“Амерыка навучыла мяне разумець сабе цану. Можа, гучыць крышачку пафасна, але я дакладна ведаю, колькі каштуе мая праца і якія абавязкі ў мяне ёсць перад іншымі людзьмі. Я разумею, што ніжэй пэўнага ўзроўню даходаў не магу апусціцца”, – цікавымі фактамі свайго жыцця і працы ў ЗША дзеліцца Юрась Зянковіч, юрыст беларускага паходжання, які ўжо працяглы час жыве ў Злучаных Штатах Амерыкі.

– Ці даўно Вы з’ехалі з Беларусі? Ды і наогул раскажыце сваю гісторыю.

– У Амерыцы я жыву з 2007 года. Да эміграцыі быў адным з лідэраў Партыі БНФ і дэпутатам Мінскага раённага і Ждановічскага сельскага саветаў. Ад Партыі БНФ выбіраўся ў 2003 годзе. Апроч таго, я працаваў журналістам як у беларускіх выданнях, так і замежных. Атрымаў адукацыю на юрыдычным факультэце ва Украінскай акадэміі банкаўскай справы.

– Вы практыкавалі ў Беларусі як юрыст?

– Я займаўся больш норматворчай дзейнасцю ў мясцовым савеце. Я распрацоўваў шэраг праектаў – некаторыя з іх былі прынятыя, некаторыя не. У Беларусі я ўжываў свае юрыдычныя навыкі для самааабароны ад непрыемнасцяў і для абароны людзей, якія працавалі са мной у адной камандзе.

– Калі вы пераехалі ў Злучаныя Штаты Амерыкі, Вам прыйшлося зноў вучыцца. Раскажыце пра гэты вопыт.

– У ЗША дзейнічае абсалютна іншая сістэма права ў параўнанні, напрыклад, з Беларуссю. Злучаныя Штаты – краіна агульнага права. І розніца ў нас, як паміж шахматамі і шашкамі – нешта падобнае, але шмат якія рэчы працуюць абсалютна інакш. Каб займацца правам у Злучаных Штатах, абавязкова патрабуецца адукацыя ў краіне агульнага права.

Агульнае правіла – трэба адвучыцца ў юрыдычнай школе ў Злучаных Штатах і здаць адвакацкі экзамен. Зрабіць гэта можна ў любым штаце. Але ёсць пэўныя асаблівасці. Я, напрыклад, калі прыехаў у ЗША, жыў у штаце Каларада. Там правіла вельмі простае, але разам з тым вельмі жорсткае: каб атрымаць допуск да адвакатскага экзамену, трэба тры гады адвучыцца ў амерыканскай юрыдычнай школе. Круціся як хочаш, але тры гады мусіш адвучыцца. Гэта вельмі дорага і досыць доўга, асабліва для чалавека ў сталым узросце.

Таму я пераехаў у штат Нью-Ёрк, дзе дзейнічае больш ліберальнае права. Тут прызнаюць дакументы пра юрыдычную адукацыі з-за мяжы. Але трэба давучыцца яшчэ 1 год. І вось у Нью-Ёрку я закончыў юрыдычную школу пры Універсітэце Фордхэм (Fordham University School of Law). Апроч навучаньня ў магістратуры на працягу аднаго года, я здаў экзамен на званне адваката. Зараз чакаю афармлення ўсіх папер, недзе на пачатку наступнага года павінны даць ліцэнзію.

Дарэчы, ліцэнзія адваката дазваляе практыкаваць толькі ў тым штаце, дзе ты яе атрымаў. Паколькі ў ЗША дзейнічае падвойная юрысдыкцыя, то федэральныя суды прызнаюць любую амерыканскую ліцэнзію, але ў штатных судах можна працаваць толькі ў тым штаце, дзе ты ліцэнзаваны. Як правіла, юрысты ў ЗША маюць максімум 2-3 ліцэнзіі. Такога, каб працавалі па ўсёй краіне, не бывае.

– Да гэтага Вы там не практыкавалі?

– Не, практыка без ліцэнзіі з’яўляецца крымінальным злачынствам. Увогуле ЗША – краіна, якая паважае ліцэнзіі, вельмі паважае вузкую спецыялізацыю ў нечым. То бок, каб быць водаправодчыкам, патрэбна атрымаць ліцэнзію. Каб быць кіроўцам-дальнабойшчыкам, таксама, каб быць доктарам – атрымай ліцэнзію. Каб стаць юрыстам, трэба таксама атрымаць ліцэнзію.

Афіцыйна я не маю права аказваць юрыдычныя паслугі ў ЗША. Але не ўсё, з таго, што я раблю, адносіцца да галіны юрпаслуг. Напрыклад, зарэгістраваць кампанію можа любы. Адчыняць рахунак у банку можа любы. Кансультаваць па аспектах беларускага заканадаўства па працы ў Злучаных Штатах можа той, хто разбіраецца ў гэтым. Я разбіраюся. Маю пэўны досвед працы ў Беларусі, маю пэўныя сувязі, валодаю англійскай мовай і маю пэўную падрыхтоўку.

Я стараюся не пераходзіць мяжу. Я не магу, напрыклад, прадстаўляць кліента ў судзе, але даць пэўны каментар наконт ягонай бізнэс-сітуацыі магу. З нецярпеннем чакаю, калі ўжо з’явіцца ліцэнзія, каб працаваць паўнавартасна.

– Хто разам з Вамі вучыўся?

– Што цікава, ва ўніверсітэце Форхдэм я першы выпускнік юрыдычнага факультэта з Беларусі. А наогул у нас на курсе было каля 150 чалавек з 40 краінаў. Былі дзве дзяўчыны з Расіі, адна засталася маёй вельмі добрай сяброўкай. Яна таксама жыве ў Нью-Ёрку, а да пераезду ў Амерыку працавала загадчыцай юрыдычнага аддзелу ўпраўлення “Газпраму” па Санкт-Пецярбурзе і вобласці.

– А што прывяло яе ў ЗША?

– Каханне – яна ажанілася з амерыканскім юрыстам савецкага паходжання. Муж яе абслугоўвае на Уолл-стрыт Нью-Ёркскую фондавую біржу. Яны зараз вельмі шчасліва жывуць у Нью-Ёрку. Канешне, яна разумее, што матэрыяльна крышачку згубіла, але навёрствае. Ужо здала экзамены і таксама афармляе ліцэнзію. Яна добры спецыяліст у галіне карпаратыўнага права.

– Чым адрозніваецца юрыдычны бізнес у ЗША ад юрбізнесу ў Беларусі?

– Асноўнае адрозненне нашай сістэмы кантынентальнага права ад агульнага права ЗША ў тым, што мы жывем па, так званым, “пісаным” законе: чытай Кодэкс, чытай закон – рабі так, як напісана ў законе.Агульнае права пабудавана па іншым прынцыпе: закон мёртвы, пакуль суд не патлумачыў, як яго выкарыстоўваць. Краіны агульнага права ставяць на першае месца прэцэдэнты. Усё агульнае права – гэта гісторыя прэцэдэнтаў. Я разумею, што гэта спрашчэнне, але так прасцей патлумачыць розніцу.

Тлумачэнні любых тэрмінаў былі калісьці дадзены судамі, у некаторых выпадках яшчэ сярэднявечнай Велікабрытаніі. Таму калі рыхтуюцца юрыдычныя дакументы, мы спасылаемся не столькі на законы, колькі на судовыя рашэнні. Гэта асобны юрыдычны навык – як хутка знаходзіць патрэбныя судовыя рашэнні. Раней практычна ў кожнага юрыста стаяла цэлая стойка з рашэннямі судоў за шмат гадоў.

Зараз гэта ўжо лягчэй рабіць, таму што ёсць электронныя базы даных. У Амерыцы, у прыватнасці, ёсць кампаніі, якія прадастаўляюць такія паслугі юрыстам. Дзве найбуйнейшыя з іх – гэта Westlaw ды LexisNexis . Ёсць і драбнейшыя. Яны маюць доступ да інфармацыйных рэсурсаў, у прыватнасці па базе даных судовых рашэнняў судоў усіх узроўняў па ўсёй краіне і нават за мяжой, нават да сярэдзіны ХІХ стагоддзя. Яны даюць доступ таксама да базы дзеючага заканадаўства, да навінавых стужак і, калі гэта вельмі патрэбна, да пэўных баз даных па жыхарах краіны.

Напрыклад, многія лічаць, што у Амерыцы можна жыць так, што ніхто ніколі не даведаецца пра цябе ніякіх падрабязнасцяў. Гэта няпраўда. Юрысты маюць доступ да пэўных баз даных. Практычна, маючы імя чалавека, дату нараджэння і месца жыхарства, можна даведацца шмат цікавага. Гэта бачна па Расіі, дзе апазіцыя пад кіраўніцтвам А. Навальнага раз-пораз выцягвае інфармацыю пра незаконную нерухомасць у ЗША расійскіх чыноўнікаў. Таму што база даных нерухомасці ЗША – публічная інфармацыя. Калі ўмееш ёю карыстацца, можаш знайсці нерухомасць любога чалавека.

– А ці ёсць рэцэпт, як стаць паспяховым юрыстам у Амерыцы?

– У юрыдычнай прафесіі столькі аспектаў, што вельмі цяжка сказаць, хто паспяховы, а хто не. Вось, напрыклад, муж маёй сяброўкі – Барыс – працуе, як я казаў, на Уолл-стрыт. Але ён не валодае ўласным бізнесам. Ён наёмны працаўнік. Ці можна сказаць, што ён не паспяховы, калі яго заробак складае некалькі соцен тысяч долараў у год?

Так званыя Big Law – вялікія юрфірмы Амерыкі, куды кожны юрыст марыць патрапіць, – даюць табе на старт вялікія грошы, але яны і патрабуюць вельмі шмат. У цябе будзе ненармаваны працоўны дзень. Як правіла, больш за 2-3 гады такой працы ніхто не вытрымлівае. Але гэта магчымасць напрацаваць пэўныя сувязі, навыкі і зразумець правілы гульні. Таму маладыя выпускнікі амерыканскіх юршкол мараць патрапіць у такую вялікую кампанію, за 2-3 гады паправіць сваё матэрыяльнае становішча, расплаціцца часткова з крэдытамі за навучанне, а пасля думаць, што рабіць далей.

Для мяне ж больш важная незалежнасць. Магчыма, на старце ў мяне будзе менш даходу, але я сам сабе гаспадар. І ніхто не будзе мной камандаваць. Так што рэцэптаў вельмі шмат, гледзячы каму што больш цікава.

– Вы, напэўна, сочыце за навінамі з радзімы. Раскажыце пра свё стаўленне да закона “Аб адвакатуры”.

– У ЗША заўсёды існавала ліцэнзія адваката. Кожны пракурор, як і кожны суддзя ў ЗША маюць ліцэнзію адваката. Па сутнасці, ліцэнзія адваката – гэта допуск да юрыдычнай практыкі і прафесіі. Але, у адрозненні ад Беларусі, у ЗША вельмі жорсткія правілы прафесійнай этыкі і правілы прафесійных паводзінаў. За парушэнне гэтых правілаў адвакатаў караюць, часам нават пазбаўляючы ліцэнзіі. А застацца без ліцэнзіі – гэта значыць застацца без прафесіі. Цябе ніхто нікуды не возьме.

Існуюць на федэральным узроўні такія рамачныя правілы прафесійнай этыкі, якія штаты дапасоўваюць да сваёй сітуацыі. Але, напрыклад, штат Нью-Ёрк не выкарыстоўвае гэтыя рамачныя правілы – тут распрацавана свая прафесійная этыка. Агульныя падыходы, канешне, тыя самыя, але шмат нюансаў. У прыватнасці гэта этыка рэгулюе адносіны “адвакат-кліент”, “адвакат-адвакат”.

Вельмі жорстка ў Амерыцы рэгулююцца пытанні канфлікту інтарэсаў. Напрыклад, адвакат змяніў фірму. На новым месцы да яго прыходзіць новы кліент. І аказваецца, што раней гэты адвакат удзельнічаў у справе гэтага кліента, працуючы ў папярэдняй фірме, але абслугоўваючы інтарэсы іншага боку. У такім выпадку фірма абавязана адсекчы адваката ад любой інфармацыі аб гэтым кліенце, распрацаваць спецыяльныя працэдуры, каб ён практычна не мог атрымаць інфармацыю пра кліента. Гэта канфлікт інтарэсаў – ён ведае тое, чаго не павінен быў бы ведаць як адвакат гэтага чалавека.

Іншы прыклад – правілы працы з доказамі. Я праходзіў стажыроўку ў адной іміграцыйнай фірме, дзе быў такі яскравы прыклад. Чалавек афармляў свае міграцыйныя дакументы і меў глупства сказаць адвакату, што пэўныя доказы ў яго справе сфальшаваныя. Па правілах узаемаадносін “адвакат-кліент”, гэта павінна быць пахавана, і адвакат не мае права распаўсюджваць такую інфармацыю. З другога боку, адвакат не мае права выкарыстоўваць фальшывыя доказы, калі дакладна ведае, што яны сфальшаваныя. За парушэнне аднаго з гэтых правілаў – да пазбаўлення адвакацкай ліцэнзіі. У выніку кліенту было заяўлена, што ў такой сітуацыі фірма не можа прадстаўляць яго інтарэсы, ён павінен узяць сабе іншага адваката, які не будзе ведаць напэўна, што доказы сфальшаваныя.

– Чым адрозніваюцца беларускія кліенты ад кліентаў-амерыканцаў?

– Я планую працаваць у галіне бізнэсу і карпаратыўнага права. У мяне досыць шмат кліентаў з Беларусі, напрацаваных ужо зараз. Звярнуў увагу на тое, што нашы людзі часам не разумеюць правілы ўзаемаадносін “адвакат-кліент”. З аднаго боку, яны патрабуюць ад адваката больш, чым той можа даць па законе. З другога боку, часам баяцца даць адвакату інфармацыю, якая, як яны перакананы, можа дыскрыдытаваць іх.

Людзі не разумеюць, што адвакат – “магіла”. Тое, што сказана адвакату, ні ў якім разе не можа быць распаўсюджана. Гэта называецца прывілегіраваная інфармацыя. Ні суд, ні ФБР, ні паліцыя не маюць права загадаць адвакату раскрыць такую інфармацыю. І ні адзін суддзя ніколі не будзе выкарыстоўваць яе ў працэсе. Нават калі паліцэйскі ці пракуратура атрымалі гэтую інфармацыю і прадставілі ў судзе ў абыход правілаў, то гэта незаконныя доказы, якія суд не можа прыняць. Часам людзям даводзіцца тлумачыць, што для вырашэння справы патрэбна ведаць усе падрабязнасці, нават да крыміналу. Адвакат пра гэта будзе ведаць, але больш гэта нікуды не пойдзе.

З думкамі людзей, што яны багата заплацілі адвакату і цяпер ён павінен зрабіць за іх усё, я сустракаўся і ў Беларусі. Але ж адвакат, у Амерыцы ў прыватнасці, з’яўляецца дарадцам. Ён не абавязаны і не можа рабіць усё за кліента. Калі гаварыць, напрыклад, пра міграцыйныя справы, то гэта абавязак кліента – прынесці мне дакументы. Мая справа – аформіць іх належным чынам. Людзі крышачку здзіўляюцца: маўляў, за што мы табе плацім. Мой адказ: за тое, што я ведаю, якія вам дакументы будуць больш карысныя, якія менш. За тое, што я ўмею граматна выкласці. Мне кажуць: гэта я і сам магу. Добра, рабі сам. Поспехаў!

– І што адказваюць?

– Крыўдзяцца. Самае смешнае, што ў Амерыцы ўвогуле не прынята ў суд прыходзіць без адваката. Чалавек можа прадстаўляць сябе сам, але суддзя будзе глядзець на яго коса. Бо любы суддзя падыходзіць па такім прынцыпе: “Ты што самы разумны? Людзі тут вучыліся, практыкавалі шмат гадоў, а ты ўсё сам ведаеш?”

Я бачыў у судах такія сітуацыі, калі суддзя так ці інакш падказваў адвакату, што той робіць няправільна. Калі ж кліент прыходзіць без адвакату, суддзя прынцыпова нічога не падкажа, а заўважыць: “Я не твой адвакат. Наймі сабе адваката, які табе будзе падказваць”. Гэта, з аднаго боку, карпаратыўная салідарнасць. А з другога – агульныя прынцыпы амерыканскага жыцця: кожны павінен займацца сваёй справай.

– Хто Вашы асноўныя кліенты ў Амерыцы? З якімі пытаннямі звяртаюцца часцей?

– Пераважна я працую з грамадзянамі Беларусі, якія развіваюць стартап-праекты, звязаныя з высокімі тэхналогіямі. Ім трэба выбудаваць схему спрашчэння працы на амерыканскім рынку, які па-ранейшаму застаецца найбуйнейшым у свеце. Асабліва кірунак высокіх тэхналогій – шмат хто імкнецца ўвайсці на гэты рынак. І пэўная праблема ствараецца, калі працаваць з Беларусі.

– Чаму?

– Амерыканскія кампаніі не любяць працаваць з беларускімі банкамі. Бо трэба прадаставіць такі стос папер на кожны перавод, што прасцей адмовіцца ад працы з беларускім партнёрам, чым задавальняць выбрыкі нашых банкаў.

Адносна паслуг, я дапамагаю зарэгістраваць амерыканскую кампанію, адкрыць рахунак у амерыканскім банку. Для амерыканскай кампаніі гэта больш надзейны партнёр, і няма ніякіх праблем з банкаўскімі разлікамі. Ды і вельмі проста выконваецца: не трэба апраўдвацца, чаму, напрыклад, замест кампаніі А табе грошы перавяла кампанія Б. Гэта не справа банкаў – кантраляваць такія рэчы. Па вялікім рахунку, у Амерыцы ўвогуле нікога не хвалюе ўнутраная кухня фірмаў да таго часу, пакуль не ўзнікаюць праблемы: судовыя справы ці нейкі сур’ёзны крымінал.

А як гэтымі грашыма далей распараджаюцца кліенты, якія атрымалі іх на амерыканскую кампанію, іх асабістая справа. Хочуць – перавядуць у Беларусь па беларускіх банкаўскіх правілах, хочуць – могуць распараджацца, маючы грошы ў амерыканскім банку.

– Ці шмат у Вас канкурэнтаў на такім рынку?

– Канкурэнты ёсць, але, як правіла, гэта не юрысты. Я прадастаўляю больш комплексныя паслугі сваім кліентам, таму не магу сказаць, што ў маёй нішы ёсць нейкая рэальная канкурэнцыя. Сапраўды, у інтэрнэце можна знайсці шмат сэрвісаў па стварэнні кампаній у ЗША. Але што яны даюць? Апроч таго, якія даюць гарантыі?

У Злучаных Штатах даведацца, хто рэальна валодае кампаніяй, практычна немагчыма. Напрыклад, некалькі разоў сустракаўся з такімі афёрамі, дзе адну кампанію прадавалі двум-тром розным асобам. Я ж заўсёды асабіста размаўляю з кліентам, пытаюся пра ягоныя запатрабаванні, рэгіструю кампанію менавіта ў такой форме, якая патрэбна кліенту. І паколькі я юрыст, то за свае дзеянні адказваю. Як цывільнай і крымінальнай адказнасцю, так і ліцэнзіяй. Людзі ж, якія робяць такія афёры – прадаюць кампаніі некалькім асобам, ні за што не адказваюць. Яны хутка знікаюць, і шукаць можна вельмі доўга.

– Як Вы прывабліваеце сваіх кліентаў?

– Спачатку мне далі магчымасць зрабіць у Мінску прэзентацыю праз скайп. Зараз кліенты рэкамендуюць мяне адзін аднаму. Таму што паслугі, якія я аказваю, досыць унікальныя. Нават вельмі доўга шукаючы ў інтэрнэце, цяжка знайсці такі пакет, што я прапаную: рэгістрацыя кампаніі “пад ключ”, пад кліента, распрацоўка карпаратыўнай структуры, адкрыццё банкаўскага рахунку і далейшае юрыдычнае суправаджэнне дзейнасці гэтай кампаніі.

– Раскажыце пра самую цікавую справу за апошні час.

– Губляюся, з якой галіны выбраць: я займаўся міграцыйныйнымі справамі, крышачку грамадзянскімі. Напэўна, самая цікавая справа ў мяне яшчэ наперадзе. Прыадкрыю завесу: хачу ў ЗША адкрыць іск ад імя людзей, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Я знайшоў магчымасць, як гэта можна тут зрабіць. Думаю, будзе сапраўды цікавая справа.

Але гэта толькі планы. Дзеля працы над такім іскам патрэбна каманда, якую я зараз і пачынаю фарміраваць. У мяне ёсць пэўная група экспертаў. Ёсць людзі, якія гатовы ўнесці фінансаванне на першы час. У мяне, канешне, ёсць пацярпелыя – людзі, якія перажылі жах Чарнобыльскай аварыі, згубілі здароўе і зараз жывуць у ЗША.

– Ці хацелася б Вам вярнуцца ў Беларусь?

– Канешне, хацелася б. Аднак Амерыка навучыла мяне разумець сабе цану. Можа, гучыць крышачку пафасна, але я дакладна ведаю, колькі каштуе мая праца, якія абавязкі ў мяне ёсць перад іншымі людзьмі. Я разумею, што ніжэй пэўнага ўзроўню цэнаў не магу апусціцца. Таму вяртанне ў Беларусь – пытанне працы і даходаў, якія яна можна прынесці. Уласна гэта будзе для мяне асноўным крытэрыям, калі з’явіцца работа ў Беларусі.

– Але Вы разглядаеце такую магчымасць?

– Безумоўна, разглядаю.