Фільм «Жыве Беларусь!» быў уганараваны галоўнай узнагародай IV Варшаўскага міжнароднага кінафэстывалю гістарычных і вайсковых фільмаў «Залатая шабля».

На фэстывалі было прадстаўлена 13 краінаў і паказана амаль 70 стужак. Бронзавая шабля дасталася нямецкаму «Fallen».

У інтэрв’ю карэспандэнту «Товарищ.online» сцэнарыст і другі рэжысёр фільму «Жыве Беларусь!» Франак Вячорка распавёў:

— Гэтая ўзнагарода была досыць нечаканай, бо фільмы-супернікі аказаліся вельмі моцныя. Пераможцу выбіралі маладыя людзі, і было нечаканасцю, што яны прагаласавалі за наш фільм. Пазней яны пыталіся, якім чынам можна змяніць уладу ў Беларусі, чаму апазіцыя не можа згуртавацца, пыталіся пра КДБ і палітычных зняволеных. Аўстрыйцаў цікавіла, чаму некаторыя героі ўжываюць нямецкае «шнэля» і ці сапраўды ў Беларусі захаваліся помнікі Леніну і савецкая сімволіка.

— На Ваш погляд, што гэта было: падрымка альтэрнатывы, ці ўзнагарода за якасць?

— Я думаю, і тое і тое. Фільм сам па сабе атрымаўся высокай якасці, і гэта адзначылі многія замежныя крытыкі. Але калі галасуюць за пераможцу людзі — то яны кіруюцца таксама жаданнем нейкім чынам падтрымаць Беларусь.

— Чаму ў беларускім незалежніцкім асяродку зашмат крытыкі ў адрас стужкі?

— Шмат хто крытыкуе, хто хваліць. Гэта нармальна. Было б горш, калі б зусім не абмяркоўвалі. Беларускае незалежніцкае асяроддзе — не мэтавая група гэтай стужкі, дакладна. А вось шараговым беларусам з глыбінкі фільм — як дубінай па галаве. Дарэчы, мяркуючы па водгуках у кантакце. Галоўнае, што фільм выклікае моцны эмацыйны эфэкт. Як у замежнікаў, так і беларусаў. Але мы шчыра не спадзяваліся, што будзем удзельнічаць так шырока на фэстывалях і перамагаць. Гэта ўжо дзявяты фэстываль. Яшчэ маем 6 фэстываляў наперадзе. Самае цікавае — Кіеў. Напрыканцы месяца — найбуйнейшы фэстываль «Маладосьць».

— З сённяшняга пункту гледжання: ці трэба было нешта змяніць у стужцы? Можа, якія моманты ўзмацніць?

— Нічога. Фільм зроблены досыць удала. Зараз трэба думаць над фільмам тыпу «Адважнае сэрца», які даў бы надзею і натхніў бы беларусаў на змаганне.

Нагадаем, раней фільм «Жыве Беларусь!» быў адзначаны гран-пры на Міжнародным кінафэстывалі ў Стамбуле (Турэччына), перамог у секцыі «Панарама» ў Гдыні (Польшча), атрымаў узнагароду за найлепшы сцэнар у Брусэлі (Бэльгія). Таксама фільм быў паказаны ў Чэхіі, Партугаліі, Швэцыі, Нямеччыне і Сінгапуры.