Якія асаблівасці вядзення бізнэсу ў Беларусі палохаюць замежных інвестараў і ўскладняюць жыццё мясцовым прадпрымальнікам? Чаму ў інтарэсах дзяржавы падтрымліваць высокаінтэлектуальны бізнэс? Якім чалавекам трэба быць, каб весці тут сваю справу? Чым мы лепшыя за кітайцаў у пытаннях развіцця бізнэсу? У якіх напрамках бізнэсу дзяржава ставіць абмежаванні? Чым шкодныя для грамадства бясплатныя паслугі аховы здароўя і адукацыі? Пытаемся ў Аляксандра Сцепаноўскага, кіраўніка партнёра адвакацкага бюро «Сцепаноўскі, Папакуль і партнёры». Чарговае інтэрв’ю праекта «Культура паляпшае жыццё!»

— Я ўжо 20 гадоў у бізнэсе і магу сказаць, што за гэты час шмат што памянялася ва ўзаемаадносінах бізнэсу з грамадствам, з дзяржавай, уласна з бізнэсам… У дзевяностыя бізнэсоўцы стараліся любым спосабам зарабіць грошы, і казаць пра павагу да партнёраў, дзяржавы або супрацоўнікаў не даводзілася. Гэта быў час, калі ўзрываліся джыпы, не плаціліся падаткі, знішчаліся «непатрэбныя» дакументы — дзяржава была слабай і неспрактыкаванай у сферы рэгулявання праваадносін і не магла паўплываць на сітуацыю. Цяпер зусім іншыя ўмовы: палепшылася стаўленне грамадства да бізнэсу з аднаго боку, і бізнэсу да грамадства — з другога. Шмат у чым культурнаму вядзенню бізнэсу спрыяе выдатная ініцыятыва «Глабальная дамова». Гэта збор дзесяці прынцыпаў з галіны правоў чалавека, працоўных адносін, аховы навакольнага асяроддзя, барацьбы з карупцыяй і гэтак далей.

— Ці падтрымліваюць беларускія прадстаўнікі бізнэсу гэту дамову?

— У нас шмат кліентаў-беларусаў, сябраў «Глабальнай дамовы». Як правіла, гэта сур’ёзныя кампаніі, якія занятыя не толькі тым, што паспяхова вядуць свой бізнэс: яны таксама развіваюць уласныя праграмы, накіраваныя на дабрачыннасць, падтрымку спорту і культурных мерапрыемстваў. Сёння ўсё значна цывілізаванейшае, і цяпер бізнэс скіраваны не толькі на зараблянне грошай, але і на рэалізацыю найлепшых чалавечых памкненняў. У дзевяностыя над гэтым ніхто не задумваўся.

Але, на жаль, да цэласнага паняцця «бізнэс» Беларусі яшчэ далёка. Бізнэс у нас у краіне як бы ёсць, але, так скажам, дзвіжухі няма ніякай. Затое ёсць адчуванне застою, прасторы, у якой калі нешта і адбываецца, то вельмі складана і млява. Большасць прадпрымальнікаў скажа вам, што весці справы ў Беларусі цяжка, нявыгадна і нерэнтабельна. У гэтай сітуацыі натуральнае жаданне людзей ці нічога не рабіць, ці (калі ўсё ж ёсць імкненне працаваць і зарабляць) весці справы ў замежжы, дзе больш спрыяльныя ўмовы для прадпрымальніцтва.

Адзін з нашых кліентаў, жывучы і маючы бізнэс у Мінску, вымушаны быў зарэгістраваць прадпрыемства ў Латвіі, каб мець магчымасць ажыццяўляць гандлёвыя аперацыі з краінамі ЕС. Растлумачу: таварамі, паслугамі, арыентаванымі на сусветны рынак, лягчэй гандляваць з замежжа, чым з Беларусі.

— Гэта пытанне рэпутацыі краіны?

— Гэта пытанне стаўлення заходняга бізнэсу да Беларусі: недаверу, асцярогі… З гэтай прычыны як тэндэнцыю можна адзначыць міграцыю беларускіх бізнэсоўцаў у суседнія краіны і часцей за ўсё ў Расію. Расія — гэта не Еўрасаюз, вядома, але «ўпэўненасці ў заўтрашнім дні» ў прадпрыемства будзе ўсё ж больш, чым пры вядзенні справаў у Беларусі. Там бізнэс-клімат мякчэйшы, значна аб’ёмнейшы рынак, праверкі не такія частыя, як у нас. І, натуральна, на фоне «газпрамаў» нашы кампаніі выглядаюць зусім «бяскрыўдна» і не прыцягваюць увагі. Таму шматлікія беларускія прадстаўнікі дзелавых колаў пачынаюць «сплываць» у Смаленск, Бранск, Маскву, Калінінград. Гэта той жа беларускі бізнэс, але даход ад яго генеруецца ў Расіі, і падаткі з заробкамі плацяцца там жа, што прасцей і значна больш выгадна нашым прадпрымальнікам.

— Чаму Беларусь не прывабная для бізнэсоўцаў і інвестараў?

— Адна з прычын — непрадказальнасць, нестабільнасць і складанасць нашай заканадаўчай сістэмы. Павінная быць сталасць, патрэбная гарантыя таго, што, скажам, 10 гадоў наогул нічога мяняцца не будзе. Тады інвестары будуць дакладна разумець, як і па якіх правілах гуляць на нашым полі.

На дадзены момант у руках дзяржавы захоўваюцца кантрольныя пакеты акцый практычна ўсіх буйных прадпрыемстваў краіны. Інвестарам, зацікаўленым у тым ці іншым прадпрыемстве, даводзіцца весці дыялог з уладамі, якія вельмі непаслядоўныя і часта мяняюць умовы ўгоды. Неспрыяльных фактараў вельмі шмат: нестабільнасць заканадаўства, бюракратыя, карупцыя, нежаданне чыноўнікаў працаваць, пэўны палітычны імідж краіны, стэрэатыпы пра бяспраўе бізнэсоўцаў, пра нецярпімасць насельніцтва, нецывілізаванае і небяспечнае вядзенне справаў, частыя і неаб’ектыўныя праверкі…

— Гэта адпавядае рэчаіснасці?

— Шмат што — так, але тое, што я падкрэслена назваў стэрэатыпамі, не так адназначна. Цяпер нават з інтэрнэту можна даведацца, калі чакаць праверкі з боку дзяржорганаў, значыць, ёсць магчымасць падрыхтавацца да яе. Таму можна сказаць, што адносіны «дзяржава-бізнэс» палепшыліся за апошнія дзесяцігоддзі. Пацвярджае гэта і той факт, што нашы кліенты пры нязгодзе аспрэчваюць рашэнні падатковых органаў або Камітэта дзяржкантролю, чаго, да прыкладу, у пачатку 90-х і быць не магло. А прынцып «плаці падаткі — спі спакойна» цяпер сапраўды працуе. Раней, як бы ты ні стараўся, усё роўна што-небудзь парушаў.

Сёння стала лягчэй, хоць нашае заканадаўства даволі складанае для разумення, і заўсёды існуе рызыка парушыць што-небудзь па няведанні. Затое цяпер у краіне працуюць высакакласныя юрысты, да якіх заўсёды можна звярнуцца па кансультацыю. Культура вядзення бізнэсу адназначна перайшла на больш цывілізаваны ўзровень.

— Працягваючы развіваць тэму адносін «дзяржава-бізнэс»… Ці ідзе дзяржава насустрач маладым бізнэсоўцам?

— У нашай краіне існуюць дзяржаўныя праграмы па падтрымцы малога і сярэдняга бізнэсу. Але нельга сказаць, што яны дастаткова эфектыўныя — у іх адсутнічае комплексны падыход. Да таго ж, на шляху арганізацыі ўласнага бізнэсу ёсць перашкоды, якія ствараюцца ўладамі, напрыклад, у выглядзе падтрымкі на плыву дзяржаўных прадпрыемстваў, якія даўно не вырабляюць нічога вартага. У нашай невялікай краіне буйная вытворчасць можа мець месца, але беларусы — досыць актыўны і крэатыўны народ для таго, каб ствараць новыя прадпрыемствы і сучасны перспектыўны бізнэс.

Упэўнены, кіраўніцтва краіны ўсведамляе неабходнасць пераўтварэнняў, але баіцца пачынаць змяняць што-небудзь, бо змены выклічуць сацыяльную напружанасць у грамадстве. Аднак перамены непазбежныя: увесь свет мяняецца. Возьмем, да прыкладу, Кітай: паглядзіце, якімі тэмпамі развіваецца яго эканоміка! Дарэчы, Беларусь першапачаткова была ў больш выгадным становішчы, чым Кітай: у параўнанні з кітайцамі (якія спецыялізуюцца на капіяванні) мы больш хуткія, крэатыўныя, нас адрознівае гнуткае мысленне, мы здольныя генераваць новыя ідэі. Так, мы саступаем кітайцам у дбайнасці і стараннасці. Але наш «канёк» — крэатыўнасць: уласна, на творчым патэнцыяле нам і трэба сканцэнтраваць намаганні, каб знайсці сваю схему развіцця. Існуе маса прыбытковых і цікавых кірункаў у бізнэсе, якімі можна займацца ў Беларусі.

— Гэтак жа існуе яшчэ адна асаблівасць вядзення бізнэсу ў Беларусі: тут не скокнеш вышэй за галаву і звышпрыбытковую справу не ў кожнай сферы наладзіш.

— Так, у пэўных сферах вышэй за галаву не скокнеш, бо дзяржава стварае стрымальныя фактары ў гэтых галінах дзейнасці. Гэта адзін з момантаў, якія адпужваюць заходніх інвестараў. Памятаеце нядаўнюю гісторыю з «Камунаркай» і «Спартаком»? Мутная гісторыя, а для Захаду — зусім дзікая. Па шчырасці, я як юрыст-кансультант не раіў бы звязвацца з прыватызацыяй дзяржаўнай уласнасці. Але з іншага боку, магу сказаць, што бізнэсы, якія тут пачатыя з нуля, (новыя фабрыкі, заводы, пабудаваныя замежнымі інвестарамі) працуюць выдатна, без якіх-небудзь сур’ёзных праблем. Ну, вядома, калі не лезці туды, дзе дзяржава ставіць абмежаванні: у нафтавай і буйной хімічнай прамысловасці, у сферы здабычы калійных угнаенняў. Але я перакананы, што Беларусь можа зарабляць не толькі на гэтым.

— Якія напрамкі ў бізнэсе сёння цікавыя, перспектыўныя і не занадта рэгулююцца дзяржавай?

— Інтэлектуальныя тэхналогіі, інтэрнэт, рытэйл, будаўніцтва. Дзяржава проста не можа рэгуляваць напрамкі, у якіх выкарыстоўваюцца мазгі: «мозг» купіць білет і паедзе працаваць за мяжу. Таму ў інтарэсах дзяржавы падтрымліваць высокаінтэлектуальны бізнэс. Прызнанне нашых IT-кампаній у свеце кажа аб іх высокім патэнцыяле. Беларусы — разумны і творчы народ, і задача дзяржавы — зрабіць так, каб людзям было камфортна працаваць на сваёй радзіме.

— Але наш творчы патэнцыял пры першай магчымасці з’язджае за мяжу…

— Так, найлепшыя з’язджаюць, і нават маю кампанію час ад часу пакідаюць супрацоўнікі. За межамі Беларусі, у Маскве, напрыклад, яны знаходзяць больш аплачваную і цікавую працу. Мне няма чым іх утрымліваць: заробак юрыста ў Мінску і Маскве адрозніваецца ў 3-4 разы. Я магу забяспечыць ім вялікі аб’ём працы, але каб яны пачалі больш зарабляць, мне трэба падняць цэны на паслугі кампаніі да ўзроўню хоць бы паловы маскоўскіх. А гэта немагчыма, бо павышэнне цэн прывядзе да страты тых самых кліентаў. Таму, бачачы сітуацыю знутры, я разумею сваіх маладых калег, якія імкнуцца палепшыць жыццё з дапамогай пераезду ў іншую краіну. Я і сам тры разы спрабаваў з’ехаць у Маскву, але вяртаўся, бо менавіта тут адчуваю сябе на сваім месцы.

— Дык што ж робіць дзяржава, каб не страціць каштоўны творчы і інтэлектуальны патэнцыял?

— На жаль, дзяржава сваімі мерамі толькі патурае гультайству, забяспечваючы залішнія працоўныя месцы, выплачваючы зарплату, калі людзі нічога не робяць, а таксама ствараючы заканадаўчую базу, якая перашкаджае хуткаму звальненню работніка. Каб бізнэс развіваўся, я павінен хутка звольніць чалавека, калі ён не спраўляецца, і хутка наняць іншага. Я магу забяспечыць яму перакваліфікацыю — хай гэта будзе мой абавязак, але я таксама павінен мець магчымасць звольніць яго заўтра, я не магу ўтрымліваць яго месяцамі. Дзяржава расхалоджвае народ, заахвочвае бяздзейнасць, бясконца «апякае» ўсіх, даючы бясплатную адукацыю і медыцынскае абслугоўванне і тым самым патураючы безыніцыятыўнасці і пазбаўляючы народ якога-небудзь стымулу самастойна развівацца. Хай усё будзе платнае, але людзі павінныя несці адказнасць за свае жыцці самі. Сітуацыя ў краіне не зменіцца, пакуль мы самі не пачнем цікавіцца сваім лёсам, пытацца, за што плацім падаткі (як і куды яны ідуць), пакуль не пачнем рухацца, развівацца, імкнуцца да лепшага.

Нам пастаянна навязваюць стэрэатып пра «млявасць» беларусаў, пра іх «абыякавасць да жыцця»… Не дзіўна: маладому чалавеку 21 год, а ён яшчэ не ведае, дзе будзе працаваць: нейкая сумнеўная практыка, дзяржслужба, стабільнасць у бяздзейнасці. Было б добра, калі б улады абвясцілі: «Хлопцы, вы самі адказваеце за сваё жыццё, прагрэсуйце, а мы забяспечым вам усе ўмовы або прынамсі не будзем вам перашкаджаць! Для гэтага ёсць, напрыклад, праграма развіцця малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, праграма навучання за мяжой з абавязковым вяртаннем, бізнэс-трэнінгі, стабільнасць у падатковай і заканадаўчай сістэмах». Але ў нас у краіне нічога гэтага няма. І не будзе, пакуль мы не навучымся адказваць за сябе.

— Вы згадалі міфы пра «млявасць беларусаў», а ці ёсць нейкія нацыянальныя рысы характару, якія замінаюць культурнаму, цывілізаванаму вядзенню бізнэсу?

— Зразумела, што нямногія створаныя для таго, каб займацца бізнэсам — гэта ж адказна і накладае адбітак на стыль жыцця: ты пастаянна жывеш з думкамі, што трэба нешта рабіць, недзе шукаць новыя магчымасці, з кімсьці мець зносіны, кудысьці ехаць, пра нешта дамаўляцца. А нашы людзі, на жаль, па інерцыі з савецкіх часоў прызвычаіліся жыць павольна, без мэты, спадзеючыся на «авось»: а раптам не здарыцца, раптам праскочу. У тым, што на «авось» не варта разлічваць, нашых людзей вельмі складана пераканаць. На Захадзе людзі, перш чым пачынаць уласную справу, прыходзяць на кансультацыю да юрыста, пралічваюць усе хады наперад, не баючыся заплаціць за сваю ўпэўненасць лішнюю капейку. У нас жа наадварот: спачатку наварочаюць справаў, а потым плацяць (прычым з радасцю і ў пяць разоў больш, чым маглі б заплаціць спачатку) за тое, што ім дапамогуць вырашыць праблемы.

— Каб сёння весці бізнэс у Беларусі, якім трэба быць чалавекам?

— 95-97% беларускага бізнэсу робяць цалкам прыстойныя сумленныя людзі, якія сапраўды любяць гэтую краіну, разумеюць, што тут вельмі камфортна жыць, і спрабуюць нешта зрабіць для Беларусі. Уласнае асяроддзе — для нас гэта важна. У Мінску мы не адчуваем сябе нацыянальнай меншасцю, як, напрыклад, масквічы ў Маскве. Але вось што забаўна: пакуль мы прайграем масквічам у культуры вядзення бізнэсу. Яны працуюць больш і больш інтэнсіўна, як правіла, усе іх крокі вывераныя і дакладныя. А нас характарызуе нізкі ўзровень адказнасці пры выкананні бізнэс-задач і спантаннасць у дзеяннях і рашэннях. З іншага боку, я не ўпэўнены, што нам трэба падладжвацца пад расійскія стандарты. Больш важна, па-мойму, знайсці ўласны, уласцівы менавіта беларусам стыль вядзення справаў: зразумець, што такое самапавага, дзелавая хватка, ініцыятыва. Можа, тады і ў нашым бізнэсе пачнецца сапраўдная перспектыўная «бізнэс-дзвіжуха».