Палякі ўсё больш цікавяцца пазнаваньнем сваіх суседзяў, ня толькі на Захадзе, але й на Ўсходзе.
На польскім кніжным рынку зьявіўся чарговы турыстычны даведнік пра Беларусь.

Доўгі час Беларусь была найменш вядомай суседкай у Польшчы. Напрамак гэты лічыўся ня вельмі турыстычным. Аднак за апошнія гады сытуацыя пачала зьмяняцца. Зьявіліся й першыя даведнікі па Беларусі, напрыклад, даведнік National Geographic або Ілюстраваны даведнік па помніках культуры Беларусі Гжэгажа Ранкоўскага ды іншыя.

Цяпер на рынку зьявілася новая публікацыя. Гэта выдадзеная вядомым выдаўніцтвам “Бездарожжа” кніга беластоцкага журналіста “Gazety Wyborczej” Анджэя Клапатоўскага “Беларусь. Гісторыя суседзяў (Białoruś. Historia za miedzą)”. На старонцы выдаўніцтва кніга рэклямуецца як даведнік для тых, хто хоча адкрыць для сябе ўсходняга суседа, дзе побач суіснуюць старадаўнія сьвятыні, шляхецкія фальваркі ды палацы, рэшткі эпохі камунізму ды некранутая прырода. Сакрэты публікацыі раскрывае аўтар даведніка Анджэй Клапатоўскі. Як пачалося Ваша знаёмства зь Беларусьсю?

Анджэй Клапатоўскі: Упершыню я паехаў у Беларусь як турыст у 2000-м годзе. Паехаў, каб пабачыць Горадню. Гэта зусім побач ад Беластоку. Тады амаль не было турыстычнай інфармацыі пра Беларусь. Я паехаў, каб самому выпрацаваць уражаньне пра тое, чым ёсьць тая Беларусь. Ад нас да Беларусі рукой падаць, але для бальшыні жыхароў гораду яна атаясамлівалася зь людзьмі з рынку, якія прадавалі розныя рэчы на базарах. Пасьля першага разу мне вельмі моцна захацелася больш глыбока спазнаць Беларусь.

Наступныя візыты былі даўжэйшыя. Аўтар праехаў з Горадні празь Менск, Віцебск, Гомель і Палесьсе ўсю Беларусь. Што Вы там знайшлі?

Анджэй Клапатоўскі: У першую чаргу я знайшоў месцы, някранутыя масавым турызмам. Трапіць туды было ня так і проста, даводзілася шукаць прыгарадны транспарт, езьдзіць аўтастопам. Яшчэ я сустрэў людзей, якія былі адкрытыя ды ставіліся пазытыўна да наведвальнікаў. Іх уражвала, што нехта хоча прыехаць у іх мястэчка ці вёсачку, каб паглядзець мураваную царкву. Я ўбачыў культуру ды людзей, якія зь цікаўнасьцю глядзелі на таго, хто прыехаў паглядзець на іх краіну.

Апошняе наведваньне Беларусі было ў 2011-м годзе. Пасьля гэтага настаў час на пісаньне кнігі. Для Анджэя Клапатоўскага Беларусь – разнастайная краіна.

Анджэй Клапатоўскі: Першае, што кідаецца ў вочы, гэта «дамінацыя» касьцёлаў на Захадзе. Значна менш тут бачна цэркваў. Чым бліжэй да расейскай мяжы, у ваколіцах Магілёва або Гомеля, бачна становіцца расейская культура. Лінія падзелу на Заходнюю ды Ўсходнюю Беларусь праходзіць у раёне Менску, дзе была некалі мяжа. Таксама гэты падзел адчуваецца ў мэнтальнасьці людзей. Жыхары заходніх рэгіёнаў часьцей езьдзяць за набыткамі ў Польшчу ці Летуву. Затое жыхарам Магілёва бліжэй да Расеі. Расейскі дух там больш выразна адчуваецца.

Вы наведвалі Беларусь некалькі разоў цягам 10 гадоў. Што зьмянялася ў характары, мэнталітэце беларусаў?

Анджэй Клапатоўскі: 12 гадоў таму адчувалася, што людзі былі адкрытыя, цікавыя да кантактаў з тым, хто прыехаў да іх, каб спазнаць іх краіну. Аднак за апошнія гады бачная выразная зьмена. Складваецца ўражаньне, што людзі сталі больш асьцярожныя. Не на кожную тэму можна пагаварыць. Але чым далей ад вялікіх гарадоў, тым лягчэй сустрэць адкрытага чалавека, які ахвотна пагутарыць з чужынцам, што ідзе з заплечнікам, або прыехаў на машыне на польскіх нумарах. Пытаюцца, адкуль вы прыехалі, што хочаце ўбачыць, ды згадваюць свае візыты ў Польшчу. Таму ёсьць яшчэ адкрытасьць сярод людзей, але атмасфэра, створаная ўладай, ёй не спрыяе.

Будучы шмат разоў у Беларусі, ці вы раіце іншым паехаць туды? Ці палякі паедуць у Беларусь?

Анджэй Клапатоўскі: Яны павінны туды паехаць. Ня варта адгароджвацца ад Беларусі. Вандроўкі па Беларусі, агулам некалькі тысяч кілямэтраў, былі для мяне сапраўднай вялікай прыгодай. Гэта вельмі цікавая краіна, як любая іншая, у Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе. Я зьведаў ужо шмат краінаў рэгіёну. Беларусь уносіць у гісторыю ды культуру нашай часткі Эўропы нешта сваё. Ня трэба баяцца гэтай краіны, думаючы, што там адразу да нас нехта прычэпіцца. З такім падыходам лепш застацца дома й нікуды ня ехаць.

Беларусь гэта краіна, дзе можна наноў знайсьці разуменьне сапраўднай вандроўкі, кажа аўтар турыстычнага даведніка “Беларусь. Гісторыя суседзяў”, які зьявіўся на польскім кніжным рынку. Тыя ж, хто гэтай кнігі ня бачылі яшчэ, могуць пазнаёміцца з выявамі вандровак аўтара на ягоным блёку, які называецца “Напрамак Усход”. (http://kierunekwschod.blox.pl/ )