Часопіс ARCHE ёсьць адметнай зьявай у беларускай інтэлектуальнай прасторы. Сэрыя падзеяў вакол часопісу і ягонага рэдактара Валера Булгакава, што пачаліся у Гродне 14 верасня падчас прэзентацыі кнігі гісторыка Яна Шумскага “Саветызацыя Заходняй Беларусі”, выклікалі значны розгалас у грамадзтве. На пытаньні Belarusian Review наконт ролі ARCHE ў беларускай інтэлектуальнай прасторы, а таксама сучаснай сытуацыі і будучыні часопісу мы папрасілі адказаць самога Валера Булгакава.

Belarusian Review: Як бы Вы ахарактарызавалі тую нішу, якая належыць ARCHE ў беларускай мэдыйнай і інтэлектуальнай прасторы?

Валер Булгакаў: Роля ARCHE ў беларускай мэдыйнай прасторы маргінальная. Мэдыйны эфэкт супастаўны хіба што з пасрэднай раёнкай. ARCHE ня ёсьць звыклым сродкам масавай інфармацыі: гэта тоўсты штомесячны часопіс зь сярэднім накладам 700 асобнікаў.  І што самае галоўнае, ARCHE не прапануе інфармацыі, адрасаванай масаваму чытачу. Нашы мэтавыя групы вузейшыя. Гэта акадэмічная супольнасьць, гуманітарная інтэлігенцыя, студэнцкая моладзь, людзі беларускай культуры.

Зусім іншае месца часопіса ў  беларускай інтэлектуальнай прасторы. Тут становішча часопіса цэнтральнае:  ARCHE адзіны ў Беларусі незалежны штомесячны “тоўсты” часопіс на беларускай мове. За гады выданьня праз часопіс прайшлі сотні аўтараў, якія зрабілі ўнёсак у беларускую культуру.  Беларускае грамадзтва даведалася пра Віталя Сіліцкага і Андрэя Казакевіча дзякуючы іх публікацыям на старонках ARCHE, што дало новы імпульс іх прафэсійным кар’ерам.

Я сказаў бы яшчэ больш жорстка: за часы Лукашэнкі роля беларускай дзяржавы ў фармаваньні беларускай культуры зьвялася да мінімуму:  у цэнзураванай форме яна прысутнічае ў  жорстка рэглямэнтаванай сыстэме адукацыі,  яе савецкія, каляніяльныя праекцыі насаджаюцца афіцыйнымі сродкамі масавай інфармацыі. Пры чым усё робіцца для таго, каб жыцьцё звычайнага беларуса было падпарадкавана не інтарэсам нацыі,  а інтарэсам дзяржавы, і тых пэрсон, якія яе ўвасабляюць.

Пры такіх абставінах роля незалежных творчых асяродкаў, якім быў і  ёсьць ARCHE, узрастае. Больш за тое, у  некаторых дзялянках яны нават  могуць канкураваць зь дзяржавай: сваімі накладамі, калі гаворка ідзе пра  выдавецтвы, або ахопам аўдыторыі, калі гаворка ідзе пра СМІ.

BR: Чым тэматыка, візія і канцэпцыя ARCHE адрозьніваецца ад іншых беларускіх незалежных і дзяржаўных часопісаў?

ВБ: ARCHE – гэта найперш пляцоўка для самарэалізацыі і самавыяўленьня. У нас няма жорсткіх канцэптуальных  рамак, якія б дыктавалі нам публікаваць, напрыклад, бэлетрыстыку,  і не  публікаваць, напрыклад,  гістарыяграфію. Гэтым акурат ARCHE і адрозьніваецца ад іншых беларускіх часопісаў: інтэрдысцыплірнасьцю, якая ператварылася ў  вядучы прынцып нашай рэдакцыйнай палітыкі.

На фоне іншых незалежных часопісаў ARCHE вылучаецца рэгулярным, штомесячным  выхадам. Факт сам па сабе маленькі, але за ім стаіць вялікая напружаная праца.

BR: Спробы “разабрацца” з ARCHE з боку беларускіх уладаў рабіліся і раней. Як бы Вы ахарактарызавалі стасункі часопісу зь дзяржавай раней і ў чым менавіта ўлады гэтым разам абвінавачваюць часопіс і Вас асабіста?

ВБ: Стасункі ARCHE з уладамі былі праблемнымі ад самога пачатку нашага выданьня. Ужо ў 2001 пасьля званка зь Міністэрства інфармацыі часопіс забаранілі друкаваць у найбуйнейшай беларускай друкарні – “Беларускага дому друку”.  Але яшчэ зь дзясятак гадоў нас цярпелі.

Трэба сказаць, што мы самі нарываліся. А ў сваю чаргу сутычкі зь дзяржавай рабілі нас мацнейшымі.

Фармальна супраць часопіса ARCHE цяпер  ніякіх прэтэнзій улады ня маюць. Прэтэнзіі ёсьць да яго выдаўца  – установы “Рэдакцыя часопіса Архэ-пачатак”. Нагадаю, што 3 кастрычніка Дэпартамэнт па фінансавых расьсьледаванньях Камітэту дзяржакантролю арыштаваў яе рахунак на падставе таго, што рэдакцыя  ў пару не прынесла ўсе запрошаныя фінансавыя дакумэнты.  Але нават пасьля таго, як рэдакцыя прынесла ўсе дакумэнты за апошнія тры гады дзейнасьці, рахунак застаецца заблякаваны.

Паралельна прэтэнзіі выстаўленыя  супраць мяне асабіста, пры чым  гаворка ідзе пра артыкулы крымінальнага  кодэксу.  Беларускае тэлебачаньне  загаварыла пра тое, што нашы выданьні прапагандуюць экстрэмізм,  а таксама намякнула, што на іх друк мы нелегальна выкарыстоўвалі замежную дапамогу.  Ня трэба дадаваць,  што ў любой краіне гэта будзе расцэнена як крымінальнае злачынства. Апрача гэтага ёсьць падставы меркаваць,  што мне будуць  інкрымінаваныя і чыста эканамічныя злачынствы.

BR: Чаму, на Вашу думку, менавіта цяпер улады вырашылі пайсьці так далёка?

ВБ: Я ня маю дакладнага адказу на гэтае пытаньне.  Але цяперашняя атака не пакідае сумневу,  што выданьні ARCHE пачалі пагражаць дзяржаўнай бясьпецы Беларусі, так, як гэта разумее рэжым Лукашэнкі.

BR: Якой Вы бачыце бліжэйшую будучыню часопісу?

ВБ: Спадзяюся, што цяперашні крызіс толькі ўмацуе нашу рэдакцыю і нашых аўтараў. Гэта як у тым вершы Багушэвіча “Эй, бійце ж мацней, Мацнейшы ад веры вашай Мацей!” У якім канкрэтна аблічча адродзіцца ARCHE, пакажа час.

Гэты артыкул зьявіўся па-ангельску ў Belarusian Review, Vol. 24, No. 4.