Размова з вядомым беларускім эканамістам Леанідам Заікам пра тое, што слухаць рэкамендацыі замежных дарадчыкаў варта, а жыць лепш сваім розумам.

— Леанід Фёдаравіч, сёння ў Мінску праходзяць мерапрыемствы, прымеркаваныя да 20-годдзя ўсталявання дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і іншымі дзяржавамі. Прыкладна 20 гадоў назад пачаліся наладжвацца і стасункі з фінансавымі ўстановамі глабальнага значэння: Сусветным банкам, Міжнародным валютным фондам і г. д. На іх прадстаўнікоў тады яшчэ, можна сказаць, савецкія эканамісты нярэдка глядзелі, як на прышэльцаў з космасу. Цяпер жа з вышыні пражытых гадоў рэкамендацыі тымі ўдзячнымі слухачамі ўжо ўспрымаюцца даволі скептычна. Між іншым, і вамі таксама. Па якіх прычынах, што здарылася?

— Змяніліся часы, змяніліся і мы. А тады, у 1991 годзе, адбыліся першыя кантакты з замежнымі эканамістамі, у тым ліку супрацоўнікамі Сусветнага банка. Памятаю, вельмі часта суразмоўцы не разумелі адзін аднаго, бо размаўлялі на розных эканамічных мовах, па-рознаму глядзелі на стан эканомікі і фінансаў у нашых маладых краінах. Мы, былыя савецкія рэспублікі, прасілі дакладных і ясных рэкамендацый, пыталіся што рабіць, а Захад цьмяна ўяўляў, што ж нам прапанаваць, як нам дапамагчы хутчэй выбрацца з багны эканамічных праблем. У 1993 годзе мне давялося ў Вашынгтоне сустракацца з вядучымі супрацоўнікамі Сусветнага банка і Міжнароднага валютнага фонду. Скажу шчыра, яны зрабілі на мяне не самае лепшае ўражанне. Падчас дыскусій, калі мы спрабавалі «выцягнуць» з іх карысныя парады, то яны часта адказвалі: вы самі шукайце выйсце, маўляў, вы лепш ведаеце сваю сітуацыю. Пасля тых сустрэч я прытрымліваюся трохі нахабнай пазіцыі: калі я з Беларусі, то я і ведаю лепш за іншаземцаў, што і як у нас трэба рабіць.

— Прабачце, але вы насамрэч, відаць, занадта самаўпэўнены. Калі слушная парада, то грэх яе не выкарыстаць. Ці так?

— Яно якраз так, але слухаць рэкамендацыі замежных дарадчыкаў трэба, жыць сваім розумам. Здаравей будзе. Наконт бяздумнага выканання парад самы яркі прыклад — гэта Кіргізія. Там надзвычай уважліва і паслухмяна ставіліся да ўсіх аўтарытэтных рэкамендацый звонку. Што б не раілі па прыватызацыі, грашовай палітыцы, скажам, эксперты Міжнароднага валютнага фонду, кансультанты з іншых арганізацый, кіргізы на чале з тагачасным прэзідэнтам Акаевым рэалізоўвалі ўсе парады з імпэтам і бездакорна. За гэта краіну заахвоцілі — першай сярод постсавецкіх рэспублік прынялі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю. А ў выніку атрымалася, што эканоміка паступова разбуралася і прыйшла ў заняпад, адначасова значна вырасла сацыяльнае напружанне ў грамадстве, пратэстныя настроі ахапілі розныя слаі насельніцтва. А далей — рэвалюцыі, узброеныя дзяржаўныя перавароты.

— Карацей, давярай, але правярай. Аднак як тады нам — беларусам, расіянам, украінцам — можна было «праверыць» рэкамендацыі адукаваных прадстаўнікоў з багатых капіталістычных краін, дзе і зарплаты былі непараўнальныя з нашымі, і ў магазінах усяго навалам, а ў нас народ душыўся ў чэргах за малапрывабнай і зусім не смачнай варанай каўбасой, элементарнымі спажывецкімі вырабамі.

— Сапраўды, тады шмат што рабілася шляхам спроб і памылак, бо развал СССР і лагера сацыялізму, што б сёння не казалі, застаў усіх знянацку. А таму ніхто — ні на Усходзе, ні на Захадзе — не ведаў, як сістэмна і з мінімальнымі матэрыяльнымі і маральнымі стратамі наладзіць пераход ад жорсткай цэнтралізаванай планавай эканомікі да рынкавай эканомікі з прыватнай уласнасцю, канкурэнцыяй, сваімі правіламі вядзення бізнэсу і свабодным гандлем. На гэты конт не было ні адпаведнага вопыту, ні ведаў, ні тэарэтычных распрацовак. Праўда, прыдумалі тэрмін — краіны з пераходнай эканомікай. Затое ў постсавецкіх рэспубліках быў моцна аслаблены дзяржаўны і грамадскі кантроль, што ў сваіх карыслівых мэтах выкарысталі прайдзісветы і махляры рознага калібру. Буйна расквітнела карупцыя, асабліва падчас бандыцкай прыватызацыі ў Расіі і ва Украіне.

Менавіта 20 гадоў назад пачаліся стварацца міфы аб заходняй панацэі для краін з пераходнай эканомікай, да якіх належыць і Беларусь. Але дзеля справядлівасці адзначу, што былі і карысныя размовы, дыскусіі з замежнымі экспертамі. Памятаю, на адной з сустрэч у Маскве расійскіх і беларускіх эканамістаў з вядомымі заходнімі калегамі мы даведаліся шмат цікавага. Быў змястоўным і першы тэматычны лекцыйны курс у Мінску па макраэканоміцы для адказных супрацоўнікаў дзяржапарату, выкладчыкаў эканамічных дысцыплін. Яго праслухалі, у прыватнасці, цяперашні міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Міхаіл Русы, іншыя вядомыя ў краіне людзі, якія займалі ці займаюць сёння далёка не апошнія пасады ў эканоміцы, дзяржаўным кіраванні. Разам з тым мы ўжо тады сутыкнуліся з праявамі заходняй эканамічнай міфатворчасці. Сярод міфаў самым вядомым стаў так званы «Вашынгтонскі кансенсус».

— Адкуль такая назва яго што, у Вашынгтоне прыдумалі?

— У «Вашынгтонскага кансенсусу» цікавая і павучальная гісторыя паходжання. У пачатку 90-х гадоў група эканамістаў і экспертаў у ААН, Сусветным банку і Міжнародным валютным фондзе ўзяліся за распрацоўку мадэлі рэформаў для краін з пераходнай эканомікай. Яе сутнасць зводзілася да трох асноўных агульных тэзісаў: стабілізацыя, лібералізацыя і інстытуцыянальныя пераўтварэнні. Аўтарамі мадэлі былі пераважна амерыканцы, адсюль і назва — «Вашынгтонскі кансенсус». Гэтая мадэль мала чым нагадвала кансенсус і не была падобна да праграмы захадаў і дзеянняў у нашым звычайным уяўленні. «Кансенсус» уяўляў сабой набор агульных пажаданняў.

Атрымалася так. Джон Уільямсан, супрацоўнік Сусветнага банка, штаб-кватэра якога знаходзіцца ў Вашынгтоне, правёў невялікае апытанне сярод знаёмых эканамістаў, палітолагаў, навукоўцаў і палітыкаў з мэтай высветліць, якія фактары эканамічнага росту з’яўляюцца галоўнымі для краін Лацінскай Амерыкі. Найбольш распаўсюджаныя адказы некалькіх дзясяткаў чалавек і ляглі ў аснову таго, што назвалі «Вашынгтонскі кансенсусам». Потым яго аўтары палічылі: выпрацаваныя імі высновы падыходзяць і краінам з пераходнай эканомікай Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Вось так у значнай ступені выпадкова вынікі аднаго нефармальнага апытання аднаго амерыканскага эканаміста-навукоўца для аднаго рэгіёна планеты сталі амаль ці не класічнай схемай правядзення рэформаў для былых савецкіх рэспублік. Самае цікае ў гэтай гісторыі тое, што прафесар Уільямсан быў вельмі здзіўлены тым, якую ўвагу ў свеце нечакана надалі вынікам яго апытання, неаднойчы выказваў сваё неразуменне з гэтай нагоды.

— Фармалізм у класічным выглядзе?

— Не зусім. «Вашынгтонскі кансенсус» набыў папулярнасць таму, што змяшчаў набор агульных дэкларацый і рэкамендацый, якія пры жаданні можна трактаваць вельмі шырока — так і гэтак, якія быццам бы падыходзілі кожнай краіне Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. У «кансенсусе» не было аніякай канкрэтыкі. А там прагна чакалі ад Захаду каштоўных парад, а лепш — рынкавай панацэі ад усіх шматлікіх эканамічных хвароб і праблем.

— Такое ўражанне, што сёння, пасля сумнавядомага іпатэчнага крызісу ў Злучаных Штатах, які паступова перарос у глабальны фінансавы крызіс; пасля падзей вакол Грэцыі ў Еўропе, якія пагражаюць развалам еўразоны, ужо знойдзецца мала ахвотнікаў верыць любому гэткаму «кансенсусу». Нават пры наяўнасці ў ім канкрэтыкі. Вы згодны?

— Часткова. Усе гэтыя 20 гадоў няспынна ішоў працэс актыўнага асэнсавання таго, што ёсць для нас на Захадзе карыснага і некарыснага, што варта пераймання, а на што лепш не звяртаць увагу. Эканамісты Беларусі, Расіі, Казахстана і Украіны працягваюць і зараз працаваць у кірунку ўзаемадзеяння з сусветнай эканомікай. Глабалізацыю ніхто не адмяняў. У сваю чаргу заходнія эксперты і даследчыкі больш прадметна і грунтоўна вывучаюць нас, параўноўваюць свае ранейшыя рэкамендацыі з сённяшнім днём у тых жа краінах Адзінай эканамічнай прасторы. Цяпер міжнародныя эксперты куды лепш валодаюць сітуацыяй. Між іншым, спецыялісты Сусветнага банка загадзя прадказвалі глабальны фінансавы крызіс, што гаворыць аб іх высокай кваліфікацыі.

Не варта забываць, што Сусветны банк і Міжнародны валютны фонд працуюць як камерцыйныя фінансавыя структуры: грошы бяруць пад адзін працэнт гадавых, скажам, у Швецыі ці Японіі, а нам даюць ужо пад пяць працэнтаў. Яны зарабляюць на нас. Не трэба мець аніякіх ілюзій наконт іх дабрачыннасці.

— Леанід Фёдаравіч, раней часта можна было пачуць крытычныя заўвагі аб тым, што ў Сусветным банку і ў Міжнародным валютным фондзе на першых ролях зашмат прадстаўнікоў ЗША. А што вы думаеце наконт гэтага?

— Сёння сітуацыя крыху іншая. У офісах гэтых фінансавых структур, напрыклад, у Сусветным банку, ужо больш працуе сацыялістаў з Лацінскай Амерыкі, прадстаўнікоў Індыі, некаторых іншых азіяцкіх і нават афрыканскіх краін. Там мала еўрапейцаў, напрыклад, немцаў ці французаў, у Сусветным банку іх чамусьці не любяць.

— Калі прадоўжыць развіццё вашага тэзісу б неабходнасці «жыць сваім розумам», то ці трэба нам надалей шчыльна супрацоўнічаць з глабальнымі фінансавымі структурамі, рэгулярна запрашаць іх місіі да нас?

— Па вялікім рахунку сёння Сусветны банк і Міжнародны валютны фонд нам не вельмі патрэбны. Яны цікавыя для нас з пункту гледжання статыстыкі, прагнозаў на бліжэйшую і далёкую перспектыву. Прагнозы — паўсядзённая практыка ў дзейнасці Сусветнага банка. Яго супрацоўнікі, якія ўяўляюць сабой міжнародную зборную каманду кваліфікаваных эканамістаў, пастаянна аналізуюць справаздачы больш чым 170 краін свету і на базе зробленых высноў імкнуцца прадказаць шляхі эканамічнага развіцця планеты. У гэтым сэнсе Сусветны банк і Міжнародны валютны фонд ўяўляюць для нас каштоўнасць.

Як і аператыўная аналітыка экспертамі гэтых структур сучасных падзей і з’яў ў эканоміцы і фінансах. Напрыклад, у свеце ўзнікла новая дагэтуль з’ява — у маштабах планетарнай вытворчасці экспарт пачаў пераважаць над імпартам — быццам бы нехта робіць глабальныя прыпіскі. Хоць па логіцы паказчыкі экспарту і імпарту павінны быць роўныя, як той казаў, па нулях і без аніякіх разбежак. Але яны, тым не менш, узніклі ў выніку пэўных працэсаў, чым выклікалі заклапочанасць многіх эканамістаў: як такое здарылася?

— І чаму ж разам усе краіны свету больш прадаюць, чым купляюць?

— Утварыліся механізмы падзелу тэхналагічных працэсаў унутры карпарацый, у практыку ўвайшлі так званыя трансфертныя цэны, маніпуляцыі з капіталам і г.д. Усё гэта і паспрыяла ўзнікненню гэтай новай з’явы. На яе звярнулі ўвагу якраз эксперты Сусветнага банка. Але да іх парад і рэкамендацый, якія ўвогуле тэарэтычна правільныя, усё ж варта ставіцца абачліва, крытычна іх асэнсоўваць, перш чым пачаць укараняць. Бо на нашай беларускай зямлі не кожная тэорыя прыжывецца і будзе эфектыўна працаваць.

— Няхай замежныя дарадчыкі многае «не даганяюць» у нашай рэчаіснасці, але чаму ж айчынныя эканамісты не складуць, скажам, свой «Мінскі кансенсус»?

— Некалі вядомы і таленавіты савецкі эканаміст Леанід Абалкін сказаў, што наша эканоміка будзе лепшай, калі будуць у нас і лепшыя эканамісты. На жаль, мала іх сёння. Па гэтай прычыне летась мы перажылі даволі моцныя фінансавыя і эканамічныя ўзрушэнні. Прафесійныя, з выдатнай адукацыяй і адпаведным досведам эканамісты — гэта своеасаблівыя фільтры, якія павінны не прапускаць эканамічна немэтазгодныя рашэнні, загадзя сігналізаваць уладам і грамадству аб іх небяспецы.