Кароль Міндоўг быў, і ён быў каранаваны. Некаторыя гісторыкі цвердзяць, што ў Тракаі ці Вільні, некаторыя — што ў Наваградку.

Работу класіка літоўскага мастацтва Адомаса Варнаса «Каранацыя Міндоўга» можна пабачыць да 17 сакавіка ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі

 

Дзень узнаўлення Літоўскай Дзяржавы амбасада Літвы ў Мінску адзначыла незвычайнай імпрэзай. У Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі адкрылася выстава аднае карціны «Каранацыя Міндаўга» Адомаса Варнаса, а таксама выступіў хор хлопчыкаў і юнакоў «Ажуолюкас». Амбасадар Літвы Эдмінас БАГДОНАС у інтэрв’ю «Звяздзе» сказаў, што гэта — напамін пра супольную гісторыю.

 

— Карціна Адомаса Варнаса выяўляе каранацыю Міндаўга, — кажа Эдмінас Багдонас. — А гэта — наша агульная спадчына! Кароль Міндаўг быў каранаваны ў Наваградку. Нашы гісторыкі, праўда, называюць іншыя магчымыя месцы. Я не гісторык, таму для мяне галоўнае, што каранацыя была як такая! І гэта — наша агульная гісторыя, якой варта ганарыцца… А хор «Ажуолюкас», што па-беларуску значыць «Дубочак», — гэта найвядомейшы калектыў Літвы, які адсвяткаваў сваё 50‑годдзе. Гэта цудоўна, што яны знайшлі магчымасць прыехаць!

 

— Спадар Эдмінас, у подпісе да карціны якраз не пазначана, дзе адбывалася каранацыя…

 

— Ведаеце, гэта не самае важнае. Важна, што кароль Міндоўг быў, і ён быў каранаваны. Некаторыя гісторыкі цвердзяць, што ў Тракаі ці Вільні, некаторыя — што ў Наваградку. Раз няма еднасці, то не будзем сёння на гэтым спыняцца. Мне важна, што каранацыя была. Гэта — падмурак, на якім мы мусім ствараць нашу будучыню.

Дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі Уладзімір ПРАКАПЦОЎ кажа, што правядзенне такой імпрэзы менавіта ў мастацкім музеі для яго, несумненна, прыемнае.

 

— Карціна Адомаса Варнаса «Каранацыя Міндоўга», прадстаўленая тут, — гэта твор мастацтва з надзвычай цікавай гісторыяй! — кажа Уладзімір Пракапцоў. — Нам прыемна, што такі каштоўны экспанат выстаўляецца ў нашым музеі. Не менш прыемна, што на імпрэзе выступаў сусветнавядомы літоўскі хор хлопчыкаў і юнакоў «Ажуолюкас». Лічу, што атрымалася вельмі атмасферна, вельмі прафесійна, вельмі культуральніцка, калі можна так сказаць. Я рады, што гэтая імпрэза ў музеі сабрала і дыпламатаў, і творчую інтэлігенцыю, і людзей мастацтва. Атрымалася сапраўднае свята!..

 

Спадар Пракапцоў зазначыў, што, апроч святкавання, было падпісана вельмі важнае пагадненне з Літоўскім мастацкім музеем.

 

— З маім літоўскім калегам Рамуальдасам Будрысам мы падпісалі дамову пра супрацоўніцтва ў галіне рэстаўрацыі, абмену навуковымі тэхналогіямі, атрыбуцыі, выставачнай дзейнасці. Нашы літоўскія калегі гатовыя дапамагаць нам у музеіфікацыі работ, гатовыя даваць творы мастацтва на дэпазіт у Мірскі і Нясвіжскі замак. Мы плануем у верасні ў межах Дзён культуры Беларусі зладзіць супольную выставу ў Вільнюсе. Прывязём ім творы нашага слаўнага мастака Бялыніцкага-Бірулі. Яны дададуць свае творы гэтага мастака, якія маюць у сваіх фондах. Гэта будзе сумесны праект — так, як летась мы ўжо ладзілі выставу Хруцкага ў Літве.

 

Дырэктар Літоўскага мастацкага музея Рамуальдас БУДРЫС адкрыў для чытачоў «Звязды» вялікую таямніцу — чаму «Каранацыя Міндоўга», твор пра такую значную падзею, мае такія сціплыя памеры.

 

 

— Як яна трапіла ў ваш музей?

 

— Мы доўга ішлі да гэтага. Вялі перамовы са сваячкай ксяндза, да якой карціна адышла пасля смерці святара. Яна катэгарычна адмаўлялася яе прадаваць, ні за якія грошы! Потым мы звязаліся з адным мецэнатам, які добра ведаў Варнаса, ведаў, як той працаваў над карцінай. У яго атрымалася ўгаварыць сваячку ксяндза прадаць карціну. Мецэнат, а гэта быў 90-гадовы інжынер, за свае сродкі набыў карціну і падарыў яе нам у 1996 годзе. Як вам такая гісторыя?!

 

— Фенаменальна!.. Спадар Будрыс, вы згадалі, што Варнас працаваў над карцінай тры гады. Але палатно невялікага памеру — чаму мастаку спатрэбілася столькі часу?..

 

— Гэта быў час не столькі стварэння карціны, колькі працы над эскізамі, пошуку гістарычнай інфармацыі. Варнас кансультаваўся з самымі вядомымі нашымі гісторыкамі — Зянонасам Івінскісам, Адольфасам Шапокам. Гісторыкі далі яму звесткі, як дакладна магла адбывацца каранацыя. Гэта ж была цэлая сістэма, а не проста — узяў і паклаў карону на галаву! Без дазволу Папы Рымскага ніхто карону пакласці на галаву не мог! І дакладна было вызначана нават, хто дзе мусіць стаяць. Карону мог ускласці толькі біскуп! Таму Варнас доўга і пакутліва прадумваў гэтую карціну. А яму ж было 79 гадоў — паважны век!.. Тым больш што ён не прызвычаіўся пісаць такія маленькія фігуры, маленькія партрэцікі.

 

— Хто дыктаваў яму такі невялікі памер карціны?

 

— Кухня! Ён маляваў яе на кухні, бо ў яго не было майстэрні, а кухня была маленькая! Мастак потым згадваў у лістах, што «магчымасці абмежаваныя, калі вараць альбо смажаць — я мушу чакаць». Так што мы паказваем беларускаму гледачу карціну з незвычайнай гісторыяй!..

 

Май на ўвазе

 

Нацыянальны мастацкі музей Беларусі знаходзіцца на Леніна, 20 і працуе штодня, апроч аўторка, ад 11.00 да 18.30. Выстава аднае карціны «Каранацыя Міндоўга» працягнецца да 17 сакавіка.

 

 

http://labadzenka.by/