У час, калі мінскае палітычнае жыццё бурліла, стаўкі раслі ды усё менш надзеяў заставалася на дэмакратычнае развіццё краіны, рэдакцыя “Нашай Нівы” прыняла нестандартнае па сённяшніх мерках рашэнне – пераехаць з утульнай Вільні ў Мінск. З чаго ўсё пачыналася і як працягвалася прыгадвае тагачасны супрацоўнік рэдакцыі, а цяпер вядомы графік, мастацтвазнаўца, выкладчык і грамадскі дзеяч Сяргей Харэўскі.

Што галоўнае прынеслі 90-я?

Дэкларацыя аб суверэнітэце вельмі моцна ўзрушыла людзей. Таксама як і прыняцце закона аб мове. Працэнтаў 70 размоваў у транспарце было на гэтую тэму. Прычым абсалютная большасць прыняла гэта як належнае. Агульны настрой быў “калі трэба, значыць трэба”. Адпаведна гэта імкліва каталізавала інтэлектуальны прарыў: людзі пачалі чытаць, вучыць, прыгадваць як дзяды размаўлялі, спрабаваць самі казаць па-беларуску, вершы пісалі.

Па чарзе сталі прамаўляць па-беларуску кіраўнікі. Міністр абароны, міністр унутраных спраў, прэм’ер-міністр, потым раптам Багданкевіч. Кебіч па-беларуску паседжанне вёў, Дземянцей, Грыб. Аказалася, усе могуць. 25 гадоў таму абсалютная большасць чынавенства былі вясковыя людзі і сканчалі беларускія школы, для іх гэта было натуральна.

Запомніўся з’езд беларусаў свету ў апошнія дні Савецкага Саюзу. Як тады хіхікалі, “З’езд беларусаў з таго свету”. Там была маса фанастычных адкрыццяў – прыехалі людзі з Аргенціны, Фінляндыі, Аўстраліі і г.д. Усё на дзяржаўным узроўні, у Оперным тэатры.

Канешне вельмі моцна ўразіла прыняцце герба са сцягам. Калі мы з Сяргеем Дубаўцом прыехалі з Вільні, дык прасілі некалькі кругоў пакатаць нас па плошчы Леніна, пераканацца, што сцяг над парламентам – гэта не сон.

Да гэтага ж шэрагу я б аднёс і адраджэнне “Нашай Нівы” ў траўні 1991 года. Усё пачалося з “Навінаў Беларускага Народнага Фронту” – газеты, якую ствараў Алесь Суша, Павел Жук, Алесь Гуркоў. Яны перараслі ў газету “Свабода”, рэдактарам якой стаў Сяргей Дубавец. Я кінуў дзяржаўную працу ў “Белспецпраектрэстаўрацыі”, сышоўшы мастацкім рэдактарам у “Свабоду”. “Наша Ніва” і была задумана калектывам “Свабоды”. Адначасна я сам вучыўся ў Акадэміі мастацтваў у Пецярбургу, дзе тады віравала палітычнае і культурнае жыццё.

Чаму ў Вільні, якая была першапачатковая ідэя выдання?

Тут сімволіка была вельмі празрыстая, маўляў трэба паехаць у Вільню ды адрадзіцца там, дзе газета першапачаткова была, пераняць старую традыцыю, прегаварыць з дзядамі, завязаць новую несавецкую беларускую традыцыю. Не абстрактна, а асабіста дакрануцца да ўсяго. Мы ж яшчэ заспелі людзей, якія помнілі тую “Нашу Ніву”. Напрыклад, Зоську Верас, якую на плячах насіў Багдановіч. Мы завязалі знаёмства з сынамі Антона Луцкевіча, хадзілі па ўсіх старых адрасах. Мы паставілі сабе мэту – дэкамунізацыя беларускай культуры. Той самай несавецкай культуры нам вельмі бракавала.

Першая “Наша Ніва” сфармавала беларускую думку. Гэта не абстракцыя, ёсць дакладныя яе складнікі: талерантнасць, інклюзіўнасць, нерэлігійнасць (гэта моцна кантраставала з нацыянальнымі праектамі суседніх народаў), увага да экалогіі. Напрыклад, я ня ведаю беларускіх нацыяналістаў, якім было б па-барабану спілоўванне дрэваў у горадзе. Сёння мы б назвалі гэта “левым цэнтрам”.

У 1991 г. мы былі ўпэўненыя, што трэба закідаць у грамадства новыя ідэі. Спачатку сталі наскокваць на старую пісьменніцкую гвардыю. Тую ж тарашкевіцу вярнулі ў Беларусь. Тое-сёе павыдавалі ілацінкаю. Сяргей Шупа, Вінцук Вячорка ды Зміцер Саўка сфарміравалі новы правапіс, новую несавецкую лексіку. Гэта была няпростая работа прафесійных філолагаў. А была й стыхійная “народная” творчасць. Напрыклад, я прыдумаў новае слова “шапік”, а Адам Глёбус – слова “хмарачос”, хтосці яшчэ штосці. І… мова зажыла, акрыяла!

Пазнаёмілі мы чытача з несавецкай літаратурай, перадусім з беларускай эмігранцкай. Вельмі шмат перакладной літаратуры выдавалі. У нас былі пераклады з 28-мі (!) моваў, у тым ліку з лаоскай: усё самае актуальнае ў сусветнай літаратуры.

Як тэхнічна выглядала арганізацыя выдання?

Першы нумар надрукавалі ў Баранавічах. Спачатку мы раз на месяц выходзілі. Першыя два гады я рукамі газету клеіў, не было праграм для вёрсткі. Тушшу адбіўкі маляваў, шрыфты. Шмат было ручное, арыгінальнае графікі – маёй, Алега Алажэя, Дзяніса Раманюка. Здымкі і малюнкі ўручную выразалі, без сканераў, без Інтэрнэту. Спачатку былі кампозеры – такая электрычная друкарская машынка з прымітыўным праграмаваннем. У 1992 г. упершыню з’явіліся кампутары чорна-белыя – братняя Польшча дапамагла.

Потым сталі выходзіць раз на два тыдні. Друкаваліся і тарашкевіцай, і лацінкай. Друкавалі ў Магілёве і ў Менску. Усё залежыла ад фінансавых магчымасцяў. Першыя грошы даў Павел Жук, іншыя бізнесмены. Сродкі на выхад “Нашай Нівы” збіралі на Першым з’ездзе беларусаў свету, абвесцілі падпіску сярод эміграцыі, пайшлі ахвяраванні. Гэта было павевам часу: і “Звязда”, і “ЛіМ” з намі падтрымлівалі партнёрскія адносіны.

Аднойчы пагрукаўся ў рэдакцыю дзед, прынес мех бульбы і два каша яблыкаў. Альфонс Кіткоўскі. Дзед вярнуў сабе зямлю, хутар, дом мураваны. Такі хрысціянскі дэмакрат. Насядаў на касцёльнае начальства чаму службы не па-беларуску. Аказалася, што “рускімі” літарамі па-беларуску чытаць ня ўмее, толькі лацінкай.

Газета “Звязда”, да прыкладу, змяшчала на сваіх старонках рэкламу “Нашай Нівы”, і мы нават пару раз атрымлівалі гранты ад Міністэрства інфармацыі. Амбасадар Беларусі ў Літве Вайтовіч нам спрыяў. У нас былі гасцямі бадай усе самыя вядомыя палітыкі Беларусі і Літвы, лідары беларускіх дыяспараў з розных краін.

Чаму ж рэдакцыя пераехала ў Мінск? Пры тым не ў самы спрыяльны момант 1996 года.

Без адраджэння беларускай Вільні нічога не адродзіцца ў Беларусі. Да 1996 г. мы стварылі там беларускі дзіцячы садок, гімназію імя Францыска Скарыны, беларускае аддзяленне ў педуніверсітэце, две перадачы на радыё, тэлебачанні, шмат мемарыяльных табліц павесілі, дзейнічалі тры клубы – мастацкая суполка, Таварыства беларускай культуры, суполка “Сябры”, беларускі хор. І гаворка вялася пра павялічэнне актыўнасці.

Цяпер былі межы, візы, да нас аўтары ўжо не маглі ездзіць. Паштовя расходы павялічыліся. Паўстала пытанне аб сталай рэгістрацыі ў Літве або ў Беларусі, нарасталі бюракратычныя перашкоды. Сабекошт газеты павялічыўся, спаў наклад. Трэба было пераязжаць туды, дзе большасць аўтараў, мяняць фармат, станавіцца больш актуальнымі, рабіць рэпартажы.

У сувязі з сумнымі вынікамі рэферэндуму 1995 году газета перайшла на штотыднёвы рытм. Усё змянялася вельмі хутка. На полі недзяржаўнай прэсы ўтварылася моцная канкурэнцыя: “Белорусская газета”, “Имя”, “7 дней”, “Свободные новости”. Мы разумелі, што калі застанемся за бугром, доўга не працягнем.

Як сустрэла Вас сталіца?

У 1996 г. газета пераехала ў Мінск, у тым ліку архівы. Рэдакцыя была на Варвашэні, потым на Бабруйскай, над крамай “Лянок”. Яна стала сапраўдным эпіцэнтрам усёй беларускай культуры. Выдалі пару тузінаў кніг, сярод якіх новыя кнігі Быкава, Адамовіча! Мастакі прыходзілі, барды, у нас Артур Клінаў складзіраваў свой праект з катафалкамі. Рокеры – ад Кулінковіча да Вольскага. Я ўдзельнічаў у трох рок-каранацыях, прызы выносіў. Усе гулянкі і застоллі да раніцы таксама ў нас. Цяжэй узгадаць каго там не было. Было вельмі крутое ў тую эпоху “Радыё-Рацыя” на Рэвалюцыйнай, мы там таксама тусаваліся. З Клінавым і Цішыным мы стварылі Асацыяцыю сучаснага мастацтва.

Шэдэўрам усяго гэтага стаў фантастычны фэст найноўшай беларускай культуры “Каралеўства Беларусь” у 1997 г., які мы арганізавалі пад Варшавай у пасёлку Падкова Лесьна. Я быў рэжысёрам, удзельнічалі Вацлаў Арэшка, Алег Дзярновіч, Артур Клінаў, Валерый Самусёнак. Там быў часовы начлег, кавярня. З васьмі вечара да васьмі раніцы нон-стоп нешта адбывалася. Выстава фатаграфіі, жывапісу, скульптуры, перформансы. Спяваў хор “Унія”, граў N.R.M., барды, паэты вершы дэкламавалі. Апоўначы феерверк грохнулі і падпалілі ўсё. Пажарныя прыехалі з Варшавы.

А потым пачаўся такі паўзучы рэванш. На ўзроўні раёнаў, сельваветаў у беларускім жыцці нічога не змянілася пасля Савецкага Саюзу. Ніводнай вуліцы не пераназвалі, ніводнай газеты. Ніводнай чырвонай зоркі не знялі за рэдкім выключэннем. Потым ужо разгон Вярхоўнага Савету мы вельмі перажывалі. Я быў вельмі добра інфармаваны пра перамовы Сямёна Шарэцкага з Егорам Строевым і Генадзем Селязнёвым. Мала хто помніць АМАП расійскі ў Мінску, які, праўда, у справу не пусцілі. Потым быў страшны час пасля рэферэндуму 1996 года. 25 тысяч чалавек выходзілі і пераварочвалі міліцэйскія машыны. Здавалася перамога блізка, але з тыдня на тыдзень усё меней жартаў было. Міліцыя пачала дзейнічаць вельмі жорстка, паміж Мінскам і Вільняй паставілі блок-пасты.

З якімі пачуццямі рэдакцыя ступіла ў ХХІ стагоддзе?

Пачуцці мяняліся, як у калейдаскопе – гонар змяняўся горчыччу, роспач – радасцю! Але ніколі не было было адчаю, песымізму. Бо не гублялі надзеі, працавалі несупынна, без адпачынкаў, у савецкім сэнсе. Але, выглядала, што апярэдзіўшы свой час, пасеяўшы безліч ідэяў, запраектаваўшы многія з’явы, мы апынуліся глыбока ў авангардзе. Новае пакаленне чытачоў, якое ўвайшло ў жыццё, вымагала адказаў не пра вечнасць, далёкую будучыню ці забытую мінуўшчыну, а пра надзённасць, вымагала адказаў на пытанні літаральна сённяшняга дня. Давялося стаць, перадусім, сапраўды інфармацыйнай крыніцаю, транслятарам канкрэтных палітычных ідэяў, у тым ліку і датычных знешняга свету. Дзеля гэтага калектыў рэдакцыі значна павялічыўся, рэзка амаладзіўся, цалкам стаўшы мінскім. А большасць колішніх аўтараў і калегаў – Сяргей Шупа, Адам Глобус, Ігар Бабкоў, Алег Мінкін, Славамір Адамовіч, Алег Дашкевіч, Алег Дзярновіч, Юры Шаўцоў, знайшлі сябе, урэшце, у іншых сфэрах.

“Наша Ніва” стала ўжо іншым праектам, больш адпаведным эпосе Інтэрнэту, камунікатыўнага і інфармацыйнага выбуху, нарастаючай палітычнай стагнацыі і новых культурных выклікаў. І ўзрост сённяшняга калектыву рэдакцыі прыкладна такі, які быў і ў нас паўтары дзясяткі гадоў таму. І гэта слушна цалкам!

Я адзіны, хто застаўся ў складзе рэдакцыі дасёння, хоць і ў вельмі сціплай ужо ролі апошняга з “магіканаў”. Але я ведаю сотні людзей з пакалення, якому сёння 30-35 гадоў, для якіх тая “Наша Ніва”, 1990-х, стала зоркаю, што асвяціла іх жыццёвы шлях, прывяла іх да Беларушчыны. І менавіта яны сталі сёння дзейнымі лідарамі недзяржаўных арганізацыяў, рухаў, партыяў, розных культурных і грамадзкіх праектаў. То бок, тузін маіх сяброў і калегаў, якія запачаткавалі гэты праект, могуць ганарыцца, што сеялі поўнаю рукою ня марна, а нашае зерне думак шумна калосіцца дасёння.