Інтэрв’ю з перакладчыцай «Алісы ў Залюстроўі» Верай Бурлак.

 

Якая кніжка ў Вас у дзяцінстве была самай любімай?

 

У розныя перыяды было многа розных. Мама мне часта чытала кніжку “Цёма і Жучка” з “Дзяцінства Цёмы” Гарына-Міхайлоўскага і казку П. Бажова “Срэбнае капытца”. Я іх любіла. Ведала на памяць дзіцячае выданне паэмы П. Броўкі “Над ракой Бярозай” і ўводзіла дзіцячую паліклініку ў транс, чытаючы гэтую кнігу ўголас (праўда, дагары нагамі). З дзіцячага садка запомніўся “Карлсан”. Асабліва смешным чамусьці падаўся эпізод, дзе дзядзечка Юліюс намачыў пальцы ў каве. Яшчэ вельмі тады спадабаліся “Навасёлы” Паўла Місько. Пазней, у пачатковай школе, была эра мумі-троляў Туве Янсан і “Дзяніскіных апавяданняў” Драгунскага. Кэрал быў сярод любімых недзе ў класе сёмым.

Што падштурхнула Вас перакладаць менавіта «Алісу ў Залюстроўі»?

У маім выпадку гэта не што, а хто: Андрэй Хадановіч. Скажу шчыра, калі б ён не прапанаваў мне зрабіць гэта, я сама не наважылася б.

З чым Вы звязваеце сучасную тэндэнцыю з’яўлення цэлага шэрагу беларускіх перакладаў дзіцячай літаратуры?

Мне здаецца, тут няма нічога дзіўнага: раней усе гэтыя творы не перакладаліся. А дзяцей выхоўваць трэба. Сёння дзякуючы інтэрнэту і іншым абставінам беларускамоўныя бацькі і дзеткі маюць шырэйшыя зносіны, чым раней, і лепей бачна, чаго ім не стае. Раней даводзілася чытаць па-расійску або рабіць “сінхронны пераклад” з расійскага перакладу. Цяпер нават на “дзетках.орг” ёсць форум пра тое, што варта было б перакласці. І, я думаю, яно будзе перакладацца. Бо ёсць і перакладчыкі, якія або адчуваюць, што трэба людзям, або самі бацькі. У мяне з’яўляецца нейкае ўражанне адраджэння, агульнага руху, хай і лакальнага. Гэта тэндэнцыя запаўнення лакунаў, яна цалкам натуральная і слушная.

Ці трэба ў чымсьці здзяцінець, каб перакласці або напісаць дзіцячы твор?

Напэўна, каму як. Ёсць пісьменнікі, якія “застаюцца дарослымі” і з гэтай пазіцыі звяртаюцца да дзяцей (напрыклад, Леў Талстой): ты малы і недасведчаны, я вялікі і разумны, я цябе навучу. І таксама класікі! А ёсць тыя, хто цалкам ператвараецца ў дзіця, нават сапраўднае дзіця можа падумаць: ну, дзядзька загуляўся! Кэрал, напэўна, з другіх. Ёсць цэлы спектр прамежкавых варыянтаў. Я сама, калі пісала вершы для сына, адчувала сябе мамай, а значыць, дарослай. Але агульнавядома, што калі мама гуліць разам са сваім немаўляткам, іх разумовы ўзровень аднолькавы.

Ці ўплывае дзіцячая літаратура на свет дарослых і наадварот? Калі так, то якім чынам?

Я ўпэўненая, што яшчэ як. Дзіцячая літаратура – гэта нашыя першыя кніжкі. Гэта першы ўзор кніжкі, які мы бачым у жыцці. Дзіцячыя пісьменнікі – самыя знакамітыя. Я ў дзяцінстве была ўпэўненая, што Агнія Барто – зорка, не меншая за Алу Пугачову, вышэй – толькі няня Пушкіна (пры тым, што да паэзіі была абыякавай), а, напрыклад, пра Дастаеўскага ці пра Хэмінгуэя нават не чула – і не паверыла б, што такія пісьменнікі ёсць. Потым я ні да каго з пісьменьнікаў не ставілася з такім апрыёрным піетэтам, як у дзяцінстве. Я ўпэўненая, што ад таго, што нам чытаюць у дзяцінстве, шмат залежыць у далейшым жыцці, нават калі мы гэтага не ўсведамляем. А дарослы свет не можа не ўплываць, бо дзіцячую літаратуру пішуць у асноўным дарослыя, з усім сваім досведам і інтэлектам, ад якога ім і не варта адмаўляцца.

Ці плануеце Вы перакладаць і надалей? Ці будзе гэта зноў твор для дзяцей?

Планую. Даўно хачу перакласці як найбольш апавяданняў ангельца Мантэгю Родса Джэймса (гэткія калядныя жахалкі 1920-х), пакуль зроблена толькі адно. Прагна пазіраю на сучасную ўкраінскую паэзію. Для дзяцей? Чаму б не? Калі атрымаецца, то з задавальненнем!

Якія дзіцячыя творы, на Вашую думку, яшчэ неабходна перакласці на беларускую мову?

Асабіста мне не хапае Туве Янсан. Усёй запар. Ці ёсць па-беларуску Гары Потэр? Яшчэ мне, напрыклад, падабаюцца кніжкі пра Алівію Яна Фалконэра, але іх можна і “сінхронна”. Пры жаданні. Ёсць шмат добрых твораў, і ўвесь час з’яўляюцца новыя. У нармалёвых умовах гэта б адсочвалася і вартае адразу б перакладалася. Але каб нам “давярнуць” да нармалёвага, трэба шмат часу і, што істотна, грошай. Я спадзяюся, што паступова гэтая праблема вырашыцца.

Якой традыцыяй перакладу (чысты пераклад або адаптацыя) Вы кіраваліся і чаму? Як Вы ставіцеся да гэтых традыцый, якія іх моцныя і слабыя бакі?

Спадзяюся, што гэта ўсё ж чысты пераклад. Кэрал пісаў не для малечаў: Алісе было сем гадоў, яе сёстрам – яшчэ больш, але трэба ўлічваць, што дзяўчынкі Лідэл былі з рэктарскай сям’і, дый час спрыяў большай чуласці да слова. Таму для сучаснага “сярэдняга” чытача варта прыплюсаваць гады тры: маем 10. Мінімум. Тэкст Кэрала сам па сабе (у арыгінале) стылёва досыць просты, менавіта на гэтым тле зручней разгортваюцца лінгвістычныя гульні. Таму далей спрашчаць няма куды. “Аліса” – ангельская казка, таму я прынцыпова супраць Алесяў, Басяў і іншага “схілення на нашыя норавы”. Аліса ў маім перакладзе па магчымасці – ангельская дзяўчынка свайго часу, якая плаціць пенсамі, у святы есць пудынг, умее рабіць кніксэн і марыць стаць каралевай. Але гульні ў казцы Кэрала часам пабудаваныя на такіх рэаліях, пра якія нават сучасныя ангельскія дзеці даведваюцца толькі з каментароў да “Алісы”. Кэрала, вядома ж, выпраўляць недапушчальна (тут ужо што ёсць, тое ёсць). А вось у перакладзе такія моманты я лічу за найлепшае адаптаваць. І там, дзе Кэрал гуляўся са спецыфічна ангельскім полем паняткаў (найперш звязаных з малавядомай ангельскай літаратурай, школьным распарадкам і г.д.), і гэта ніяк нельга выкруціць зразумела, я магу перайсці на беларускі кантэкст. Бо інакш зноскі з тлумачэннямі па аб’ёме перавысяць сам твор. Праўда, не хочацца адмаўляцца ад каментароў, “што было па-ангельску”, але іх лепей у канец кнігі, бо гэта ж казка, якая павінная цікава чытацца. Тут важней захаваць агульнае ўражанне. Часам я дапускаю вольнасці і з іншае прычыны. Для Кэрала стварэнне казак было натхнёнай гульнёй. Для перакладчыка гэтая гульня (у найлепшым выпадку лагічная, у найгоршым і найчасцейшым – моўная) можа ператварыцца ў пакуту. Для чытача ў выніку таксама. Выйсце? Гуляцца падобным чынам – вясёла і натхнёна – са сваёй мовай. Але іншая мова – гэта ўжо іншая свядомасць, іншы кантэкст, іншы міф. Яна непазбежна “перацягне” перакладзены тэкст у нашую культурную прастору. Я вырашыла гэтага не баяцца. Проста ў маім варыянце Кэрал умее жартаваць па-беларуску (прынамсі, спадзяюся). Дарэчы, падобным шляхам пайшоў і ўкраінскі перакладчык, але да гэтага перакладу у мяне ёсць і заўвагі. Я думаю, права на жыццё маюць абедзве традыцыі. Для малодшых дзяцей без адаптацыі нікуды. Ім цікавая казка. Старэйшым дзецям падыйдзе “чысты” пераклад (ну, Рабле можна і ў адаптацыі). А для дарослых – пераклад, пры неабходнасці з каментарамі. Іншага шляху, можа, і няма. Хіба што ў перакладах Кэрала.

prajdzisvet.org