Як інтэрнэт-каментатары могуць характарызаваць большую частку прадстаўнікоў нашага народа? Чаму каментатар ніколі не стане пісаць для выдання, артыкулы якога крытыкуе? Хто піша «нятленкі» пад матэрыяламі і чаму б гэтым людзям не пагутарыць між сабой асабіста? Хто злейшы — беларускі або расійскі каментатар? Як абараніць сябе ад іх негатыву? Навошта людзі расказваюць асабістыя гісторыі ў водгуках на артыкул? Якую адказнасць можна панесці за сказанае ў інтэрнэце? Пра інтэрнэт-культуру размаўляем з Сашай Раманавай, галоўным рэдактарам партала Kyky.org.

— Ёсць такая асаблівасць: у інтэрнэце не здагадацца, хто ты насамрэч. Можаш пісаць усё, што табе захочацца. Тут ніхто па-сапраўднаму не дасць у морду за абразу. Ва ўсякім выпадку, морда застанецца без сінякоў. Максімум паспрабуюць знішчыць словамі. У рэальнай сітуацыі мала хто адважыцца сказаць праўду ў твар. Я не бачу смельчакоў, якія прагнуць расказаць мне пры сустрэчы, што ім не спадабаўся мой артыкул. А ў інтэрнэце — заўсёды калі ласка.

— Разумеючы ўсё гэта, як рэагаваць на каментары-рэкамендацыі пад артыкуламі?

— Гэта чыёсьці меркаванне, і яно мае права на існаванне. Хоць у 95% выпадкаў пры напісанні каментароў людзьмі рухае нязгода. І толькі ў рэдкіх выпадках хтосьці напіша: “Крута!”, “Дзякуй!”, “Малайчына!”. Але звычайна беларусы стрыманыя на хвалу, нават калі матэрыял ім спадабаўся.

Ніколі не ведаеш, дзе ўедлівы каментатар адшукае недапрацоўку ці памылку. Я гатовая прыслухоўвацца да іх думак, але вельмі хацелася б, каб каментатары не былі такімі дробязнымі. Я хачу чуць слушныя думкі і канструктыўныя рашэнні.

— Ці можна падзяліць беларусаў, якія актыўна выказваюцца ў інтэрнэце, на катэгорыі?

— Сярод тыповых каментатараў ёсць рамантык, цынік, троль, проста вернік, таксама той, хто верыць у «нацыянальную лінію партыі», ёсць грамар-нацы, абавязкова расіец, без якога ні адна спрэчка не абыдзецца, яшчэ людзі, якія пішуць клічнікі і смайлікі. Але самая выдатная катэгорыя — мой любімы тыпаж — гэта тыя, хто расплюхвае эмоцыі. У чалавека ёсць свая гісторыя, якую ён не можа расказаць у сябе ў блогу, таму што там яе ніхто не прачытае, і таму ён расказвае яе ў нейкім «людным» месцы ў інтэрнэце — гэта крык душы: за кожнай літарай — лёс. Люблю!

— Усе, хто стаіць за каментарамі ў інтэрнэце, — гэта жывыя людзі, нашы суайчыннікі, беларусы. Як інтэрнэт-персанажы могуць характарызаваць большую частку прадстаўнікоў нашага народа?

— Паколькі большасць каментароў да нас паступае ў дзённы час, то я падазраю, што пішуць офісныя работнікі, магчыма, збольшага дзяржаўныя службоўцы. Чалавек прыйшоў на працу, уключыў камп’ютар, рабіць яму няма чаго — і пайшло выказванне думак. Але нашая нацыя сама па сабе стрыманая, таму каментары не пераходзяць межаў прыстойнасці. Ва ўсякім разе, у параўнанні з расійцамі і ўкраінцамі беларусы выгадна адрозніваюцца.

— А як наогул жывецца беларусам, мяркуючы па каментарах, якія яны пакідаюць пад артыкуламі? Бо калі, як вы кажаце, канструктыўнай крытыкі мала, значыць, збольшага эмоцыі.

— У каментарах беларускіх чытачоў я чытаю незадаволенасць. Яны баяцца нешта мяняць, нешта рабіць. Не хапае сіл і жадання дзейнічаць. Яны ніколі не стануць працаваць да сёмага поту, каб дасягнуць жаданага жыццёвага ўзроўню. Але жыць лепш хочацца, а працаваць не хочацца. Нават тое, што яны пішуць гэтыя каментары замест таго, каб справай займацца, пра што кажа? На Захадзе чалавек проста не мае магчымасці ў працоўны час каментаваць нешта ў інтэрнэце. А беларус сядзіць на ненавіснай працы і хоча хоць кагосьці абазваць лайном, таму што, відаць, у глыбіні душы сам лічыць сябе лайном.

— Ёсць тыя, каго інтэрнэт натхняе, цешыць? Усплёскі пазітыву частыя ў беларускім інтэрнэце?

— Бывае. Я вось спрабую натхніць і парадаваць беларусаў. Але ўсё тугавата адбываецца, складана народ разгайдаць.

— Нядаўна чытала, што на нейкім сайце пастаянны каментатар напісаў за год каментароў аб’ёмам з паўнавартасную кнігу. Можа, варта спрабаваць ператварыць каментатараў у журналістаў выданняў або інтэрнэт-рэсурсаў?

— Я рабіла шмат спробаў схіліць каментатараў з сакавітым і яркім стылем пісаць. Але не. Мне здаецца, яны баяцца, што прыйдуць іншыя каментатары і пачнуць іх таксама “абсіраць”. Асноўная маса заядлых каментатараў у байнэце — гэта людзі, якія баяцца выказаць сваё меркаванне. Журналіст — гэта ўжо той, хто бярэ на сябе адказнасць за сказанае.

— У беларускай блогеркі і мастачкі Нікі Сандрас прачытала на днях: «Калі вырасту і буду Зісерам, забараню ўсе каментары пад артыкуламі». Што скажаце?

— У нас была думка (на пачатковым этапе маёй працы над сайтам, адразу пасля перазапуску) забараніць усе каментары альбо дазволіць адпісвацца толькі ад фэйсбука, каб былі бачныя імя і прозвішча тых, хто піша, каб каментатар усведамляў сваю адказнасць за сказанае. Расійскі інтэрнэт-часопіс «Метраполь» наогул забараніў каментары. Таму што нататка — адно, а тое, што атрымліваеш пад нататкай, — гэта зло і баль зомбі. І «Метраполь» такім простым спосабам пазбавіўся негатыву. Але мы вырашылі гэтага не рабіць, і гэта правільна. Асабіста я, калі заходжу на любы сайт, на onliner або tut.by, то чытаю каментары і разумею, як працуе мозг вялікай часткі народа, як ён думае. І гэта натхняе мяне на тэмы для наступных матэрыялаў.

— Напэўна, у вас ёсць нейкія моцныя сродкі эмацыйнай абароны, каб спраўляцца з такім патокам негатыву?

— Былі рэчы, якія сур’ёзна кальнулі. Але яны прымушаюць адчуваць сябе жывой. Цябе моцна гнабілі, перажываеш, але на наступную раніцу прачынаешся і дзейнічаеш далей: не атрымліваецца доўга хвалявацца, калі ўвесь тыдзень наперад распісаны. Стопрацэнтны сродак абароны ад інтэрнэт-негатыву — гэта наступная нататка, пра якую ты думаеш. Я гляджу на ўсё, што адбываецца, як назіральнік: якая рэакцыя была на артыкул, як развілася тэма. А частка маіх думак — ужо пра наступны матэрыял, і туды ж скіраваная большасць сіл, эмоцый, расстройстваў, запалу… З каментароў у новыя матэрыялы я стараюся перанесці толькі ідэі. Я магла б не чытаць гэтай пісаніны зусім, але ў ёй я бачу жыццё і чэрпаю матывы і ідэі.

— Вы — журналіст, рэдактар, які мае імунітэт да злосці пад артыкулам, а як быць прыватным карыстальнікам? Негатыву ў інтэрнэце так шмат, што некаторыя абгрунтавана лічаць небяспечным выкладваць у інтэрнэт занадта асабістыя здымкі, эмоцыі, перажыванні.

— Так, тут пагаджуся, мабыць. Інтэрнэт проста стракаціць фотаздымкамі дзяцей. І я за тое, каб людзі фільтравалі свае здымкі і думалі пра наступствы. Фота свайго дзіцяці я вельмі рэдка публікую ў інтэрнэце. Хай дачка сама вырашае, што выстаўляць на ўсеагульны агляд, калі стане самастойнай асобай. Чалавек, які з’яўляецца ў інтэрнэце, павінен мець права голасу. Яна ж пакуль не ў стане абараніць сябе.

— Вы кажаце пра права голасу і ўласныя рашэнні, але, з іншага боку, ёсць яшчэ адна цікава з’ява: сёння інтэрнэт плодзіць фальшывую прастору вакол людзей. Многія хлусяць сабе і навакольным пра тое, хто яны, публікуюць вобразы сябе «жаданага» або проста напаўняюць сябе думкамі вялікіх.

— Але ж гэта добра! Гэта ж крэатыў, стварэнне, імкненне да «ідэальнага вобразу». Я ствараю! Я нічога з сябе не ўяўляю, але вось я ляжу ў футры на канапе, і ўжо ого-го! Клас! Мне падабаецца. Мы ж павінныя мець магчымасць зрабіць свет лепшым, нават свой уласны.

— Добра, яшчэ адзін ракурс: вялікая колькасць тых, хто піша ў інтэрнэце, спарадзіла паняцце «грамадзянскай журналістыкі». Сёння ўсе пісьменнікі.

— Я люблю жыццё. І яно ёсць у блогах: жыццё і кроў, якую журналістыка не змагла атрымаць, таму што газета павінная даваць інфармацыю. Блогеры, інтэрнэт-пісьменнікі даюць часцяком аднабокі погляд, але ён вельмі жывы, сапраўдны. І, дарэчы, я не супраць прыходу ў журналістыку, блогераў. Інтэрнэт-журналістыку вылучаюць сенсацыйныя выбухі, хуткае рэагаванне — усяго гэтага няма ў друкаваных СМІ. Так, у часопісаў ёсць глянец, малюнак, пах, але гэта не тое, што трэба сучаснаму чытачу. Час змяніўся. Людзям патрэбная аператыўнасць. У мяне, напрыклад, часопіс «Белавія» любімы толькі таму, што я, седзячы ў самалёце, ад безвыходнасці прачытваю яго ўвесь. Але ў інтэрнэце мы ўсе гонімся за наведвальнасцю. Усім важна, каб людзі прыйшлі і прачыталі, каб іх зачапіла прачытанае і яны змаглі выказацца.

— Як не страціць твар у барацьбе за наведвальнасць?

— У кожнага свая планка, свой унутраны цэнз, які не дазволіць апусціцца занадта нізка. Ёсць такія прахадныя тэмы, якія чапляюць заўсёды: порна і палітыка. Але можна пісаць пра гэта так, каб яно не было пахабным і агідным, а стала б лёгкім, вясёлым і эфектным. Вядома, я не стану ісці па трупах з мэтай павышэння рэйтынгу сайта, але мне важна адчуваць сваю запатрабаванасць у якасці аўтара. Любы пісьменнік хоча, каб яго кнігі прадаваліся вялізнымі накладамі, любы стваральнік роліка на youtube трызніць шматмільённымі праглядамі. І я мару пра тое ж. Інакш навошта тады наогул чымсьці займацца?

— Чаму людзі мараць пра гэта?

— Не ведаю, якія яшчэ бываюць матывацыі, але я, працуючы ў беларускім інтэрнэце, адчуваю ўсеагульную нуду. Хочацца якіх-небудзь эмоцый. Як у Лондане, напрыклад: пачуў джаз у падваротні — адчуў пазітыў — стала лягчэй жыць. А ў нас нічога такога няма, проста выпаленая пустыня. І мне вельмі хочацца неяк разварушыць гэтую сітуацыю. Нават, калі трэба, развесці срач, каб разварушыць народ. Для гэтага, дарэчы, таксама трэба ой-ёй-ёй як пастарацца, знайсці патрэбныя тэмы.

— Значыць, вы не верыце ў перспектыўнасць і дзейснасць інтэрнэт-праектаў, якія працуюць па-за залежнасцю ад рэйтынгаў? Што, калі не працаваць на срач, а прыдумаць праект са зменамі на якасным узроўні?

— Гэта вершы, напэўна, павінныя быць? Я не ўпэўненая, што набор прыгожых гукаў зможа прыцягнуць натоўп аднадумцаў. Калі ўжо пісаць нешта, то хіты, якія здольныя падняць залы, павесці за сабой. У байнэце сустракаюцца цікавыя інтэрнэт-праекты, але яны чамусьці хутка «здзімаюцца». Напэўна, таму, што мала хто гатовы доўга і ўпарта працаваць. Здаецца, вось, выдатнае было пачынанне, тэмы, фармат, падыход, але і яно як камета прасвістала. Дзіцячыя амбіцыі «У мяне будзе сайт!» вельмі хутка здзімаюцца. На самай справе весці цікавы і непапсовы праект — гэта вельмі жорсткая і сур’ёзная праца, у якой толькі рабацягі выжываюць. У Беларусі пакуль рабіць тое, пра што вы кажаце, немагчыма: людзі разумеюць, што акупляюцца вельмі рэдкія праекты, што ім больш выгадна зарабляць дзесьці наймітам, чым рабіць свой джаз у падваротні. Але гэта пытанне часу, і калі-небудзь у нас з’явіцца попыт на іншы прадукт. А разам з ім, упэўненая, прыйдзе новы ўзровень інтэрнэт-культуры.