Дырэктар BEROC тлумачыць, чаму ў Беларусі ніколі ня будзе беспрацоўя й чаму прадпрымальнікам важна адчуваць сябе героямі.

У Беларусі выдатны бізнэс-клімат, аднак разьвіцьцю прадпрымальніцтва перашкаджае нізкая якасьць адукацыі ды распаўсюджаныя ў грамадзтве стэрэатыпы. Так лічыць дырэктар Беларускага эканамічнага дасьледчыцка-адукацыйнага цэнтру (BEROC) Павал Данэйка. Беларускі экспэрт быў госьцем Міжнароднага эканамічнага форуму ў польскай Крыніцы. З Паўлам Данэйкам размаўляе Аляксандар Папко.

– Спадар Павал, скажыце калі ласка, ці добры бізнэс-клімат у Беларусі й як ён уплываае на актыўнасьць нашых бізнэсоўцаў?

П. Данэйка: Бізнэс-клімат у Беларусі добры. Беларусь займае 58-е месца ў рэйтынгу Doing Business, а Польшча займае ў ім 55-е. Весьці бізнэс у Беларусі сёньня нашмат камфортней, чым ва Ўкраіне ці Расеі. Статыстыка паказвае, што колькасьць малых і сярэдніх прадпрыемстваў расьце. З-за недакладнасьцяў беларускай статыстыкі рэальную дынаміку ўбачыць цяжка. Але яна ёсьць і яна пазытыўная.

– Як Вы тады пракамэнтуеце такія парадоксы, як нашмат меншая, чым у Эўразьвязе, колькасьць малых і сярэдніх прадпрыемстваў у пераліку на 1000 чалавек, вялікая колькасьць бізнэсоўцаў у турме, масавая эміграцыю маладых людзей, якія не знаходзяць сабе прымяненьня ў Беларусі?

П. Данэйка: Добрыя ўмовы вядзеньня бізнэсу мы маем на працягу апошніх 5-6 гадоў, а не 20 гадоў, як у Польшчы. Да гэтага беларускі бізнэс жыў у абсалютна іншых умовах. Бізнэсмэны выжылі ва ўмовах, калі іх толькі дустам не травілі. Акрамя гэтага, макраэканамічная сытуацыя да сёньняшняга дня дае такія аплявухі, якія ня кожны вынесе. Беларускі бізнэс прызвычаіўся выжываць у самых неверагодных умовах. Таму калі ўмовы сталі лепшымі (а яны цяпер вельмі пазытыўныя, стымулююць высокія тэмпы назапашваньня сродкаў), тыя, хто знайшоў свае нішы ў папярэднія гады, цяпер вельмі бурна разьвіваюцца. Сытуацыя канца 1990-х – пачатку 2000-х гадоў падштурхоўвала беларускіх прадпрымальнікаў да пошуку такіх мадэляў бізнэсу, якія цяпер вельмі пасьпяхова рэалізуюцца. Гэтая мадэль складаецца з экспартнай арыентацыі, даволі высокай інавацыйнасьці, нішавай стратэгіі. Мноства беларускіх бізнэсмэнаў цяпер актыўна канкуруюць на заходнеэўрапейскіх, амэрыканскіх, японскіх рынках. Чаму шмат бізнэсоўцаў сядзяць у турмах? Гэта спадчына мінулага – іх пасадзілі даўно. Я мяркую, што колькасьць крымінальных справаў, зьвязаных з эканамічнымі злачынствамі, цяпер зьніжаецца. У нас выдатная падаткавая сыстэма з пункту гледжаньня ставак і аб’ёмаў. Пры гэтым яна вельмі жорсткая ў пляне выкананьня. Таму сэнсу сыходзіць ад падаткаў, ствараць чорныя схемы ў Беларусі няма.

– Якія тады асноўныя праблемы стаяць перад бізнэсам? Што трэба пераадолець, каб было лепш?

П. Данэйка: Самая галоўная праблема – гэта недахоп кваліфікаваных кадраў: пачынаючы ад працаўнікоў і заканчваючы топ-мэнэджэрамі. Гэта праблема ўсёй эканомікі Беларусі. У нас яшчэ жывуць страхі 1990-х гадоў, што калі пачнецца прыватызацыя, у краіне будзе масавае беспрацоўе. Нават калі сёньня пачаць працэс прыватызацыі з жорсткай аптымізацыяй колькасьці працаўнікоў, то Беларусь ўсё роўна будзе пакутаваць ад недахопу працоўнай сілы. Магчыма, што ў некаторых прафэсійных групах будзе беспрацоўе, аднак у іншых недахоп рабочых рук будзе вельмі востры. Гэта галоўная праблема, якая спыняе разьвіцьцё бізнэсу й робіць нас непрывабнымі для замежных інвэстыцыяў. Адзінае, што мы маглі запрапанаваць – гэта кваліфікаваную працоўную сілу. А яе цяпер не хапае, і якасьць выклікае вялікія пытаньні, бо якасьць ВНУ падае.

– Спадар Павал, калі ёсьць такое запатрабаваньне ў прыватным сэктары, чаму беларуская моладзь не ідзе туды? Чаму маладыя людзі масава выяжджаюць за мяжу, знаходзяць сабе працу ў замежных карпарацыях і за мяжой адчыняюць свой бізнэс?

П. Данэйка: Прычынаў дзьве. Першая – гэта дэградацыя вышэйшай адукацыі. Другая прычына заключаецца ў тым, што мы маем вялікія магчымасьці для вядзеньня бізнэсу, але ня маем аптымізму. Для прадпрымальніка важнае пачуцьцё місіі. Ён павінен адчуваць, што робіць нешта, што грамадзтва ўспрымае з удзячнасьцю, што ён зьмяняе сьвет. Толькі так ствараюцца эфэктыўныя канкурэнтаздольныя бізнэсы. У Беларусі грамадзтва не захапляецца прадпрымальнікамі. Я б сказаў, што ў нас выдатныя ўмовы, але афіцыйная ідэалягема, прадстаўленая ў дзяржаўных СМІ, кажа, што прадпрымальнікі – гэта хоць і ня шкодныя людзі, але не героі.

Беларускае грамадзтва не выхоўвае ў людзях здольнасьці да рызыкі й інавацыйнасьці, якая патрэбна для бізнэсу – з жалем канстатуе Павал Данэйка. Пры гэтым у сфэры IT беларусы ствараюць дзёрзкія бізнэс-праекты, для якіх рынак – гэта цэлы сьвет. У бліжэйшай будучыні ў Беларусі працягнуць бурна разьвівацца інфармацыйныя тэхналёгіі й апаратныя сродкі, зьвязаныя зь імі. Добрая будучыня таксама чакае лягістыку – лічыць дырэктар Беларускага эканамічнага дасьледчыцка-адукацыйнага цэнтру.