Навукоўца разважае пра законы беларускага бізнэса, лібералізацыю эканомікі, шкодныя савецкія звычкі, «сілавыя» метады, аптымізм і чалавечыя пакуты.

19 ліпеня на 47-м годзе жыцця памерла дырэктар Цэнтра сістэмных бізнэс-тэхналогій SATIO, заснавальніца конкурса «Брэнд-года» Жанна Грынюк. Еўрарадыё прыгадвае вялікае інтэрв’ю, якое Жанна Уладзіміраўна дала нам у ліпені 2011 года.

“Эканоміка не можа доўга развівацца ў рэжыме ручнога кіравання”

Еўрарадыё: Як на вашую думку, наколькі шчыльна выхад з эканамічнага крызісу залежыць ад лібералізацыі эканомікі?

Жанна Грынюк: Безумоўна, крызіс — гэта чарговае пацвярджэнне таго, што нам неабходна паглыбляць лібералізацыю. Калі краіна пойдзе па сцэнары “сілавых” метадаў урэгулявання крызіснай сітуацыі — краіна толькі паглыбіць сістэмныя праблемы. На некаторы час мы, безумоўна, баланс захаваем. Але сёння ўсе эканамісты кажуць пра фарміраванне інструментаў устойлівага развіцця. Эканоміка не можа доўга развівацца ў рэжыме ручнога кіравання і кантролю. Гэта сёння прыкмета адсталасці інструментаў кіравання, іх архаічнасці і неабходнасці перабудоваў. Безумоўна, можна лабіраваць пытанні коштаўтварэння, распавядаць прэзідэнту пра неэтычныя паводзіны прадпрымальнікаў, якія на сваіх гандлёвых кропках падвышаюць кошты. Можна ўвогуле адмяніць свабоднае коштаўтварэнне. Але заўжды паўстае пытанне доўгатэрміновай перспектывы. Чым гэта ўсё скончыцца? Да чаго прывядзе? Перыяд крызісу заўжды ідзе на карысць, бо ён прымушае нас задумацца і змяніць свае схемы паводзінаў.

Еўрарадыё: Наколькі моцны ўплыў гэтых “сілавых”, адміністрацыйна-камандных метадаў на бізнэс?

Жанна Грынюк: Трэба добра разумець, што ў перыяд крызіса аўтарытарызм і камандныя метады больш эфектыўныя. На жаль, гісторыя чалавецтва гэта пацвердзіла. Але ў тым, што беларуская эканоміка захоўвае сёння высокую ступень кіруемасці, ёсць і плюсы. Прэзідэнцкая палітычная вертыкаль, рычагі ўплыву на прадпрыемствы ўсіх формаў уласнасці (і ў першую чаргу — дзяржаўнай), ды і ўвогуле ўся “сілавая” сістэма можа паспрыяць таму, што Беларусь вельмі ўдала выйдзе з сітуацый, паглыбіўшы лібералізацыю.

“Лібералізацыя — гэта выклік беларускай эканоміцы”

Жанна Грынюк: Бо ад пазіцыі канкрэтнага лідара (гарадскога або раённага выканкама, ці нават мясцовага савета) залежыць вельмі шмат! Тая форма эканамічных паводзінаў, што транслюецца “зверху”, і будзе ўплываць на развіццё падзеяў. Але сёння мы бачым іншае! Мы бачым, што створаная “сілавая” структура выкарыстоўваецца для збору негатыўных фактараў і звестак, што паслабляюць каштоўнасці лібералізацыі і ўзмацняюць каштоўнасці аўтарытарызма. А гэтага не павінна быць! Лібералізацыя — гэта выклік беларускай эканоміцы. Адзіны шлях, якім можна выйсці з працяглага сістэмнага крызісу на наступны ўзровень развіцця — устойлівае развіццё.

У Беларусі два выйсці. Першы — захаваць курс на лібералізацыю. Другі — падпарадкавацца патрабаванням насельніцтва, прафсаюзаў і — адмяніць ліберальнае коштаўтварэнне. Лібералізацыю спыніць. Гэта класічная сітуацыя падчас крызісу. Прааналізуйце крызіс у любой краіне, у любой арганізацыі… Заўжды ёсць тэндэнцыя да адката ў мінулае. Што гэта дасць? Гэта як таблетка ад галаўнога болю: прынясе часовую палёгку, але не вырашыць праблему.

“Адкат да старых метадаў не дасць Беларусі самастойнага развіцця”

Жанна Грынюк: Адкат да старых метадаў кіравання не дасць Беларусі тое, да чаго яна імкнецца: устойлівага, самастойнага, незалежнага развіцця. Гэта першая памылка, якую мы можам зрабіць. А другая — гэта абапірацца на знешнюю дапамогу. Гэта галоўная памылка, якую робяць у крызіс. Толькі апора на ўнутраныя сілы і рэсурсы дзяржавы, на ўнутраныя кампетэнцыі, на развіццё здольнасцяў да кіравання, да маркетынга могуць змяніць сітуацыю да лепшага. Прычым ва ўстойлівым рэжыме — а не проста зняць галаўны боль.

Еўрарадыё: Здаецца, што гэта звязаныя фактары: менавіта апора на знешнюю падтрымку і дае магчымасць захавання і ўзмацнення адміністрацыйна-каманднай сістэмы.

Жанна Грынюк: Гэта так.

“Лібералізацыя — гэта свабода плюс індывідуальная адказнасць за вынікі сваёй дзейнасці”

Жанна Грынюк: Давайце пачытаем нямецкую формулу Мюлер-Армака, аўтара нямецкага эканамічнага цуду пасля Другой сусветнай вайны. Ён казаў, што лібералізацыя — гэта свабода плюс індывідуальная адказнасць за вынікі сваёй дзейнасці. На маю думку, адзіны шанец для Беларусі зараз — узяць гэтую нямецкую мадэль. Ні льготныя крэдыты, ні датацыі пры ёй у прынцыпе немагчымыя. Гэта самастойнае выжыванне ўсіх суб’ектаў гаспадарання — гэта трэба запомніць на ўсё жыццё.

А ў нас лібералізацыя ўспрымаецца як нейкія бязмежныя эканамічныя свабоды без аніякай сацыяльнай адказнасці. І ў гэтым бяда! Бяда ўрада, што ён ўзгадаваў такі кластар прадпрымальнікаў. І бяда дзяржавы, што яна ўзгадавала тэндэнцыю сацыяльнага ўтрыманства, захавала яе з савецкіх часаў. Калі нам дрэнна — пойдзем і залезем у кішэню да дзяржавы! А не пойдзем і самі для сябе нешта зробім… Вось гэтым сацыяльна-эканамічным утрыманствам напоўнена зараз усё.

Еўрарадыё: Сапраўды, сацыяльная адказнасць дзяржавы перад бізнэсам зараз успрымаецца менавіта як гарантыі таго, што заўтра людзі не апынуцца на вуліцы праз няўдалыя дзеянні кіраўніцтва…

Жанна Грынюк: Мне здаецца, што зараз вельмі ўзрастае значэнне лідара краіны. І яго галоўная функцыя, на маю думку, заключаецца ў тым, каб стымуляваць у людзях адказнасць за іх эканамічную бяспеку. Бо да гэтай пары гарантам эканамічнай бяспекі любога чалавека ў краіне была дзяржава. І вось, як толькі завагалася ідэя ўрада, як толькі на пачатку крызіса ўзнік інфармацыйны вакуум і ўрад змоўк — змоўк цалкам натуральна, бо не ведаў, што рабіць, і назіраў за сітуацыяй, — у нас пачалася паніка. Паніка, ажыятаж. І гэта таксама былі цалкам натуральныя рынкавыя працэсы, звязаныя, з аднаго боку, з аб’ектыўнымі эканамічнымі працэсамі, а з іншага — з інфармацыйнай палітыкай, якая дагэтуль адсутнічае.

“Чалавечыя пакуты — гэта плата за любую перабудову”

Еўрарадыё: Вы маеце стасункі і з чыноўнікамі, і з прадстаўнікамі бізнэс-сферы. Ці захоўваецца дагэтуль насцярожанасць і, можна сказаць, недавер да лібералізатарскіх ініцыятыў?

Жанна Грынюк: І ва ўрадзе, і ва ўсёй вертыкалі існуюць два лагеры, раздзеленыя каштоўнаснымі, ментальнымі бар’ерамі. Гэта яўныя прыхільнікі і яўныя праціўнікі лібералізацыі. Праблема ў тым, каб сёння аб’яднаць дзве гэтыя скрайнія пазіцыі. Я чула і тую, і другую. У прыватнасці, падчас паездак па рэгіёнах сутыкаешся з вельмі агрэсіўнай сілавой пазіцыяй. Калі мясцовыя ўлады — дэпутаты мясцовых саветаў — кажуць, што неабходна данесці да прэзідэнта інфармацыю пра рост коштаў, а тыя прадпрыемствы, якія кошты ўздымаюць, трэба заклікаць да адказнасці ці пакараць. Гэтая пазіцыя, на жаль, і сярод насельніцтва, і сярод уладаў вельмі папулярная. Але гэта чыстай вады папулізм — біць сябе ў грудзі і крычаць: я доўга на гэта ўсё глядзець не буду, я хутка з вамі разбяруся і навучу вас парадку! Але трэба разумець, што, акрамя пратэстных настрояў, такія заявы не фармуюць нічога! Замест гэтага трэба, каб лідары, у тым ліку і чыноўнікі на месцах, уплывалі на фарміраванне рацыянальных, адказных эканамічных паводзінаў. Новых эканамічных паводзінаў. Гэта самае галоўнае.

Што ж да прадпрымальнікаў, дык уся сітуацыя крызісу прадэманстравала, што ў краіне нізкі ўзровень даверу да ўрада краіны. А ў прадпрымальнікаў дык і ўвогуле ўжо сфарміраваўся рэфлекс: ад крокаў насустрач прадпрымальніцтву яны заўжды чакаюць нейкай пасткі. Таму дзяржава мусіць у дыялогу з бізнэсам узяць курс на прыватнае і дзяржаўнае партнёрства. Калі дзяржава будзе бачыць у прадпрымальніках не толькі стваральнікаў новых працоўных месцаў, якіх можна “даіць” (а ва ўмовах лібералізацыі “даіць” больш эфектыўна) — давер не наладзіцца ніколі. Але менталітэт партнёрства ў краіне не сфарміраваны. А гэта і ёсць аснова ўстойлівага развіцця! Мы па-ранейшаму не давяраем адно аднаму і ўсе трымаем у кішэнях дулі. Бізнэс глядзіць у свой бок, дзяржава — у свой, а насельніцтва — у свой… Таму і патрэбнае краіне новае лідарства, якое нас інтэгруе і накіруе на рашэнне агульных праблем.

Еўрарадыё: Калі крызіс 2011 года — гэта толькі сігнал, дык чым пагражае беларусам наступны крызіс, які пацягне за сабой спробы дзяржавы ўсё ж стымуляваць лібералізацыю? Бо з тым, каб кіраваць адказна, здолеюць справіцца далёка не ўсе прадпрыемствы…

Жанна Грынюк: Я заўжды думаю пра тое, якую цану беларусы заплацяць за ліберальныя пераўтварэнні. Але чалавечыя пакуты — гэта плата за любую перабудову. На жаль, так пабудаваная чалавечая псіхалогія. І вось меру гэтых пакутаў дзяржава якраз можа зменшыць — за кошт моцнай інфармацыйнай кампаніі, за кошт папулярызацыі каштоўнасцяў свабоднага, самастойнага эканамічнага развіцця. А не проста закінуць людзей у плынь лібералізацыі — і выплывайце, як хочаце. У тым і заключаецца сацыяльная адказнасць дзяржавы перад усімі грамадзянамі краіны: каб інвеставаць сёння не толькі ў прылады і абсталяванне, але і ў чалавечы капітал. І калі мы гэтыя інвестыцыі туды накіруем — мы здолеем пазбегнуць чалавечых пакутаў.

“Нашыя сем’і вывучылі бездапаможнасць”

Жанна Грынюк: Нам нічога не каштуе сёння навучыць кіраўнікоў новым метадам кіравання. А хатніх гаспадыняў навучыць кіраванню фінансамі ўласнай сям’і. Навучыць шукаць дадатковыя крыніцы фінансавання, а не проста сядзець на ільготных крэдытах і заробку. Увесь свет сёння развіваецца ў напрамку альтэрнатыўных крыніцаў прыбытку для сем’яў. Але ёсць і такая дэфініцыя ў псіхалогіі — «вывучаная бездапаможнасць». Нашыя сем’і вывучылі бездапаможнасць — акрамя ільготных крэдытаў і заробкаў, яны больш нічога не хочуць ведаць і мець.

Еўрарадыё: На асэнсаванне і выхаванне ліберальнага мыслення беларусам спатрэбяцца гады — калі не цэлыя пакаленні…

Жанна Грынюк: Ведаеце, я аптыміст. Калі канцэпцыя лібералізацыі ў краіне будзе граматна распланавана, і калі рэалізоўваць гэты план будзе моцная, прафесійная, ліберальна арыентаваная каманда, са структурнымі пераўтварэннямі ў эканоміцы Беларусь можна справіцца вельмі аператыўна. Цягам двух-трох гадоў. Чаму я так думаю? Нашыя даследаванні ўвесь час паказваюць: у Беларусі галоўным рэсурсам з’яўляецца чалавек. Людзі сапраўды талерантныя. Справядлівыя. Працаздольныя. І гэта не толькі паводле нашых унутраных ацэнак. Мы апытвалі і замежнікаў, і атрымлівалі адказы, што ў параўнанні з замежнікамі беларусы — вельмі добрасумленныя. Здольныя да партнёрства. Адкрытыя да ўзаемадзеяння… Але гэты чалавечы капітал мы дагэтуль не здолелі арганізаваць — і гэта нашая вялікая праблема. Таму я ўпэўненая: калі мы не будзем мітусіцца з кута ў кут, а аддамо ўладу — на прадпрыемствах, у мясцовых саветах, у дзяржаве — маладым пісьменным кіраванцам, дык мы здолеем перабудаваць эканоміку краіны вельмі хутка.