Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш, якая па традыцыі праходзіць у краіне на пачатку лютага, не толькі распачынае новы выдавецкі сезон у Беларусі і СНД, але і ў некаторай ступені падводзіць вынікі папярэдняга года ў кнігавыданні. Якім быў 2013 год у гісторыі выдавецкай справы Беларусі? Ці заўважаюцца новыя тэндэнцыі ў галіне? Ці змянілася дзейнасць сферы з улікам усё больш актыўнага распаўсюджвання электронных выдавецкіх прадуктаў? На старонках “Кніжнага свету” вынікі мінулага года “ЛіМ” падводзіць разам з дырэктарам Нацыянальнай кніжнай палаты Беларусі Аленай Івановай.

— Алена Вітальеўна, думаецца, на пачатку нашай гутаркі варта прыгадаць першую знакавую падзею для прафесіяналаў выдавецкай справы мінулага года — уступленне ў дзеянне новага Закона “Аб выдавецкай справе ў Рэспубліцы Беларусь”. Што змянілася з часу яго ўвядзення?

— У цэлым Закон лагічна аб’яднаў у адзіны комплекс выдаўцоў, вытворцаў і распаўсюджвальнікаў друкаваных выданняў. Безумоўна, гэта з’яўляецца станоўчым момантам, бо робіць выдавецкую сферу больш празрыстай, дазваляе ажыццяўляць маніторынг яе стану ў цэлым — і па выпуску, і па распаўсюджванні выданняў. Згодна з Законам цяпер выдаўцы праходзяць дзяржаўную рэгістрацыю — працэдуру, якая замяніла ліцэнзаванне выдавецкай дзейнасці. Пры гэтым узмацнілася адказнасць выдаўцоў за выпуск выданняў без выходных звестак, парушэнне парадку рассылкі абавязковых экзэмпляраў, парушэнне аўтарскага права і ў іншых выпадках.

— Звычайна напрыканцы студзеня Кніжная палата краіны падводзіць вынікі працы айчыннай сістэмы кнігавыдання за папярэдні год. Якім быў 2013 выдавецкі год у колькасных паказчыках?

— За мінулы год у нашай краіне была выпушчана 11 441 назва кніг агульным тыражом 31,4 мільёна асобнікаў. Такім чынам, на аднаго жыхара краіны прыйшлося 3,3 кнігі. Сярэдні тыраж адной кнігі — 2,7 тысячы экзэмпляраў. Нягледзячы на тое, што ў адносінах да паказчыкаў 2012 года колькасць назваў кніжнай прадукцыі павялічылася прыкладна на 1 працэнт, летась працягвалася падзенне сукупнага гадавога тыражу — прыкладна на 5 працэнтаў. У цэлым варта падкрэсліць, што ў краіне ўсё больш яскрава прасочваецца тэндэнцыя скіраванасці кніжнай прадукцыі на мэтавую чытацкую аўдыторыю, якую выдавец, каб пазбегнуць перавытворчасці тыражу, спачатку спрабуе акрэсліць колькасна. Менавіта гэта і стала адным з чыннікаў зніжэння і тыражоў, і аб’ёмаў выдання кніжнай прадукцыі.

— Напэўна, вам ужо вядомыя і адпаведныя лічбы з Расіі і Украіны. Як у параўнанні з нашымі краінамі-суседкамі выглядае кнігавыданне Беларусі?

— Па колькасці назваў выдадзеных кніг (у параўнанні з паказчыкамі 2012 года) летась у Расіі назіраўся рост прыкладна на 3 працэнты. Ва Украіне гэтая лічба павялічылася на 6,6 працэнта. Што да сукупнага тыражу, то ў Расіі яго рост зусім нязначны — 0,2 працэнта, а ва Украіне ў параўнанні з 2012-м гэтая лічба павялічылася больш чым на 16 працэнтаў. Таму можна сцвярджаць, што па асноўных паказчыках Беларусь бліжэй да Расіі, чым да Украіны. Але мне падаецца, не зусім правільна параўноўваць паказчыкі кнігавыдання ў такіх розных па колькасці насельніцтва краінах, як Расія, Украіна, Беларусь. Важныя ўдзельныя паказчыкі — напрыклад, колькасць назваў кніг на 1 мільён жыхароў. І тут у Беларусі не самыя горшыя вынікі. Так, за 2013 год у нашай краіне было выдадзена 1200 кніг на 1 мільён чалавек. Для параўнання: у Расіі гэтая лічба склала 840 назваў, ва Украіне — 600. Адносна тыражоў карціна наступная: на 1 жыхара Беларусі выпушчана 3,3 кнігі, Расіі — 3,8, Украіны — 1,5 кнігі.

— Зыходзячы з іншых лічбавых паказчыкаў, якія яшчэ тэндэнцыі заўважаюцца ў айчынным кнігавыданні?

— Працягваецца рост выпуску малатыражных кніг (іх наклад меншы за 500 асобнікаў), у 2013 годзе ўдзельная вага такіх выданняў склала ўжо 52,6 працэнта. Сума іх тыражу па-ранейшаму невялікая — 3,5 працэнта ад агульнага тыражу кніжнай прадукцыі. У падобнай сітуацыі можна казаць пра тое, што практычна палову выпуску кніжнай прадукцыі краіны складае так званая “шэрая” літаратура, што не мае шырокага распаўсюджвання на рынку. Гэта ведамасная, універсітэцкая і іншая літаратура вузкага прызначэння. Такая з’ява звязана перш за ўсё з развіццём лічбавага друку. Выдаткі на дадрукоўку тыражу нязначныя, таму, каб пазбегнуць перавытворчасці, выдаўцы хутчэй кнігу дадрукуюць у выпадку запатрабаванасці, чым пойдуць на рызыку мець нераспрададзеныя рэшткі.

Колькасць новых і паўторных выданняў — яшчэ адзін паказчык, які дазваляе зрабіць пэўныя высновы: меркаваць пра аб’ём новай інфармацыі, якая ўводзіцца ў зварот праз кнігі, а таксама засведчыць, ці ўмеюць выдаўцы знаходзіць праекты, што адпавядаюць чытацкаму попыту, і наколькі выдавецтвы імкнуцца задаволіць гэты попыт. У большасці краін, і ў Беларусі, у паўторныя выданні не ўключаюцца дадрукоўкі і перадрукі — публікацыі, якія не маюць ніякіх змен у змесце і форме. Такія кнігі ўвогуле не ўлічваюцца статыстыкай у якасці асобнага выдання. Так, паводле нашых дадзеных, у краіне назіраецца тэндэнцыя падзення ўдзельнай вагі новых выданняў: у 2013 г. яны склалі 83,3 працэнта, у той час як у 2012-м гэты паказчык быў на тры працэнты большы, а ў 2001-м удзельная вага новых выданняў складала аж 93,8 працэнта. У прынцыпе, лічыцца, што ў краінах, дзе агульная колькасць выдадзеных кніг досыць вялікая, назіраецца некаторае зніжэнне ўдзельнай вагі першых выданняў.

Адметна, што нашы выдаўцы па-ранейшаму аддаюць перавагу выпуску кніг у мяккай вокладцы. Такіх выданняў 77,8 працэнта ад агульнай колькасці. Астатнія — у цвёрдым пераплёце. Пра што гэта сведчыць? З аднаго боку, цвёрды пераплёт мае прэзентабельны знешні выгляд, такая кніга трывалая і можа доўга служыць чытачу. А мяккая вокладка — танная, і тэхналогія яе вырабу больш простая. Але ў той жа час вокладка, можа, і ўскосна, але сведчыць пра якасць кнігі, неабходнасць яе доўгачасовага захоўвання. З іншага боку, цалкам заканамерна, што выданняў у цвёрдай вокладцы мала, бо для паўсядзённага выкарыстання ці чытання ў вольны час яны цяжкія і нязручныя. Што цікава: кнігі ў цвёрдым пераплёце выпускаюцца досыць вялікімі тыражамі.

— Колькі беларускамоўных кніг было выдадзена ў краіне цягам 2013 года?

— Доля выпуску беларускамоўных кніг практычна застаецца на ўзроўні апошніх пяці гадоў — крыху больш як 10 працэнтаў ад агульнай колькасці. Больш за ўсё кніг пабачыла свет на рускай мове — 82,5 працэнта. Выйшлі таксама кнігі на англійскай, нямецкай, французскай, польскай, іспанскай і іншых мовах.

— Ці змянілася за мінулы год колькасць выдаўцоў, якія актыўна ўдзельнічалі ў кніжным жыцці краіны?

— Да канца 2012 года Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь выдала 643 ліцэнзіі на выдавецкую дзейнасць. Сярод ліцэнзіятаў — арганізацыі дзяржаўнай, недзяржаўнай і змяшанай формаў уласнасці, індывідуальныя прадпрымальнікі, грамадскія і рэлігійныя арганізацыі, адукацыйныя ўстановы. Больш як палова з іх — камерцыйныя выдавецтвы і ўнітарныя прадпрыемствы. Але калі прадпрыемства мае права ажыццяўляць выдавецкую дзейнасць, гэта зусім не азначае, што яно актыўна ім карыстаецца. Так, у 2013-м актыўнасць выявілі толькі 377 выдаўцоў (58,6 працэнта ад колькасці зарэгістраваных). З іх 106 за год выпусцілі ўсяго адну ці дзве кнігі. Падкрэслю, што год ад году колькасць выдаўцоў павялічваецца: і грамадзяне, і арганізацыі актыўна выказваюць жаданне займацца выдавецкай справай. Аднак для большасці з іх гэта не асноўны, а дадатковы працэс у прафесійнай дзейнасці. Сярод прадуктаў працы падобных выдаўцоў, як правіла, няма сапраўды вартых увагі праектаў: імі галоўным чынам кіруе жаданне атрымаць прыбытак ад выданняў, якія выпускаюцца за кошт сродкаў аўтара ці заказчыка.

— Якія айчынныя выдавецтвы сталі летась лідарамі па колькасці назваў і тыражу выдадзеных кніг?

— Лідар дзясяткі — па-ранейшаму выдавецтва «Харвест», але калі на працягу апошняга дзесяцігоддзя “Харвест” штогод забяспечваў ад 22 да 27 працэнтаў выпуску кніг па назвах і каля 40 працэнтаў па тыражы, то ў 2013 годзе колькасць выпушчаных тут кніг па назвах скарацілася да 10,7 працэнта, а па тыражы — да 19,5 працэнта. На працягу многіх гадоў у дзясятцы лідараў утрымліваюць свае пазіцыі “Аверсэв”, “Папуры”, “Народная асвета”, “Белы вецер”, “Выдавецкі цэнтр БДУ”, “Букмайстар”.

— Сёння ўсё часцей выдаўцы абмяркоўваюць актуальныя пытанні працы над электроннымі кнігамі. Кніжная палата краіны ўжо вядзе іх улік?

— Нягледзячы на тое, што ў Беларусі пакуль не праводзілася маштабных даследаванняў рынку электронных выданняў, ніхто не стане адмаўляць уплыву гэтага сегмента на традыцыйнае кнігавыданне, а таксама таго, што электронныя кнігі становяцца прыярытэтным рэсурсам і яны запатрабаваны чытачамі. Сёння ў Беларусі няма механізму, які б дазваляў паўнавартасна адсочваць рынак электронных выданняў. Няма і выразнага ўяўлення пра тое, якім павінен быць гэты механізм. Справа ў тым, што электронныя выданні закранаюць не толькі сферу выдавецкай справы, але і такія складаныя і шматгранныя галіны, як электронна-бібліятэчныя сістэмы, электронныя бібліятэкі, інтэрнэт-гандаль, аўтарскае права. Акрамя таго, на сённяшні дзень у выдавецкім асяроддзі не сфарміравалася адназначнага вызначэння таго, што варта адносіць да электронных выданняў як аб’екта выдавецкай справы. Няма пакуль дакладна сфарміраванай практыкі продажу выдавецкага кантэнту і разумення, як выдаўцу будаваць адносіны з аўтарам. А гэта, безумоўна, спрыяе распаўсюджванню пірацкіх рэсурсаў, іх колькасць сёння, па некаторых падліках расійскіх спецыялістаў, дасягае 80 — 90 працэнтаў.

Пакуль электронныя выданні не займаюць вызначальных пазіцый на рынку кнігавыдання ў цэлым і ў Беларусі ў прыватнасці. Паводле дадзеных ведамаснай статыстычнай справаздачнасці беларускіх выдаўцоў, доля такіх выданняў у іх прадукцыі складае каля 4 працэнтаў, а выпускам электронных выданняў займаюцца каля 5 працэнтаў выдаўцоў з усіх зарэгістраваных Міністэрствам інфармацыі краіны. Вядома ж, рынак электронных кніг будзе імкліва расці: уводзяцца новыя сістэмы аплаты, з’яўляюцца новыя прылады для чытання. Але гэта не сведчыць пра тое, што друкаваная кніга памірае ці што пераарыентацыя чытачоў на электронныя кнігі — гэта дрэнна. Гэта сведчыць толькі пра тое, што наша краіна, як і ўвесь цывілізаваны свет, знаходзіцца ў стане актыўнай змены, мадэрнізацыі і руху ў бок інфармацыйнага грамадства. Дадзены працэс суправаджаецца зменамі практычна ва ўсіх сферах, а не толькі ў кнігавыданні. Было б наіўна чакаць, што распаўсюджванне інфармацыйных тэхналогій прывядзе да самаарганізацыі кнігавыдання. Таму ў гэтай галіне таксама патрэбныя маштабныя нацыянальныя праекты, такія, напрыклад, як стварэнне Нацыянальнай электроннай бібліятэкі.