Сёння ў нашай газеце адбылася “прамая лінія” з удзелам старшыні праўлення Нацыянальнага банка Надзеі Ермаковай. Нашых чытачоў хвалявалі розныя пытанні – ад верагоднасці дэвальвацыі да прыватных жыццёвых праблем. Пасля размовы з людзьмі кіраўнік галоўнага банка краіны абагульніла адказы на асноўныя пытанні.

Дэвальвацыі не будзе

Надзея Ермакова заявіла, што не трэба чакаць дэвальвацыі. Яе не будзе. І увогуле стабільнасць у краіне залежыць ад кожнага: “Трэба разумець, што не ад грашова-крэдытнай палітыкі і не ад банкаўскай сістэмы залежыць стабільнасць. Яна ў першую чаргу залежыць ад працы эканомікі. Таму я скажу так: калі мы ўсе разам будзем добра працаваць, цалкам аддавацца працы, а не проста прыходзіць і сыходзіць, то ўсё ў нас будзе стабільна. Таму што грошы напрацоўваюцца толькі ў вытворчасці. А мы ўжо потым абслугоўваем іх. Як будзем працаваць, так будзем і жыць”.

Валюту не забароняць

Старшыня Нацбанка пагадзілася, што адток рублёвых укладаў з банкаў ёсць. “Але ён, шчыра кажучы, не такі вялікі. У асобных банках назіраецца “плюс”, потым “мінус”. Па-рознаму. Але калі ўзяць агульную тэндэнцыю, то ёсць адток. Звязана гэта, у першую чаргу, з дэвальвацыйнымі чаканнямі, з недаверам да беларускага рубля. Але ж зразумела, што цяпер канец года: нехта хоча штосьці купіць, баючыся, што цэны зменяцца. На куплю нерухомасці шмат здымаюць. Нехта пераводзіць уклады ў валютныя. У той жа час, у лістападзе нават пачаўся аддок па валютных дэпазітах. Звязана гэта было з інфармацыяй, якая пайшла са СМІ аб тым, што ў Беларусі будзе забаронена хаджэнне замежнай валюты. Але гэта проста недарэчнасць. Як можна забараніць хаджэнне валюты, калі ўсе прадпрыемствы маюць экспарт, імпарт і разлікі ідуць у замежнай валюце?”.

Мікракрэдыты возьмуць пад кантроль

“На фоне таго, што ў банках высокія працэнтныя стаўкі па крэдытах, людзі ідуць у мікрафінансавыя арганізацыі, — кажа Надзея Ермакова. — Бо нікому не забараняецца па Грамадзянскім кодэксе пазычаць грошы. Пытанне толькі – пад якія працэнтныя стаўкі. Таму мы падрыхтавалі праект указа Прэзідэнта, які зараз знаходзіцца ў Адміністрацыі. Спадзяемся, што да канца года ён будзе падпісаны. І Нацбанк стане рэгулятарам і гэтых арганізацый. Тады мы, па-першае, прымусім іх зарэгістравацца. Сёння яны існуюць як звычайная юрыдычная асоба ці прадпрымальнік. А потым яны будуць рэгістравацца як кампанія, якая мае права прадастаўляць займы. Пасля будзем працаваць са стаўкамі такім жа чынам, як і з банкамі. Але яшчэ раз хочацца нагадаць, што людзі павінны рэальна ацэньваць свае сілы, калі бяруць любы крэдыт”.

Дэнамінацыя – налета наўрад ці

“Дэнамінацыя – гэта не аднадзённы працэс. І хутчэй за ўсё налета праводзіць яе не прыйдзецца. Умовай для дэнамінацыі павінна быць інфляцыя менш за дзесяць працэнтаў. А у нас яна пакуль двухзначная. Іначай цэны адразу падрастуць і зноў павялічыцца маса грошай, якая спатрэбіцца на абслугоўванне гэтых цэн. Друкаванне грошай – гэта вельмі дорага”, — нагадала кіраўнік Нацбанка.

Жыллёвае крэдытаванне адновіцца

“Я не магу зараз сказаць, якія будуць працэнты па жыллёвым крэдытаванні, калі яно адновіцца. Гэта будзе залежыць ад сітуацыі, якая складзецца ў эканоміцы. Але выдавацца такія крэдыты будуць. Зараз жа канец года, таму ў банкаў зніжаны рэсурсы”, — заявіла Надзея Ермакова. Сярод іншага яна таксама паведаміла пра шосты транш Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС, які чакала краіна напрыканцы года. Рашэнне аб яго выдзяленні, па словах кіраўніка Нацбанка, будзе прымацца ў першым квартале 2014-га. Надзея Ермакова расказала і аб іншых крыніцах папаўнення нацыянальных залатавалютных рэзерваў: “Гэта дадатнае сальда экспарту-імпарту, прыцягненне замежных інвестыцый у краіну, і продаж дзяржмаёмасці. А таксама размяшчэнне еўрабондаў”.