Гісторык Анатоль Сідарэвіч расказаў «Салідарнасці» пра падабенства лёсаў тэарэтыкаў беларускай і ўкраінскай незалежнасці, а таксама пра асаблівасці адзначэння 130-годдзя аўтара тэксту ІІІ Устаўной граматы БНР.

«130 год таму нарадзіўся (1884, Літва) Луцкевіч Антон Іванавіч, беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, гісторык, публіцыст, літаратурны крытык. З 1906 г. у Вільні, выдаваў газету «Наша доля», «Наша нiва». Памёр у 1946?».

Гэтая сухая біяграфічная даведка — адзінае, што можна знайсці на сайце дзяржаўнага інфармагенцтва БЕЛТА да 130-годдзя Антона Луцкевіча, бацькі беларускай дзяржавы, як яго называюць гісторыкі.

Тры радкі тэксту з пытальнікам каля даты смерці — гэта, насамрэч, яскравы прыклад стаўлення афіцыйных улад да асобаў маштабу Антона Луцкевіча. Ужо не татальнае замоўчванне, але яшчэ і не поўнае прызнанне. Сумненні наконт таго, дзе і калі памёр Антон Луцкевіч, развеялі гісторыкі. Паводле рассакрэчаных дакументаў, ён пайшоў з жыцця 23 сакавіка 1942 года на перасылцы ў Аткарску Саратаўскай вобласці. Дык чаму ж дзяржаўныя СМІ дагэтуль карыстаюцца старой інфармацыяй?

Адказаць на гэтае і некаторыя іншыя пытанні «Салідарнасць» папрасіла гісторыка Анатоля Сідарэвіча, даследчыка беларускагу руху ХХ стагоддзя, укладальніка кнігаў твораў Антона Луцкевіча.

— У акадэмічным асяродку гісторыкаў ацэнкі дзейнасці Антона Луцкевіча памяняліся. Калі раней ганілі за буржуазны нацыяналізм, то цяпер яго, як дзяржавабудаўніка, ацэньваюць пазітыўна.

Што магло паўплываць на такую змену поглядаў? Магчыма, сам факт атрымання незалежнасці Беларусі. Раз мы ўжо незалежная краіна, то можам нарэшце прызнаць заслугі тых, хто да гэтай незалежнасці непасрэдна спрычыніўся.

Чаму маўчаць сацыял-дэмакраты?

Гісторык прызнае больш чым сціплую ўвагу дзяржавы да падзеі. Але падкрэслівае пры гэтым, што пра поўнае ігнараванне на афіцыйным узроўні гаварыць некарэктна. Па яго словах, да 130-годдзя Антона Луцкевіча запланаваныя мерапрыемтсвы ў Інстытуце гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук і Музеі Літаратурным музеі Максіма Багдановіча (21 лютага), а гэта акурат дзяржаўныя ўстановы. У Санкт-Пецярбургу на гістфаку мясцовага дзяржуніверсіта 15 лютага запланаваны круглы стол, прысвечаны 130-годдзю Луцкевіча. Акрамя таго, сам Сідарэвіч з нагоды памятнай даты выступіў 13 лютага ў Магілёве па запрашэнні мясцовай суполкі Таварыства беларускай мовы.

— У мяне ў гэтай сітуацыі ёсць таксама пытанні да нашай Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі. Першае і апошняе мерапрыемства, прысвечанае Антону Луцкевічу, сацыял-дэмакраты зладзілі ў Гродна ў 1994 годзе — Луцкевічаўскія пытанні. І ўсё. Чаму нічога не робіцца ў гэтым годзе?

Луцкевіч і Грушэўскі ўваходзілі ў адну масонскую ложу

Вяртаючыся да вобраза бацькі беларускай дзяржаўнасці, гісторык Анатоль Сідарэвіч удакладняе:

— Больш правільна гаварыць, што Антон Луцкевіч быў адным з трох бацькоў дзяржаўнасці. Гэта, безумоўна, ягоны брат Іван, з якім Антон заўсёды раіўся, а таксама Зміцер Жылуновіч, аўтар Маніфесту ад утварэнні БССР.

І ўсё ж, кім быў для беларусаў Антон Луцкевіч? Ці можна яго назваць беларускім Пілсудскім? Анатоль Сідарэвіч мяркуе, што з сучаснікаў аўтару Трэцяй Устаўной граматы БНР найбольш блізкі Міхайла Грушэўскі, першы прэзідэнт Украінскай Народнай Рэспублікі.

— Луцкевіч і Грушэўскі былі знаёмыя з часоў Першай Сусветнай вайны, уваходзілі ў адну масонскую ложу. У 1915-м у пецярбургскім рэстаране «Вена» ў іх гонар быў арганізаваны прыём.

Па словах Анатоля Сідарэвіча, Луцкевіча і Грушэўскага яднала многае — ад светапогляду да палітычнага лёсу.

— Абое былі незалежнікамі, дэмакратамі, ідэолагамі дзяржаўнасці. Іх праекты не былі рэалізаваныя. Калі б не пераварот, здзейснены Паўлам Скарападскім у 1918-м, то невядома яшчэ, як бы склаліся адносіны БНР і УНР.

Вуліца імя братоў Луцкевічаў, якой яшчэ няма

Іронія лёсу, кажа суразмоўца, сёння ідэалы Грушэўскага адстойваюцца на вуліцы Кіева, перайменаванай у ягоны гонар.

У Беларусі ж пакуль няма вуліцы імя Луцкевічаў. У плане ўвекавечання памяці шляхі бацькоў беларускай і украінскай дзяржаўнасці разышліся. Помнікі Грушэўскаму стаяць у Кіеве і Львове, ягоны партрэт змешаны на папяровых купюрах нацыянальнай валюты і памятных манетах, а таксама на паштовай марцы.

— Пяць гадоў таму ініцыятыўная група збірала подпісы за наданне адной з вуліц Мінска імя братоў Луцкевіча, але нічым гэта дагэтуль не скончылася. На будыку мінскай гімназіі, у якой вучыліся Луцкевічы, дагэтуль вісіць мемарыяльная дошка з няпоўным спісам знакамітых вучняў, — расказвае гісторык.

Ці не адзінае месца ў Беларусі, дзе ёсць шыльда з выявай братоў Луцкевічаў, прыватны музей імя Анатоля Белага ў Старых Дарогах.

— У навуковым акадэмічным асяродку стаўленне да Луцкевіча памянялася да лепшага. Круглы стол у Інстытуце гісторыі, прысвечаны Антону Луцкевічу, ладзіцца ўпершыню. Цяпер трэба, каб гэтыя набыткі прабілі дарогу да розумаў нашых чыноўнікаў, — падсумаваў Анатоль Сідарэвіч.

Цытатнік Антона Луцкевіча

«Спадзеючыся на лепшае заўтра, нельга сядзець злажыўшы рукі сягоньня».

«Мала выразаць кусок зямлі, на якой жывуць беларусы, на якой пануе беларуская мова і, аб’явіць яго незалежным гасударствам: трэба, каб гасударства гэтае мела забясьпечаны асновы эканамічнага разьвіцьця, эканамічнай незалежнасьці. Хай гарачыя галовы думаюць, што адно гутаркай у роднай мове, адно верай у нацыянальны ідэал яны збудуюць будучае шчасьце свайго народа. Але палітыкі – цьвярозыя палітыкі з халодным разважлівым розумам – павінны пад будучую нацыянальную будоўлю падвясьці крэпкія фундамэнты: забясьпячэньне эканамічнага расьцьвету. На гэтым грунце і стаіць беларуская дэмакратыя, якая гаворыць аб будове новай дзяржавы ў межах колішняга ВКЛ».

«Варункі, пры якіх беларусы нацыянальна прабудзіліся, назначылі наперад дарогу па каторай павінна пайсьці далейшае нацыянальнае адраджэньне беларускага народу. Дарога гэта — спакойная творчая праца над стварэньнем сваёй нацыянальнай культуры на чыста дэмакратычным фундамэнце, — значыць без найменшых знакаў нацыянальнага шавінізму і нянавісьці да чужых нацый».