Ёсць яшчэ адзін аспект, які важна ўлічваць пры забеспячэнні прынцыпу дзяржаўнага двухмоўя. Справа ў тым, што блізкароднаснае двухмоўе не стварае праблем з узаемапаразуменнем, а гэта здымае вастрыню пераходу з аднаго моўнага коду на іншы. І ў прынцыпе, гэта зніжае праблему прытрымлівання прынцыпаў дзяржаўнага двухмоўя.

Нядаўна ў аўтобусе малады хлопец у мяне спытаў, на якім прыпынку яму выйсці, каб трапіць у метро. Спытаў па-беларуску. Ну я і адказаў па-беларуску. Здавалася б, нічога дзіўнага — але калі ўдумацца, то становіцца сумна ад таго, што сам факт выпадковай размовы па-беларуску ў нас з’яўляецца нечым незвычайным… Якое месца беларуская мова займае ў жыцці сучаснага беларуса? Якія перспектывы яна мае? Пра гэта і пра іншае, працягваючы шэраг публікацый пра айчынную навуку, мы пагутарылі з Аляксандрам ЛУКАШАНЦАМ, дырэктарам Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы НАН Беларусі, членам-карэспандэнтам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

— Перш за ўсё я хацеў бы сказаць, што Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы НАН Беларусі з’яўляецца старэйшай навуковай установай у сістэме Нацыянальнай акадэміі навук. Інстытут мовазнаўства Беларускай акадэміі навук быў заснаваны ў 1929 годзе на базе мовазнаўчых падраздзяленняў Інстытута беларускай культуры, Інстытут літаратуры — у 1932 годзе. А ў 2008 годзе гэтыя два самастойныя інстытуты — Інстытут мовазнаўства і Інстытут літаратуры — былі аб’яднаны ў Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы. Калі гаварыць пра дзейнасць Інстытута мовазнаўства, то ён у першую чаргу забяспечваў пытанні даследавання сістэмы беларускай мовы і падрыхтоўкі фундаментальных прац па беларускай мове. І ў гэтым сэнсе ён садзейнічаў стабілізацыі нормаў беларускай літаратурнай мовы. Такая праца асабліва інтэнсіўна вялася ў другой палове ХХ стагоддзя, калі былі падрыхтаваны фундаментальныя працы па беларускай мове, якія ў прынцыпе і засведчылі яе статус як высокаразвітой літаратурнай мовы, якая можа паспяхова абслугоўваць усе патрэбы жыцця сучаснага грамадства. Менавіта ў інстытуце былі створаны найбольш поўныя фундаментальныя слоўнікі беларускай літаратурнай мовы — гэта і руска-беларускі, і беларуска-рускі слоўнікі, гэта і першы ў лексікаграфічнай практыцы «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» (у 5-ці тамах, 6-ці кнігах), які да сённяшняга дня застаецца найбольш аўтарытэтным даведнікам, а таксама іншыя спецыяльныя слоўнікі. У Інстытуце мовазнаўства былі створаны і акадэмічныя граматыкі беларускай мовы ў 60-я, у 80-я гады, а зараз, у апошнія гады, створана акадэмічная «Кароткая граматыка беларускай мовы», якая ў пэўнай ступені ўлічвае тыя змены, якія адбыліся ў сістэме беларускай мовы на мяжы стагоддзяў. Трэба адзначыць, што спецыялісты Інстытута мовазнаўства прымалі самы актыўны ўдзел у падрыхтоўцы зводу «Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» 1959 года: тых самых правіл, якія забяспечвалі функцыянаванне беларускай літаратурнай пісьмовай мовы фактычна на працягу паўстагоддзя. Дарэчы, і ў канцы мінулага стагоддзя, і ў пачатку ХХІ менавіта Інстытут мовазнаўства прарабіў асноўную працу па падрыхтоўцы новай рэдакцыі «Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» (2008), якая ўступіла ў дзеянне з 1 верасня 2010 года ў адпаведнасці з Законам «Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі». Ужо толькі гэта сведчыць пра тое, што Інстытут мовазнаўства як навукова-даследчая ўстанова (дарэчы, адзіная навуковая ўстанова такога профілю ў нашай краіне) з’яўляецца важнейшай арганізацыяй, якая забяспечвае і падтрымлівае стан сучаснай беларускай літаратурнай мовы, забяспечвае навуковае даследаванне розных праблем беларускага мовазнаўства, падтрымлівае прэстыж беларускай мовы і беларускага мовазнаўства ў свеце. І самае галоўнае, робіць выключна важную работу па забеспячэнні патрэб сучаснай моўнай практыкі, што вельмі важна ва ўмовах нашага дзяржаўнага беларуска-рускага двухмоўя.

Што тычыцца Інстытута літаратуры, які быў створаны ў сістэме Беларускай акадэміі навук у 1932 годзе і забяспечваў навуковыя даследаванні ў галіне беларускага літаратуразнаўства, то ён у значнай ступені вызначаў напрамкі, характар і змест літаратурнага працэсу наогул у нашай краіне. Можна нават гаварыць пра тое, што фундаментальныя навуковыя працы Інстытута літаратуры ў пэўнай ступені не толькі вызначалі стан і месца беларускай літаратуры ў духоўным жыцці беларускага грамадства, але таксама ролю беларускай літаратуры як часткі сусветнай духоўнай культуры, месца беларускай літаратуры ў сусветным літаратурным працэсе. Гэтая роля захоўваецца і сёння. Такім чынам, наш Інстытут мовы і літаратуры ў цэлым забяспечвае важнейшы напрамак гуманітарных даследаванняў у краіне, прычым тых даследаванняў, якія могуць быць праведзены толькі ў нашай краіне, толькі нашымі спецыялістамі.

Можна колькі слоў дадаць пра тое, што інстытут сёння адыгрывае вялікую ролю ў падтрыманні прэстыжу і значнасці беларускай філалагічнай навукі за межамі Беларусі, перш за ўсё ў славянскім свеце. Пра гэта сведчыць, напрыклад, тое, што на плечы нашага інстытута кладзецца асноўная праца па падрыхтоўцы ХV Міжнароднага з’езда славістаў, які адбудзецца ў 2013 годзе ў Мінску. Такі з’езд у Беларусі адбудзецца ўпершыню, і гэта важная навуковая падзея агульнадзяржаўнага ўзроўню, таму што падобныя з’езды праводзяцца рэгулярна пачынаючы з 1929 года, кожныя 5 гадоў па чарзе ў кожнай славянскай краіне. У Беларусі такі з’езд яшчэ не праводзіўся, і таму гэта вельмі важнае і прэстыжнае навуковае мерапрыемства.

— Над чым зараз працуе ваш інстытут, якія новыя праекты распрацоўваеце?

 

— Тут, відаць, трэба гаварыць як пра новыя актуальныя напрамкі даследаванняў, так і пра тыя доўгатэрміновыя праекты, якія забяспечваюць прэстыж беларускай мовазнаўчай і ў цэлым філалагічнай навукі ў свеце. Перш за ўсё я хацеў бы падкрэсліць, што тэматыка навуковых даследаванняў, якія зараз праводзяцца ў інстытуце, склалася традыцыйна і пастаянна развіваецца і ўдасканальваецца ў адпаведнасці з рэаліямі сучаснага жыцця беларускага грамадства. Па-першае, яна забяспечвае тыя непасрэдныя патрэбы моўнай практыкі, якія сёння існуюць у нашым грамадстве. Па-другое, яна накіравана на даследаванне і вызначэнне ролі літаратуры ў духоўным жыцці сучаснага беларускага грамадства. Па-трэцяе, у нашым інстытуце сёння распрацоўваюцца ў межах дзяржаўнай праграмы навуковых даследаванняў «Гуманітарныя навукі як фактар развіцця беларускага грамадства і дзяржаўнай ідэалогіі» (там вылучана асобная падпраграма «Беларуская мова і літаратура ў кантэксце цывілізацыйнага развіцця Рэспублікі Беларусь: гісторыя, сучасны стан, тэндэнцыі») шэраг доўгатэрміновых праектаў, якія забяспечваюць узровень беларускай філалагічнай навукі і падтрымліваюць яе прэстыж у свеце. Тут я маю на ўвазе перш за ўсё такія фундаментальныя працы, як этымалагічны і гістарычны слоўнікі беларускай мовы. Сёння набліжаецца да завяршэння шматгадовая праца па падрыхтоўцы і выданні «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы», які адлюстроўвае лексіку беларускай мовы ХІV—ХVІІ стагоддзяў: гэта значыць, што ў ім прадстаўлена лексіка пісьмовых помнікаў, створаных у гэты перыяд на старабеларускай мове. Ён будзе мець каля 40 асобных кніжных выпускаў. Што тычыцца 15-томнага «Этымалагічнага слоўніка беларускай мовы», то праца над ім таксама падыходзіць да завяршэння, і гэта будзе фактычна самы буйны этымалагічны слоўнік асобнай славянскай мовы. Дарэчы, узгаданыя слоўнікі карыстаюцца вялікім попытам і ў спецыялістаў за мяжой, перш за ўсё ў тых, хто даследуе славянскія мовы і літаратуры.

Нашы спецыялісты таксама ўдзельнічаюць у такім важным буйным міжнародным навуковым праекце, як «Агульнаславянскі лінгвістычны атлас»: работа над гэтым праектам ужо шмат гадоў вядзецца калектывам спецыялістаў з усіх славянскіх краін, і нашы дыялектолагі забяспечваюць годнае прадстаўленне беларускамоўнага матэрыялу ў гэтым вялікім праекце.

Акрамя таго, зараз у інстытуце выконваецца вялікі аб’ём работы (у сувязі з увядзеннем у дзеянне з 1 верасня 2010 года Закона Рэспублікі Беларусь «Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі») па забеспячэнні патрэб сучаснай пісьмовай практыкі. У папярэдні перыяд падрыхтавана некалькі арфаграфічных слоўнікаў і іншых практычных даведнікаў у адпаведнасці з новымі правіламі, а зараз завяршаецца работа над вялікім «Арфаграфічным слоўнікам беларускай мовы», які таксама будзе падрыхтаваны ў адпаведнасці з новымі правіламі і ў які будзе ўключана новая актуальная лексіка, якая з’явілася ў слоўнікавым складзе беларускай мовы ў апошнія дзесяцігоддзі.

Як я ўжо гаварыў, у свой час у Інстытуце мовазнаўства быў падрыхтаваны «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы», які да апошняга часу з’яўляецца найбольш аўтарытэтным даведнікам у гэтай сферы. Але калі быць справядлівым, то гэты слоўнік у асноўным адлюстроўвае лексіку беларускай мовы 60-70-х гадоў мінулага стагоддзя, і таму сёння ёсць патрэба ў падрыхтоўцы новага, больш поўнага і сучаснага тлумачальнага слоўніка беларускай мовы. Якраз у нашым аддзеле лексікалогіі і лексікаграфіі пачалася праца над падрыхтоўкай такога слоўніка: зараз распрацоўваецца канцэпцыя слоўніка, бо ёсць пэўныя праблемы, звязаныя з адборам лексікі — трэба вызначыць межы паняцця «сучасная беларуская літаратурная мова», ад гэтага будуць залежаць і аб’ём слоўніка, і прынцыпы адбору фактычнага матэрыялу. Больш за тое, новы тлумачальны слоўнік будзе рыхтавацца ўжо з прымяненнем сучасных камп’ютарных тэхналогій. Плануецца, што ён будзе ўключаць вялікую колькасць лексічных адзінак і будзе мець прыблізна 15 тамоў.

Таксама ў інстытуце працягваецца вялікая навукова-даследчая праца па вывучэнні і даследаванні сучаснага беларускага маўлення і беларускіх народных гаворак. У свой час у Інстытуце мовазнаўства па спецыяльнай праграме на падставе спецыяльнага апытальніка былі абследаваны шматлікія населеныя пункты нашай краіны і быў сабраны ўнікальны дыялектны матэрыял. На аснове гэтага матэрыялу ў папярэдні перыяд падрыхтаваны фундаментальныя працы: напрыклад, «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы», за які калектыў нашых супрацоўнікаў яшчэ ў 1970 годзе атрымаў Дзяржаўную прэмію СССР. Гэта фактычна адзіны выпадак, калі за падобную работу прысуджаецца дзяржаўная прэмія такога ўзроўню. А пазней быў падрыхтаваны пяцітомны «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак», за які зноў жа нашы супрацоўнікі ў 2000 годзе атрымалі Дзяржаўную прэмію Рэспублікі Беларусь. Усё гэта сведчыць і пра значнасць, і пра актуальнасць, і пра навуковы ўзровень гэтых прац.

У інстытуце праводзяцца даследаванні, звязаныя з вывучэннем граматычнага ладу беларускай мовы — я ужо вам расказваў пра акадэмічныя граматыкі беларускай мовы. Зусім нядаўна ў інстытуце выдадзена ўнікальная серыя «Граматычных слоўнікаў беларускай мовы». Іх спецыфіка ў тым, што ў слоўнікавым артыкуле паказваюцца ўсе формы любога слова. Гэта значыць, што гэты слоўнік вельмі запатрабаваны, асабліва з улікам сучаснай моўнай практыкі і моўнай сітуацыі, у карыстальнікаў беларускай мовы. Бо там можна знайсці любую форму слова, якую патрэбна ўжыць. У рэшце рэшце, слоўнік павышае пісьменнасць і ўзровень культуры пісьмовай беларускай мовы.

<!** Title> <!** EndTitle>— Сучасныя моўныя працэсы вы таксама даследуеце?

 

— Безумоўна, адначасова мы праводзім даследаванні, накіраваныя на вывучэнне тых змен, якія адбываюцца ў сістэме беларускай мовы на сучасным этапе. А трэба сказаць, што гэтыя змены дастаткова істотныя і дастаткова інтэнсіўныя. Апошнія даследаванні паказваюць, што сістэма беларускай мовы зараз развіваецца ў рэчышчы асноўных тэндэнцый развіцця ўсіх славянскіх моў: тэндэнцыі да інтэрнацыяналізацыі і тэндэнцыі да нацыяналізацыі. Гэтыя дзве тэндэнцыі спецыфічна пераплятаюцца, аказваюць пэўнае ўздзеянне на ўсе ўзроўні развіцця моўнай сістэмы — у першую чаргу на развіццё слоўнікавага складу, на ўзровень словаўтварэння і нават на ўзровень граматыкі. Сутнасць гэтых тэндэнцый заключаецца ў тым, што ў рэчышчы першай тэндэнцыі, да інтэрнацыяналізацыі, слоўнікавы склад сучаснай беларускай мовы інтэнсіўна папаўняецца шматлікімі актуальнымі запазычаннямі, якія называюць актуальныя з’явы рэчаіснасці. І гэтая тэндэнцыя ў цэлым характэрная для ўсіх славянскіх моў. Больш за тое, сёння нават узнікае праблема абмежавання гэтага іншамоўнага ўплыву, прычым такая тэндэнцыя закранула не толькі славянскія, але і шмат якія іншыя еўрапейскія мовы: зараз спецыялісты нават гавораць пра такую з’яву, як «англамоўная інтэрвенцыя». З другога боку, для сучаснага этапу развіцця і існавання беларускай мовы вельмі актуальнай з’яўляецца і другая тэндэнцыя, да нацыяналізацыі: яна накіравана на захаванне і павелічэнне нацыянальнай адметнасці мовы. Гэтая тэндэнцыя з’яўляецца характэрнай для многіх сучасных славянскіх моў, але не для ўсіх. Напрыклад, яна вельмі актуальная для беларускай і ўкраінскай моў у адносінах да рускай мовы (як адштурхоўванне ад сістэмы іншай, блізкароднаснай славянскай мовы ў плане павелічэння ступені адрознення ад яе), таксама гэтая тэндэнцыя ўласціва македонскай мове ў адносінах да балгарскай мовы, славацкай мове ў адносінах да чэшскай мовы. Калі гаварыць пра нашу беларускую мову, то на сёння ў нас актуальныя абедзве тэндэнцыі, хоць яны маюць супрацьлегла накіраваны характар. Тэндэнцыя да інтэрнацыяналізацыі прыводзіць да з’яўлення вялікай колькасці новых намінатыўных адзінак (іншамоўных запазычанняў ці наватвораў на базе гэтых запазычанняў), што звязана з аб’ектыўнай неабходнасцю называння новых актуальных з’яў рэчаіснасці. А змены, якія адбываюцца ў слоўнікавым складзе ў рэчышчы тэндэнцыі да нацыяналізацыі, маюць фактычна намінатыўна збыткоўны характар, бо яны накіраваны не на называнне новых з’яў рэчаіснасці, а на замену тых лексічных адзінак, якія ўжо называлі гэтыя з’явы. Але яны запатрабаваныя ў плане павелічэння адметнасці мовы ў параўнанні з другой блізкароднаснай мовай, што асабліва актуальна для нашай моўнай сітуацыі, калі паралельна функцыянуюць дзве мовы з дзяржаўным статусам, прычым адна з гэтых моў займае прыярытэтнае становішча ў большасці сфер афіцыйнага ўжытку.

Ну і каб скончыць гэты мовазнаўчы блок, скажу яшчэ пра традыцыйна актуальныя параўнальныя даследаванні сістэм беларускай і рускай моў. Менавіта ў нашым інстытуце фактычна ўпершыню пачаліся планамерныя даследаванні такога кшталту: у папярэдні перыяд падрыхтавана манаграфічнае даследаванне «Супастаўляльнае апісанне беларускай і рускай моў. Марфалогія» (Мн., 1990). Летась завершана падрыхтоўка чарговай манаграфічнай працы «Супастаўляльнае словаўтварэнне беларускай і рускай моў», а зараз мы прыступаем да выканання праекта «Супастаўленне лексічных сістэм беларускай і рускай моў». Гэта вельмі актуальна, бо сёння часта ўзровень культуры беларускага і рускага маўлення залежыць ад выразнага размежавання лексічных сродкаў абедзвюх моў. Калі гаварыць практычна, асноўныя асаблівасці слоўнікавага складу беларускай і рускай моў заключаюцца ў розным аб’ёме семантыкі, які выражаюць часта аднолькавыя ці падобныя лексічныя адзінкі. Напрыклад, часта пытаюць: як правільна сказаць па-беларуску — «вугал» ці «кут»? А справа ў тым, што трэба добра ўсведамляць: рускаму слову «угол» у беларускай мове адпавядаюць тры лексемы —«вугал»«рог» і «кут», якія трэба правільна ўжываць. Таму што ў гасцях можна «сядзець на куце», з сякерай можна «сядзець на вугле дома», а стаяць можна «на рагу вуліцы». А пры маўленні па-руску ва ўсіх гэтых выпадках можна ўжыць адно слова — «угол». Сутнасць такіх параўнальных даследаванняў дазваляе выявіць ступень і спецыфіку адрознення блізкароднасных моў на розных узроўнях — гэта вельмі актуальна для сучаснай моўнай практыкі, у тым ліку і пры падрыхтоўцы практычных даведнікаў (слоўнікаў), вучэбнай літаратуры і гэтак далей.

— Вы сказалі, што новы тлумачальны слоўнік будзе рыхтавацца з дапамогай камп’ютарных тэхналогій. Скажыце, а ці не плануеце выдаваць слоўнікі яшчэ і ў электронным выглядзе? Бо карыстацца імі нашмат зручней, чым традыцыйнымі папяровымі…

 

— Безумоўна, гэтая работа таксама будзе наладжвацца, але для гэтага патрэбны адпаведныя рэсурсы, адпаведныя магчымасці, адпаведныя спецыялісты. Над гэтым мы зараз працуем, хоць, шчыра кажучы, магчымасці інстытута на сёння ў гэтым плане дастаткова абмежаваныя. У межах краіны ў гэтым напрамку вядзецца вялікая работа, і ёсць некалькі цэнтраў, якія займаюцца гэтай праблемай. Мне здаецца, што на сёння самай важнай задачай з’яўляецца аб’яднанне вынікаў працы гэтых цэнтраў, бо тады мы атрымаем дастаткова вялікі корпус беларускамоўнай прадукцыі на сучасных носьбітах. Так што такія напрацоўкі ёсць, яны важныя, і я ўпэўнены, што ўсе новыя лексікаграфічныя даведнікі, не толькі тлумачальныя, а і іншыя спецыяльныя слоўнікі пасля падрыхтоўкі папяровага варыянту будуць нейкім чынам даступныя і ў сферы інтэрнэт-камунікацыі. Над гэтым мы працуем.

— Я лічу, што ў выніку супрацоўніцтва вашага інстытута і якой-небудзь фірмы-распрацоўшчыка праграмнага забеспячэння мог бы атрымацца добры камерцыйны прадукт…

 

— З камерцыйнасцю зараз вельмі складана. Сёння рэальны ўзровень запатрабаванасці беларускай мовы, вядома, трохі павышаецца, але не на столькі, каб можна было гаварыць пра нейкую такую эканамічную выгаду. Нашаму грамадству неабходна зразумець, што ўсё тое, што звязана з нацыянальнай мовай, іншымі нацыянальнымі культурнымі каштоўнасцямі, у прынцыпе не павінна з’яўляцца прадметам камерцыі. Наадварот, гэтая сфера патрабуе дзяржаўнай фінансавай падтрымкі, калі мы зацікаўлены ў тым, каб захаваць нашу адметнасць, нашу культуру, каб у рэшце рэшт мы захавалі свой нацыянальна адметны імідж у свеце. Бо толькі захаваўшы ўсё гэта мы зможам прэтэндаваць на дастойнае месца не толькі ў Еўропе, але і наогул у свеце.

— Ну вось мы, можна сказаць, падышлі да месца беларускай мовы ў жыцці сучаснага беларуса. Якім гэтае месца бачыцца вам?

 

— Калі казаць пра гэта, мы павінны зыходзіць з таго канстытуцыйнага палажэння, што сёння ў нас дзяржаўнымі мовамі з’яўляюцца дзве — беларуская і руская. Больш за тое, беларуская мова — гэта яшчэ і мова тытульнай нацыі, нацыянальная мова беларускага народа. З пункту погляду дзяржаўнага статусу абедзве мовы маюць аднолькавае прававое становішча і з’яўляюцца раўнапраўнымі. Калі ж паглядзець на рэальнае выкарыстанне або на рэальную запатрабаванасць абедзвюх дзяржаўных моў у розных сферах камунікацыі, асабліва ў сферах афіцыйнага ўжытку, то абсалютна відавочным з’яўляецца дысбаланс у бок значнай перавагі рускай мовы. Сёння мы павінны канстатаваць, што беларуская мова ў некаторых сферах афіцыйнага ўжытку выкарыстоўваецца вельмі абмежавана, а ў некаторых прадстаўлена толькі сімвалічна. І ў гэтым сэнсе ёсць пэўныя праблемы, над якімі павінны працаваць і грамадства, і дзяржаўныя органы. Бо сутнасць дзяржаўнага двухмоўя заключаецца ў парытэтным (раўнапраўным) выкарыстанні абедзвюх моў ва ўсіх сферах афіцыйнага ўжытку.

З іншага боку, дзяржаўнае двухмоўе, пра што я не раз гаварыў, прадугледжвае права грамадзяніна карыстацца любой дзяржаўнай мовай у сваёй дзейнасці. Гэта яго канстытуцыйнае права. Але гэтае права павінна забяспечвацца з боку дзяржавы, адкуль вынікае, што кожны работнік дзяржаўнай і недзяржаўнай установы павінен рэальна валодаць абедзвюма дзяржаўнымі мовамі, бо толькі ў гэтым выпадку будзе забяспечана права мне і вам як грамадзянам карыстацца любой дзяржаўнай мовай. Такім чынам, праблема павышэння прэстыжу, запатрабаванасці і рэальнага выкарыстання беларускай мовы ў большасці сфер ужытку заключаецца ў строгім выкананні дзяржаўнага заканадаўства.

Калі такое патрабаванне будзе строга выконвацца, то зусім іншым будзе стаўленне да беларускай мовы і з боку яе карыстальнікаў, і з пункту гледжання яе вывучэння ў школах. Бо бацькі будуць разумець, што іх дзіця ў будучыні зможа прэтэндаваць на нейкае годнае месца ў грамадстве толькі пры ўмове, што яму трэба будзе ведаць аднолькава добра абедзве дзяржаўныя мовы. Тым больш што гэта ў прынцыпе не складае вялікай праблемы. Пры ўсіх недахопах сістэмы сярэдняй адукацыі і крытычных адносінах да яе, я ўсё ж такі перакананы, што яна ў прынцыпе дазваляе (незалежна ад таго, на якой мове вучань атрымлівае адукацыю) у дастатковай ступені авалодаць ведамі па беларускай і рускай і мовах, каб пры неабходнасці эфектыўна карыстацца імі ў сваёй дзейнасці. Тут толькі праблема ў запатрабаванасці і непасрэднай моўнай практыцы. І як паказвае вопыт, калі існуе пэўнае асяроддзе і пэўная камунікатыўная сітуацыя, то многія, і ў першую чаргу прадстаўнікі маладога пакалення, пры неабходнасці ці мэтазгоднасці з лёгкасцю пераходзяць на беларускую мову і паказваюць дастаткова добры ўзровень валодання ёю.

— Ці назіраюцца тут нейкія станоўчыя тэндэнцыі?

 

— Нягледзячы на істотны дысбаланс у выкарыстанні і запатрабаванасці беларускай і рускай моў у розных сферах ужытку мы тым не менш павінны прызнаць, што сёння беларуская мова з’яўляецца сапраўды высокаразвітой літаратурнай мовай, якая можа паспяхова абслугоўваць усе сферы жыцця сучаснага грамадства. Яна дастаткова шырока выкарыстоўваецца ў пэўных сферах ужытку і хай вельмі абмежавана, але прадстаўлена практычна ва ўсіх сферах ужытку. Гэта значыць, што беларускай мове сёння не трэба даказваць сваю магчымасць выкарыстоўвацца ў той ці іншай сферы ўжытку. Стаіць толькі задача практычнага плану — павелічэнне долі беларускай мовы ў той ці іншай камунікатыўнай сферы. І яшчэ адзін момант, на які я хачу звярнуць увагу: з аднаго боку, беларуская мова вельмі абмежавана выкарыстоўваецца ў афіцыйных сферах ужытку (ёсць праблемы з ёй у дзяржаўным кіраванні, справаводстве, навучанні і г.д.), але, з другога боку, сёння беларуская мова выяўляе тэндэнцыю да рэальнага пашырэння ў тыя сферы, дзе яна ў папярэдні перыяд фактычна не выкарыстоўвалася. Для прыкладу можна прывесці сферу інтэрнэт-камунікацыі, дзе беларуская мова прысутнічае дастаткова шырока. А між іншым, гэтая сфера ў прынцыпе нікім не рэгламентуецца, і прысутнасць беларускай мовы ў гэтай сферы якраз гаворыць пра яе рэальную запатрабаванасць як сродку зносін. Ці вось другі прыклад — канфесійная сфера. Калі, скажам, 20 гадоў таму беларуская мова фактычна адсутнічала ў гэтай сферы, то сёння беларуская мова (сучасная беларуская літаратурная мова!) рэальна выкарыстоўваецца ў практычным набажэнстве і ў каталіцкім касцёле, і ў праваслаўнай царкве. У апошняй хай сабе і радзей у параўнанні з каталіцкім касцёлам, але тым не менш рэальна выкарыстоўваецца. Гэта значыць, што яна зноў жа рэальна запатрабавана ў такой важнай сферы сучаснага духоўнага жыцця беларускага грамадства, як рэлігія. Гэта якраз гаворыць пра перспектывы пашырэння беларускай мовы і ў іншыя сферы ўжытку.

Акрамя таго, сёння ёсць пэўныя зрухі, звязаныя з пашырэннем беларускай мовы ў тыя традыцыйныя сферы афіцыйнага ўжытку, якія да апошняга часу былі фактычна рускамоўнымі: я маю на ўвазе, скажам, сферу вайсковай службы. На сёння зроблены пераклад агульнавайсковых статутаў на беларускую мову, што дае магчымасць пашырыць практычнае выкарыстанне беларускай мовы і ў гэтай сферы. Праўда, у інтэрнэце была і пэўная крытыка гэтых перакладаў, але я перакананы, што яны зроблены прафесійна. І гэтыя пераклады паказалі, што сапраўды беларуская мова вельмі лёгка можа ўжывацца і ў такой спецыфічнай сферы, як воінская служба. І калі вяртацца да інтэрнэту, то хачу звярнуць увагу на яшчэ адзін момант: сёння многія дзяржаўныя і недзяржаўныя структуры ствараюць беларускамоўныя версіі сваіх сайтаў.

— Але стварэнне беларускамоўных версій сайтаў — гэта вельмі слабая тэндэнцыя…

 

— Ну я так не сказаў бы, я проста ведаю, што гэта рэальна робіцца.

— Так, часткова робіцца, але, як правіла, беларускамоўныя версіі маюць менш інфармацыі за рускамоўную версію сайта, абнаўляюцца на два дні пазней, калі наогул абнаўляюцца…

 

— Праблема такая ёсць, але ж не ўсё можна зрабіць адразу — важна зрабіць першы крок. І яшчэ адзін момант, на які сёння трэба звяртаць увагу і пра які трэба гаварыць: я маю на ўваземесца беларускай мовы ў камунікатыўнай прасторы нашага грамадства ў цэлым. Калі мы гаворым пра выкарыстанне беларускай мовы ў той ці іншай сферы ўжытку, то мы звычайна гаворым пра такую яе разнавіднасць, як літаратурная мова. Але ж любая нацыянальная мова не абмяжоўваецца толькі літаратурнай разнавіднасцю. Рэальна ў сферы камунікацыі выкарыстоўваюцца і іншыя разнавіднасці беларускай мовы: гэта і літаратурная мова, гэта і другі варыянт літаратурнай пісьмовай мовы — так званая «тарашкевіца», гэта і народныя гаворкі (хай сабе і рэшткі іх), гэта і элементы сацыяльных дыялектаў, гэта, у рэшце рэшт, і такі феномен нашай моўнай рэчаіснасці, як «трасянка». Так, сапраўды — «трасянка». Бо гэта змешанае маўленне, якая ахоплівае ў прынцыпе вельмі шырокі дыяпазон вуснага маўлення — ад пераважна рускамоўнага маўлення з элементамі беларускай мовы да пераважна беларускамоўнага маўлення з элементамі рускай мовы. Дык вось тая частка «трасянкі», якая адпавядае беларускамоўнаму маўленню з элементамі рускай мовы, фактычна павінна залічвацца да беларускамоўнай стыхіі. Такім чынам, калі паглядзець на сферу выкарыстання беларускай мовы з улікам усіх яе разнавіднасцяў, то акажацца, што беларускамоўная стыхія ў агульнай камунікатыўнай прасторы значна шырэйшая і значна большая, чым мы прывыклі сабе ўяўляць. Таму з пазіцый пашырэння выкарыстання беларускай мовы трэба ўлічваць і гэтыя моманты: чым больш шырокая база, тым лягчэй мову распаўсюджваць. Я прыхільнік таго, каб, прызнаючы і бачачы ўсе праблемы з выкарыстаннем беларускай мовы, бачыць таксама і ўсе станоўчыя моманты, улічваць іх і прапагандаваць іх дзеля таго, каб паказаць, што беларуская мова сёння мае ўсе магчымасці для таго, каб паўнацэнна выкарыстоўвацца ва ўсіх сферах ужытку — і традыцыйных, і новых.

— Дарэчы, а ці цяжка перайсці з рускай на беларускую мову? Ёсць які-небудзь універсальны рэцэпт для таго, каб стаць беларускамоўным?

 

— Вельмі цяжка даць нейкі агульны рэцэпт, бо ў кожнага грамадзяніна гэты працэс адбываецца па-свойму. У кожнага свая матывацыя, свой узровень падрыхтаванасці. Але найбольш важным момантам мне ўяўляецца той псіхалагічны бар’ер, які трэба пераступіць, каб пачаць карыстацца іншай мовай у асяроддзі, у якім чалавек прывык жыць. Для некаторых гэта вельмі істотны бар’ер: паколькі мы прывыклі ў той ці іншай сітуацыі карыстацца той ці іншай мовай, то гэтыя стэрэатыпы вельмі цяжка пераадолець. Але гэта праблема для кожнага індывідуальная — яна залежыць ад таго, што з’яўляецца матывам для пераходу на выкарыстанне іншай мовы, залежыць ад ступені гатоўнасці, ад моўнага фону, які нас акружае. Дарэчы, чым больш шырокім будзе беларускамоўны фон, тым лягчэй будзе перайсці на беларускую мову. Вы, напэўна, заўважылі, што ў грамадскім транспарце значна лягчэй гаварыць па-беларуску, бо там мы яе чуем пастаянна. Таму на сёння вельмі важнай з’яўляецца менавіта задача пашырэння беларускамоўнага фону — перш за ўсё ў сферы візуальнай і гукавой інфармацыі.

Тут ёсць яшчэ адзін аспект, які важна ўлічваць пры забеспячэнні прынцыпу дзяржаўнага двухмоўя. Справа ў тым, што блізкароднаснае двухмоўе не стварае праблем з узаемапаразуменнем, а гэта здымае вастрыню пераходу з аднаго моўнага коду на іншы. І ў прынцыпе, гэта зніжае праблему прытрымлівання прынцыпаў дзяржаўнага двухмоўя.

— Наконт беларускамоўнага фону: як лічыце, калі б чыноўнікі вышэйшага ўзроўню карысталіся беларускай мовай, то гэта дапамагло б у справе пашырэння нашай мовы?

 

— Гэта сапраўды вельмі дапамагло б. Беларускую мову павінны прапагандаваць людзі паважаныя, аўтарытэтныя, паспяховыя і прыгожыя. Тыя людзі, на якіх хацелася б раўняцца. І калі мы будзем чуць узорную беларускую мову ад людзей, на якіх хочацца быць падобнымі і якія сапраўды з’яўляюцца аўтарытэтнымі, то ад гэтага будзе вялікая карысць. А яшчэ нам трэба больш дасканала і больш глыбока ведаць сваю гісторыю, сваю культуру, бо яны ў нас багатыя, і ў нас ёсць шмат рэчаў, якімі можна ганарыцца. Калі мы будзем іх ведаць, калі мы навучымся ганарыцца гэтым, то мы будзем адпаведна ставіцца і да сваёй культуры, і да сваіх нацыянальных сімвалаў і прыярытэтаў.

zvyazda.minsk.by