На пытанні “Народнай Волі” адказвае амбасадар Польшчы ў Рэспубліцы Беларусь Лешак Шарэпка.

– Якім чынам  Польшчы ўдалося (лепш, чым іншым  краінам) пераадолець наступствы  эканамічнага крызісу?

– Шмат фактараў паўплывала на тое, што мы лепш, чым іншыя краіны, пераадолелі наступствы апошняга крызісу. Значны ўплыў на наш поспех мелі змены, якія адбыліся ў 1989 годзе, і наша членства ў Еўрасаюзе. Як паказвае час, рашэнне, каб адмовіцца ад неэфектыўнага, цэнтралізаванага кіравання эканомікай і перадаць ініцыятыву грамадзянам, было правільным. Большасць прадпрымальнікаў навучылася будаваць фірмы “пад дзяржаўны заказ”…

На пытанні “Народнай Волі” адказвае амбасадар Польшчы ў Рэспубліцы Беларусь Лешак Шарэпка.

– Мы шмат працавалі – як у сельскай гаспадарцы, так і ў прамысловасці, – кажа Лешак Шарэпка. — На еўрапейскім рынку з’явіліся новыя польскія брэнды, часта створаныя прыватнымі фірмамі, пабудаваныя польскімі інжынерамі.

У Польшчы былі створаны спрыяльныя ўмовы для малога і сярэдняга бізнесу, які адыгрывае важную ролю ў фарміраванні ВУП і знешнім гандлі, стварае новыя рабочыя месцы. Акрамя таго, была створана вельмі салідная, празрыстая фінансавая сістэма, а ў разгар крызісу нашы банкі аказаліся ўстойлівымі на негатыўныя з’явы.

На прыкладзе Кіпра бачна, што наша банкаўская сістэма бяспечная, а фінансавыя ўстановы – “здаровыя”. Міжнародны капітал лічыць Польшчу своеасаблівым аазісам спакою. Змянілася і польская вёска, і наша сельская гаспадарка. Варта прыгадаць, што ў 2012 годзе аб’ём продажу сельскагаспадарчай прадукцыі за мяжу разам склаў 16 млрд еўра і вырас на 15,1% у параўнанні з аналагічным перыядам 2011 года. Польскія прадукты харчавання заваёўваюць Еўропу.

– Многія беларусы едуць у Польшчу за пакупкамі, таму што цэны на многія тавары ў вас значна ніжэйшыя. З іншага боку, зарплаты ў палякаў намнога большыя, чым у беларусаў. Пры гэтым Расія не прадае Польшчы газ са скідкай, як Беларусі. Чаму тады цэны на тавары ў Польшчы ніжэй, чым у Беларусі?

– У топліўна-энергетычнай сістэме  Польшчы прыродны газ адыгрывае  важную, але не асноўную ролю. Гадавое  расходаванне газу складае каля 14,4 млрд м3, пры гэтым у краіне яго дабываецца 4,3 млрд м3. Газ імпартуецца з Расіі, аднак аснова нашай энергетыкі – вугаль, які дабываецца ў краіне, каля 90% электраэнергіі вырабляецца на базе вугалю. Вядома, што электраэнергія – гэта толькі адзін з фактараў, якія ўплываюць на канчатковы кошт тавару. Тое, што польскія прадукты маюць добрую якасць і іх можна купіць па даступнай цане, таксама вынік выкарыстання новых тэхналагічных рашэнняў, кваліфікацыі людзей, якія вырабляюць гэтую прадукцыю. Але перш за ўсё гэта вынікае з нашага стратэгічнага рашэння, прынятага ў 1989 годзе, – зрабіць стаўку на заходнюю мадэль развіцця, перайсці да рыначнай эканомікі, перадаць ініцыятыву ў рукі людзей, запрасіць да сябе інвестараў з усяго свету і стварыць для іх адпаведныя ўмовы. Праз 24 гады ад пачатку перамен мы можам ацаніць іх вынікі і прыйсці да высновы: мы можам сабе дазволіць купляць дарагі расійскі газ, плаціць высокія зарплаты і вырабляць тавары па даступнай цане, у тым ліку для нашых беларускіх суседзяў. Усё гэта стала магчымым не дзякуючы дырэктывам зверху альбо створаным дзяржавай планам і ручному кіраванню, а таму, што дзяржава выбрала свабоду, перш за ўсё ў эканоміцы. Мы выкарыстоўваем энергію нашага грамадства.

– Польска-беларускія адносіны застаюцца напружанымі, многія на Беларусі лічаць, што менавіта з Польшчай афіцыйны Мінск мае сёння найгоршыя адносіны. Чаму так адбываецца?

– Я не лічу, што менавіта з Варшавай адносіны Мінска найгоршыя. На нашы адносіны трэба глядзець у кантэксце ЕС і суседства. На жаль, адносіны Беларусі з шэрагам краін ва ўсім свеце складваюцца не найлепшым чынам – пра гэта сведчаць шматлікія рэзалюцыі многіх міжнародных арганізацый, у тым ліку ААН. Гэта праўда, што нягледзячы на культурную і гістарычную блізкасць нашых народаў, у апошнія гады паміж нашымі краінамі даходзіла да шматлікіх непаразуменняў на палітычным узроўні. Аднак я хацеў бы выразна падкрэсліць, што падобныя інцыдэнты адбываюцца выключна ў палітычнай сферы, я не чуў, каб звычайныя людзі з Польшчы і Беларусі мелі нейкія праблемы ва ўзаемаадносінах – мы занадта блізкія народы, каб можна было гаварыць пра непаразуменні.

Што да палітыкі, то я думаю, многія сітуацыі сталі вынікам неразумення беларускім бокам намераў Польшчы. Нягледзячы на тое, што гавораць многія з асяроддзя ўлады, нашай мэтай не з’ўляецца ўмяшанне ва ўнутраныя справы незалежнай дзяржавы, мы не збіраемся нікога вучыць. Ад нашага суседа мы чакаем звычайнай адкрытасці для дыялогу, паслядоўнасці ў двухбаковых адносінах і захавання мінімальных стандартаў, якія павінны быць у дзяржаве ў цэнтры Еўропы. Польшча заўсёды добразычліва ставілася да беларусаў і была гатова падтрымаць іх жаданне мадэрнізаваць краіну і захаваць незалежнасць. Сёння толькі ад самой Беларусі залежыць, калі вярнуцца за стол перагавораў як на ўзроўні дзвюх краін, так і ЕС. Пры гэтым, мне здаецца, што абодва гэтыя пытанні непарыўна звязаны паміж сабой, пра што нашы беларускія партнёры не заўсёды памятаюць.

– Як можна палепшыць  сітуацыю з візамі, каб грамадзянам Беларусі прасцей было выехаць у Польшчу і ЕС?

– Польшча многае робіць для таго, каб наша візавая сістэма спраўна працавала і была даступнай для грамадзян іншых краін. У апошнія гады мы сістэматычна павялічвалі колькасць віз для грамадзян Беларусі: у 2011 годзе іх было 299.536, а ў 2012 годзе – ужо 350.685, што дае павелічэнне на 16%. У гэтым годзе таксама назіраецца павелічэнне колькасці выдадзеных віз. Аднак здаецца, мы дасягнулі пэўнай мяжы, за якую не можам выйсці па прычыне фізічных магчымасцей нашых консулаў.

Мы неаднаразова звярталі ўвагу ўлад Беларусі на неабходнасць павелічэння колькасці польскіх консульскіх работнікаў, аднак да гэтага часу не знайшлі паразумення. Падобным чынам у падвешаным стане знаходзіцца дагавор аб малым прыгранічным руху, які мог бы значна спрасціць для многіх грамадзян Беларусі выезд у Польшчу. Наша краіна завяршыла ўсе працэдуры па гэтай справе. Без адказу застаецца таксама запыт Бруселя, калі Мінск пачне перагаворы па зніжэнні цэн шэнгенскіх віз для грамадзян Рэспублікі Беларусь. Такім чынам, я думаю, што ў значнай ступені пытанні па паляпшэнні візавай сістэмы трэба адрасаваць беларускаму боку – Польшча і Еўрапейскі Саюз неаднаразова выказвалі гатоўнасць пачаць перагаворы па гэтай тэме, мы чакаем рэакцыі нашых партнёраў.

– Расійскія вучоныя правялі даследаванне, з якога вынікае, што генетычна палякі і беларусы больш блізкія, чым беларусы і рускія – што аб’ядноўвае нашы народы…

– Генетыка ўсё  яшчэ застаецца чорнай магіяй, таму я не хацеў бы выказвацца на гэты конт. Канечне, нас аб’ядноўваюць  блізкія гістарычныя, этнічныя і  культурныя сувязі. Гэта пацвярджае лакалізацыя нашых краін, падабенства прыроды і клімату. Блізкія таксама нашы мовы, у якіх можна знайсці шмат аднолькавых альбо падобных па гучанні слоў.

Важнае значэнне для абодвух нашых народаў мае агульная гісторыя – на працягу некалькіх стагоддзяў палякі і беларусы жылі і ўтваралі адзіную дзяржаву. Сёння гэта знаходзіць адлюстраванне ў структуры веравызнання Беларусі: значная частка яе насельніцтва, як і пераважная большасць палякаў, рымска-каталіцкага веравызнання.

Я думаю, што палякаў і беларусаў аб’ядноўвае таксама падабенства менталітэту – мы талерантныя людзі, якія з павагай ставяцца да прадстаўнікоў іншых народаў. Дасканалым пацвярджэннем блізкасці нашых народаў з’яўляецца той факт, што на працягу стагоддзяў паміж намі не было ўзброеных канфліктаў.

Тое, што сучасныя Польшча і Беларусь – асобныя суб’екты на палітычнай арэне, не выключае магчымасці жыць у атмасферы ўзаемаразумення, павагі і талерантнасці. Скажу больш, гэта натуральным чынам прымушае нас да такога суіснавання. Нягледзячы на сучасныя геапалітычныя ўмовы і плыні, кірункі і вынікі сучаснай палітыкі Еўропы, я ўпэўнены, што нам прадвызначана прыязнае суіснаванне.

– Ці задаволены вы сваёй працай у Беларусі? Вам удалося рэалізаваць усё, што вы запланавалі?

– Вы прымушаеце мяне падвесці пэўныя вынікі, хоць гэта толькі сярэдзіна тэрміну маёй дыпламатычнай місіі. Да таго ж трэба памятаць, што дыпламат у афіцыйных зносінах прадстаўляе не сябе, а дзяржаву, якая яго дэлегавала, і залежыць ад многіх фактараў, на якія ён не мае ўплыву. Канечне, тое, што ўжо зроблена, не зусім мяне задавальняе. Не сакрэт, што я быў бы значна больш задаволены, калі б нашы консульскія аддзелы выдавалі ў два разы больш віз, у камфортных для кліентаў умовах, альбо калі б візы ўвогуле былі адменены. Думаецца таксама, што нашы адносіны былі б лепшыя, калі б эканамічныя адносіны абедзвюх краін развіваліся без абмежаванняў і дазволілі зарабляць на гэтым як палякам, так і беларусам. Я буду шчаслівы, калі змагу вырашыць справу ўзвядзення новага будынка пасольства, калі можна будзе з усімі палякамі ў Беларусі размаўляць не толькі па-беларуску, але і па-польску, а таксама калі я змагу перад тым, як пакіну краіну, узяць у рукі кнігу па гісторыі Польшчы, напісаную беларускім гісторыкам. Застаецца яшчэ мноства пытанняў, тэрміновае вырашэнне якіх будзе карысным для абедзвюх дзяржаў. Аднак, як я ўжо гаварыў, гэта патрабуе прыняцця адпаведных рашэнняў зацікаўленым бокам – уладамі Беларусі. Пазіцыя Польшчы і Еўрасаюза па гэтых пытаннях адназначная і канкрэтная, адзінае, што нам застаецца, – чакаць адказу нашых партнёраў.