Парады дае вядомы бізнэс-кансультант Пітэр Уілкінсан.

Што рабіць бізнэсмэну, калі мытнікі затрымалі яго груз і патрабуюць хабар, каб хутчэй прапусьціць празь мяжу? Альбо што рабіць, калі ў замежнай краіне мясцовы чыноўнік “просіць” яго прафінансаваць дзяржаўны праект? Адказы на гэтыя пытаньні можна знайсьці у навучальным дапаможніку “Супраціў вымагальніцтву й хабарніцтву ў міжнародных зьдзелках” (Resisting Extortion and Solicitation in International Transactions), падрыхтаванага Transparency International. Нашым сёньняшнім суразмоўцам зьяўляецца адзін з аўтараў дапаможніка Пітэр Уілкінсан. Гэта бізнэс-кансультант, які шмат гадоў прысьвяціў барацьбе з карупцыяй у міжнародным бізнэсе.

Пітэр Уікінсан доўга працаваў у кампаніі IBM, затым кансультаваў брытанскія фірмы, якія вялі бізнэс на замежных рынках. У 2000 годзе ён стаў адным за суаўтараў першага Этычнага кодэксу для прыватных фірмаў – дакумэнту, які стаў узорам для кампаніяў па ўсім сьвеце.<!** Image 3 align=»middle» alt=»Фота: ‘Transparency International’ Lietuvos skyrius» sub=»Фота: ‘Transparency International’ Lietuvos skyrius» >П. Уілкінсан: Бізнэс-прынцыпы па змаганьні з карупцыяй (Business Principles for Countering Bribery) – гэта Этычны кодэкс для прыватных кампаніяў. Ён апісвае, як змагацца з карупцыяй — як унутры фірмы, так і пры перамовах з партнэрамі. Некалькі фірмаў папрасілі Transparency International распрацаваць такі кодэкс, які карыстаўся б павагай і аўтарытэтам. У 2000 годзе мы апублікавалі яго. У распрацоўцы бізнэс-прынцыпаў прымала ўдзел вельмі шырокае кола асобаў: навукоўцы, асацыяцыі прадпрымальнікаў, прафсаюзы, недзяржаўныя арганізацыі. Нам удалося распрацаваць дакумэнт, які паслужыў узорам для антыкарупцыйных кодэксаў па ўсім сьвеце. Падобныя дакумэнты прынялі ўплывовыя міжнародныя арганізацыі, такія як Арганізацыя эканамічнага супрацоўніцтва й разьвіцьця (АЭСР). Такім чынам, разам мы выпрацавалі глябальны стандарт таго, як павінен выглядаць сумленны бізнэс.

Ні для кога не сакрэт, што карупцыя – шырока распаўсюджаная ва Ўсходняй Эўропе праблема. Што трэба рабіць дзяржаве й грамадзтву, якія сур’ёзна вырашылі з карупцыяй змагацца? Міжнародныя арганізацыі стварылі добрыя ўзоры антыкарупцыйнага заканадаўства. Трэба іх прыняць і выконваць – кажа Пітэр Уілкінсан.

П. Уілкінсан: Transparency International ініцыявала распрацоўку міжнародных канвэнцыяў, якія павінны служыць узорам для нацыянальных законаў. Перадусім гэта Канвэнцыя ААН супраць карупцыі. Яна ўказвае, якія законы павінныя прыняць дзяржавы-падпісанты, якія ўстановы й мэханізмы стварыць. Варта зазначыць, што канвэнцыя скіраваная ня толькі супраць карупцыі дзяржаўных чыноўнікаў, але й супраць карупцыі ў прыватным бізнэсе. Другі важны міжнародны дакумэнт – гэта Канвэнцыя АЭСР ад 1997 году, якая датычыць карупцыі у сфэры кантактаў паміж дзяржаўнымі чыноўнікамі й замежным бізнэсам. Законы, якія караюць карупцыю ў зьнешнеэканамічнай дзейнасьці, нядаўна прынялі такія важныя краіны, як Расея і Кітай.

Аднак з выкананьнем міжнародных пагадненьняў існуюць вялікія праблемы. Антыкарупцыйныя канвэнцыі выконваюць сур’ёзна толькі краіны Захаду – канстатуе Пітэр Уілкінсан.

П. Уілкінсан: Канешне, добрыя законы важныя, але іх трэба выконваць. Трэба, каб дырэктары кампаніяў і чыноўнікі, замешаныя ў карупцыі, несьлі адказнасьць. А з гэтым вялікая праблема. Толькі палова краінаў, якія падпісалі Канвэнцыю АЭСР, яе выконваюць. Большая частка антыкарупцыйных расьсьледаваньняў праводзяцца ў дзьвюх краінах – Нямеччыне й ЗША. Трэба зазначыць, што антыкарупцыйнае заканадаўства ЗША ці нядаўна прыняты антыкарупцыйны закон Вялікабрытаніі вельмі суровыя. Калі, напрыклад, польская кампанія прысутнічае на брытанскім рынку, то яна можа быць прыцягнутая да адказнасьці за карупцыйнае злачынства, зьдзейсьненае нават па-за тэрыторыяй Вялікабрытаніі. Пад дзейнасьць амэрыканскага антыкарупцыйнага закону трапляе любая фірма, якая мае філіял ці вядзе бізнэс у ЗША.

Ня трэба быць занадта пэсымістычным. Значныя зьмены да лепшага назіраюцца сёньня ў Лацінскай Амэрыцы. Барацьба з карупцыяй – гэта працэс, які патрабуе часу, кажа экспэрт.

Што трэба рабіць бізнэсмэну, каб пазьбегнуць вымагальніцтва й хабару? Трэба быць загадзя падрыхтаваным да кожнай спэцыфічнай сытуацыі, а таксама інфармаваць як мага шырэйшае кола людзей – кажа Пітэр Уілкінсан. Сярод новага пакаленьня бізнэсмэнаў нецярпімасьць да карупцыі расьце – кажа экспэрт.

П. Уілкінсан: Маладыя людзі ў нашыя дні поўныя энэргіі й аптымізму. Яны не згаджаюцца цярпець карупцыю. Прыкладам могуць паслужыць падзеі ў арабскіх краінах. Там моладзь змусіла старыя карумпаваныя эліты адысьці ад улады. Каб гэта адбылося, трэба, каб людзі зразумелі, што такое карупцыя. Вельмі часта людзі яе проста не заўважаюць. Велізарныя мажлівасьці для барацьбы за сумленнасьць уладаў і бізнэсу нясуць “новыя СМІ”, інтэрнэт. Яны імгненна распаўсюджваюць інфармацыю, робяць мажлівым калектыўнае дзеяньне. Я лічу, што грамадзтвам па ўсім сьвеце вельмі не хапае антыкарупцыйнай адукацыі. Школы, унівэрсытэты, бізнэс-школы павінны мець спэцыяльныя заняткі, на якіх моладзі тлумачылі б эфэкты карупцыі й мэтады барацьбы зь ёю.

Навучальны дапаможнік па барацьбе з карупцыяй, Этычны кодэкс для бізнэсу, а таксама прыклады антыкарупцыйнага заканадаўства можна знайсьці на сайце Transparency International http://www.transparency.org/whatwedo/publications.