Грамадзянскай кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі» споўнілася 5 гадоў. Чаму ў нашай краіне ўчэпліва трымаюцца за смяротнае пакаранне? Ці зможам мы пазбегнуць крымінальных смерцяў суграмадзян ў агляднай будучыні? На гэтыя і іншыя пытанні адказвае вядомы юрыст, праваабаронца, у мінулым суддзя і адвакат Гары Паганяйла.

Пры наяўнасці смяротнага пакарання дарога ў Раду Еўропы зачыненая

— Параўнальна нядаўна Эдуарду Лыкаву, якому інкрымінавалі забойства ў стане алкагольнага ап’янення, вынеслі пакаранне ў выглядзе смяротнай кары…

— Наша дзяржава ўпарта працягвае практыку ажыццяўлення смяротных пакаранняў. І робіць гэта насуперак развіццю цывілізацыі. Ужо больш за 150 краін свету выключылі падобную меру пакарання з сваіх заканадаўстваў. Скажу больш: Беларусь засталася ў «ганарлівай» самоце ў Еўропе, практыкуючы смяротнае пакаранне. Сёння аўтарытарны рэжым Беларусі выкарыстае гэтую дыскусійную тэму для папулісцкіх маніпуляцыяў з грамадскай свядомасцю і палітычных спекуляцыяў з еўрапейскімі краінамі.

Але рэальнасць такая, што па названай прычыне мы нават фармальна не можам прэтэндаваць на ўступленне, да прыкладу, у Раду Еўропы, куды ўжо ўвайшлі ўсе рэспублікі еўрапейскай часткі былога СССР, у тым ліку Расея .

— Асноўны аргумент прыхільнікаў смяротнага пакарання ў Беларусі такі: пакаранне дае так званы выхаваўчы і стрымлівачы эфект. Маўляў, аднаго расстраляем за асабліва цяжкае злачынства, іншым непанадна будзе.

— На нашую думку, пры наяўнасці ў заканадаўстве Беларусі яшчэ адной выключнай меры пакарання ў выглядзе пажыццёвага зняволення за асабліва цяжкія гвалтоўныя злачынствы пакаранне смерцю двух-трох асуджаных цягам года не ўплывае ні на крымінагенную сітуацыю, ні на крымінальна-судовую практыку. Навязваемы нам міф пра тое, што смяротнае пакаранне з’яўляецца стрымліваючым фактарам і валодае эфектам застрашвання, не падмацаваны ні статыстычнымі дадзенымі, ні навуковымі даследаваннямі ў галіне крыміналогіі і крыміналістыкі. Пра гэта гаворыцца і ў рашэнні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь 2004-га года.

Чытаць цалкам