці: „Колькі вішняў Насця можа з’есці нашча?”. Звычайна да языкаломак нашы паэты звяртаюцца як бы мімаходзь, побач з іншымі жанрамі. А мне парупіла падрыхтаваць асобны зборнічак на ўсе гукі беларускай мовы, каб праз іх дзіця адчувала смак роднага слова…

Сёлета якраз перад самым пачаткам навучальнага года ў прыватным выдавецтве „Асар” выйшла другое выданне майго ілюстраванага слоўніка беларускай мовы для пачатковай школы. Гэта амаль як буквар, дзе ёсць дзіцяці нагода пабыць у самых розных абставінах: дома, на пошце, ва ўніверсаме, у лясах, палях, лугах, у самыя розныя поры года, у будзённыя і ў розныя беларускія святы і ўдосталь наталіцца беларушчынай, дзе скажам, тыя ж птушкі спяваць па-беларуску: салавей цёхкае, бусел клякоча, верабей чылікае, журавель курлыкае, шпак свішча, сініца цінькае…

Літаральна днямі для выдавецтва „Народная асвета” падрыхтаваў я зборнік сваіх літаратурных загадак „1000 арэшкаў”. Ён маецца выйсці ў 2013 годзе.

— Мне здаецца, спадар Анатоль, што наша літаратурная загадка апошнім часам ніяк паблякла. Ці не так?

– Таму што існуе падсвядомае жаданне („Каб хаця ж адгадалі”), якое стрымлівае адвагу яе ўяўлення, парадаксальнасць, інтэлектуальны спрыт, прыхаваную двухзначнасць, хітраватасць. Неяк мне нават напісалася і пародыя на адгадлівыя загадкі:

Што мы на галаву надзяём,
Калі ўзімку на двор ідзём?

Паспрабуй ухітрыцца не адгадаць! І як не ўспомніць тут вялікага педагога К.Д.Ушынскага, які казаў, што не самае галоўнае, каб дзіця адгадала загадку. Часам можна нават і падказаць яму. Але вельмі важна, каб вучань умеў прыкласці адгадку да загадкі, патлумачыць, чаму гэтая загадка мае тую ці іншую адгадку.

— Можа, прывялі б тут некалькі сваіх загадак?

— Калі ласка!

***
Вось вам быль-небыліца:
У пяці чалавек – адна паясніца.
(Пальцы рукі)

***
Дзе такое водзіцца?
Нарадзіўся ад маці,
Якая сама ад яго народзіцца.
(Лёд і вада)

***
Вось праява: ну і ну!
Кульгавая дарога
палезла на сцяну.
(Лесвіца, драбіны)

***
Не спяшайся з адказам,
Разваж спакваля:
Калі Кастусь Каліноўскі
Абараняў караля?
(Калі гуляў у шахматы)

— Спадар Анатоль, наша гутарка будзе няпоўнай, калі я ў Вас не запытаю і пра Вашу перакладчыцкую дзейнасць. Над чым працуеце? Што хвалюе ў гэтым плане?

– Нядаўна скончыў пераклад са старагрэцкай мовы на беларускую Новага Запавету (Евангелля). Такія творы трэба перакладаць толькі з арыгіналу. Няхай узрастае ўсё большае разуменне намі Вялікай Кнігі ўсіх часоў, Кнігі на штодзень усіх хрысціян безадносна ад розных канфесій, якую чытаюць і атэісты, каб зразумець эпахальнае шэсце Хрыстова вучэння.

Як ні паважай удзельнікаў Біблейнай Камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы, але працуюць яны надзвычай марудна. Два дзесяткі гадоў працы, а перакладзена ўсяго крыху больш за палову Евангелля. Ды і плён працы не той. І мне баліць ды, здаецца, не толькі мне, а самой сённяшняй нашай мове: Іісус, блажэнны, благадаць, знаменне, Вучыцель, Уцяшацель, стада, абіцель і г.д. Яшчэ за паўстагоддзя да Францыска Скарыны ў нас пісалі Ісус. Так пісаў Скарына, так пісалі пасля яго, напрыклад, вядомы дзеяч праваслаўя Філіповіч, так жыло і жыве гэтае імя ў нашых народных песнях і казках. І раптам – адкінуць пяцісотгадовую традыцыю! Між тым, і ўкраінцы пішуць: Ісус. А дзе ў Нагорнай пропаведзі нашы перакладчыкі ставяць няўцямнае прыхаджанам „блажэнныя”, у грэцкім тэксце стаіць так зразумелае – „шчаслівыя”. І блага, кепска думаць, што ў мове 10-мільённага беларускага народа няма свайго адпаведніка да „благадаці”. Гэта „Боская ласка”, „Ласка Божая” – як пададзена ў „Русско-белорусском словаре” пад рэдакцыяй Якуба Коласа, Кандрата Крапівы і Пятра Глебкі (1953 г.) і ва ўсіх выданнях і перавыданнях падобнага слоўніка. Дарэчы, і ў іншых славянскіх мовах, дзе слова „ласка” ўжываецца ў тых жа значэннях, як у беларускай, адпаведнікам „благодати” з’яўляецца „ласка”, напрыклад, у польскай.

Навошта ўжываць пры перакладзе распяць (бо распяць можна і бялізну!), калі ў нашай мове, на шчасце, ёсць укрыжаваць, гэтак жа, як у грэцкай мове суадносяцца адпаведны дзеяслоў і назоўнік крыж. Або. Сама грэцкая мова сваім словам „тронас” падказвае беларускі адпаведнік „трон”, а яны перакладаюць па-руску „прастол”. Перакладчыкі зусім не адрозніваюць кашы ад кошыкаў, магілу ад магільні. І як гэта разумець „дзверы магілы”. Або замест „кашалёк” ужываюць „мяшок”. І ніяк не могуць абысціся без рускіх гукаспалучэнняў узл, бл у слове ўлюбёны.

Яшчэ ў „Слоўніку беларускай гаворкі” І.І.Насовіча (1870) задоўга да Янкі Купалы, Якуба Коласа, стаіць улюбёны і рускі адпаведнік возлюбленный. Улюбёны не прыдуманае апошнім часам слова, дык чаму ж ім не карыстацца, а не чуць на кожнае хрысціянскае свята ледзь непрыстойныя для беларускага вуха гукаспалучэнні…

Я мог бы прыводзіць тут прыклады яшчэ і яшчэ. Наша мова багатая і распрацаваная… Дык давайце ўсе разам берагчы яе. Няхай нам усім дапаможа Бог!