…Калісьці даўно, калі яшчэ я паступаў ва ўніверсітэт, нас, абітурыентаў, засялілі ў студэнцкі інтэрнат на вуліцы Кастрычніцкай. Ідзем мы, маладыя-зялёныя, па Мінску, шукаем гэты інтэрнат. Раптам адна дзяўчына крычыць: «Стойце! Мы ж не туды ідзём — нам сказалі шукаць вуліцу Акцябрскую, а гэта — Кастрычніцкая!»

Вядома, мы з яе трохі парагаталі, але праблема насамрэч сур’ёзная — колькі такіх вуліц, завулкаў, пасёлкаў у нашай краіне? Ды ладна мы, беларусы, яшчэ так-сяк разбяромся, а што будзе рабіць замежны госць, напрыклад, з вуліцамі Абойнай і Шпалернай? Такая ж блытаніна бывае і з імёнамі, прозвішчамі, імёнамі па бацьку — паспрабуй разабрацца, дзе Алесь, а дзе Аляксандр, і як правільна ў пашпарце запісаць яго сыну імя па бацьку… Аб гэтым усім, а таксама аб праблемах і задачах, якія стаяць перад спецыялістамі, што вывучаюць асаблівасці нацыянальнай анамастыкі, мы пагутарылі за «круглым сталом» з навукоўцамі Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы: дырэктарам інстытута Аляксандрам ЛУКАШАНЦАМ; вучоным сакратаром, кандыдатам філалагічных навук Ігарам КАПЫЛОВЫМ; старшым навуковым супрацоўнікам, доктарам філалагічных навук, прафесарам, старшынёй рэспубліканскай тапанімічнай камісіі пры НАН Беларусі Валянцінай ЛЕМЦЮГОВАЙ і навуковым супрацоўнікам інстытута Аленай АНІСІМ.

Ігар КАПЫЛОЎ:

— Слова анамастыка паходзіць з грэчаскай мовы і літаральна перакладаецца як «майстэрства даваць імёны». У навуковым разуменні — раздзел мовазнаўства, які вывучае ўласныя імёны, іх паходжанне, гісторыю, заканамернасці развіцця і функцыянавання. Аднак у апошнія дзесяцігоддзі анамастыка настолькі дынамічна развіваецца, што ёсць усе падставы гаварыць пра яе як пра самастойную навуковую дысцыпліну са сваім аб’ектам і прадметам даследавання, са сваёй метадалагічнай базай. Тым больш што анамастыка заўсёды выходзіла за межы мовазнаўства: яна цесна звязана з гісторыяй, геаграфіяй, этнаграфіяй.

Анамастычная лексіка (назвы населеных пунктаў, водных аб’ектаў, вуліц, імёны, мянушкі, прозвішчы людзей і інш.) складае вялікую частку нацыянальнага лексікону. Уласныя імёны з’яўляюцца неад’емнай часткай гісторыка-культурнай спадчыны любога народа: яны ствараліся на працягу многіх стагоддзяў і перадаваліся з пакалення ў пакаленне, а таму змяшчаюць надзвычай багатую інфармацыю пра матэрыяльную і духоўную культуру народа. Акрамя таго, што ўласныя імёны маюць важнае гісторыка-культурнае значэнне, яны шырока выкарыстоўваюцца ў моўнай практыцы. А калі знікаюць нейкія геаграфічныя найменні — значыць, знікае частка гістарычнай памяці, гістарычнай інфармацыі, культурных каштоўнасцяў беларускага народа. У сувязі з гэтым ахова гістарычных назваў, беражлівыя адносіны да нацыянальнай тапаніміі з’яўляюцца высакароднай сацыяльнай і культурнай задачай, бо тапонімы звязваюць мінулае і сучаснае, сучаснасць і будучыню.

Цікавасць да гісторыі паходжання імёнаў у чалавека з’явілася даўно, аднак навуковы падыход да іх вывучэння ў свеце ўзнік параўнальна нядаўна — толькі ў другой палове XVІІІ стагоддзя. А вось пра беларускія анамастычныя даследаванні можа казаць толькі пачынаючы з XІX стагоддзя, але яны ў асноўным былі звязаны з дзейнасцю фалькларыстаў і этнографаў і абмяжоўваліся прыватнымі назіраннямі. Сістэмны, навуковы характар анамастычныя даследаванні набываюць у другой палове ХХ стагоддзя, калі ў Інстытуце мовазнаўства акадэмікам Мікалаем Васільевічам Бірылам была створана навуковая школа і пачалося актыўнае планамернае вывучэнне асабовых імёнаў і прозвішчаў людзей (антрапонімаў), назваў населеных пунктаў (айконімаў), назваў невялікіх геаграфічных аб’ектаў (мікратапонімаў). Дзякуючы працам вучоных інстытута беларуская анамастыка ў XX стагоддзі выйшла на еўрапейскі ўзровень развіцця. Варта прыгадаць такія працы, як «Беларуская антрапанімія» М.В. Бірылы, «Беларуская айканімія» і «Усходнеславянская айканімія апелятыўнага паходжання» В.П. Лемцюговай, «Антрапанімія Гродзеншчыны і Брэстчыны XІV — XVІІІ стст.» Г.К. Усціновіч і іншыя. Дзякуючы гэтым працам была паказана нацыянальная адметнасць беларускага анамастыкону.

Сёння ідэі, закладзеныя ў тэарэтычных працах заснавальнікаў беларускай анамастычнай навуковай школы, знайшлі працяг у даследаваннях прадстаўнікоў сярэдняга пакалення навукоўцаў і моладзі. Актыўна развіваецца гістарычны кірунак, арыентаваны на вывучэнне тапаніміі, засведчанай у старабеларускіх пісьмовых помніках. Так, мной была абаронена кандыдацкая дысертацыя на тэму «Тапанімія беларускіх дзелавых помнікаў XІV—XVІІІ стст.», пад маім навуковым кіраўніцтвам і непасрэдным удзеле былі падрыхтаваны праекты «Старажытны беларускі тапанімікон як крыніца лінгвістычнай і культурна-гістарычнай інфармацыі» і «Старажытны беларускі тапанімікон у кантэксце рэканструкцыі лексічнай сістэмы беларускай мовы». У выніку выканання гэтых праектаў быў створаны рэестр беларускай тапаніміі, засведчанай на землях Вялікага Княства Літоўскага, і яе лінгвагістарычны аналіз. Збор тапаніміі, засведчанай старажытнымі беларускімі пісьмовымі крыніцамі, і яе лексікаграфічная апрацоўка дазволяць больш глыбока пранікнуць у сутнасць гэтай катэгорыі ўласных імён, вызначыць агульныя заканамернасці фарміравання і функцыянавання ўласных геаграфічных назваў у старажытны перыяд, прасачыць эвалюцыйныя працэсы і іх храналагічную паслядоўнасць. Тапанімікон старабеларускіх помнікаў пісьменнасці XV—XVІІІ стст. можа стаць пачаткам стварэння гісторыка-лінгвістычнага зводу «Старабеларуская тапанімія», які абагуліць маладаследаваную спадчыну беларускай духоўнай і матэрыяльнай культуры. Таксама нядаўна ў інстытуце была абаронена кандыдацкая дысертацыя, дзе была разгледжана тапанімія ўнікальнага беларускага помніка ХVІ ст. — «Тапанімія «Ревизии пущ и переходов звериных в бывшем княжестве Литовском»: лексіка-семантычны і структурна-граматычны аспект», а таксама паказаны пачатковы этап станаўлення беларускіх уласных геаграфічных найменняў.

Дарэчы, цікавы факт — за ўсю гісторыю Беларусі было праведзена толькі дзве канферэнцыі па анамастыцы: першая называлася «Праблемы беларускай тапанімікі» і адбылася ў 1967 годзе. І фактычна толькі больш чым праз 40 гадоў, у 2010 годзе, у інстытуце была праведзена яшчэ адна міжнародная навуковая канферэнцыя — «Беларуская анамастыка: гісторыя і сучаснасць», у якой прымалі ўдзел не толькі беларускія навукоўцы, але і нашы калегі з Польшчы, Украіны, Расіі. На канферэнцыі былі ўзнятыя пытанні, якія хвалююць беларускіх даследчыкаў анамастыкі, абмеркавана вялікая колькасць праблем, якія яшчэ трэба вырашаць. У прыватнасці, гаворка ішла і пра стандартызацыю ўласных імёнаў, і пра перадачу беларускіх імёнаў і назваў графічнымі сродкамі лацінскага алфавіту, і пра ўнармаванне назваў вуліц, населеных пунктаў, чыгуначных станцый і г. д.

У Аляксандра сын — Аляксандравіч, а ў Алеся?

Аляксандр ЛУКАШАНЕЦ:

— Наогул праблема даследавання анамастычнай лексікі з’яўляецца важнейшай часткай нацыянальнай лінгвістыкі, таму што менавіта ва ўласных назвах захоўваецца гістарычная памяць народа, асаблівасці гістарычнага развіцця і сувязі носьбітаў мовы з іншымі народамі. І адным са складнікаў нацыянальнай анамастыкі з’яўляецца антрапанімічная лексіка — гэта ўласныя імёны, імёны па бацьку і прозвішчы. І калі казаць пра нашу беларускую сітуацыю, якая датычыцца ўласных імён, то трэба адзначыць такую асаблівасць: у нас гістарычна склалася так, што паралельна функцыянуюць тры антрапаніміконы: праваслаўны, каталіцкі і беларускі народны. Напрыклад, ёсць праваслаўнае імя Іван, каталіцкае Ян і беларускае Янка; ёсць праваслаўнае Іосіф, каталіцкае Юзаф і беларускае Язэп. І гэтыя тры групы ўласных найменняў фактычна могуць выкарыстоўвацца як імёны для запісаў у дакументах, што сведчаць асобу.

Акрамя такіх дакументальных імёнаў існуе яшчэ велізарная колькасць вытворных варыянтаў — памяншальных, дамашніх і г. д. Напрыклад, гняздо вытворных ад імені Аляксандр налічвае больш за 100 варыянтаў. Але, зразумела, вытворныя, размоўныя і памяншальныя імёны, як правіла, не выкарыстоўваюцца як пашпартныя.

Якія тут існуюць праблемы? Часта ў іменаслоўнай практыцы сустракаюцца самыя розныя разыходжанні ў напісанні — напрыклад, калі блытаюцца праваслаўныя, каталіцкія і народныя формы імёнаў. Скажам, калі запісваюць імя па бацьку, то часта блытаюць формы, утвораныя ад праваслаўных і каталіцкіх варыянтаў: калі бацьку завуць Ян, а яго сыну запісваюць імя па бацьку Іванавіч. Ці возьмем імя Аляксандр: зараз у практыцы шырока выкарыстоўваецца такая народная беларуская форма гэтага імені як Алесь, якая таксама можа выкарыстоўвацца як самастойнае афіцыйнае пашпартнае імя. І таму, калі па-беларуску запісалі Алесь Іваноў, то і па-руску таксама павінна быць запісана Алесь Иванов, а не Александр Иванов. І імя па бацьку ад імя Алесь павінна ўтварацца менавіта Алесевіч (Алесеўна), а не Аляксандравіч (Аляксандраўна).

Ёсць яшчэ адна такая праблема, звязаная з іменаслоўнай практыкай — гэта праблема перадачы імёнаў сродкамі іншай мовы. І гэта асабліва актуальна для нашай сітуацыі блізкароднаснага дзвюхмоўя, тым больш што беларуская і руская мовы карыстаюцца адной графічнай сістэмай. У адпаведнасці з агульнапрынятай міжнароднай практыкай ўласныя назвы, у тым ліку імёны і прозвішчы, не перакладаюцца, а толькі транслітаруюцца, гэта значыць перадаюцца палітарна. Таму рускае прозвішча Скворцов мы ніяк не можам па-беларуску перадаць як Шпакаў. Але паколькі і беларуская, і руская мовы карыстаюцца фактычна адной графічнай сістэмай, то вельмі часта ўзнікае праблема арфаграфічнага афармлення той ці іншай уласнай назвы. І тут даводзіцца часта шукаць залатую сярэдзіну, каб запіс рускага прозвішча па-беларуску быў не проста дакладнай транслітарацыяй, але яшчэ і адпавядаў правілам нацыянальнай арфаграфіі: Скворцов нельга па-беларуску запісаць з канцавым «в», бо там можа быць толькі «ў» (Скварцоў), хоць гэта і з’яўляецца адступленнем ад дакладнай транслітарацыі.

Акрамя таго, калі гаварыць пра беларускія і рускія ўласныя імёны, то гістарычна склалася так, што для некаторых з іх замацаваліся пэўныя нацыянальныя адпаведнікі, якія адрозніваюцца ад транслітараваных формаў. Напрыклад, Григорий — Рыгор, Владимир — Уладзімір, Николай — Мікалай, Никита — Мікіта, Анна — Ганна, Екатерина — Кацярына. А калі маем справу з прозвішчамі, то Николаев так і будзе Нікалаеў. Гэтая асаблівасць адлюстроўваецца і ў пашпартах: Николаев Николай па-беларуску павінен быць запісаны як Нікалаеў Мікалай. І гэта часта прыводзіць да недакладных запісаў у дакументах, якія сведчаць адну і тую ж асобу. І нам часта даводзіцца даваць заключэнні на запыты грамадзян ці ўстаноў, каб пацвердзіць ідэнтычнасць таго ці іншага імя.

Таксама часта бывае, што ў якасці афіцыйных імёнаў выкарыстоўваюцца вытворныя і размоўныя формы імені ці іх варыянты, якія адрозніваюцца адной літарай: Наталія — Наталля, Соф’я — Сафія, а ў дакументах гэта недапушчальна. Так што і на такія запыты часта даводзіцца адказваць.

Пэўнай праблемай сучаснай слоўнай практыкі з’яўляецца і тое, што ў нас устаноўлены неаднолькавыя правілы транслітарацыі імёнаў з рускай і беларускай моў сродкамі лацінскага алфавіту. І гэта таксама часта выклікае праблемы ў грамадзян — напрыклад, калі імя Сяргей транслітаруецца з беларускай мовы, то на месцы кірылічнага «г» павінна пісацца «h», а калі з рускай — то «g».

Часам даводзіцца сустракацца з такімі праблемамі, калі неабходна запісаць па-беларуску ці па-руску імёны і прозвішчы, якія належаць да іншай іменаслоўнай традыцыі. Напрыклад, літоўскай: там для многіх мужчынскіх імёнаў і прозвішчаў уласціва канцавая фіналь «ас», і пры запісе па-руску ці па-беларуску, скажам, імя Антанас павінна так і транслітаравацца, а не перакладацца як Антон. Калі ад такога імя неабходна ўтварыць імя па бацьку, то гэта будзе Антанасавіч, а не Антонавіч. Па-другое, для літоўскай імёнаслоўнай практыкі характэрна адрозненне мужчынскіх і жаночых прозвішчаў, а таксама прозвішчаў іх дзяцей: мужчынскія прозвішчы часта афармляюцца фіналлю «ас», жаночыя — «ене», а жаночыя прозвішчы, якія належаць дачцэ — «айтэ». Возьмем прозвішча прэзідэнта Літвы — Даля Грыбаўскайтэ. Частка «айтэ» паказвае, што яна дачка Грыбаўскаса і Грыбаўскене. У Літве праблем з гэтым няма, бо гэта для іх звычайная рэч (як у нас Кавалёў і Кавалёва). А ў нашай рэчаіснасці часта ўзнікае праблема — трэба дакументальна пацвердзіць, што ў мужа і жонкі адно і тое ж прозвішча. Ці вось быў выпадак, калі трэба было пацвердзіць адпаведнасць дакументаў асобы азержайджанскай нацыянальнасці: у гэтага чалавека былі па-рознаму запісаны імёны па бацьку — у адным дакуменце напісана Ібрагім-аглы, а ў другім — Ібрагімавіч. Хоць гэтае «Аглы» якраз і мае патранімічнае значэнне: Ібрагім-аглы літаральна азначае «сын Ібрагіма».

Такім чынам, праблем дастаткова шмат, і існуе неабходнасць ўпарадкавання беларускага антрапанімікону. А самае галоўнае, каб работнікі органаў, якія выдаюць дакументы, мелі ў карыстанні нарматыўныя даведнікі па перадачы імён і прозвішчаў сродкамі іншай мовы. Бо часта ў побытавым разуменні пытаюць «як гэтая назва перакладаецца?». А тут пытанне павінна ісці не пра пераклад, а пра перадачу сродкамі іншай мовы ці сродкамі іншага алфавіту.

— Ці існуюць такія нарматыўныя даведнікі?

— Ёсць цэлы шэраг слоўнікаў уласных асабовых імён адной мовы, напрыклад, я часта карыстаюся «Словарем личных русских имен», у якім прыводзяцца максімальна поўна вытворныя формы ад таго ці іншага імені. Але ў нашай моўнай сітуацыі найбольшую карысць маюць двухмоўныя слоўнікі ўласных імён — руска-беларускія і беларуска-рускія. Да апошняга часу найбольш запатрабаваным быў «Слоўнік уласных асабовых імён», падрыхтаваны яшчэ ў 1965 годзе былым дырэктарам нашага інстытута Міхаілам Суднікам. Гэта вельмі кампактны, але вельмі інфарматыўны слоўнік, бо там прыведзена вялікая колькасць беларускіх імёнаў і іх рускія адпаведнікі. Гэты слоўнік быў перавыдадзены ў 2005, з’яўляецца нарматыўным і рэкамендаваны для выкарыстання работнікамі ЗАГСаў, натарыяльных кантор і г. д. Сёлета выйшаў яшчэ адзін цікавы даведнік — «Слоўнік асабовых уласных імён», укладальнікам якога з’яўляецца былы супрацоўнік нашага інстытута Ганна Усціновіч. Гэта ў прынцыпе шматмоўны слоўнік: яго асаблівасцю з’яўляецца тое, што побач з афіцыйнай формай імені не толькі прыводзяцца ўсе вядомыя вытворныя і размоўныя формы гэтага імені, але і даюцца адпаведнікі гэтых імёнаў з самых розных моў, што робіць гэты слоўнік вельмі зручным для карыстання. Да таго ж там да беларускай афіцыйнай формы імені даецца яшчэ і лацінамоўная транслітарацыя.

— Калі ёсць слоўнікі, то адкуль памылкі?

— Гэтыя слоўнікі забяспечваюць правільнасць напісання імёнаў, прозвішчаў і імёнаў па бацьку ў дакументах, якія выдаюцца зараз. Але найбольш часта памылкі сустракаюцца ў дакументах людзей больш сталага ўзросту: скажам, назіраюцца разыходжанні ў пасведчанні аб нараджэнні і пашпарце. Бо раней, асабліва ў сельскай мясцовасці, не заўсёды хапала адукаваных і граматных спецыялістаў: імёны і прозвішчы часта запісваліся на слых, выкарыстоўваліся мясцовыя, размоўныя, вытворныя формы імені. А пасля ў дакументах аб адукацыі ці пашпарце запісвалася ўжо афіцыйная форма дадзенага імені. І пакуль не ўзнікала нейкіх праблем з ідэнтыфікацыяй дакумента, то ніхто на гэта не звяртаў увагу. Так што праблема нават не ў тым, якая форма імені выбрана, а ў тым, каб яна ва ўсіх дакументах была запісана аднолькава.

Назвы не перакладаюцца, яны — транслітаруюцца!

Валянціна ЛЕМЦЮГОВА:

— Беларуская тапанімія (найперш назвы паселішчаў) надзвычай пацярпела ад чужаземнага ўмяшання. У складзе Рэчы Паспалітай назвы нашых гарадоў і вёсак былі цалкам паланізаваныя, а канцылярыя Расійскай імперыі зрабіла шмат для іх русіфікацыі. Напрыклад, зусім свядома цалкам быў заменены старадаўні беларускі тып назваў на -оў, -еў на звыклы для расіян тып на -ова, -ева: Барбарова, Галачэва, Палоева, Хонава заместа Барбароў, Галачэў, Палоеў, Хонаў. І так на ўсёй тэрыторыі Беларусі. Паколькі перадачу з польскай лацінкі на кірыліцу ажыццяўлялі расійскія пісары, якія не мелі ўяўлення пра асаблівасці польскай мовы, імі было дапушчана шмат памылак, якія аказаліся занадта жывучымі і да гэтага часу яшчэ нязжытыя. Напрыклад, колькі б ні даводзілі тапанімісты, што ў назвах Лёзна, Мёры трэба пісаць ё, а не іё (Ліёзна, Міёры), усё роўна памылка настойліва паўтараецца. Рускі пісар XVІІІ ст. дыфтонг польскай мовы іо (Lіozno, Mіory) прыняў за дзве асобныя літары і гэтым самым сказіў спрадвечнае гучанне і напісанне беларускіх назваў. Мінула чатыры стагоддзі, а нашы назвы паселішчаў дагэтуль дэманструюць чужую «апратку»: Брэст, Вулька, Гурка, Гродна, Дамброва, Драгічын, Навагрудак, Туржэц, Хойна, Хойнікі і іншыя. (Замест Берасце (Берасць), Волька, Гародня (Горадня), Дуброва, Дарагічын, Наваградак, Турэц, Хвойна і Хвойнікі).

Не лепшым чынам склаўся лёс беларускай тапаніміі і ў савецкі перыяд. Па-ранейшаму поўным ходам ішла яе русіфікацыя, афіцыйныя спісы складаліся толькі на рускай мове і надзвычай непісьменна. У масе выпадкаў парушаны элементарныя правілы рускай арфаграфіі. Напрыклад, вось як па-руску напісаны назвы беларускіх паселішчаў: Белорусь, Изобелино, Казельщина, Канатопы, Кардон, Кательна, Крилово, Колюга, Комора, Кухоровка, Лабунщина, Мазали, Рижково. Многія беларускія назвы трапілі ў спісы ў скажонай форме. Напрыклад, Бабінка пераагучана ў Бабёнка, Галавачы — у Галавичи, Зелянькі — у Зелёнки, Іванічы — у Іванавічы, Ловжа — у Ловша, Перунова — у Периново, Папярэжжа — у Попорежье, Пукшына — у Пушкино, Пяшчанец — у Песчинец, Смагароўка — у Сморговка, Стражы — у Стрежи, Харкі — у Харьки, Шыцікі — у Щитики. Беларускія назвы Вожыкі, Вольніца, Волае пераўтварыліся ў Ожики, Ольница, Олое. Стан тапаніміі быў проста жахлівы. Ад яе беларускасці амаль нічога не засталося. Увесь фонд беларускай тапаніміі аформлены па-руску. Назвы, змешчаныя ў «Слоўніку назваў населеных пунктаў» Я.Н. Рапановіча да гэтага часу перажылі шмат зменаў у палітыка-адміністрацыйным складзе, у вымаўленні і напісанні. Але слоўнік усё ж быў пэўнай падмогай, хоць і не прызнаны і не зацверджаны ў якасці нарматыўнага даведніка.

Вось у такіх умовах даводзілася распачынаць працу па адраджэнні і нармалізацыі нацыянальнай тапаніміі. Выручалі раённыя і мясцовыя саветы дэпутатаў, краязнаўчыя музеі. Пры кожным універсітэце дзейнічалі філіялы вядучых тапанімічных камісій, якія забяспечвалі сувязь з мясцовым насельніцтвам (непасрэдна або праз студэнтаў). Звыш дзесяці гадоў Тапанімічная камісія пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь і Рэспубліканская тапанімічная камісія пры НАН Беларусі няспынна і зладжана працавалі над адраджэннем і нармалізацыяй нацыянальнай тапаніміі. У прыватнасці, на пасяджэннях камісій было прынята рашэнне распрацаваць праект-праграму нарматыўнага даведніка з 6-ці кніг (па колькасці абласцей) пад агульным загалоўкам «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь». На сёння ўсе шэсць тамоў гэтага даведніка ўжо выдадзены.

У ім цалкам выключаецца перадача беларускіх тапонімаў па-руску спосабам перакладу (Бэзавая — Сиреневая; Кастрычнік — Октябрь; Чырвоная Зорка — Красная Звезда), бо, згодна з рэкамендацыйным дакументам ААН, стандартызацыя нацыянальнай тапаніміі павінна зыходзіць з нацыянальнай формы вымаўлення і напісання назваў геаграфічных аб’ектаў. Гэта значыць, што тапанімія Рэспублікі Беларусь павінна быць узноўлена ў зыходнай беларускай форме з захаваннем правільнага гучання і структурнага аблічча. Таму ў даведніку задзейнічаны два агульнапрынятыя спосабы транслітарацыі тапаніміі з адной мовы на іншыя: спосаб транслітарацыі (палітарная перадача): Алёксы — Алёксы, Савішкі — Савишки і камбінаваны спосаб (транслітарацыя з частковай заменай асобных элементаў марфем): Жалудок — Желудок, Шчаглоўка — Щегловка, Казелле — Козелье. Гэта значыць, што назвы транслітаруюцца, а на пісьме афармляюцца па правілах рускай арфаграфіі.

У даведніку ўпершыню ўвесь рэестр беларускіх назваў паселішчаў пададзены лацінскім алфавітам згодна з распрацаванай «Інструкцыяй па транслітарацыі геаграфічных назваў Рэспублікі Беларусь літарамі лацінскага алфавіта», зарэгістраванай у Нацыянальным рэестры прававых актаў Рэспублікі Беларусь. Гэта абумоўлена тым, што Рэспубліка Беларусь усё больш інтэгруецца ў сусветную інфармацыйную прастору, дзе кантактаванне ажыццяўляецца з дапамогай лацінскага алфавіта, усё болей беларускіх назваў трапляе ў замежныя лацінапісныя тэксты.

У Дзяржаўным камітэце па маёмасці заўважылі, што нарэшце спыніўся паток пісьмаў з розных раёнаў Беларусі, якія сігналізавалі аб памылковых надпісах на дарожных слупах. Надпісы робяцца на роднай мове, і насельніцтва вітае гэтую навіну. Многім хацелася б бачыць на дарожных слупах беларускія назвы лацінскім шрыфтам. Беларусь — цэнтр Еўропы, па яе дарогах праязджае шмат замежных турыстаў, для якіх кірыліца нязвыклая.

Ігар КАПЫЛОЎ:

— Гэта, дарэчы, унікальны даведнік — з’ява ў нашай культуры, у нашай анамастыцы. Нават нашы суседзі не маюць такіх даведнікаў — ні Расія, ні Украіна. Скажу, што нашым даведнікам зацікавіліся і за мяжой: мы атрымалі просьбы даслаць экзэмпляры ў бібліятэкі ЗША, ААН, Канады, Польшчы, Славакіі, Літвы… Так што гэтае выданне атрымала рэзананс у свеце і ацэнена міжнароднай супольнасцю.

Валянціна ЛЕМЦЮГОВА:

— Таксама дазвольце некалькі слоў сказаць і пра Закон Рэспублікі Беларусь «Аб найменнях геаграфічных аб’ектаў», бо ў ім з’явілася вельмі важная фармулёўка ў артыкуле 17 «Мова найменняў геаграфічных аб’ектаў»: «У Рэспубліцы Беларусь найменні геаграфічным аб’ектам прысвойваюцца на беларускай мове, з якой спосабам транслітарацыі перадаюцца на рускую мову». Гэта, безумоўна, будзе садзейнічаць прывядзенню ўсіх геаграфічных назваў у парадак, а таксама да гарманізацыі нашай сістэмы з сусветнымі правіламі і нормамі.

Наступны прыпынак — станцыя Рошча? Ці ўсё-такі Гай?

Алена АНІСІМ:

— Паколькі ў 2010 годзе выйшаў апошні (шосты) выпуск нарматыўнага даведніка «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь», то на сёння сітуацыя з назвамі беларускіх населеных пунктаў больш-менш зразумелая. Цяпер прыйшла чарга і да нармалізацыі назваў, што фігуруюць у сістэме Беларускай чыгункі. Бо назвы чыгуначных станцый — частка сістэмы беларускай нацыянальнай тапаніміі, але яны займаюць у ёй крыху асобнае месца. Чаму? Перш за ўсё таму, што гэтая тапанімічная падсістэма значна маладзейшая за сістэму назваў населеных пунктаў. На сённяшні дзень у ёй зафіксавана каля тысячы назваў чыгуначных станцый, раз’ездаў, пуцявых пастоў і прыпыначных пунктаў Беларускай чыгункі. У абсалютнай большасці назвы станцый і прыпыначных пунктаў супадаюць з назвамі геаграфічных аб’ектаў. Таму такія назвы станцый цалкам упісваюцца ў тапанімічную сістэму Беларусі: Антопаль, Баравуха, Барсукі, Батча, Белаазёрск, Бераставіца, Бабруйск, Віцебск, Ваўкавыск, Гуды, Жабінка, Жарабковічы, Жлобін, Калінкавічы, Калодзішчы, Лошыца, Новае Сяло і інш. Аднак неабходнасць функцыянавання некалькіх прыпыначных пунктаў у адным населеным пункце вымушае да ўтварэння новых спецыяльных назваў. Пры гэтым выкарыстоўваюцца некаторыя былыя назвы паселішчаў, а таксама назвы мікратапанімічных аб’ектаў. Напрыклад, у горадзе Дзяржынску два чыгуначныя прыпынкі: назва асноўнай чыгуначнай станцыі адпавядае гістарычнай назве былога мястэчка — Койданава, а назва нядаўна створанага прыпынку супадае з цяперашняй назвай горада — Дзяржынск. У Баранавічах ёсць станцыі Баранавічы Цэнтральныя і Баранавічы Палескія. Даволі часта ў назве чыгуначнай станцыі ці прыпынку фігуруе назва гарадскога мікрараёна: у Мінску — Курасоўшчына, Масюкоўшчына і інш. Трэба сказаць, што такія назвы чыгуначных станцый добра ўпісваюцца ў сістэму беларускай нацыянальнай тапаніміі.

Аднак варта адзначыць, што на працягу доўгага часу існавала традыцыя прысвойваць назвы геаграфічным аб’ектам на рускай мове. У выніку стварылася цэлая група станцый і чыгуначных прыпынкаў, якія ўжываліся толькі на рускай мове. На цяперашні момант, калі адбываецца ўпарадкаванне назваў геаграфічных аб’ектаў Рэспублікі Беларусь у сувязі з глабалізацыяй, многія з гэтых назваў выпадаюць з сістэмы беларускіх нацыянальных тапонімаў і супярэчаць прынцыпам міжнароднай стандартызацыі, прынятым інстытутамі ААН, паводле якіх перадача на лацінскую графіку павінна перадавацца з нацыянальнай формы тапонімаў. Так, рабочая група па ўпарадкаванні назваў чыгуначных станцый і прыпыначных пунктаў, створаная пры Тапанімічнай камісіі Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, сутыкнулася з праблемай перадачы на беларускую мову шэрагу назваў, сярод якіх магу назваць такія, як Берёзовая Роща, Восток, Железнодорожный, Западное, Звёздный, Красное Знамя, Крестьянка, Лебяжий, Ольша, Рассвет, Роща, Сахарный Завод, Строитель, Учитель, Юго-Запад. Справа ў тым, што неабходна ўлічваць пазнавальнасць назвы як на адной, так і на другой дзяржаўнай мове. Акрамя таго, важным момантам з’яўляецца той факт, што напачатку трэба зацвердзіць назву на беларускай мове, а затым перадаць яе напісанне па-руску, а таксама сродкамі лацінскай графікі. У дадзеным выпадку ў дачыненні да большасці назваў быў прапанаваны агульны прынцып прысваення назвы на беларускай мове, а затым перадача шляхам транслітарацыі з беларускай мовы на рускую. Бярозавы Гай — Берёзовый Гай, Цукровы Завод — Цукровый Завод, Чыгуначны —Чигуначный, Заходняе — Заходнее, Чырвоны Сцяг — Чирвоный Стяг, Усход — Усход. У дачыненні да назваў чыгуначных прыпынкаў, што ўжываюцца ў практыцы як Учитель, Строитель, Звёздный мы прапанавалі прысвоіць беларускія назвы Настаўнік, Будаўнік, Зорны і ўжо з гэтых назваў транслітараваць на рускую мову.

Асобна трэба выдзеліць шэраг назваў, якія не маюць празрыстай матывацыі і прывязкі да геаграфічных аб’ектаў. Першапачатковай формай з’яўляецца форма, створаная на аснове рускай мовы. Спроба ўпісаць назвы тыпу Крестьянка, Рассвет у сістэму беларускай нацыянальнай тапаніміі выглядае даволі штучна. Паколькі простая транслітарацыя рускага варыянта на беларускую мову прыводзіць да немілагучнасці і не адпавядае крытэрыям культуры беларускага маўлення, акрамя таго, дазваляе гаварыць пра скажэнне назвы. Падаецца, што ў дадзеным выпадку трэба дастасоўваць назву чыгуначнага прыпынку да мясцовай назвы мікратапанімічнага ці іншага аб’екта, які знаходзіцца ў непасрэднай блізкасці да гэтай станцыі ці прыпынку. Такі падыход дазволіць не толькі забяспечыць назве чыгуначнай станцыі ці прыпынку адраснасць, але і паспрыяе захаванню нацыянальнай тапаніміі.

Адносна некаторых назваў было прапанавана мінімальна змяніць назву, створаную на рускай мове, надаўшы ёй такую форму (умоўна кажучы, кампраміснага варыянту), якая б не пярэчыла ніводнай з дзяржаўных моў. Так, Лебяжий было прапанавана змяніць на Лебединый, адпаведна па-беларуску Лебядзіны.

Некаторыя чыгуначныя прыпынкі ў гарадах маюць назвы, адпаведныя назвам напрамкаў свету і іх спалучэнням: Юго-Запад, Южный, Северный і інш. Адназначны падыход у афармленні такіх назваў чыгуначных станцый і прыпыначных пунктаў на беларускай і рускай мовах ва ўмовах дзяржаўнага білінгвізму выпрацаваць даволі складана. Галоўнай перашкодай з’яўляецца традыцыя адначасовага функцыянавання паралельных назваў: Юго-Запад — Паўднёвы Захад, Северный — Паўночны і г. д. Таму адзін са спосабаў афармлення назваў чыгуначных станцый і прыпыначных пунктаў у такіх выпадках — захаванне асобных формаў на беларускай і на рускай мове. Гэта далёка не ідэальны варыянт, паколькі пры ім размываецца адраснасць і губляецца нацыянальнае аблічча, але ў сітуацыі дзяржаўнага двухмоўя гэта можна разглядаць як вымушаны кампрамісны ход.

Вопыт стандартызацыі назваў чыгуначных станцый і прыпыначных пунктаў чарговы раз засведчыў: неабходна абачліва падыходзіць да кожнай новай назвы геаграфічнага аб’екта, улічваць вопыт і набыткі продкаў, бо непрадуманасць і паспешлівасць у гэтай справе пагражае стратай нацыянальнага аблічча, а гэта ў сваю чаргу зніжае аўтарытэт нашай краіны на міжнародным узроўні.

Дарэчы, падзялюся адным прыкрым момантам. Прыязджаю на радзіму Якуба Коласа ў Стоўбцы — на чыгуначнай станцыі вісіць партрэт класіка беларускай літаратуры, вісіць некалькі вытрымак з яго твораў, а ўсё астатняе аформлена па-руску. Усе шыльдачкі, інфармацыйныя блокі… Да нядаўняга часу расклад быў па-беларуску, а зараз — па-руску. Чаму абавязкова трэба напісаць па-руску? Большага здзеку з класіка быць не можа…

— Што рабіць з назвамі мястэчак, пасёлкаў? Бо памяняць шыльдачку на чыгуначнай станцыі досыць проста. А вось узяць пасёлак Акцябрскі — таксама трэба мяняць назву, ці хай яна ўжо застаецца?

— Па мне, дык усё вельмі проста: якая ёсць гістарычная назва? Рудабелка. Што замінае гэтую назву ўзяць? І па-руску нармальна гучыць, і па-беларуску. Я лічу, што трэба па-максімуму вяртаць гістарычныя назвы.

Дарэчы, Таварыства беларускай мовы правяло конкурс па захаванні мікратапонімаў, бо знікаюць носьбіты, якія памятаюць назвы лугоў, рэчак, балот, палянак, сцежачак, узгоркаў. А гэта вялікі пласт і культуры, і тапаніміі, і гісторыі. Мяркую, што сабраныя падчас конкурсу матэрыялы стануць не толькі прадметам навуковага даследавання, але і будуць мець практычны плён. У якім плане: вось робяць новы чыгуначны прыпынак у тым месцы, дзе ўзнікае дачны пасёлак, і можна паглядзець, якія назвы ў гэтай мясцовасці бытавалі, можна надаць ім новае жыццё, а не выдумляць нешта абстрактнае з галавы.

Ігар КАПЫЛОЎ:

— У перспектыве трэба наогул стварыць рэестр геаграфічных назваў Беларусі, які будзе ўключаць усе назвы дробных геаграфічных аб’ектаў, населеных пунктаў, водных аб’ектаў і г. д. Стварэнне такога нацыянальнага рэестра, я лічу, справа нацыянальнай важнасці. Напрыклад, ва Украіне аналагічную працу робяць шмат гадоў.

Дарэчы, нягледзячы на тое, што паводле Закона «Аб найменнях геаграфічных аб’ектаў» усе новыя аб’екты павінны быць на нацыянальнай мове і ўжо з яе перадавацца на рускую мову, парушэнні ўсё адно здараюцца. Нядаўна прыйшоў да нас ліст з просьбай зрабіць лінгвістычную экспертызу рашэння Мінскага раённага Савета дэпутатаў, згодна з якім на тэрыторыі Бараўлянскага сельскага савета быў створаны новы населены пункт — пасёлак «Солнечный» на рускай мове і «Сонечны» на беларускай. Вось гэта — парушэнне артыкула 17 Закона, бо ідзе не транслітарацыя, а пераклад.

— А павінны былі «Сонечны» і «Сонечный»?

— Я лічу, што нагул не павінны былі «Сонечны» назваць! Што, сонца толькі ў тым пасёлку свеціць? Чаму няма гістарычнай прывязкі, матываванасці назвы? Чаму даецца такая бязлікая назва? Сонца ўсюды свеціць, не толькі ў Бараўлянах… Але калі ўжо вельмі хочацца, то так — «Сонечны» і «Сонечный».

Асобная тэма — гэта назвы вуліц. Нягледзячы на тое, што Рэспубліка Беларусь ужо два дзесяцігоддзі з’яўляецца самастойнай дзяржавай, многія аспекты праблемы ўнармавання назваў праспектаў, вуліц, завулкаў і плошчаў застаюцца да канца не вырашанымі. Напрыклад, пры напісанні назваў некаторых вуліц па-беларуску часта сустракаюцца арфаграфічныя і графічныя памылкі: можа сустрэць вуліцу Кноріна, Щорса, Дэкабрыстаў, Клары Цеткін, Завадскую, Таўстога і г.д. (замест Кнорына, Шчорса, Дзекабрыстаў, Клары Цэткін, Заводскай, Талстога). Па-другое, уласныя геаграфічныя назвы павінна арганічна ўпісвацца ў нацыянальную тапанімічную сістэму і падпарадкоўвацца ўсім правілам словазмянення і словаўтварэння беларускай мовы. Напрыклад, як напісаць па-беларуску вуліцу Вузовскую, назва якой утварылася ад слова «вуз»? Вуліца Внушная? Па-трэцяе, неабходна ўлічваць і лексічны аспект. Напрыклад, возьмем вуліцу Алейную, назва якой, відаць, пайшла ад рускага слова «аллея». А ў беларускай мове алейны суадносіцца са словам алей у значэнні «тлушч з расліннага насення». Наступны аспект — функцыянальны. Часта пры перадачы ўрбонімаў па-ранейшаму выкарыстоўваецца прынцып перакладу з рускай мовы на беларускую: ул. Обойная — вул. Шпалерная, ул. Железнодорожная — вул. Чыгуначная, ул. Сиреневая — вул. Бэзавая і г.д. У выніку такія найменні перастаюць выконваць сваю асноўную функцыю — адрасную, а пачынаюць фармальна ўспрымацца як назвы двух розных геаграфічных аб’ектаў.

Да таго ж у нас яшчэ шмат застаецца назваў вуліц, якія не нясуць ніякай культурна-гістарычнай функцыі — узяць хаця б вуліцы Абрыкосавая, Летняя, Магнітная, Светлая, Янтарная, а таксама вуліцы Карла Маркса, Леніна, Кірава і г. д. Хоць у нас многія імёны, вартыя ўвекавечання, да сёння яшчэ не знайшлі адлюстравання ў назвах вуліц, плошчаў і праспектаў сталіцы: Сымон Будны, Міхаіл Ельскі, Наркевіч-Ёдка, Яўхім Карскі, Васіль Быкаў — гэта ж сусветна вядомыя асобы!

Алена АНІСІМ:

— У савецкі час назвы прысвойваліся абы як, без нейкай сістэмы, бо ніхто не разглядаў гэтую працу як культурную і гістарычна важную, не ўлічваліся нацыянальныя асаблівасці. Таму столькі праблем і назапасілася. І атрымліваецца, што зараз трэба як па цаліне ісці і выпраўляць памылкі. І калі сёння не выпрацаваць аднастайнага падыходу з аглядкай на гістарычную спадчыну, на тапанімічную сістэму, то такое абы-што і будзе працягвацца і далей.