Калі нехта кажа, што ён свабодна валодае многімі мовамі, ён падманвае — ці толькі нас, ці нават і самога сябе… Узровень валодання мовай — гэта заўжды вельмі сур’ёзная справа. Трэба асцерагацца гэтай фармулёўкі пра свабоднае валоданне мовамі няроднымі, на якіх не маеш патрэбы думаць, а тым больш — сны сніць.

Цудоўна размаўляе на роднай мове. Звяртаешся па-руску — гэтак жа і адказвае. Валодаючы большасцю славянскіх моў, гаворыць звычайна з сербамі — па-сербску, з балгарамі — па-балгарску… І з кожным знаходзіць мову агульную — у прамым сэнсе!

Іван Аляксеевіч Чарота — доктар філалагічных навук, прафесар, акадэмік Сербскай Акадэміі навук і мастацтваў, акадэмік Міжнароднай Славянскай Акадэміі навук, адукацыі, мастацтва і культуры, загадчык кафедры славянскіх літаратур БДУ. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі, а таксама Расіі і Сербіі. Займаецца літаратуразнаўствам, крытыкай, перакладам з сербскай, славенскай, македонскай, польскай і іншых моў на беларускую і рускую, а таксама з беларускай на сербскую. Яго наробак — больш за 1000 друкаваных перакладаў, у тым ліку звыш 60 кніжных выданняў. Ён — заснавальнік, укладальнік і перакладчык серыі «Сербскае багаслоўе ХХ стагоддзя», у якой ужо выйшла два дзясяткі кніг.

Лаўрэат міжнароднай прэміі імя Астрожскага, прэміі Саюза пісьменнікаў Сербіі, уладальнік памятнага медаля Саюза славацкіх пісьменнікаў і Залатога знака Культурна-асветнага таварыства Сербіі, кавалер ордэнаў прападобнага Сергія Раданежскага і святога Савы Сербскага. А сёлета атрымаў яшчэ адну ўзнагароду.

Гэта Міжнародная літаратурная прэмія імя Ф. М. Дастаеўскага (Сербія), якая была прысуджана Івану Чароту яшчэ ў 2007 годзе, а ўручылі яе толькі цяпер. Праўда, атрымаў яе беларускі філолаг і літаратар у «падвойным фармаце»: камітэт па прэміі прыняў рашэнне перадаць лаўрэату-беларусу яшчэ і дыплом Патрыярха Сербскага Паўла, які быў наступным лаўрэатам, але не дажыў да моманту ўручэння. А паколькі Іван Чарота яшчэ пры жыцці патрыярха пераклаў на рускую мову дзве яго кнігі (адну з іх пры яго жыцці, а другую адразу пасля спачыну), то вырашылі, што справядліва будзе дыплом, прызначаны Яго Свяцейшаству, перадаць на памяць папулярызатару яго духоўнай спадчыны.

— Прэмію імя Дастаеўскага вы атрымалі за «Анталогію беларускай паэзіі» для сербаў? Скажыце шчыра, Іван Аляксеевіч, ці лёгкі быў шлях да зорак?

— Уласна, прэміяй мяне ўшанавалі задоўга да згаданай Вамі «Анталогіі», якая ўбачыла свет толькі што. Ды гэта ўжо другое выданне. Першае з’явілася ў 1993 годзе. А яго шлях да чытача быў няпросты.

Справа ў тым, што беларуска-сербскія літаратурныя сувязі доўгі час не мелі ніякай сістэмнасці. З абодвух бакоў з’яўляліся толькі асобныя пераклады, прычым спарадычныя, абумоўленыя пераважна выпадковасцямі. І калі я мусіў уключыцца ў гэты працэс, адчувалася вялікая патрэба прывесці ўсё хоць у нейкі парадак, каб як з аднаго, так і з другога боку ўяўленні чытачоў пра роднасныя літаратуры набліжаліся да аб’ектыўнасці, хоць бы панарамнасці. На пачатку 1980-х гадоў з’явіўся ў мяне сербскі партнёр — выдавец і паэт Момчыла Джэркавіч. Мы дамовіліся на парытэтных пачатках рыхтаваць «Анталогіі» паэзіі ХХ стагоддзя — сербскай для Беларусі і беларускай для Сербіі. У нас такое выданне выйшла ў 1989 годзе. А вось «парытэт» ніяк не мог з’явіцца. Тады я вымушаны быў скласці дадатковы, «запасны» варыянт, у іншай задуме — каб увайшла паэзія ад старажытнасці да сучаснасці. Ужо асвоіўшыся ў сербскім асяроддзі, я знайшоў выдатнага перакладчыка — прафесара Міадрага Сібінавіча, а затым дамовіўся з бялградскім выдавецтвам «Навуковая кніга».

Ды пачаўся «развал Югаславіі». Адпаведныя падзеі выклікалі інфляцыю, і «Навуковай кнізе» такі праект аказаўся не па сілах. Дзякуючы некаторым маім сябрам і прыхільнікам беларушчыны (у іх ліку згаданы прафесар Сібінавіч, Міларад Блэчыч, Міларад Джурыч) да выпуску кнігі далучылася высокааўтарытэтнае «Сербскае літаратурнае таварыства» як сувыдавец. А ў сувязі з гэтым яшчэ мушу адзначыць надзвычай кранальны момант: спонсарскую падтрымку беларускай «Анталогіі» тады — калі Сербія знаходзілася ў жорсткай палітычнай і эканамічнай блакадзе! — прапанавала тэкстыльнае прадпрыемства «Явар» з косаўскага горада Іваніца… Гэта сапраўды братэрскі жэст! Вось так беларуская анталогія выйшла, прычым у выдатным афармленні. Яна была заўважана і літаратурнымі крытыкамі, і даследчыкамі, і чытачамі-аматарамі паэзіі.

З другім выданнем «Анталогіі» для мяне ўсё было прасцей. Ініцыятарам яго стаў Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Сербія — Уладзімір Мікалаевіч Чушаў. Ён сам, дарэчы, і спонсара знайшоў. Гэта пан Драгалюб Швоня, генеральны дырэктэр фірмы «Беларусь-Аграпанонка».

— У чым адметнасці другога выдання анталогіі?

— Галоўная адметнасць у тым, што гэтае выданне асветлена юбілеямі — яно і пазначана як прысвечанае 130-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа. А мы ўлічвалі таксама і 100-годдзе Максіма Танка, і 120-годдзе Максіма Багдановіча, якое адзначалася летась. Дадаткова трымалася пад увагаю, што сёлета для Беларусі — Год кнігі. Адпаведна, калі першая «Анталогія» змяшчала па два вершы кожнага паэта, то ў цяперашнім выданні Купала, Колас, Багдановіч і Танк прадстаўлены грунтоўна. Увогуле ж аб’ём другога выдання павялічыўся амаль у два разы. Цяпер «Анталогія» пачынаецца з Кірылы Тураўскага і ахоплівае панараму развіцця беларускай паэзіі да самага апошняга часу. Прычым з першай версіі мы не выкінулі ніводнага твора!

— Вы маглі б стаць не толькі складальнікам анталогіі, але і яе перакладчыкам. Сербская мова, як кажуць, ваш канёк…

— Гэта неабавязкова. Акрамя ўсяго, так задумвалася ад пачатку. Ведаеце, у прынцыпе, паэзія неперакладальная. Проста немагчыма на іншай мове перадаць усе нюансы, якія ёсць у арыгінале і ўспрымаюцца носьбітам мовы арыгінала. Так што праца перакладчыка паэзіі вельмі складаная, тонкая і адказная. Але з усім гэтым абодва разы цудоўна спраўляўся высакакласны тэарэтык і практык перакладу, прафесар-славіст Міадраг Сібінавіч. Што ж да мяне, то я ніколі не перабольшваў свае магчымасці як перакладчыка на мову сербскую. Аптымальна — каб паэзію перакладалі носьбіты мовы перакладу. Як і пісаць вершы. Па вялікім рахунку, на чужой мове — гэта ўжо нешта іншае. Даводзіцца, праўда, і гэта рабіць, калі больш няма каму. Цяпер вось я рыхтую «Анталогію беларускай паэзіі» для Чарнагорыі, у якой будзе нямала і маіх перакладаў.

— У славянскіх краінах, відаць, беларуская літаратура запатрабаваная?

— Калі па шчырасці, вымушаны канстатаваць, што ў замежным свеце асаблівай увагі да яе няма. А каб змяніць гэты стан, патрэбна прыкладаць вялікія намаганні з нашага боку. Тут не абысціся без сур’ёзных праграм, а галоўнае — без фінансавай падтрымкі нашай дзяржавы для замежных перакладчыкаў, папулярызатараў-крытыкаў, выдаўцоў. Інакш паўнавартаснага і плённага супрацоўніцтва не будзе. Не сакрэт, як Захад ставіцца да Беларусі. Часцей за ўсё там пішуць, быццам бы гэта датычыцца толькі палітыкі. Няпраўда, у вельмі значнай ступені адбіваецца на культурных, літаратурных кантактах. Замацоўваюцца негатыўныя стэрэатыпы. А каб іх пераадольваць, паўтараю, патрэбна прыкладаць вялікія намаганні. Ёсць і яшчэ адна істотная акалічнасць, пра якую мы самі не любім гаварыць: у замежным свеце толькі каля 5 % перакладаў беларускай літаратуры ажыццяўляецца з мовы-арыгінала, а каля 95 % — з рускай, праз рускую. Ды і ў самой нашай краіне зусім не ідылічная сітуацыя з падрыхтоўкай спецыялістаў па тэорыі і практыцы менавіта мастацкага перакладу. Проста вывучаць мовы — гэтага мала…

— Паліглотамі нараджаюцца… Гэта пра вас?

— Калі нехта кажа, што ён свабодна валодае многімі мовамі, ён падманвае — ці толькі нас, ці нават і самога сябе… Узровень валодання мовай — гэта заўжды вельмі сур’ёзная справа. Трэба асцерагацца гэтай фармулёўкі пра свабоднае валоданне мовамі няроднымі, на якіх не маеш патрэбы думаць, а тым больш — сны сніць.

— Колькі моў ведаеце?

— Згадваючы, якія даводзілася вывучаць, магу назваць нямецкую і іспанскую, якімі займаўся добраахвотна і паспяхова. Пад прымусам англійскую — вывучаў разам з сынам-школьнікам, калі той пачаў прыносіць па замежнай мове двойкі. Карыстаюся ўсімі славянскімі мовамі ў рознай ступені. З блізкай частотнасцю ўжываю беларускую і рускую. Калі хто да мяне звяртаецца па-руску — я адказваю гэтаксама, па-беларуску — адпаведна. Асяроддзем (як шырэйшым, так і вузейшым) задаецца патрэба ў той ці іншай мове. Напрыклад, мы з жонкай размаўляем таксама на сваім родным дыялекце, а наш дыялект бліжэйшы да літаратурнай украінскай мовы, чым да беларускай альбо рускай. Тонкая справа — розныя функцыі мовы.

— Вы маглі быць, напэўна, добрым гідам-перакладчыкам…

— З гэтага я пачынаў як сербіст. Калі вучыўся ва ўніверсітэце, падпрацоўваў гідам-перакладчыкам. Практыка, скажу вам, надзвычай карысная. А складанасцяў нямнога: вывучыў пэўныя тэмы і «пракручвай» турыстам, падарожнічаючы з імі, накормлены ды напоены, быццам ты таксама турыст… Многага там не патрабавалася. Таму гэта адназначна было не для мяне.

— Ці праўда, што гаварыць на некалькіх мовах вы пачалі амаль з дзяцінства?

— Не гаварыць, а чытаць. Гэта абумоўлена моўнай сітуацыяй майго краю і ўласна роднай вёскі Лышчыкі Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці. Гэта на памежжы і з Польшчай, і з Украінай. Паколькі ўлада там неаднойчы мянялася, то рознымі былі і дзяржаўныя мовы. А я ўжо як бы «сінтэзаваў» гістарычна-лінгвістычны вопыт майго роду: адначасова пачаў чытаць польскі буквар, раённую газету «Камуністычная праца» па-беларуску, маскоўскую «Правду» па-руску. А яшчэ ў майго дзеда былі дзве кнігі: «Евангелле» на царкоўнаславянскай і «Кабзар» Шаўчэнкі на ўкраінскай. Іх мне таксама дазвалялі браць.

— Не памылюся, калі скажу, што любімая ваша мова, акрамя беларускай, вядома, сербская?

— Гэта так. Сербская мова мне дарагая. Не толькі з-за падабенства да беларускай, пра што часам гавораць іншыя. У славян агульнага нямала. Стараславянская мова таксама яднае. А да яе, як мовы-крыніцы, сербская захоўвае асаблівую блізкасць.

— Адкуль такая цяга да Сербіі — краіны, якой вы прысвяцілі справу жыцця, і да сербскага народа, жыццё якога так грунтоўна асвятляеце?

— Гэтага як след, відаць, не растлумачу нават самому сабе. Ёсць рэчы містычныя. Так, думаю, было патрэбна Госпаду. А на кожным этапе майго жыцця з’яўляліся нейкія свае прычыны. У часы маёй маладосці сербістыкі як спецыяльнасці на філфаку БДУ не існавала. Я вучыўся на рускім аддзяленні, праграма якога ўключала факультатыўнае азнаямленне з нейкай славянскай мовай. Найпрасцей мне было запісацца на польскую — я ж на ёй і пагаманіць, і паспяваць мог. Але халтурыць не хацелася. Таму пайшоў на сербскую, пра якую не меў уяўлення. А да таго ж выклікала цікавасць Югаславія, тады спецыфічная краіна, якая не ўваходзіла ні ў Варшаўскі Дагавор, ні ў Савет Эканамічнай Узаемадапамогі — адным словам, выпадала з «сацыялістычнага лагера». Югаславія на той час мела вышэйшы за ўсе іншыя сацыялістычныя краіны ўзровень жыцця. Ды, вядома ж, не гэта мяне цягнула: я не палітык і не эканаміст. А вось мова, літаратура, культура гэтай братняй краіны цікавілі моцна! І цяпер ніколькі не шкадую, што ўсё жыццё займаюся югаславістыкай, перш за ўсё — сербістыкай. Даўно ўжо маю падставы жартам называць сябе «беласербам» (смяецца).

— Вы адзін з тых нямногіх пісьменнікаў, якія засяроджаны на праблемах духоўнасці. Як да гэтага прыйшлі?

— Таксама пытанне складанае. З аднаго боку, я народжаны і выхаваны ў асяроддзі, якое веру ў Бога не страчвала ніколі. Іншая справа, што «дух часу» майму пакаленню не спрыяў падтрымцы веры продкаў. Аднак «дарога да храма» была мне знаёмай здаўна. А па-сапраўднаму я вяртаўся да Царквы зноў жа праз Сербію, у 1980-я гады. Паступова, ужо ў 1990-я, далучыўся таксама да царкоўнага пісьменства, літаратуры духоўнай, а затым і ўласна багаслоўскай. Сербскае багаслоўе XX стагоддзя — фенаменальная з’ява. Я з вялікім захапленнем чытаю і перакладаю падобныя творы. У маім перакладзе ўжо выйшла нямала кніг сербскіх багасловаў.

— Каб пранікнуцца багаслоўем, трэба быць чалавекам веруючым…

— Безумоўна! Ды я лічу, што ўсе людзі — веруючыя. Толькі адны прымаюць веру свядома, іншыя — несвядома. А няверуючых людзей увогуле не існуе!

— Іван Аляксеевіч, што выкладаеце на філфаку?

— Маю прафесію можна было б называць так, як калісьці пісалі ў пасведчаннях выпускнікоў сельскіх прафесійна-тэхнічных вучылішчаў: «Трактарыст-машыніст шырокага профілю» (жартуе). Каб забяспечыць розныя аспекты спецыяльнасці «Сербістыка», чытаю ўсе літаратуразнаўчыя і культуразнаўчыя курсы, ахопліваючы храналогію ад старажытнасці да сучаснасці. Акрамя гэтага, больш за 20 гадоў выкладаю тэорыю і практыку перакладу. У залежнасці ад зацікаўленасці студэнтаў прапаноўваю спецыяльныя курсы.

— Як знаходзіце паразуменне з моладдзю?

— Моладзь мяняецца. Ці лягчэй цяпер працаваць у параўнан-ні з былымі гадамі? Не. Многія цяперашнія студэнты не вучыцца прыходзяць. Уся атмасфера ў іх духоўным і культурным жыцці змяняецца да горшага. Таму маса, у цэлым, пакідае не самыя лепшыя ўражанні. Але, як і ва ўсе часы, асобныя маладыя людзі вылучаюцца дапытлівасцю. З такімі студэнтамі мець зносіны карысна, паколькі яны яшчэ не заражаны стэрэатыпамі. Я ж не люблю чытаць лекцыі з паперак, а вяду, калі магу, свабодныя гаворкі, мэта якіх — сумесны пошук адказаў на пытанні. Бо гатовыя адказы — гэта, часцей за ўсё, зноў-такі падман альбо самападман. Лекцыя для мяне — гэта роздум, зварот да студэнтаў як да суразмоўцаў і «сураздумнікаў».

— Амаль у кожнай сваёй кнізе вы прытрымліваецеся адной лініі — славянскага адзінства…

— Так, і часта паўтараю: славянскі свет цяпер — 15 самастойных краін, каля 350 мільёнаў насельніцтва… Калі ж узяць яшчэ славянскія дыяспары, а таксама тых, хто па прычынах кан’юнктурных не індыфікуе сябе правільна, то славян набярэцца палова мільярда. Прычым тэрыторыя, якую засяляюць яны, — не проста шостая частка сушы, а найбагацейшая! Да таго ж якая за славянамі стаіць культура! Хто можа супрацьстаяць такому суперэтнасу? Аднак чамусьці адзінства няма. Нягледзячы ні на што, я хачу, каб яно было. І не адзін я, такіх многа ёсць, і яны ва ўсе часы былі. Гэта не толькі рамантычная ідэя — яна абсалютна прыдатная для рэалізацыі. Вядома, у свеце нямала тых, каму такая перспектыва не падабаецца, і яны прыкладаюць усе намаганні, каб адзінства славян парушыць. Няма чаго граху таіць, парушаюць. Ды калі адзін «рус» ідзе супраць другога «руса» — гора славянам, якія забываюць свае карані, агульную гісторыю. Вось чаму для мяне вельмі дарагой і значнай застаецца ідэя славянскай супольнасці, узаемнасці. І я гатовы да канца жыцця працаваць з усяе сілы, каб гэтая ідэя рэалізавалася. Таму і працую шчыра, з радасцю. Але… без асаблівай карыслівасці.