“Калі верыць савецкім дакумэнтам, то толькі ў Беларусі партызаны знішчылі амаль усю армію “Цэнтр” – кажа гісторык партызанскага руха Богдан Мусял.

 

Партызанскі руху падчас ІІ сусьветнай вайны зьяўляецца адной з самых міталагізаваных старонак беларускай гісторыі XX ст. Дзейнасьць партызанаў савецкія гісторыкі паказвал як амаль выключн гераічную зьяву. Этнічныя канфлікты, праблемы ўнутры руху й стаўленьне партызан да мірнага насельніцтва вельмі часта ігнараваліся.

Мітам і рэчаіснасьці савецкага партызанскага руху ў Беларусі прысьвечаная кніга польска-нямецкага гісторыка Богдана Мусяла, якая некалькі тыдняў таму трапіла на паліцы польскіх кнігарняў. Аўтар прааналізаваў шмат новых, невядомых да гэтай пары дакумэнтаў у беларускіх, расейскіх і нямецкіх архівах. Ён паразмаўляў з сотнямі сьведкаў ІІ сусьветнай вайны ў Беларусі. Вынікам гэтай працы стала амаль 700-старонкавая кніга.

Пра гісторыю савецкай партызанкі ў Беларусі з гісторыкам Богданам Мусялам размаўляе Дзьмітры Гурневіч.

— Сп. прафэсар, давайце напачатку акрэсьлім, каго мы называем партызанам?

Б. Мусял: З пункту гледжаньня міжнароднага й ваеннага права – гэта ўзброеныя людзі, якія ў тыле ворага змагаюцца з гэтым ворагам. Ня кожны, хто хаваецца ў лесе, зьяўляецца партызанам. У лесе хапала й бандытаў, якія часта выдавалі сябе за партызанаў. У партызанаў павінна быць місія змаганьня, палітычны й ідэалягічны фундамэнт. Зразумела, што й партызаны вельмі часта паводзілі сябе, як бандыты. Неяк трэба было выжываць, а мірным шляхам здабываць харчаваньне ўдавалася рэдка.

«Беларусь — партызанскі край»?

— Нядаўна Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі ў часы Другой сусьветнай вайны дзейнічала каля 600 тысяч партызанаў. Гэта рэальная лічба?

Б. Мусял: Гэта лічба са столі. Нават у савецкіх дакумэнтах Беларускага партызанскага штабу няма гэтых лічбаў. Гэта звычайная прапаганда.

— А колькі было сапраўдных партызанаў, якія выконвалі місію, пра якую вы ўзгадалі?

Б. Мусял: У Беларусі падчас вайны было 100 тысяч партызанаў. У розныя пэрыяды гэтая лічба мянялася. Гэта паказьнік з пачатку 1944 году, калі колькасьць партызанаў была найбольшай. Так вынікае з дадзеных партызанскага штабу. Але трэба разумець, што й гэта завышаныя дадзеныя, бо на паперы партызанаў было больш, чым у сапраўднасьці.

— А колькі было прыблізна тых, хто называў сябе партызанам, але насамрэч ім ня быў?

Б. Мусял: Тых, для каго галоўнай мэтай было перажыць вайну ў лесе, было менш, чым партызанаў. Канкрэтных лічбаў мы ня ведаем. Але і савецкія, і нямецкія дакумэнты, і гісторыі мясцовых жыхароў сьведчаць аб тым, што іх было процьма. Яны ўвесь час зь імі канфліктавалі. Былі групы выжываньня, якія не ўваходзілі ў структуру савецкай партызанкі. У іх не было зброі, таму пра сутыкненьні зь немцамі ўвогуле не было гаворкі. Яны жадалі выжыць. А як можна было выжыць у лесе? Для гэта трэба было мець 3 вінтоўкі й некалькі куляў. І так можна было ісьці ў вёскі па ежу. Зразумела, што для вяскоўцаў гэта былі звычайныя рабункі. Але для гэтых груп іншай магчымасьці выжыць не было. Гэта было зачыненае кола. У сувязі з акупацыяй розныя людзі былі вымушаныя неяк выжываць. Мясцовым жыхарам забаранялася дапамагаць партызанам і габрэям, хаваць іх альбо дапамагаць харчаваньнем. За гэта пагражала сьмяротнае пакараньне. Партызаны ў сваю чаргу патрабавалі дапамагаць, і за адмову таксама забівалі. Тыя, хто бараніўся, былі для партызанаў ворагамі. Людзі былі ў сытуацыі бяз выхаду, бо што б яны не зрабілі, гэта й так быў кепскі выбар. Габрэйскае насельніцтва было ў яшчэ горшай сытуацыі, яны былі па-за законам. Выбар у іх быў такі: альбо мяне заб’юць, альбо я выжыву ў лесе.

— Беларусь часта называюць партызанскім краем. На гэтым, між іншым, збудаваная дзяржаўная ідэалёгія. Наколькі гэты рух быў магутны й карыстаўся падтрымкай мясцовага насельніцтва?

Б. Мусял: Паводле савецкіх дакумэнтаў з часоў вайны, а не прапаганды, якая пісалася пасьля вайны, палова партызанаў на тэрыторыі СССР была ў Беларусі. Паступова гэтая лічба вырасла да 70%, бо многія групы, напрыклад “акружэнцы”, ня мелі на той час пастаяннага кантакту з цэнтрам. Таму гаворка пра Беларусь, як пра партызанскі край, цалкам абгрунтаваная. Але калі хтосьці кажа, што гэта быў добрааховотны рух і што мясцовае насельніцтва яго падтрымлівала, то гэта не адпавядае фактам. Мабілізацыя большасьці мясцовых партызанаў адбывалася пад прымусам. Часам ісьці ў лес людзей вымушалі дзеяньні немцаў. Калі казаць пра мабілізацыю, то яе абвяшчалі па вёсках сярод мужчын, а тых, хто адмаўляўся ісьці ў лес, пагражалі расстраляць. Тое самае было й з мабілізацыяй у Чырвоную Армію. Гэтыя людзі ня мелі практычна ніякага выбару. Было вельмі шмат выпадкаў дэзэртырства. Кіраўніцтва партызанскага руху ў Беларусі складалася пераважна з прыезджых, мясцовых людзей там было мала. Таму яшчэ ёсьць пытаньне, ці можна казаць пра беларускі партызанскі рух. Гэта быў савецкі рух.

Партызанскі рух «стварылі» немцы

— Першыя спробы стварыць партызанскі рух у 1941 годзе пацярпелі фіяска. Чаму так адбылося?

Б. Мусял: Гэта рабілася вельмі непрафэсійна, а мясцовае насельніцтва дапамагала немцам змагацца з гэтымі групамі. У іх уваходзілі пераважна апаратчыкі, людзі з партыі, НКВДысты. Мясцовыя іх проста ненавідзелі, бо яны былі прычынай многіх іхніх бедаў. Немцам удалося вельмі хутка ліквідаваць гэтыя спробы стварыць партызанку. У 1942 годзе адбылася чарговая спроба стварэньня партызанскага руху. Але зь дзеяньнямі Крамля гэта ня мае нічога супольнага. Пасьля таго, як немцы разьбілі Чырвоную Армію, дзясяткі тысяч “акружэнцаў” запоўнілі беларускія вёскі. Да іх трэба дадаць дзясяткі тысяч ваенапалонных, якіх немцы вызвалілі. Гэтыя людзі жылі разам зь мясцовымі й дапамагалі ім. Інакш кажучы, былі рабочай сілай. Немцы ведалі пра гэтую сытуацыю, “акружэнцаў” яны ўспрымалі як патэнцыйную пагрозу й на пачатку 1942 году хацелі зарэгістраваць гэтых былых жаўнераў ЧА, каб выслаць іх у Нямеччыну на працу. “Акружэнцы” гэтага моцна спалохаліся. Яны лічылі, што немцы іх расстраляюць. Вось тады пачаліся масавыя ўцёкі ў лес. І вось гэта ўжо быў сапраўдны пачатак партызанскага руху. Праўда, немцы не зьбіраліся іх забіваць. Яны проста разумелі, што такая колькасьць людзей у тыле, якія здольныя ваяваць, ды яшчэ і ў лясістых краях, можа быць небясьпечнай. Так і пачалі ўтварацца спантанныя партызанскія групы.

— А што было ня так у 1941 годзе?

Б. Мусял: Усё рабілася па-аматарску. Да 1934-35 гадоў партызанская вайны была часткай мілітарнай стратэгіі СССР. Рыхтаваліся партызанскія групы, ствараліся сакрэтныя склады зброі. Але потым стратэгія зьмянілася з абарончай на наступальную. Гэта стратэгія імгненнай вайны Тухачэўскага. Бальшавікі лічылі, што нападаць будзе СССР. Тое, што ён стане ахвярай, ня бралася пад увагу. Калі пачаліся чысткі, то многія з партызанаў, якія прайшлі падрыхтоўку, былі забітыя. Іншыя, такія як Варашылаў, займалі высокія пасады й не маглі арганізоўваць такі рух ад нізоў. У 1941 годзе стварэньне партызанскага руху адбывалася фактычна ад пачатку. У саветаў проста не было традыцыі такога руху, бо не засталося людзей, якія да гэтага былі падрыхтаваныя. Не хапала зброі, зброя была вучэбная, без боепрыпасаў. Гэтыя людзі ня ведалі, як робяцца замахі. І такіх выпадкаў было мноства. Не было мін, выбуховых рэчываў. Не было транспартных самалётаў.

— Дык па якім прынцыпе стваралася партызанка, калі не было такой стратэгіі?

Б. Мусял: Былі створаныя партызанскія школы, дзе пасьля 2-3 дзён навучаньня людзей высылалі ў лес. Калі групы ўзначальвалі НКВДысты, то мясцовае насельніцтва не хацела ім дапамагаць. Былі, зразумела, адзінкавыя напады, апэрацыі супраць акупантаў. Але пагрозы для немцаў гэтыя групы не ўяўлялі, і яны разьбілі іх даволі хутка. Больш было нападаў на мясцовае насельніцтва, на так званых здраднікаў. У адказ на гэта немцы стварылі паліцыю, у якую мабілізавалі мясцовых жыхароў. Па-першае, яны выдатна ведалі ваколіцы. Па-другое, выбіралі найперш з тых, хто пацярпеў ад савецкай улады. А такіх было вельмі шмат. У кагосьці саветы забралі маёмасьць, у кагосьці забілі жонку, і, канешне, людзі хацелі за гэта адпомсьціць.

— А ці былі выпадкі, што мясцовае насельніцтва ішло ў лес добраахвотна, кіруючыся нацыянальнымі й патрыятычнымі памкненьнямі?

Б. Мусял: У беларусаў не было патрэбы ісьці ў лес. Нямецкая акупацыйная палітыка была прабеларускай. Зразумела, што яна зводзілася да таго, каб разыграць беларускае пытананьне насуперак габрэям, палякам, украінцам і расейцам. З пункту гледжаньня тагачаснага беларускага патрыёта, у яго не было ніякай патрэбы змагацца супраць немцаў. Немцы адкрывалі беларускія школы, набіралі мясцовых жыхароў у адміністрацыю. Немцы фактычна гарантавалі разьвіцьцё беларускага патрыятызму й нацыяналізму. Нават палякі запісваліся беларусамі, бо так можна было захаваць месца ў паліцыі.

— Вы сказалі, што другую хвалю партызанкі стварылі самі немцы. А як гэтым групам удалося наладзіць сувязь з Масквою?

Б. Мусял: Гэты быў складаны працэс. Прасьцей гэта ўдавалася партызанам ва Ўсходняй Беларусі. Каля Віцебска была так званая “Суражская Брама”. У партызанаў, якія там дзейнічалі, была магчымасьць наладзіць сувязь з Масквою. Гэта былі “акружэнцы”. Было вельмі шмат афіцэраў. Яны ведалі, што калі ня будуць змагацца, калі пойдуць у нямецкі палон, то, паводле савецкіх законаў, стануць здраднікамі. Згодна з дэкрэтам Сталіна з 15 жніўня 1941 году, кожны чырвонаармеец, якія здаваўся ў палон, лічыўся здраднікам. Сем’і афіцэраў за гэта чакала пакараньне. Яны апынуліся закладнікамі. Афіцэры з ваенным досьведам разумелі, што яны павінны навязаць сувязь з цэнтрам.

— І як гэта ажыцьцяўлялася ў практыцы?

Б. Мусял: Я апісваю выпадак групы Нічыпаровіча. Гэты палкоўнік узначаліў групу й меў намер прайсьці лінію фронту. У выніку ён застаўся ў ваколіцах Клічава й праз 2-3 месяцы ўсталяваў кантакт праз савецкіх парашутыстаў. Саветы ведалі, што ў лясах шмат людзей, і намагаліся ўстанавіць зь імі кантакт. Нічыпаровіч атрымаў загад заставацца на месцы й ствараць партызанскі рух. Але групам з Налібацкай пушчы, напрыклад, прайсьці такі кавалак дарогі было вельмі складана. Кур’еры вельмі часта не даходзілі. А калі й даходзілі, то невядома, што за гэты час магло стаць з групай і дзе яна знаходзілася. Шлях за фронт займаў нават 3 месяцы. Умовай існавання атраду была пастаянная сувязь. Яе можна было мець толькі дзякуючы радыёстанцыі. Партызаны ў Налібацкай пушчы змаглі аб’яднацца ажно ўвесну 1943 году. Але нават атрады бяз сувязі, якія ўзначальвалі афіцэры, удзельнічалі ў баях. Зразумела, гэта былі акцыі па меры магчымасьці.

— Як яны маглі праводзіць апэрацыі да вясны 1943 году, пакуль усталявалася сувязь, калі ў іх не было зброі?

Б. Мусял: Брыгада імя Сталіна, напрыклад, зьбірала зброю ў лесе. Гэтага хапала на такія-сякія апэрацы, але не на вялікія акцыі. То бок, прасьцей было нападаць на 1-2 паліцыянтаў, найлепш мясцовых. Напады на чыгуначныя шляхі былі проста нерэальныя. Не было й выбуховых матэрыялаў.

— Наколькі небясьпечным для немцаў было тое, што партызаны рабілі ад 1942 году па 1943, да моманту, калі была ўсталяваная сувязь з Масквою?

Б. Мусял: Зь мілітарнага пункту гледжаньня, вялікага значэньня гэта ня мела. Але калі казаць пра акупацыйную палітыку, то пагроза была. Спакой ў тыле быў парушаны. Чыніліся перашкоды ва ўборцы ўраджаю, а гэта рабіла немагчымым зборы для нямецкай арміі. Партызаны палілі маёнткі, піларамы. Але зь іншага боку, гэтыя землі былі не настолькі багатыя, каб нямецкая армія адчула праблемы са зборам кантынгентаў. Напоўніцу ўсе жахі вайны адчула мясцовае насельніцтва. Людзі апынуліся паміж молатам і кавадлам. Быць ляяльнымі патрабавалі і немцы, і партызаны, а за неляяльнасьць было сьмяротнае пакараньне. Партызанскі рух быў для мясцовых жыхароў катастрофай. Вядома, гэта віна ня толькі партызанаў, але й немцаў. Бо яны жадалі ляяльнасьці, але не змаглі запэўніць людзям бясьпекі.

«Колькасьць злачынстваў на ўсходзе Беларусі была большай, чым на захадзе«

— Я неаднаразова размаўляў пра партызанскі рух са сьведкамі тых падзеяў. Ані разу мне не давялося пачуць пра партызанаў добрае слова. Але, па ідэі, менавіта за гэтых людзей партызаны й змагаліся.

Б. Мусял: Ахова мясцовага насельніцтва не ўваходзіла ў задачы партызанаў. Наадварот. І гэта бачна па дакумэнтах. Саветы самі прызнавалі, што мясцовае насельніцтва ня хоча іх падтрымліваць. Чаму не хацелі? Трэба вярнуцца на некалькі гадоў назад. Возьмем усходнюю Беларусь, як некаторыя кажуць, найбольш савецкую частку краіны. Як гісторык, я правёў мноства размоваў. Памятаю, як я пытаўся ў жанчын, як было падчас вайны? Людзі, вядома, пачыналі казаць пра тое, як было цяжка. Але ніхто не пачынаў ад 1941. Гаварылі пра 20-30-я гады, пачыналі ад калектывізацыі. Панаваньне бальшавікоў было для іх паласою перасьледу, няшчасьця, голаду. Яны страцілі свабоду, зямлю. У кагласах яны былі фактычна рабамі на ўласнай зямлі. Частку людзей забілі, а іншых дэпартавалі. Уваходзяць немцы. Па якой прычыне гэтыя людзі павінны змагацца за Сталіна, абараняць НКВДыстаў, партыйных апаратчыкаў, якія столькі гадоў іх перасьледавалі? Людзі іх не баранілі. Выключэньнем былі камсамольцы-фанатыкі. Мясцовае насельніцтва проста ня мела матывацыі змагацца за бальшавізм. Для іх гэтая сыстэма была антыбеларуская й антычалавечая. Калі яны ўжо й ішлі ў лес, то адбывалася гэта збольшага пад прымусам. Ляяльнасьць партызаны здабывалі сілай. Калі я пачынаў аналізаваць дакумэнты пра партызанку на Наваградчыне, то меркаваў, што крайне нэгатыўнае стаўленьне партызанаў да мясцовых было выклікана тым, што мясцовае насельніцтва лічыла сябе палякамі. А саветы, як вядома, мелі антыпольскі комплекс. Але пазьней я заўважыў, што тое самае было й ва Ўсходняй Беларусі. На ўсходзе было нават горш, бо там першапачаткова дзейнічалі больш буйныя атрады й там усё было выпалена як пасьля саранчы. Колькасьць злачынстваў там была большай, бо большай была й колькасьць партызанаў. Мясцовыя вельмі часта не разумелі, што шукалі партызаны ў іх краях? Які быў сэнс гэтага руху? Так было ў Лепелі. Людзі казалі, што чыгуначныя шляхі былі 80 км ад іх і што партызаны ўвогуле там не хадзілі. Мілітарны сэнс гэта мела б тады, калі б ім удалося спыніць пастаўкі. Такія выпадкі, канешне, былі, і тады гэта мела сэнс.

— Тым ня менш, вядома, што й мясцовыя ішлі ў партызаны. Гэта былі добраахвотнікі?

Б. Мусял: У Маскве былі дэбаты наконт таго, як прымусіць людзей ісьці ў партызаны. Праз афіцыйную мабілізацыю, ці не. Панамарэнка сказаў, што афіцыйную мабілізацыю абвяшчаць нельга, але, па сутнасьці, ўсё так і было. Я бачыў дакумэнты, дзе было напісана, што такі й такі мабілізуецца пад пагрозай сьмяротнага пакараньня. Гэта ня быў добраахвотны рух. Большасьць беларусаў ішла туды пад прымусам. Бывала, што ўцякаць у лес людзей змушалі антыпартызанскія апэрацыі. Возьмем апэрацыю “Герман” у Налібацкай пушчы. Немцы не давалі рады партызанам, таму вырашылі, што трэба выселіць цэлыя вёскі, каб партызанам не было за што жыць. Так ствараліся зоны смерці. Гэта было вельмі папулярным ва Ўсходняй Беларусі. Мясцовых немцы вывозілі у Рэйх, каб мець там рабочую сілу, а партызанам нічога ў выніку не даставалася. Некаторыя людзі ўцякалі ў лес, да партызанаў. Яны баяліся таго, што зь імі будзе ў Нямеччыне. Часам да партызанаў беглі нават антысавецкія людзі, бо ў іх не было выхаду. Кожны выбар для беларусаў быў у той час кепскі. Гэта была трагедыя. Не было выхаду, які гарантаваў бы выжываньне.

— А ці была ў партызанаў магчымасць, каб схіліць насельніцтва да супрацы й дапамогі?

Б. Мусял: Канешне. Былі такія партызанскія лідары, якія патрабавалі выконваць дысцыпліну, каралі за злачынствы. Польскія партызаны, напрыклад, таксама ж жывіліся дзякуючы людзям. Але ў іх была іншая сыстэма. Яны намагаліся ставіцца да людзей па-людзку. Вёскі дзяліліся на зоны, каб ня выйшла так, што ў адзін дзень у адну вёску прыходзіць па некалькі партызанскіх атрадаў. Саветы ж ладзілі так званыя “бамбёжкі”. Падчас такіх нападаў яны бралі ўсю маёмасьць, напіваліся й нішчылі ўсё навокал. У справаздачах з цэнтру нон-стоп зазначалася, што трэба дбаць пра дысцыпліну, каб па-людзку ставіцца да насельніцтва, так. Былі загады не паліць вёсак, не расстрэльваць без суда, была забарона для ўсіх. То бок, цэнтар разумеў праблему й яе маштаб. У Маскве цудоўна разумелі, што партызанскі рух сам ствараў антысавецкія настроі. Але выправіць сытуацыю ў такой масе было вельмі складана.

— Але няўжо самі камандзіры не разумелі, што дэмаралізацыя проста зьнішчыць іх атрады?

Б. Мусял: Былі такія, што разумелі. У сваёй кнізе я шмат пішу пра Нічыпаровіча. Гэта адзін з найбольшых посьпехаў партызанскага руху ў Беларусі. Яго ідэі партызанскай барацьбы былі абсалютна лягічнымі. Атрад Нічыпаровіча дзейнічаў у ваколіцах Клічава й быў адным з самых баявых. Беручы пад увагу сьціплыя магчымасьці, яму ўдалося стварыць групу з 2000 чалавек, якая практычна сарвала нямецкую сувязь паміж Менскам і Воршай. Немцы ўпершыню мелі дачыненьне з так добра арганізаванай групай. Нічыпаровіч сядзеў у турме яшчэ ў часы вялікай чысткі. Ён ведаў, што яго чакае, калі ён ня будзе змагацца. Пасьля пераходу лініі фронту НКВД правярала яго. Ён некалькі разоў пісаў справаздачы пра тое, што ён рабіў да стварэньня групы. Я чытаў 3 яго справаздачы, і яны адрозьніваюцца адна ад адной. Вопытны НКВДыст адразу заўважыць, што штосьці ня так. Невядома, чым ён займаўся ад лета 1941 да позьняй зімы. Гэта “белая пляма”. Я дапускаю, што ён хаваўся.

— Нічыпаровіч памёр у Бутырцы, не дачакаўшыся перамогі. За краты ён трапіў у выніку ўнутрыпартыйных разборак. Ці часта здаралася, што партызаны паміж сабою ня ладзілі?

Б. Мусял: Гэта адбывалася пастаянна. Даходзіла нават да бітваў паміж партызанскімі атрадатамі. Біліся за нарабаванае дабро, альбо з-за жанчын. Самагонка лілася ракой, і нагоды заўсёды знаходзіліся.

«За парушэньне дысцыпліны — расстрэл»

— А як камандзіры дамагаліся дысцыпліны?

Б. Мусял: Былі такія камандзіры, якія за правіны расстрэльвалі. У Налібацкай пушчы, напрыклад, быў канфлікт паміж савецкімі й габрэйскімі партызанамі. Людзі страшэнна скардзіліся на апошніх, што яны забіраюць апошняе з дому. І Чарнышоў быў за крок да таго, каб расстраляць габрэйскага камандзіра Зорына. Бо яны рабавалі нават тых, хто выжыў у налібацкай бойні і жыў у зямлянках. Але й самі савецкія партызаны ня грэбавалі рабункамі. Яны маглі спаліць вёску, калі лічылі, што яна для іх беспэрспэктыўная, што там нельга нічога здабыць. У вёсцы Конюхі (цяпер Летува) партызаны пастаянна рабавалі мясцовых, і ў выніку там была створана самаахова, каб бараніцца ад рабункаў. Тады вёску акружылі й зьнішчылі. Партызаны заўсёды знаходзілі нейкую прычыну. Калі ім не ўдавалася захапіць пастарунак, то яны палілі цэлую вёску. У прынцыпе, яны рабілі тое самае, што й немцы. Быў выпадак, калі немец забіў каханку партызана, дык той так раззлаваўся, што спаліў усю вёску. Партызаны часта палілі мураваныя будынкі, пераважна школы, каб немцы не змаглі там арганізаваць пункты паліцыі. Таму вельмі часта, калі афіцыйна гаворыцца, што немцы зьнішчылі нейкі будынак, то гэта справа рук партызанаў. Гэта былі прафіляктычныя зьнішчэньні.

— А ці магчыма сёньня ацаніць узровень дэмаралізацыі партызанскага руху? Гэта быў пранцып, ці выключэньне?

Б. Мусял: Гэта была велізарная праблем. Зразумела, былі й выключэньні. Той жа Нічыпаровіч, хаця й ён быў далёка не сьвяты. Ён таксама зьдзяйсьняў злачынствы, але гэта быў бальшавік, які змагаўся. Калі ён лавіў калябаранта, то адразу яго забіваў. Нічыпаровіч быў эфэктыўным партызанам. Ён прыйшоў да высновы, што такія вялікія партызанскія атрады ў тыле ворага бессэнсоўныя. Яго канцэпцыяй былі малыя групы па 100 чалавек са зброяй. Гэтыя групы маюць радыёсувязь, маюць агульную мэту, але дзейнічаюць самастойна. Ён ня бачыў сэнсу, каб палкоўнік кіраваў 100-асабовым партызанскім атрадам. Пасьля таго, як яго забралі ў Маскву, ён хацеў пайсьці ў ЧА, на фронт. Ён не хацеў вяртацца ў партызаны. Пісаў Варашылаву, што гэта ня мае ніякага мілітарнага сэнсу, бо зброі яны мелі мала. Немцы маглі іх сьцерці ў пыл.

— Але партызаны маглі, напрыклад, зьнішчаць чыгуначнае палатно й праводзіць шкодніцкія апэрацыі.

Б. Мусял: Немцы вельмі хутка навучыліся напраўляць пашкоджаньні рэек. Каб пашкодзіць чыгунку, найлепш было зьнішчыць мост, але ў Беларусі іх было няшмат, бо амаль няма вялікіх рэк. Тым больш немцы моцна ахоўвалі гэтыя масты. Каб зьнішчыць мост, спачатку трэба было разьбіць пастарунак, які някепска ахоўваўся. Пашкоджаньні рэйкі на 10-20 см немцы рамантавалі вельмі хутка, гэта была простая справа. У іх былі адмысловыя цягнікі, якія імгненна ўсё рамантавалі. Гэта было пытаньне 2-3 гадзін, максымальна паўдня. Балючым ударам для немцаў было б зьнішчэньне чыгуначнага вузла, але ў гарады партызаны не ўваходзілі. У 1943 годзе была вялікая рэйкавая апэрацыя. Партызанам даставілі выбухоўку, і ў розных месцах адбыліся сынхронныя замахі. Апэрацыя застала немцаў зьнянацку. Было зьнішчана каля 300 км чыгуначных ліній. Гэта была сур’ёзная праблема. Немцам трэбы было тэрмінова пастаўляць зброю на фронт і тут раптам зьнішчанывя рэйкі. Але яны хутка ўсё пачынілі і ўзмацнілі ахову. Праз 2-3 тыдні сытуацыя вярнулася ў норму. Пазьней партызанам ужо не ўдавалася паўтарыць гэты посьпех.

— Не хапіла выбухоўкі?

Б. Мусял: Не. Нямецкая тактыка была такой, каб пакінуць партызанам тэрыторыю, дзе няма чынучаных шляхоў. Там праводзіліся апэрацыі па эвакуацыі людзей, каб пакінуць партызанаў ні з чым. Калі глянуць на мапу савецкага партызанскага руху й параўнаць яе зь нямецкай, то гэта выглядае як шахматная дошка. Калі ёсьць горад і чыгуначныя шляхі, то яны знаходзяцца ў руках немцаў. Калі для немцаў нейкая тырэторыя няважная, то яна ў руках партызанаў.

— А якія дзеяньні партызанаў былі для немцаў найбольш балючымі?

Б. Мусял: Чыгуначныя лініі й дарогі былі найбольш балючай стратай. Але трэба браць пад увагу колькасьць партызанаў і вынікі. Калі мы параўнаем гэта з Францыяй, дзе партызанаў увогуле не было, то Беларусь для немцаў была кашмарам. Нельга было зь Менска так проста паехаць за 100 км. Можна было ехаць толькі ў складзе вялікай групы. У Францыі такога не было.

— Як можна ацаніць эфэктыўнасьць партызанскага руху ў Беларусі, пастаўленыя задачы й іх выкананьне?

Б. Мусял: Трэба браць пад увагу колькасьць партызанаў, страты мірнага насельніцтва й шкоду, нанесеную немцам. Зь мілітарнага пункту гледжаньня, гэта ня мела вялікага сэнсу. Там была маса партызанаў, а вынікі былі невялікія. Трэба таксама браць пад уваагу страты мірнага насельніцтва. Калі цягам году ў Беларусі ад партызанаў загінула каля 7 тысяч нямецкіх жаўнераў, афіцэраў і чыноўнікаў пры лічбе 100 тысяч, то гэта слабы вынік. Калі б яны забілі столькі па другі бок, то гэта было б для немцаў вялікай стратай. Калі б гэтым 100 тысячам даць зброю, боеапрыпасы, то так, гэта мела б велізарны сэнс. Але саветы не змаглі запэўніць гэтай масе людзей добрага камандаваньня, зброі й харчаваньня. У Маскве былі дыскусіі. Гучалі галасы, што партызанскі рух у такой форме бессэнсоўны. Берыя і НКВД былі прыхільнікамі стварэньня малых баявых груп. Яны павінны былі быць добраўзброеныя, добра падрыхтаваныя й мець канкрэтную задачу. І гэта мела б сэнс зь мілітарнага пункту гледжаньня. Нават Панамарэнка прызнаваў, што партызаны нічога ня робяць і займаюцца пераважна самі сабою. Але ў выніку стратэгія Берыі не перамагла, праўда, маленькія групы ўсё роўна траплялі ў тыл. Іх скідалі з парашутаў альбо яны пераходзілі лінію фронту.

— А як выглядала паўстаўка зброі праз лінію фронту?

Б. Мусял: Па-рознаму. Першы самалёт, які прызямліўся з мэтай падтрымкі Нічыпаровіча, увогуле прывёз улёткі. Партызаны былі страшэнна злыя. Гэта быў ліпень 1942 году. Каб мець аэрадром, трэба было яго добра ахоўваць. Такія лётнішчы былі каля Лепеля й Бягомля. Ляталі маленькія самалёты, бо вялікіх у саветаў не было. А колькі можна перавезьці біплянам? Некалькі соцень кіляграмаў. Саветы не прадукавалі вялікіх транспартных самалётаў. Пазьней амэрыканцы пастаўлялі ім свае “Дугласы”. Але гэта была кропля ў моры. Вельмі часта, калі скідалі ў капсулах зброю, то яна разьбівалася. Гэта была складаная апэрацыя. Трэба было прызямляцца, але й прызямленьнне было праблемай.

«Прыпіскі былі нормай і вышэйшае кіраўніцтва пра гэта ведала»

— У сваёй кнізе Вы часта параўноўваеце нямецкія й савецкія архіўныя дакумэнты. І вельмі часта яны кардынальна адрозьніваюцца. Хто больш хлусіў?

Б. Мусял: Прыпіскі ў савецкай сыстэме былі шырока распаўсюджаныя. Гэта не асаблівасьць партызанаў, гэта савецкая асаблівасьць. Дарэчы, Чырвоная Армія таксама гэтым займалася. Калі даць веры тагачасным савецкім дадзеным, то партызаны забілі на тэрыторыі Беларусі амаль паўмільёна нямецкіх жаўнераў. Гэта ж уся Армія “Цэнтар”. Але гэта пустыя лічбы, верыць ім нельга. Мне ўдалося пагартаць нямецкія чыгуначныя справаздачы. Яны высылалі зводкі раніцай і пасьля абеду. Гэта былі справаздачы зь Менска пра тое, што адбывалася на чыгуначных шляхах, пра замахі. У немцаў не было прычын, каб рабіць гэта дзеля прапаганды. Яны рабілі гэта для ўнутраных тэхнічных мэтаў. Гэта ляканічныя паведамленьні. Выбух там і там, пашкоджана 20 см рэек, страт няма. Альбо, напрыклад, міна выбухнула пад лякаматывам, паранены машыніст. Было й так, што міну выкрывалі. Лякаматыў пхаў вагоны, якія былі спэцыяльна прызначаныя для выбухаў. І дзякуючы гэтаму стратаў увогуле не было. І на тыя самыя апэрацыі ёсьць савецкія справаздачы. У савецкіх гаварылася, што ў выніку выбуху зьнішчаныя два цягнікі й загнінула 200 ССаўцаў. Канешне, былі й страты, але пераважна гэта было прыдумана. Увогуле, калі міна выбухала, то страты ў людзях былі рэдкасьцю. Немцы прадпрымалі сур’ёзныя сродкі перасьцярогі. Як саветы маніпулявалі лічбамі, добра бачна па бойні ў Налібаках у 1943 годзе. Спачатку ў справаздачах паведамлялася, што ахвяры – гэта 200 паліцыянтаў. Пазьней яны сталі немцамі, а лічба вырасла да 400. А насамрэч аніводзін немец тады ня быў забіты. І такіх выпадкаў мора. Прыпіскі былі нормай і вышэйшае кіраўніцтва пра гэта ведала.

— А як кіраўніцтва да гэтага ставілася? Ці былі нейкія наступствы для партызанаў?

Б. Мусял: Канешне. Штаб стараўся з гэтым змагацца, высылаў тэлеграмы, праходзілі сустрэчы. Быў выпадак зь Юрыным, які далажыў, што ён ліквідаваў Кубэ. Ён проста першы пра гэта даведаўся й выслаў справаздачу. І за гэта яго выслалі ў Гулаг. Пра прыпіскі я мог бы напісаць дзве чарговыя кнігі. Асабіста я больш веру нямецкім крыніцам, там інфармацыя больш блізкая да рэальнасьці. У немцаў не было падставаў хлусіць. Наадварот, яны былі абавязаныя ведаць рэальны стан рэчаў. У немцаў не было магчымасьці аднаўляць свае шэрагі, а партызаны маглі. Калі ў баі гінула 250 партызан з 300, то камандзір не пісаў пра рэальныя страты. Ён тут жа праводзіў мабілізацыю і зноў іх было 300. Калі людзі ўцякалі зь лесу, то таксама гэтыя страты аднаўляліся мабілізацыяй.

— А часта людзі дэзэртыравалі?

Б. Мусял: Так, гэта была масавая зьява. Уцякалі альбо дадому, альбо да немцаў. На Віцебшчыне ў 1942 годзе ў лясах было поўна “зялёных”. Так называлі тых, хто ўцёк ад партызанаў са зброяй і бараніўся ад іх ужо сам у лесе. Яны намагаліся прабіцца праз “Суражскую браму”. Пазьней, калі яна зачынілася, то праблема адпала. Дакладных лічба няма й ня можа быць. Але можна меркаваць, што праблема была маштабнай, бо ствараліся “особые отделы”, унутранае НКВД, гэта была цэлая разьведсетка. Я натрапляў на такія дакумэнты, зь якіх вынікала, што 10-15% партызанаў у атрадзе былі стукачамі. Іх справаздачы датычылі дысцыпліны. Як я ўжо казаў, партызаны ў большасьці не былі ахвотнікамі й таму яны часта ўцякалі. За гэта былі сьмяротныя пакараньні для ўсёй сям’і. Немцы ведалі, што сярод партызанаў мала добраахвотнікаў, і часта перадавалі інфармацыю, што калі нехта ўцячэ зь лесу дадому, то супраць яго ня будуць прадпрымацца ніякія меры.

— А які быў сэнс набіраць гвалтам людзей у лес, калі яны не хацелі змагацца й ня мелі такой волі, жаданьня, імпэту?

Б. Мусял: Па такім жа прынцыпе дзейнічала Чырвоная Армія. Каб дадаваць імпэту, улады выкарыстоўвалі пазытыўную й нэгатыўную матывацыю. Пазытыўная – гэта патрыятызм, а нэгатыўная – гэта запалохваньне, маўляў, калі ня пойдзеш з намі, то мы цябе расстраляем.

— Вельмі часта можна пачуць такое меркаваньне, што НКВДысты з Масквы, якіх Сталін выслаў у Беларусь, узначалілі стыхійны партызанскі рух, ліквідаваўшы яго старое кіраўніцтва. Гэта праўда?

Б. Мусял: Такія выпадкі здараліся. Чарнышоў прызямліўся пад Лепелем і ішоў з групай у Налібацкую пушчу. Там партызанскія атрады былі створаныя “акружэнцамі”. Чарнышову ўдалося дамагчыся ляяльнасьці. Гэта быў 1943 год, пасьля Сталінграду. І шмат хто быў перакананы, што лепш далучыцца. Падпарадкаваньне давала магчымасьць рэабілітацыі, бо да гэтага часу іх вынікі барацьбы ня ўражвалі. Але вельмі часта такія патрабаваньні сканчваліся й канфліктамі.

— У ліпені 1944 году немцы пакідалі Беларусь. Што адбывалася пасьля гэтага з партызанамі?

Б. Мусял: Яны выходзілі зь лесу. Тыя, што карысталіся даверам, займаліся ачышчэньнем лясоў ад немцаў і польскіх партызанаў, дапамагалі ствараць структуры савецкай улады. А іншых мабілізоўвалі й адпраўлялі на фронт. Гэта былі, пераважна, беларусы. Іх адразу кідалі на першую лінію фронту. Старэйшыя высылалі маладых. Гэта можна параўнаць зь сёньняшнім паняцьцем “дзедаўшчыны”. Старэйшыя лічылі, што маладыя спакойна сабе жылі ў лясах, што ім усяго хапала, а мы, маўляў, увесь час змагаліся.

— Партызанскі рух у Беларусі, як вынікае з вашых словаў, ня быў чымсьці выключным. Да гэтага трэба дадаць траўму мясцовых жыхароў. Чаму тады ўлады пасьля вайны раскручвалі гэты міт?

Б. Мусял: У Беларусі ў гэты міт маглі ня верыць, а ў Маскве – маглі паверыць. Тым больш, гэта толькі першае пакаленьне, а другое й трэцяе гэты міт праглынулі б. У школе не вучылі пра тое, як было насамрэч. Гэта клясычная прапаганда. Але чалавек, які лягічна думае, павінен прыйсьці да высновы, што лічбы, якія партызаны паведамляюць пра сябе й пра ахвяр з боку немцаў – звычайны міт. Сёньняшняя Беларусь – гэта постсавецкая краіна, таму прывязанасьць да гэтага міту зразумелая. Калі б Беларусь была сапраўды беларускай краінай, то яна б адкінула гэты савецкі міт. Бо савецкае – гэта антыбеларускае.

— Прыхільнікі гэтага міту лічаць, што калі яго адкінуць, то беларусам застанецца БКА і СБМ.

Б. Мусял: Гэта міт, выдумка. Вы што, хочаце будаваць сваю сьвядомасьць на фальшы? На гэтае пытаньне павінны сабе адказаць самі беларусы, але, на маю думку, лекцыя гісторыі для беларусаў простая – беларусы былі ахвярамі двух таталітарызмаў. І ані саветы, ані нацысты не клапаціліся пра беларусаў. Гісторыя падказвае беларусам, што яны павінны мець сваю беларускую дзяржаву, якая абароніць і паклапоціцца пра кожнага грамадзяніна.


Богдан Мусял нар. у 1960 годзе. Вывучаў гісторыю, паліталёгію й сацыялёгію ва ўнівэрсытэтах Гановэра й Манчэстэра. Працаваў у Нямецкім гістарычным інстытуце ў Варшаве, Інстытуце нацыянальнай памяці Польшчы. Доктар навук, прафэсар Варшаўскага ўнівэрсытэта кардынала Стэфана Вышынскага, кіраўнік кафэдры Цэнтральна-Усходняй Эўропы.