У сацыяльных сетках разгарэлася дыскусія вакол Нобелеўскай прэміі па літаратуры. Прычына – у асобе кандыдата ад Беларусі на атрыманне Нобеля. Пісьменніца Святлана Алексіевіч уваходзіць у тройку магчымых лаўрэатаў. Некаторыя беларускія інтэрнаўты лічаць, што Алексівевіч не вартая прэміі, бо ў кнігах настальгуе па савецкім мінулым.

Кандыдат філалагічных навук Юнэля Сальнікава — пра сітуацыю, якая склалася вакол пісьменніцы.

РР: Некаторыя абвінавачваюць Святлану Алексівевіч у тым, што яна мае настальгічныя ноткі да савецкага мінулага. Калі паглядзець на яе творы, ці адпавядае гэта рэчаіснасці?

Юнэля Сальнікава: У сувязі з апошнімі дыскусіямі, у тым ліку ў сацыяльных сетках, я, напрыклад, радуюся, што Нобелеўскую прэмію прысуджаюць не праз нацыянальныя рэферэндумы, а экспертная камісія складаецца з адмыслоўцаў. Калі казаць пра Святлану Алексіевіч, то я бясконца паважаю гэтую пісьменніцу. “Чарнобыльская малітва”, “Цынкавыя хлопчыкі”, “Зачараваныя смерцю” – гэта творы сапраўды наднацыянальнага маштабу. І беларусам трэба прызнаць, што Алексіевіч з’яўляецца не толькі часткай беларускай культуры, а часткай сусветнай культуры. І яна здолела закрануць гэты пласт апісання постсавецкасці, якую мы не так часта можам убачыць у творах іншых пісьменнікаў нашага рэгіёну. І я, як беларуска, вельмі гэтым ганаруся тым, што сусветная супольнасць прызнае яе ўнёсак у культуру.

РР: Вы прыгадалі “Чарнобыльскую малітву” і “Цынкавыя хлопчыкі”. Калі прачытаць гэтыя кнігі, ці можна сказаць, што там ёсць настальгія па савецкім мінулым?

Юнэля Сальнікава: Я была на сустрэчах з Алексіевіч. І на іх часта задавалася гэтае пытанне. Гэта адзін з тых момантаў, якім яе ўпікаюць. І яна адказвае проста: што яна робіць рэпартаж свайго часу і спрабуе працаваць у жанры дакументалістыкі.

РР: Чаму такое неадзназначнае стаўленне да Алексіевіч з боку беларускамоўных – то бок з боку тых, хто пазіцыянуе сябе як людзей, што любяць беларускую культуру і літаратуру.

Юнэля Сальнікава: Я падзялала бы тых людзей не на беларускамоўных беларусаў і рускамоўных беларусаў. А на адукаваных і меней адукаваных. Я цалкам прымаю нацыялістычны дыскурс беларусаў ці часткі беларусаў, якія свядома займаюцца нацыябудаваннем. Але мы мусім прызнаць, што час нацыябудавання сышоў. І ў гэтым сэнсе беларусы мусяць быць упісаныя ў сусветны кантэкст.

Канешне, беларускую мову трэба захоўваць, але калі ствараюцца шэдэўры ці працы, якія па сваіх маштабах пераўзыходзяць Беларусь і беларускасць, то трэба прызнаць гэта. А не спрабаваць нейкім чынам затаптаць. Я не здзіўлюся, калі ў бліжэйшым часе з’явіцца ініцыятыва на change.org па зборы подпісы за адмену таго, каб Алексівевіч стала лаўрэаткай Нобелеўскай проэміі. І гэта вельмі засмучае, таму што беларусам трэба ганарыцца тым, што ёсць.

РР: Уявім, што Алексіевіч атрымлівае прэмію. Ці можна будзе казаць тады, што яна беларуская пісьменніца. Бо многія будуць казаць, што яна піша па-руску, жыве не ў Беларусі.

Юнэля Сальнікава: Гэта, можа, будзе, як з Адамам Міцкевічам: хто ён там, беларускі ці польскі паэт. Але я думаю, што беларусы ў любым выпадку змогуць запісаць Святлану Алексіевіч на рахунак сабе. Хаця насамрэч гэта будзе хутчэй прэміяй для ўсходнееўрапейскага рэгіёну, чым для Беларусі. Але той факт, што прэмію атрымала беларуска – ужо гэта будзе адназначна беларускай прэміяй.

Беларусь не мае ніводнага Нобелеўскага лаўрэата. У свой час на Нобелеўскую прэмію па літаратуры вылучаліся пісьменнік Васіль Быкаў, паэты Рыгор Барадулін і Уладзімір Някляеў.