У канцы лютага ў Мінску прайшла прэзентацыя кнігі Фелікса Акермана пра Гродна ў XX стагоддзі “Паміж разбурэннем і новым пачаткам”. Чаму немец займаецца гісторыяй горада над Нёманам? Што яго здзіўляе? Што захапляе?

Погляд на гісторыю і сучаснае аблічча горада ад чалавека з-за мяжы заўжды дапамагае абстрагавацца, заўважыць нешта незаўважнае для гарадзенца. Тым больш, калі чалавек гэты закаханы ў Гродна, што прымушае яго вяртацца сюды зноў і зноў.

— Адкуль у вас цікавасць да Беларусі і да Гродна ў прыватнасці?

— Мне было цікава, што знаходзіцца паміж Расіяй і Польшчай, ну і яшчэ я цікавіўся гісторыяй этнічных сувязей у рэгіёне. А трапіў у Беларусь дзякуючы добрым знаёмым, якія ўжо сталі сябрамі.

— Якую праблему вы даследуеце? Ці змяніўся вектар апошнім часам?

— Так, я, на жаль, адыйшоў ад гарадзенскай тэматыкі, а таксама ад сваёй спробы прааналізаваць катэгорыю “этнічнага” ці “нацыянальнага” ў розных інтэрпрэтацыях. Як кажуць: “Зрабіў сваю справу”. Чакаю толькі на пераклад, каб мая праца трапіла ў тутэйшыя дыскурсы.

Мне надалей цікавы гэты рэгіён, яго канцэптуалізацыя, памяць і прастора. У ЕГУ ў Вільні, дзякуючы падтрымцы Нямецкай службы акадэмічнага абмену, я знайшоў асяроддзе, дзе можна гэтым займацца.

— Ці захаваўся, на вашу думку, у Гродне ХХІ ст. дух памежжа і шматнацыянальны каларыт?

— Сёння Горадня такая ж разнастайная, як і раней, але гэтага каларыту, канешне, ужо трэба пашукаць. Наогул, постсавецкі лад надае гораду нейкі “агульнабеларускі” воблік, які “пахне дажынкамі”. Але гэта і ёсць сваеасаблівасць і разнастайнасць – калі гэта побач з палацам Стэфана Баторыя альбо слядамі Антонія Тызенгаўза.

Але трэба быць шчырым: памежжа, гэта ў першую чаргу людзі, і толькі ў другую – памяць пра іх. А паколькі каля 80 % жыхароў Гродна былі забіты альбо змушаны да эміграцыі пасля ці ў часе ІІ сусветнай вайны, мы сёння маем ужо іншы горад, з іншымі формамі разнастайнасці. Але, на мой погляд, няма тут па чым сумаваць.

— Чуў, што з гарадзенскай гістарычнай забудовы вы найбольш цэніце Новы Свет ды іншыя драўляныя будынкі пачатку ХХ ст., чаму так? Чым наогул Гродна можа зацікавіць нямецкага (еўрапейскага) турыста?

— Зацікавіць хутчэй мажліва ўсім адразу ды пры моцнай міфалагізацыі, уключаючы ўвесь рэгіён. Маё захапленне Новым Светам не турыстычнае: магу пацвердзіць усім сваім навуковым аўтарытэтам, што такую забудову трэба пашукаць па ўсёй Еўропе! Калі гарадскія ўлады ды Міністэрства культуры не будуць пра яе дбаць, прадстаўнікі гэтых структураў узгадаюць мае словы праз пару год.

Гэтая беларуская і еўрапейская спадчына, асаблівая рэгіянальная забудова, якая інтэрпрэтуе варшаўскі інтэрнацыяналізм, які спалучае з элементамі савецкага мадэрну, але ўсё гэта робіць з лакальнага матэрыялу – дрэва. І пры гэтым карыстаючыся рэгіянальнымі тэхналогіямі…

Шчыра запрашаю на экскурсію ў Вільню: раён пад назвай Звярынец там адзін з самых прэстыжных. Цэнтр, прыгожа, калярова – такія самыя дамы міжваеннай пабудовы, але знаходзяцца пад аховай ды нават грошы гаспадарам на рамонт вылучаюцца! Вынік фантастычны. Калі я шпацырую па Звярынцы, то думаю пра Новы Свет.

— Мажліва, маеце адмысловыя заўвагі адносна асвячэння ІІ сусветнай вайны ў Беларусі і ў Гродне мясцовымі гісторыкамі? Што найбольш кідаецца ў вочы?

— Праблема ў тым, што мы вельмі мала ведаем. Напрыклад, пра тысячы загінуўшых ваеннапалонных на ўскрайках горада свядомасць і стан ведаў за апошнія 20 год не пабольшалі.

Пра халакост мы ведаем бадай што ўсё магчымае, але большасць матэрыялаў не перакладзеныя з нямецкай ці яўрэйскай. І наадварот: ацэнка абароны горада сваімі жыхарамі ў верасні 1939 года і камуністычнае паўстанне  настолькі залежаць ад палітычных адзнак, што цяжка іх сумясціць з афіцыйнай версіяй гісторыі.

Акрамя гэтага, усім параю схадзіць у Стары замак на выставу прысвечаную “ВАВ” – яна амаль не змянялася ўжо 25 год. Ёсць мінімальныя ўстаўкі пра АК і халакост, а ўся рэшта засталася ранейшай…

— Ці цяжка немцу размаўляць па-беларуску з расейскамоўнымі беларусамі?

— Мне не цяжка перакладаць з адной мовы на іншую. І я ведаю, дзе ў Гродне можна паразмаўляць па-беларуску. А паміж намі: канешне, дзіўна, што моладзь часам ні ў рэстарацыі, ні ва ўніверсітэце не ведае, што такое “шклянка вады”.

Я перакананы, што беларуская мова мае значны патэнцыял, нясе ў сабе сімвалічны капітал, скажам так. Ён будзе расці, нягледзячы на тое, што большасць ёй не карыстаецца. Ну а расейскую трэба добра ведаць, каб працаваць тут.

— Ці маглі б вы назваць сябе гарадзенцам?

— Абавязкова. У маім вялікім пакоі ў Вільні вісіць карціна нямецкага мастака Себасцьяна Рабольда – вось вам сучасная інтэрпрэтацыя легенды пра Святога Губерта.