У цяперашніх умовах цяжка казаць увогуле пра матываванасць да якаснага выканання сваёй працы беларускімі медыкамі, лічыць рэаніматолаг Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру «Маці і дзіця».

Праблемы беларускай медыцыны сталі адной з галоўных тэм у СМІ ў першыя тыдні 2014 году: кампанія па збору подпісаў у абарону правоў медыкаў хуткай дапамогі, гучны працэс па справе «Экамедсэрвісу», пратэсты супраць свайго становішча ў рэгіёнах… Пра балючыя пытаннi беларускай сістэмы аховы здароўя — у гутарцы Службы інфармацыі «ЕўраБеларусі»з рэаніматолагам Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру «Маці і дзіця» Андрэем Вітушкам.

— На медычную сістэму ў захаванні здароўя чалавека міжнародныя эксперты адводзяць толькі 10-15%. Астатняе – залежыць ад ладу жыцця чалавека. І вось гэтыя 10-15% сістэме ахове здароўя трэба належным чынам адпрацаваць. Каб зразумець, што з сістэмай аховы здароўя нешта не так, трэба прыйсці ў яе першаснае звяно – паліклініку. Кожны беларус, на жаль, прыйшоўшы па амбулаторную дапамогу можа зразумець, што нешта тут не тое. Тут і чэргі, тут і дэфіцыт спецыялістаў, прычым як шырокага профілю (участковы тэрапеўт, участковы педыятр), так і больш вузкай спецыялізацыі. Таксама і абсталяванне далёка не ва ўсіх месцах выклікае захапленне. Шмат увогуле асаблівасцяў, па якім можна зразумець, што ў беларускай сістэме аховы здароўя ёсць пэўныя праблемы.

— І якія найбольш вострыя?

— Трэба звярнуцца да тых мэтаў, якія павінна выконваць сістэма. Паводле меркаванняў тых жа экспертаў Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, гэтая сістэма павінна забяспечваць, па-першае, само здароўе насельніцтва ў межах сваёй кампетэнцыі, па-другое, фінансавую абароненасць хворага чалавека (пры ўзнікненні сур’ёзных праблемаў са здароўем чалавек не павінен, прыкладам, прадаваць кватэру, машыну і шукаць апошнія грошы па сваяках, каб вылечыцца), па-трэцяе, аптымальнае забеспячэнне тых патрэбаў, якія ёсць у насельніцтва ў плане лячэння розных хваробаў. То бок, калі большасць насельніцтва хварэе на тое, што лечыцца ў паліклініцы, то мусіць быць эфектыўная, добра развітае і выдатна функцыянуючае амбулаторнае звяно. У час, калі фармавалася савецкая сістэма аховы здароўя, дамінуючай праблемай былі інфекцыйныя захворванні. І каб яе вырашыць, патрабавалася шмат бальніц, дзе можна было хутка ізаляваць вялікую колькасць людзей і іх там вылечыць. І вось гэтая здольнасць аптымальна рэагаваць на запыты насельніцтва, звязаныя са здароўем, называецца адгукальнасць сістэмы. У нас праблема, безумоўна, з гэтай адгукальнасцю – тое, што мы бачым у паліклініках, якраз і ёсць праявы гэтага.

Найперш гэта вынік дысбалансу ў сістэме. У развітых краінах увага скіроўваецца на амбулаторнае звяно: паліклінікі, кабінеты лекараў агульнай практыкі, то бок чалавека стараюцца максімальна вылечыць менавіта ў амбулаторным звяне. Зараз ва ўсім свеце дамінуюць неінфекцыйныя паталогіі, тыя ж хваробы сэрца. Такія захворванні, з якімі чалавек, скажам так, жыве. Якія патрабуюць пастаяннага кантакта з лекарам, патрабуюць лекара, які ведае гэтага пацыента, які ведае гісторыю ягонай хваробы ад пачатку, патрабуюць пэўнай тэрапіі ці яе карэкцыі, парадаў, мадыфікацыі ладу жыцця гэтага хворага. То бок, яшчэ раз падкрэслю, патрабуецца пастаянны кантакт з лекарам. Таму большасць сродкаў у еўрапейскіх краінах – да 80% — скіроўваецца менавіта ў амбулаторнае звяно. У нас жа пакуль толькі абяцана – 40%. У Беларусі ўсё ж такі акцэнт зроблены на стацыянарнае лячэнне. Беларусь традыцыйна займае адно з першых месц у свеце па колькасці бальнічных ложкаў на душу насельніцтва. Гэта яшчэ савецкая спадчына, тое, пра што я казаў вышэй – арыентацыя на інфекцыйныя захворванні. У нашых еўрапейскіх суседзяў найбольш важнай фігурай ёсць лекар першаснага звяна, прычым з вельмі шырокімі кампетэнцыямі. Падлічана, што да 70% пытанняў стану здароўя чалавека, можа быць вырашана ў першасным звяне сістэмы аховы здароўя. Чаму ў Еўропе так? Гэта мадэль паказвае не толькі эфектыўнасць, але яна яшчэ і менш затратная з фінансавага боку. Стацыянарнае лячэнне – гэта вельмі дорага. Бальніца – тое месца, куды чалавек трапляе ў вельмі сур’ёзным стане, — такі падыход дамінуе ў Еўропе і ЗША. Адпаведна бальніцы там абсталяваны так, каб як мага менш чалавек там знаходзіўся. Сучасная стацыянарная медыцына – дарагая рэч, і яна штогод становіцца яшчэ больш дарагой, бо лячэнне робіцца больш высокатэхналагічным. І гэта патрабуе складанае апаратуры, складаных фармакалагічных субстанцый, больш высокай кваліфікацыі персаналу, абслугоўвання абсталявання. Тут яшчэ трэба ўзгадаць пра адзін сур’ёзны дысбаланс беларускай сістэмы аховы здароўя – маючы такі вялізны штат ложкаў, іх трэба абслугоўваць. І гэта таксама дорага. Таму зараз нашая сістэма знаходзіцца пад ціскам праблемы: як захаваць тое, што ёсць, і пры гэтым знайсці сродкі на падтрыманне ўсяго гэтага ў належынм стане. Безумоўна, у еўрапейскіх краінах, асабліва краінах старой Еўропы, на сістэму аховы здароўя ідуць непараўнальныя з беларускімі сродкі з дзяржаўнага бюджэту. У нас цягам апошніх год гэтая доля не перавышала 4%, у краінах кшталту Нямеччыны – 6-8%, у ЗША – 10-15%. Ды нават і ў новых краінах Еўрасаюзу… Вось, у Беларусі на аднаго чалавека прыходзіцца 300 долараў выдаткаў дзяржавы на медычнае абслугоўванне, у Літве – каля 800 долараў. У той жа час, паводле статыстыкі, сістэма беларускіх паліклікінік вытрымлівае ўдвая большы напор з боку грамадзян у параўнанні з еўрапейскімі краінамі. Можна па-рознаму да гэтага ставіцца, але больш-менш пакуль даем рады. Але, як адзначаюць міжнародныя эксперты, некантралявана доўга гэта працягвацца не можа. Тым больш, улічваючы нашу спецыфічную фінансава-эканамічную сітуацыю. Сістэма становіцца ўсё больш адчувальнай да знешніх дысбалансаў, да эканамічных умоваў.

— Апошнім часам шмат вялося пра тэхнічную мадэрнізацыю нашай сістэмы аховы здароўя. Як з гэтым справы?

— Была, безумоўна, праведзена вялікая праца – асабліва гэта тычылася месцаў інтэнсіўнай тэрапіі. Узровень абсталявання павялічыўся, але маючы еўрапейскай якасці апаратуру, яе трэба абслугоўваць. Немагчыма проста так вось набыць і ўсё на гэтым – трэба рэгулярна за ёй сачыць, забяспечваць расходнымі матэрыяламі, падвышаць узровень кваліфікацыі персаналу. І гэта адразу павялічвае выдаткі.

— Па якім шляху ўсё ж мусіць пайсці беларуская медыцына? Можа арыентацыя на платныя паслугі выратуе сітуацыю?

— Бясплатнай медыцыны не бывае ў прыродзе. Усё роўна чалавек тым ці іншым чынам аплочвае сваё лячэнне. Не існуе пакуль, на жаль, аптымальнай сістэмы фінансавання сістэмы аховы здароўя. Хутчэй, можна казаць пра разнастайнасць мадэляў. У большасці краінаў свету выкарыстоўваецца змяшаная мадэль – ёсць пэўная дзяржаўная падтрымка, але ёсць і праграмы як добраахвотнага, так і абавязковага страхавання. Справа нават не ў тым, што мы павінны выбраць нейкую пэўную сістэму. Бо гэта не самамэта, гэта толькі інструмент. Трэба шырокае абмеркаванне выпрацоўкі беларускай мадэлі сістэмы аховы здароўя – гэта датычыцца кожнага. Абмеркавання як грамадствам, так і адмыслоўцамі.

— Вы казалі пра дэфіцыт кадраў. Чаму ён ёсць, калі медычныя ВНУ стабільна выпускаюць спецыялістаў?

— Так, кадравы дысбаланс – адна з самых сур’ёзных праблем беларускай сістэмы. Значны дысбаланс на вёсцы/у горадзе, у паліклініцы/бальніцы. Не сакрэт, што больш прэстыжна працаваць у якой мінскай бальніцы, чым у амбулаторыі дзесьці на вёсцы. Праблема матывацыі лекараў да сваёй дзейнасці, як мне падаецца, ёсць адной з ключавых у нашай сістэмы аховы здароўя. У мяне складаецца такое ўражанне, што людзі, якія прымаюць рашэнні ў гэтай сістэме, яны лічаць, што хворых будуць лячыць адрамантаваныя сцены і набытае абсталяванне. Набудзем сучасны апарат для вентыляцыі лёгкіх – і ўсё закруціцца, і ў нас будзе еўрапейская медыцына! Але ж так не бывае. Медыцына – гэта сфера ўзаемадзення чалавека з чалавекам. І каб сістэма эфектыўна працавала, людзі павінны быць добра матываваныя. У цяперашніх умовах, умовах так званай «ураўнілаўкі» ў аплаце працы, у сітуацыі, калі заробак у медычнай галіне традыцыйна меншы на адсоткаў 20, чым сярэдні па прамысловасці, цяжка казаць увогуле пра матываванасць да якаснага выканання сваёй працы. Сярэдні беларускі лекар працуе на 1,4 стаўкі, і таму трэба не забываць дзяліць сярэднестатыстычны заробак яшчэ на гэты каэфіцыент – 1,4. І ў нас, насамрэч, вельмі неразвіты сектар прыватнай медыцыны, вельмі абмежаваныя магчымасці пачынаць сваю справу – хаця б прыватным кабінетам. Нельга рабіць працу свайго жыцця як загнаны конь. У нас ёсць такая показка пра тое, чаму лекары працуе менавіта на паўтары стаўкі. Бо калі ён будзе працаваць на адну, то есці яму не будзе за што, калі на дзве – то есці не будзе калі…