Або чаму выклікае спрэчкі новы праект закона пра геаграфічныя назвы

Згодна са зменамі, якія хочуць унесці ў заканадаўства, назвы геаграфічным аб’ектам у на­шай краіне можна будзе даваць не толькі па-беларуску (як цяпер), але і па-руску. Такі крок, калі ён будзе прыняты, пагражае не толькі стратай нацыянальнай тапаніміі, але і значнымі расходамі з дзяржаўнага бюджэту і блытанінай у назвах, якая асабліва недапушчальная сё­лета, у Год гасціннасці.

Змены прапаноўваецца ўнесці адразу ў два заканадаўчыя акты. У артыкуле 17 Закона «Аб назвах геа­графічных аб’ектаў» плануюць запісаць, што найменні цяпер могуць давацца не толькі на беларускай мове, а пасля спосабам транслітарацыі перадавацца на рускую, але і наадварот — на рускай мове, а з яе спосабам транслітарацыі перадавацца на беларускую. Тое ж датычыцца і артыкула 35 раздзела 5 За­кона «Аб мовах», дзе плануюць пазначыць, што ў Рэспубліцы Беларусь тапонімам (найменням населе­ных пунктаў, адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак, вуліц, плошчаў, рэк і г.д.) назвы могуць пры­свойвацца не толькі па-беларуску, але і па-руску.

Спецыялістам такія змены здаюцца не толькі што неабгрунтаванымі, але і вельмі небяспечнымі. Тым больш што існуючы Закон «Аб назвах геаграфічных аб’ектаў» быў прыняты зусім нядаўна, у 2010 го­дзе. Карэспандэнт «Звязды» сустрэлася са старшынёй Рэспубліканскай тапанімічнай камісіі пры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Ігарам КАПЫЛОВЫМ, які паведаміў, што Нацыянальная акадэмія навук, куды новы праект закона быў накіраваны для ўзгаднення, яго не падтрымала. Ён рас­казаў, чым абумоўлена такое катэгарычнае рашэнне, і дапамог больш дэталёва разабрацца ў некато­рых важных праблемах нацыянальнай тапаніміі:

— Ігар Лявонавіч, чаму навукоўцы не падтрымалі ідэю дзвюхмоўных тапонімаў?

— З аднаго боку, у краіне дзве дзяржаўныя мовы, нібыта, усё нармальна: і такі падыход камусьці зда­ецца слушным. Але з другога боку, рашэнні мясцовай улады звычайна прымаюцца на рускай мове, та­му і палажэнні па тапаніміі будуць зацвярджацца на ёй і толькі пасля транслітаравацца на беларускую. Гэта прывядзе да таго, што нацыянальны тапанімічны пласт пачне знікаць. Але трэба ўлічваць не толькі гэта, але і функцыянальны аспект. Калі вуліцу назваць па-руску Хозяйственной, то па-беларуску, віда­вочна, яна будзе пісацца як Хазяйственная, тое ж і з Можжевеловой і Мажжавелавай. Зразумела, што ў беларускай мове для абазначэння гэтых паняццяў прадугледжаны зусім іншыя словы. Самы яркі прыклад — вуліца Отрадная, якая ёсць амаль у кожным горадзе. Пры транслітарацыі яна будзе гу­чаць як Атрадная, прычым значэнне слова кардынальна мяняецца, узнікаюць асацыяцыі, звязаныя з узброеным фарміраваннем. Калі вуліцу Встречную запісаць як Устрэчную, то такім чынам, атрымліва­ецца, што мы ўзаконім «трасянку», а гэтага рабіць нельга.

— Тым больш што існуе закон, які быў прыняты ў 2010-м годзе…

— Вельмі добра, што такі закон з’явіўся. Патрэба ў ім наспела ўжо даўно, бо да гэтага існавалі толькі інструкцыі. Закон даволі дасканалы, бо прайшоў апрабацыю і працуе ўжо чацвёрты год. І я не бачу нія­кай неабходнасці ўносіць змены, тым больш у артыкул 17, які таксама папярэдне правяраўся. Такія праекты прымаюцца не проста так, да прыняцця Закон прайшоў узгадненне па многіх інстанцыях: у Мі­ністэрстве ўнутраных спраў, Міністэрстве замежных спраў, Міністэрстве культуры, Нацыянальнай ака­дэміі навук. Усе дэпутаты прагаласавалі за яго адзінагалосна. Да прыняцця такога заканадаўства наз­вы маглі давацца як па-беларуску, так і па-руску, прычым па многіх назвах немагчыма высветліць, на якой мове іх прымалі мясцовыя органы ўлады, паколькі рашэнні па гэтых пытаннях не захаваліся. Так, толькі ў адным Брэсце ёсць тры розныя вуліцы з назвамі Родниковая, Ключевая, Криничная, якія пры перакладзе на беларускую мову называюцца аднолькава — Крынічная. Зразумела, у такой сітуацыі хто заўгодна можа заблытацца….

— Што ж рабіць службовым асобам, якія дакладна не ведаюць, як назваць вуліцу ў сваім го­радзе?

— Калі мясцовыя органы сумняваюцца, як правільна будзе гучаць назва на дзвюх мовах, яны могуць звярнуцца ў Дзяржкартгеацэнтр пры Дзяржаўным камітэце па маёмасці або ў Рэспубліканскую тапані­мічную камісію пры Акадэміі навук Беларусі, якая мае статус навукова-кансультатыўнага органа. Мы паглядзім, наколькі добра назва перадаецца з адной мовы на другую, ці ўпісваецца ў тапанімічную сіс­тэму і як будзе выкарыстоўвацца на практыцы. На жаль, за апошні час ніхто з мясцовых органаў кіра­вання, акрамя Брэсцкага аблвыканкама, да нас не звярнуўся.

— Але ж скаргі пайшлі ў высокія інстанцыі?..

— Так. Напісалі, што нібыта ёсць праблемы з рэалізацыяй закона, што вельмі дрэнна працуе гэты арты­кул і транслітараваць з беларускай мовы на рускую складана. Канкрэтных імёнаў і арганізацый няма, але адзінае, што было пазначана: «Па ініцыятыве мясцовых органаў кіравання ўзнікла неабходнасць унясення змен у закон». Аднак ён прыняты з улікам сусветнай практыкі і самой спецыфікі тапаніміі.

— Атрымліваецца, гэта спецыфіка можа быць парушана?

— Тапонімы не толькі выконваюць адрасную функцыю, але і з’яўляюцца помнікамі гісторыка-культур­най спадчыны. Па тапонімах мы можам вывучаць усё: сацыяльна-эканамічную гісторыю народа, яго менталітэт, прыродна-геаграфічныя асаблівасці мясцовасці, праблемы паходжання этнасаў, шляхі міг­рацый народаў і страчаную лексіку. Уся гэтая каштоўная інфармацыя захавалася ў асновах тапонімаў і дайшла да нас праз стагоддзі, узбагаціўшы навуку, культуру, а разам з тым і ўвесь народ і краіну бяс­цэнным духоўным скарбам. Калі мы прымем такі закон, то ад нацыянальнай тапаніміі нічога не заста­нецца і мы фактычна знішчым частку нашай нематэрыяльнай спадчыны. Гэта падобна да таго, каб за­раз, напрыклад, да Чырвонага касцёла падагналі бульдозер і пачалі яго руйнаваць, бо ён не адпавя­дае нейкаму архітэктурнаму напрамку. Тут аналагічная сітуацыя, і дапусціць яе нельга.

— Аднак змены, пра якія мы гаварылі вышэй, — гэта не адзінае з прапанаваных новаўвя­дзенняў?

— Яшчэ адна прапанова змен у закон, якая цяпер разглядаецца, — прамы пераклад назваў. Гэта мен­шае зло, улічваючы двухмоўе ў краіне: шукаючы вуліцу Чыгуначную, бачым надпіс «Железнодорож­ная» і лёгка арыентуемся. Аднак мы ж не замкнутыя ў межах сваёй краіны, тым больш што гэты год аб’яўлены Годам гасціннасці і ў нас будзе шмат гасцей. Для кожнага турыста Шпалерная і Обойная — гэта два розныя геаграфічныя аб’екты, а прызначэнне тапонімаў — выконваць адрасную функцыю. Та­му, калі замежнік чытае Вясёлкавая і Радужная, ён успрымае гэта як два розныя геаграфічныя аб’екты. Спосаб прамога перакладу выкарыстоўваўся гадоў сто назад. А цяпер усімі спецыялістамі прызнаецца як не зусім удалы і правільны, і выкарыстоўваецца толькі ў рэдкіх выпадках у дачыненні да традыцый­ных назваў.

— Напэўна, нехта скажа, што прасцей было б усё перакласці выключна на рускую і англій­скую мовы?

— Калі мы перакладзём назвы вуліц на гэтыя мовы, прыезджыя людзі могуць не зразумець, а ў якой жа краіне яны пабывалі?.. І так ужо здараецца. Маладыя людзі з Санкт-Пецярбурга прыязджалі да нас святкаваць Новы год, але ж напрыканцы яны адзначылі, што падчас паездкі не пачулі ніводнага бела­рускага слова, амаль не бачылі шыльдаў з нацыянальнай мовай і з такім жа поспехам маглі б з’ездзіць у любы расійскі горад. Таму гэта праблема дзяржаўнай важнасці. Можна шмат гаварыць пра патрыя­тызм, пра нацыянальную ідэю, але яны ў тым і выяўляюцца, каб чалавек, які прыехаў з-за мяжы, адра­зу, па назвах вуліц, па гаворцы людзей зразумеў, дзе ён знаходзіцца.

— Калі змены ў закон усё ж будуць прынятыя, ці варта разлічваць, што прыгожыя, характэр­ныя для Беларусі назвы захаваюцца ці з’явяцца новыя?

— На працягу стагоддзяў мовы ў нашай краіне мяняліся, былі неспрыяльныя перыяды для беларускай мовы: дзяржаўнымі былі і польская, і руская. Але тапанімія ў цэлым захавалася дзякуючы таму, што гэтыя назвы жылі ў народзе, перадаваліся з вуснаў у вусны, з пакалення ў пакаленне, і такім чынам за­хаваліся. Зараз жа, калі будуць унесеныя такія змены, перадача з вуснаў у вусны ўжо не дапаможа, бо закон мае большую сілу. З яго прыняццем у такой фармулёўцы, якая пададзена, будзе фактычна спынены назватворчы працэс на нацыянальнай аснове.

— У тым, каб мець нацыянальна выразныя тапонімы, ёсць і стратэгічна важны для дзяржа­вы аспект…

— Калі мы звернемся да гісторыі і паглядзім на тапанімію, то ўбачым, што, як толькі Беласточчына ўвайшла ў склад Польшчы, першае, што зрабілі палякі, гэта памянялі нашы назвы: Гайнуўка замест Гайнаўка, Бжэзуўка замест Бярозаўка, Сакулка замест Саколка, Бялысток замест Беласток і гэтак да­лей. Бо гэта сапраўды важны стратэгічны момант: тапанімія гучыць па-польску, значыць, гэта ўжо поль­ская тэрыторыя. Дзе наша зямля — там і нашы назвы. Тое самае адбылося і з Віленскім краем, калі 470 тысяч этнічных беларусаў прачнуліся і зразумелі, што яны ўжо адносяцца да іншай тэрыторыі. І, адпаведна, літоўцы адразу памянялі тапанімію: калі вы скажаце Вільня, яны страшна пакрыўдзяцца, бо цяпер — толькі Вільнюс. Гэта вельмі адказны момант, таму нельга так проста раскідвацца назвамі. Можна нават сказаць, што гэта адзін з аспектаў дзяржаўнай бяспекі.

Да таго ж вялізныя грошы ўжо зрасходаваны на рэалізацыю закона ад 2010 года, паколькі аб’ёмная праца праведзена Дзяржкартгеацэнтрам. Таму было б нашмат прасцей унесці змены ў інструкцыю, але не мяняць сам закон, каб не разварочваць гэты рухавік назад. Іначай атрымаецца, што ўсё, што зробле­на за тры гады, адмятаецца. Мяне такі бок праблемы таксама хвалюе, бо я грамадзянін гэтай краіны, плачу падаткі і не хачу, каб так раскідваліся дзяржаўнымі сродкамі.

— Ці можна прапанаваць варыянт, які задаволіў бы ўсіх?

— Было б слушна, ды і нашмат танней стварыць электронны каталог. Мясцовыя органы ўлады перад тым, як даваць назвы, маглі б звярацца з ім і ўдакладняць правільнасць. Да таго ж варта дадаць, што намі створаны шасцітомны даведнік транслітарацыі назваў з беларускай мовы на рускую, а таксама ла­цінкай. Ён уключае ў сябе абсалютна ўсе населеныя пункты — і гарады, і мястэчкі, і вёскі — з шасці абласцей. Праца над ім вялася на працягу 20-ці гадоў, на гэта таксама зрасходаваныя вялікія дзяржаў­ныя сродкі. Ну няўжо мы можам так проста раскідвацца гэтымі грашыма? Калі будуць унесены змены ў закон, гэтыя даведнікі і ўнармаванне тапаніміі, праведзенае ў іх, у адзін час фактычна страчвае ўсякі сэнс. Дарэчы, даведнікі атрымалі вельмі высокую ацэнку ў ААН. Іх заказалі для сябе многія бібліятэкі свету: Кангрэса ЗША, усіх славянскіх краін, Канады, Германіі — і далі ім высокую ацэнку. Атрымліва­ецца, тое, чым мы павінны ганарыцца, мы ж самі можам фактычна перакрэсліць.