Матэрыялы круглага стала, прысвечанага падзеям 17 верасня 1939 г., які быў праведзены рэдакцыяй часопіса «Беларуская думка».

У XX стагоддзі беларускі народ перажыў унікальны гістарычны вопыт: на працягу двух дзесяцігоддзяў нацыя была раз’яднана і жыла ў дзвюх процілеглых па палітыка-эканамічным ладзе краінах. Гэта стала вынікам польскай акупацыі заходнебеларускіх зямель і Рыжскага дагавора 1921 года, паводле якога савецка-польская мяжа пралягла ў лічаных кіламетрах ад Мінска. Ва ўсходняй частцы Беларусі была створана Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, дзе наш народ бадай упершыню ў сваёй найноўшай гісторыі змог будаваць уласную дзяржаўнасць, адраджаць нацыянальную культуру і адукацыю. Заходняя Беларусь апынулася пад уладай Польшчы, якая не дбала пра эканамічнае і культурнае развіццё «крэсаў усходніх» і праводзіла ў дачыненні да беларусаў палітыку паланізацыі і асіміляцыі. Толькі ў верасні 1939 года, праз некалькі тыдняў пасля пачатку Другой сусветнай вайны, Заходняя Беларусь уз’ядналася з Усходняй. Гэта падзея па праву можа прэтэндаваць на статус агульнанацыянальнага свята для ўсіх беларусаў, для ўсіх грамадзян Рэспублікі Беларусь, незалежна ад іх палітычных поглядаў і ідэалагічных прыхільнасцей. У 70-ю гадавіну паходу Чырвонай арміі ў Заходнюю Беларусь на пытанні «Беларускай думкі» адказваюць вядомыя гісторыкі і грамадскія дзеячы: КАВАЛЕНЯ Аляксандр Аляксандравіч – акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі, дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі, доктар гістарычных навук, прафесар; ТРУСАЎ Алег Анатольевіч – старшыня грамадскага аб’яднання «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны», кандыдат гістарычных навук; ПАЧОБУТ Андрэй Станіслававіч – карэспандэнт польскага выдання «Gazeta Wyborcza» ў Беларусі; ВАБІШЧЭВІЧ Аляксандр Мікалаевіч – загадчык кафедры гісторыі славянскіх народаў Брэсцкага дзяржаўнага універсітэта імя А.С. Пушкіна, кандыдат гістарычных навук, дацэнт

 

Уз’яднанне Заходняй і Усходняй Беларусі непарыўна звязана з такой тэмай, як савецка-германскі пакт Молатава-Рыбентропа і ваеннае паражэнне Польшчы ў 1939 годзе. Сама праблематыка пачатку Другой сусветнай вайны вельмі складаная і патрабуе, бадай, асобнага ўсебаковага абмерка вання. Але не страчвае актуальнасці пытанне: як наша веданне тых падзей уплывае і ці павінна яно негатыўна ўплываць на стаўленне грамадзян Рэспублікі Беларусь да вызваленчага паходу Чырвонай арміі, да наступных сацыяльна-палітычных, эканамічных і культурных пераўтварэнняў у Заходняй Беларусі?

А.А. Каваленя: У наш час гісторыя калі нікалі выкарыстоўваецца як палітычная зброя для дасягнення пэўных мэт. Прадстаўнікі некаторых палітычных плыняў імкнуцца паставіць у адзін рад фашызм і сталінізм. Зноў і зноў уздымаецца пытанне аб роўнай адказнасці нацысцкай Германіі і СССР за распальванне Другой сусветнай вайны. Здавалася б, што прынятыя рашэнні ў Ялце (1945), Нюрнбергу (1946) і Хельсінкі (1975) дазваляюць сусветнай грамадскасці і палітычным элітам дзейнічаць у межах вы працаваных міжнародных актаў. Аднак хва ля супярэчлівых ацэнак перадваеннага і ва еннага перыяду працягваецца. У апошнія га ды грамадскі інтарэс да гэтай праблематыкі не толькі не заціхае, а наадварот, успыхвае з яшчэ большай сілай. Але ён ніяк не звязаны з выяўленнем і публікацыяй новых даных. Яшчэ ў 1990 годзе Міністэрства замежных спраў СССР апублікавала зборнік «Год кризиса, 1938–1939: документы и материалы», дзе былі змешчаны многія раней не вядомыя дакументы і пратаколы дагавораў, заключаных паміж Германіяй і СССР, у тым ліку і сакрэтны пратакол да германа савецкага пакта. Як бачым, пытанне не ў новых сенсацыйных фактах, а ў іх новай інтэрпрэтацыі, што звязана з сучаснай ма ральнай і палітычнай ацэнкай.

Не толькі заходнія публіцысты, палітыкі і ангажаваныя навукоўцы ўдзельнічаюць у пераацэнцы падзей перадваеннай і ваеннай гісторыі. Расійскі кніжны рынак перанасычаны самымі рознымі публікацыямі, нават небыліцамі. У пагоні за чытачом не каторыя аўтары ствараюць «шэдэўры» накшталт «Национал-социалистический меч оттачивался НКВД СССР», «НКВД – гестапо: тайное сотрудничество». Працягвае свае псеў дагістарычныя праекты Разун (Сувораў).

Прыхільнікі заходніх каштоўнасцей гатовы прыпісаць СССР усе магчымыя і немагчымыя грахі, паказаць Савецкі Саюз «імперыяй зла». Напрыклад, у ліпені 2009 года Парламенцкая асамблея Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе прыняла рэзалюцыю «Воссоединение разделенной Европы: поощрение прав человека и гражданских свобод в регионе ОБСЕ в XXI веке», якая фактычна ўраўнавала сталінізм і нацызм. Еўрапейскаму грамадству прапанавана своеасаблівая форма дыктату сучаснасці над мінулым, калі гісторыю спрабуюць асуджаць з улікам сучасных маральных крытэрыяў, прычым, па неабгрунтаваных і надуманых праблемах. Еўрапейцы забылі, хто іх выратаваў ад карычневай чумы.

Зразумела, што нельга ідэалізаваць дзейнасць палітычнага кіраўніцтва СССР, у тым ліку і Сталіна. Да вайны было шмат дапушчана памылак, пралікаў, нават учынена злачынстваў. Але і станоўчага было нямала. За кароткі тэрмін у краіне ўзведзены тысячы новых прамысловых прадпрыемстваў, шахт, руднікоў, пабудаваны новыя гарады, значнае развіццё атрымала адукацыя, навука, культура.

Апошнім часам асабліва актыўна абмяркоўваецца заключаны 23 жніўня 1939 года Дагавор аб ненападзенні паміж Германіяй і СССР. Неабходна зрабіць адну прынцыповую рэмарку. Справа ў тым, што не толькі публіцысты і журналісты, але і гісторыкі робяць сур’ёзную памылку (не пазбаўленую палітычна-метадалагічнага падтэксту), калі называюць гэты дакумент «савецкагерманскім дагаворам» альбо «пактам Молатава-Рыбентропа». Дакументальныя крыніцы адназначна сведчаць: ініцыятыва заключэння дамовы ішла не ад кіраўніцтва Савецкага Саюза, а ад палітычных лідэраў Трэцяга рэйха. Менавіта Гітлер праяўляў у пэўным сэнсе вераломства дзеля хутчэйшага заключэння дамоўленасці паміж Германіяй і СССР. Таму будзе правільна ўжываць дэфініцыі «пакт РыбентропаМолатава», «германа-савецкі дагавор»…

Пасля прыходу нацыстаў да ўлады галоўным напрамкам дзейнасці палітычнага кіраўніцтва Германіі на міжнароднай арэне было патрабаванне вяртання тэрыторый і адмены абмежаванняў на ўзбраенне Германіі, якія былі прадугледжаны ўмовамі Версальскага дагавора. Вялікабрытанія і Францыя выявілі гатоўнасць да ўступак у абмен на гарантыі бяспекі. Яны лічылі, што такім чынам можна супакоіць гітлераўскі рэжым. Значную ролю ў аднаўленні ваенна-эканамічнага патэнцыялу Германіі адыграў замежны капітал. Да сярэдзіны 1930-х гадоў у германскую прамысловасць было ўкладзена 27 млрд. марак замежнага капіталу, 70 % якога належала амерыканскім фірмам.

Англійскі і французскі ўрады дазволілі Германіі захапіць Аўстрыю ў сакавіку 1938 года. Новым актам агрэсіі стаў захоп Чэхаславакіі. Савецкае кіраўніцтва ў пісьмовай форме запэўніла ўрад гэтай краіны, што з мэтай процідзеяння германскай агрэсіі СССР гатовы нават перавысіць меры, прадугледжаныя савецкачэхаславацкім пагадненнем, і аказаць аднабаковую дапамогу Чэхаславакіі без Францыі, калі такая просьба будзе ад урада. У гэты ж час Вялікабрытанія і Францыя ўзмацнілі ціск на кіраўніцтва Чэхаславакіі, патрабуючы прыняць германскія ўмовы і адмовіцца ад заключанага ў 1935 годзе пагаднення з Савецкім Саюзам.

Для прыняцця рашэння па чэхаславацкай праблеме 29–30 верасня 1938 года ў Мюнхене была склікана канферэнцыя з удзелам лідэраў Германіі, Вялікабрытаніі, Францыі і Італіі. На ёй ішла канкрэтная размова аб перадачы Германіі часткі тэрыторыі незалежнай краіны. Пры гэтым прадстаўнікі Чэхаславакіі сядзелі ў суседнім памяшканні і чакалі рашэння аб лёсе іх краіны – іх нават не дапусцілі да перамоў.

Дарэчы, яшчэ да заключэння Мюнхенскага дагавора ў Польшчы ад імя «Саюза сілезскіх паўстанцаў» адбывалася вярбоўка ў «Цешынскі добраахвотніцкі корпус». Яго фарміраванні накіроўваліся на чэхаславацкую мяжу і ўчынілі там шэраг узброеных правакацый. У выніку 1 кастрычніка 1938 года Чэхаславакія вымушана была ўступіць Польшчы Цешынскую вобласць, дзе пражывалі каля 80 тыс. палякаў і 120 тыс. чэхаў. Галоўным набыткам польскага боку стаў прамысловы патэнцыял рэгіёну. Прадпрыемствы Цешынскай вобласці выплаўлялі ў канцы 1938 года каля 41 % польскага чыгуну і амаль 47 % сталі.

Намаганні савецкага кіраўніцтва перад вайной накіроўваліся на аб’яднанне дзейнасці СССР, Вялікабрытаніі і Францыі супраць пашырэння агрэсіўных намераў Германіі. У 1939 годзе савецкая дыпламатыя прадаўжала актыўна працаваць, каб схіліць брытанскі і французскі ўрады да стварэння сістэмы калектыўнай бяспекі ў Еўропе. Перамовы працягваліся да 21 жніўня, але пазітыўных рашэнняў не знаходзілася. У гэтай сітуацыі СССР вымушаны быў шукаць альтэрнатыву, каб не апынуцца ў міжнароднай ізаляцыі. Пагадненне з Германіяй давала Савецкаму Саюзу пэўныя гарантыі бяспекі. Важна падкрэсліць, што ні дагавор аб ненападзенні, ні прыкладзены да яго сакрэтны дадатковы пратакол не змяшчалі артыкулаў аб ваенным супрацоўніцтве дзвюх краін і не абавязвалі весці баявыя дзеянні супраць трэціх краін альбо аказваць дапамогу ў выпадку ўдзелу адной з іх у ваенным канфлікце. Дасягнутыя дамоўленасці паміж СССР і Германіяй не рабілі іх саюзнікамі ні фармальна, ні фактычна, хоць некаторыя аўтары імкнуцца сёння даказваць адваротнае. Германасавецкі дагавор стаў вынікам, а не прычынай крызісу міждзяржаўных адносін у перадваенны перыяд. Не быў ён выключным і з пункту гледжання палітычнай практыкі і маралі таго часу, асабліва калі параўнаць яго з Мюнхенскім пактам.

Сёння крытыкі германа-савецкага дагавора сцвярджаюць, быццам менавіта яго заключэнне падштурхнула Германію напасці на Польшчу. Але дакументы сведчаць, што яшчэ ў пачатку красавіка 1939 года Гітлер аддаў загад распрацоўваць план ваеннага разгрому Польшчы.

Што да Беларусі, то аб’ектыўна краіна ў пачатку XX стагоддзя знаходзілася толькі ў пачатку фарміравання нацыянальнай незалежнай дзяржаўнасці і не мела дастаткова значнай знешнепалітычнай вагі. Яскравы прыклад – заключэнне Брэсцкага і Рыжскага дагавораў. Вырашэнне пытанняў дзяржаўнай цэласнасці Беларусі праходзіла без запрашэння і ўдзелу беларускіх прадстаўнікоў, ні міжнародная супольнасць, ні нават СССР не праяўлялі неабходнай настойлівасці ў яе захаванні. А кіраўніцтва даваеннай Польшчы ўсяляк ігнаравала праблему беларускай дзяржаўнасці.

А.А. Трусаў: Пачнём са слоў «вызваленчы паход Чырвонай арміі». Ад гэтага тэрміна сталінскіх гісторыкаў варта адмовіцца. Тым больш, што ў 1938 годзе Сталін ліквідаваў КПЗБ, і былыя камуністы Заходняй Беларусі і Украіны вызваляць іх ад «улады польскіх паноў» не прасілі. Сталін напаў на Польшчу 17 верасня знянацку, без аб’яўлення вайны, калі тысячы беларусаў, апранутыя ў мундзіры польскай арміі, 17 дзён мужна змагаліся супраць фашысцкай навалы. Дастаткова толькі ўспомніць вераснёўскія баі за Брэсцкую крэпасць, якія вяліся паміж польскімі і германскімі войскамі. Для беларусаў вайна пачалася не 22 чэрвеня 1941 года, а на два гады раней. Так, Янка Брыль, будучы народны пісьменнік, сустрэў вайну 1 верасня 1939 года, абараняючы Вестэрплятэ.

Трэба, аднак, памятаць, што яшчэ да пакта Молатава-Рыбентропа ў 1938 годзе ў Мюнхене адбыўся падзел Чэхаславакіі, прычым Польшча таксама ў ім удзельнічала, забраўшы кавалак чужой тэрыторыі. Таму рукі ў Сталіна былі развязаныя. Калі б ён не забраў Заходнюю Беларусь, яе ўсё роўна акупіравалі б немцы, і ўсё мясцовае яўрэйства загінула б значна раней.

А.С. Пачобут: Называць падзеі 17 верасня 1939 года вызваленчым паходам – значыць проста механічна паўтараць тэзісы сталінскай прапаганды. Не магла таталітарная дзяржава, якой быў Савецкі Саюз, прынесці некаму свабоду. Для людзей, што жывуць на Гродзеншчыне ці Брэстчыне і памятаюць падзеі верасня 1939 года, яны неразрыўна звязаны з наступствамі прыходу Чырвонай арміі, гэта значыць з масавымі рэпрэсіямі і дэпартацыямі, з агрэсіўнай антырэлігійнай прапагандай. Рэчаіснасць, у якой апынуліся жыхары далучаных да СССР тэрыторый, абсалютна не адпавядала вобразу «Краіны Саветаў», створанаму камуністычнай прапагандай у міжваенны перыяд. Ужо хутка пачаліся сур’ёзныя эканамічныя праблемы, чэргі па хлеб, пачалі стварацца калгасы, сялян сталі абкладаць велізарнымі падаткамі. Расчараванне было настолькі глыбокае, што закранула нават тых, хто радасна сустракаў Чырвоную армію ці раней шчыра верыў у камунізм. Яно не абмінула нават сяброў былой Камуністычнай партыі Польшчы і яе аўтаномных частак – КПЗБ і КПЗУ. Мясцовыя камуністы зусім інакш уяўлялі сабе рэчаіснасць пасля перамогі і сваю ролю ў гэтай рэчаіснасці. Яны крытыкавалі русіфікацыю, былі незадаволены тым, што адсунуты на другасныя ролі, а галоўнае месца занялі таварышы, прысланыя з Расеі ці з усходніх абласцей БССР, якія, на іх погляд, абсалютна не разумелі мясцовай спецыфікі і чыста механічным пераносам савецкіх звычаяў толькі адштурхоўвалі ад сябе насельніцтва.

«Усходнікаў», у сваю чаргу, здзіўляў больш высокі ўзровень жыцця ў Польшчы. Выказаныя з гэтай нагоды чырвонаармейцамі і нават дзяржслужачымі «антысавецкія ацэнкі» сотнямі фіксавалі органы НКУС, і сёння з імі можна азнаёміцца ў архівах. Улады ведалі пра гэтыя настроі і пытанні, што ўзнікалі ў савецкіх людзей, якія ўпершыню пабачылі замежжа. Менавіта таму былая савецка-польская мяжа яшчэ доўга трымалася «на замку».

Памяць, нават на ўзроўні канкрэтных сем’яў і канкрэтных людскіх лёсаў, і праз 70 гадоў моцна ўплывае на ацэнку тых падзей. Яны і сёння ўспрымаюцца неадназначна.

А.М. Вабішчэвіч: Паход Чырвонай арміі ў Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну ў верасні 1939 года ў кантэксце трагічнага пачатку Другой сусветнай вайны балюча ўспрымаўся (гэтыя рэцыдывы захаваліся і цяпер) значнай часткай польскай супольнасці як акт, які садзейнічаў паражэнню Польшчы і страце яе дзяржаўнасці. Беларуская супольнасць, аднак, у большасці пазітыўна ацэньвала ўваходжанне савецкіх войскаў. Адначасова трэба адзначыць, што разам з палякамі ў абароне Вестэрплятэ, крэпасці Модлін, Варшавы і іншых польскіх гарадоў прымалі ўдзел і беларусы. Паводле падлікаў гісторыка Юрыя Грыбоўскага, у абарончай вайне Польшчы супраць фашысцкай Германіі ўдзельнічалі амаль 70 тыс. беларусаў, з якіх загінулі прыкладна 7–8 тыс. чалавек (а з улікам выкарыстання заходнебеларускіх рэзервістаў у самых крывавых баявых дзеяннях – 9–10 тыс. чалавек), некалькі тысяч трапілі ў нямецкі палон. Гэтыя вайскоўцы-беларусы былі незаслужана забыты на многія дзесяцігоддзі, бо яны быццам бы адстойвалі выключна польскія нацыянальныя інтарэсы, хоць і першымі пачалі змагацца супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. На мой погляд, у іх свядомасці агульначалавечыя каштоўнасці ў даволі крытычнай сітуацыі пачатку Другой сусветнай вайны пераважылі нацыянальныя, нягледзячы на ранейшыя крыўды. Польскае вайсковае камандаванне да верасня 1939 года бачыла ў прадстаўніках нацыянальных меншасцей ненадзейных вайскоўцаў, таму штучна абмяжоўвала іх колькасць у польскай арміі. Паводле распараджэння ІІ аддзела Міністэрства вайсковых спраў ад 15 мая 1925 года, сувязь, танкавыя войскі, авіяцыя, жандармерыя павінны былі камплектавацца на 100 % з палякаў, часці Корпуса аховы памежжа – на 80 %, проціпаветранай абароны – на 95 %. У пяхоце, кавалерыі на тэрыторыі Заходняй Беларусі быў устаноўлены цэнз беларусаў 10%, у іншых родах войскаў – 20–25 %. Пасля мабілізацыі ў жніўні 1939 года беларусы складалі ў польскай арміі 7–8 %. Пры разглядзе падзей верасня 1939 года трэба ўлічваць адрозненне нацыянальных інтарэсаў палякаў і беларусаў, але нельга іх проціпастаўляць, бо і першыя, і другія разам змагаліся супраць фашызму.

Пры ацэнцы паходу Чырвонай арміі варта спаслацца на меркаванне былога брытанскага прэм’ер-міністра Лойд Джорджа, які не быў па-прасавецку настроены. 28 верасня 1939 года ў лісце да польскага пасла ў Лондане Эдварда Рачынскага ён адзначаў, што савецкія войскі ўвайшлі на тэрыторыі, якія не з’яўляліся польскімі і якія былі гвалтам анексіраваны Польшчай пасля Першай сусветнай вайны. Не сакрэт, што ў міжваеннай Польшчы беларускае пытанне разглядалася выключна як інспіраванае з усходу, гэта значыць з боку СССР. Польскія ўлады празмерна абсалютызавалі савецкі фактар, «руку Масквы». Ім было вельмі зручна дэманстраваць еўрапейскай супольнасці заходнебеларускі рух праз прызму бальшавісцкай пагрозы як пазбаўлены самастойнасці, выкарыстоўваць гэта ў якасці падставы для рэпрэсіўных дзеянняў не толькі супраць камуністаў, але і іншых заходнебеларускіх партый, аб’яднанняў, за выключэннем нешматлікіх паланафільскіх.

Дарэчы, ці можна разглядаць нацыянальную, культурную і рэлігійную палітыку Польшчы ў Заходняй Беларусі ў 1920-я – 1930-я гады як этнацыд, накіраваны на татальную паланізацыю беларускага насельніцтва? Альбо тут трэба выкарыстоўваць нейкія іншыя дэфініцыі?

А.А. Каваленя: Згодна з Рыжскім дагаворам 1921 года польскія кіруючыя колы абавязваліся забяспечваць для ўсіх нацыянальных меншасцей роўныя палітычныя правы і свабоднае веравызнанне і развіццё культуры. Так, у VII артыкуле дагавора было пазначана: «Польша предоставляет лицам русской, украинской и белорусской национальности, находящимся в Польше, на основе равноправия национальностей, все права, обеспечивающие свободное развитие культуры, языка и выполнения религиозных обрядов. Взаимно Россия и Украина обеспечивают лицам польской национальности, находящимся в России, Украине и Белоруссии, все те же права. Лица русской, украинской и белорусской национальности в Польше имеют право, в пределах внутреннего законодательства, культивировать свой родной язык, организовывать и поддерживать свои школы, развивать свою культуру и образовывать с этой целью общества и союзы. Этими же правами, в пределах внутреннего законодательства, будут пользоваться лица польской национальности, находящиеся в России, Украине и Белоруссии». Аднак польскія ўрадавыя колы і не дбалі пра выкананне палажэнняў дагавора. Прыгожы лозунг «За вашу і нашу свабоду!», які прапанавалі і шырока прапагандавалі польскія рэвалюцыйныя сілы ў час барацьбы з расійскім царызмам, быў забыты. Сутнасць унутранай палітыкі польскіх улад у міжваенны перыяд можна вызначыць як «Польшча для палякаў».

На тэрыторыі Заходняй Беларусі польскае кіраўніцтва пасяліла каля 9 тыс. палякаў-асаднікаў, 85 % памешчыкаў таксама былі палякамі, памешчыкі-беларусы складалі толькі каля 9 %. У адносінах да беларусаў і іншых нацыянальных меншасцей праводзілася шавіністычная палітыка гвалтоўнай паланізацыі і асіміляцыі. Забараняліся школы з беларускай мовай навучання, абмяжоўваўся прыём беларусаў у ВНУ і дзяржаўныя ўстановы. Вялося актыўнае наступленне на духоўнае жыццё беларусаў. Звыш 1300 праваслаўных храмаў сталі касцёламі. Для паланізацыі беларусаў улады выкарыстоўвалі ксяндзоў, якія сцвярджалі, што каталік – гэта паляк. Беларусы не жадалі мірыцца з сацыяльным і нацыянальным прыгнётам. На акупіраванай тэрыторыі вялося змаганне з польскімі захопнікамі. Ужо ў 1923 годзе ў Заходняй Беларусі было зарэгістравана 590 канфліктаў працоўных, у якіх удзельнічала 126 тыс. чалавек. У гэты ж перыяд на захопленай тэрыторыі дзейнічала 6 тыс. партызан: яны ажыццявілі каля 300 баявых аперацый.

Польскія акупанты жорстка распраўляліся з беларускімі патрыётамі. Турмы і канцлагер у Бярозе-Картузскай былі перапоўнены зняволенымі. У адносінах да іншадумцаў праводзілі палітыку масавага тэрору і ганенняў. Шырока практыкаваліся палітычныя працэсы. У канцы 1923 года ў турмах Заходняй Беларусі налічвалася 1300 палітычных зняволеных. За 1923 год у Польшчы былі прыгавораны да смяротнага пакарання 109 чалавек, большасць асуджаных – беларускія патрыёты.

А.А. Трусаў: Сапраўды, палітыка Польшчы ў Заходняй Беларусі мела прыкметы этнацыду. Яе ідэолагам быў Раман Дмоўскі, лідэр польскай нацыянальнадэмакратычнай партыі. Нягледзячы на тое, што польская канстытуцыя 17 сакавіка 1921 года гарантавала правы нацыянальных меншасцей, пасля прыходу да ўлады Язэпа Пілсудскага (я свядома называю яго Язэпам, бо ён паходзіў з Віленшчыны), пачаўся рэжым «санацыі», і ўсё беларускае актыўна вынішчалася.

А.С. Пачобут: Ва ўзгаданы перыяд палітыка Польшчы ў дачыненні да нацыянальных меншасцей істотна мянялася. У пачатку 1920-х гадоў быў адзін падыход, пасля смерці маршалка Юзафа Пілсудскага – ужо іншы, калі дзяржава непрыхавана імкнулася асіміляваць нацыянальныя меншасці. Даваенная Польшча, вядома, не была «супердэмакратычнай», дзе ўзорна захоўваліся правы чалавека. Яна часта была «мачахай» для яўрэяў, украінцаў і беларусаў. Але варта памятаць, якія стандарты ў дачыненні да нацыянальных меншасцей існавалі ў тыя часы ў Еўропе. Размова нават не пра фашысцкую Германію ці сталінскі СССР, дзе кожная непадкантрольная кіруючай партыі актыўнасць, у тым ліку і прадстаўнікоў нацыянальных меншасцей, брутальна спынялася гестапа ці НКУС. Добрым прыкладам для параўнання можа служыць даваенная Чэхаславакія: там былі вялікія праблемы ў прадстаўнікоў венгерскай нацыянальнай меншасці, якія скардзіліся на закрыццё школ, выгнанне венграў з адміністрацыйных пасад і нават на змену прозвішчаў. У Польшчы былі дзяржаўныя і грамадскія дзеячы, якія імкнуліся да дыялога з нацыянальнымі меншасцямі. Прычым размова не толькі пра інтэлігенцыю, але і пра асоб на высокіх дзяржаўных пасадах. Напрыклад, ваявода Валыні Генрык Юзэўскі, які ў свой час быў віцэ-міністрам унутраных спраў Украінскай Народнай Рэспублікі, а пазней міністрам унутраных спраў Польшчы, падкрэслена карыстаўся ўкраінскай мовай у размовах з мясцовымі ўкраінцамі, імкнуўся і вельмі паспяхова да ўкраінізацыі праваслаўнай царквы на Валыні, чым выклікаў незадавальненне праваслаўных іерархаў, якія лічылі, што царква павінна заставацца рускай. Ён падтрымліваў развіццё ўкраінскай культуры. Менавіта дзякуючы яму ўкраінцы з Валыні заўжды мелі сваіх прадстаўнікоў у польскім парламенце.

Дастаткова вядомыя факты, калі грамадзяне Польшчы пад уплывам камуністычнай прапаганды пераходзілі мяжу і спадзяваліся знайсці ў СССР дабрабыт і свабоду. Але абсалютна невядомым з’яўляецца масавы адыход насельніцтва з тэрыторыі СССР у Польшчу. У 1930 годзе ДПУ рапартавала, што сотні вёсак пры савецкапольскай мяжы перасталі існаваць, бо іх жыхары ўцяклі ў Польшчу. Каб затрымаць гэты рух, савецкія памежнікі вымушаны былі страляць. Але, паводле камуністычнай прапаганды таго часу, жыццё людзей у Польшчы зводзілася да класавага і нацыянальнага прыгнёту ды няспыннай нацыянальна-вызваленчай барацьбы, зразумела, пад сцягам Камінтэрна. Гэта барацьба, безумоўна, мела месца, але зводзіць толькі да яе жыццё грамадства нельга.

А.М. Вабішчэвіч: На мой погляд, не варта ў дачыненні да нацыянальнай, канфесіянальнай палітыкі польскіх улад у Заходняй Беларусі выкарыстоўваць паняцце этнацыд. У сучасных этналагічных, паліталагічных працах гэты тэрмін абазначае палітыку знішчэння этнічнай ці нацыянальнай ідэнтычнасці, самасвядомасці этнасу, якая праводзіцца пры рэалізацыі каланіяльнай палітыкі асіміляцыі. Народы, якія сталі ахвярамі этнацыду, звычайна пазбаўляюцца, часткова ці поўнасцю, гістарычнай памяці. Аднак трэба даваць аб’ектыўную ацэнку рэалізацыі і вынікам палітыкі польскіх улад у этнакультурнай і канфесіянальнай сферах. Найбольш адпавядаюць пры гэтым рэчаіснасці паняцці асіміляцыя і паланізацыя. Асіміляцыя, якая ажыццяўлялася гвалтоўнымі метадамі (ва ўмовах паглыблення антаганістычных супярэчнасцей беларуска-польскіх адносін магчымасці добраахвотнай асіміляцыі выключаліся), была і сродкам рэалізацыі нацыянальна-культурнай палітыкі, і канчатковай мэтай, закліканай прывесці да незваротных этнатрансфармацыйных змен і знікнення ў бліжэйшай перспектыве беларускага этнасу. Асіміляцыя была стратэгічным напрамкам урадавага курсу ў форме палітыкі нацыянальнай і дзяржаўнай асіміляцыі, сродкам для інтэграцыі розных рэгіёнаў у складзе польскай дзяржавы.

Паланізацыя як працэс пашырэння польскай культуры мела прымусовыя формы. У праграме польскіх нацыянальнадэмакратычных сіл (эндэкаў) па асіміляцыі славян беларусы лічыліся найбольш падатлівымі для гэтага працэсу быццам з-за адсутнасці выразнай нацыянальнай свядомасці, слабасці культуры і мовы. Такой думкі прытрымлівалася і частка лагера пілсудчыкаў. Вялікадзяржаўная ідэя аднаўлення Рэчы Паспалітай, сфармуляваная эндэкамі, знайшла шырокую падтрымку большасці палякаў. Беларусы, як і іншыя няпольскія народы, якія быццам зведалі цывілізацыйны, культурны ўплыў Польшчы, безапеляцыйна ўключаліся ў склад польскай нацыі.

Смерць Юзафа Пілсудскага і эвалюцыя рэжыму «санацыі» ў бок нацыяналістычных канцэпцый прывялі да актывізацыі ў другой палове 1930-х гадоў асімілятарскіх дзеянняў на ўзроўні ваяводстваў і паветаў. У разуменні мясцовай адміністрацыі хуткая паланізацыя меншасцей уяўлялася больш эфектыўнай, чым любая спроба стварэння поліэтнічнага грамадства ў Польшчы. Акрамя дзяржаўных структур, для яе ажыццяўлення прыцягваліся навучальныя ўстановы, грамадскія арганізацыі, рымска-каталіцкая і праваслаўная цэрквы. Польскія ўлады ажыццявілі цэлы комплекс гвалтоўных мер: правялі канчатковую ліквідацыю нешматлікіх беларускіх школ, арганізацый, перыядычных выданняў, разгарнулі дэрусіфікацыю і паланізацыю праваслаўнай царквы, узмацнілі кантроль над грамадскім жыццём. Пад пагрозай асіміляцыі апынуліся не толькі беларусы, але і іншыя этнасы. Актывізацыя асіміляцыйных дзеянняў польскіх улад, з аднаго боку, сведчыла аб паскарэнні разбуральных этнічных працэсаў, з другога – аб недастатковай выніковасці папярэдніх (да сярэдзіны 1930-х гадоў) захадаў у напрамку паланізацыі і асіміляцыі беларусаў, іншага насельніцтва няпольскай нацыянальнасці.

Ці ёсць у сучаснай Польшчы палітычныя сілы, якія выступаюць за вяртанне «крэсаў усходніх»? Якія ўвогуле трактоўкі даюцца заходнебеларускім падзеям верасня 1939 года ў грамадска-палітычным дыскурсе і ў гістарыяграфіі сучаснай Польшчы?

А.С. Пачобут: Межы Беларусі сёння істотна адрозніваюцца ад межаў БССР, усталяваных у верасні 1939 года. Сіл, якія б імкнуліся да іх перагляду, у Польшчы няма. Няма не толькі партый ці палітычных дзеячаў, якія б выступалі за гэта, – тэмы такой увогуле ў Польшчы не існуе. Зямля належыць тым, хто на ёй жыве. Нацыянальны склад, скажам, Гродзеншчыны, сёння адрозніваецца ад таго, што быў у 1939 ці 1944 гадах. Сучасны свет, прынамсі Еўропа, зрабіў высновы з даваеннай гісторыі, калі тэрытарыяльныя прэтэнзіі і тайныя падзелы выклікалі сусветную вайну. Сёння для польскага грамадства падзеі верасня 1939 года – гэта толькі гісторыя. Трагічная, балючая, бо ў выніку сумесных дзеянняў Германіі і СССР Польшча чарговы раз знікла з карты Еўропы, але толькі гісторыя. І гэтак як у Польшчы ўсталяваны нармальныя адносіны з Нямеччынай, аналагічным чынам могуць быць нармальныя адносіны з Расеяй. Гэта залежыць ад сучасных расейскіх і польскіх палітыкаў. У адносінах з Беларуссю ўвогуле не павінна быць нейкіх сур’ёзных праблем хоць бы таму, што прыярытэтам польскай дзяржаўнай палітыкі з’яўляецца ўсебаковая падтрымка незалежнасці Беларусі і Украіны.

У адносінах Беларусі і Польшчы няма такіх жахлівых старонак, як у польска-ўкраінскіх стасунках, але мы бачым, што гісторыкі Украіны і Польшчы могуць праводзіць сумесныя канферэнцыі, могуць размаўляць і прыходзіць да сумесных высноў па вельмі складаных і балючых пытаннях. А польскія і ўкраінскія палітыкі, нягледзячы на наяўнасць радыкалаў з абодвух бакоў, знаходзяць паразуменне. Гэта добры прыклад для беларуска-польскіх стасункаў. Неабавязкова ацэньваць нейкія гістарычныя падзеі аднолькава, проста трэба ўмець слухаць іншы бок і быць зацікаўленым у пошуках ісціны, а таксама ўсведамляць каштоўнасць узаемаразумення. Пры выкананні гэтых умоў гісторыя не будзе перашкодай ва ўсталяванні нармальных адносін.

А.А. Трусаў: У сучаснай Польшчы такіх яўных палітычных сіл, асабліва пасля яе ўступлення ў НАТА і Еўрасаюз, няма, калі не лічыць асобных старых маргіналаў. Тым больш, што Сталін летам 1944 года вярнуў некаторыя раёны «крэсаў» камуністычнай Польшчы разам з часткай Белавежскай пушчы. 10 жніўня 1945 года быў прыняты закон аб савецка-польскай мяжы, згодна з якім ПНР атрымала амаль усю былую Беластоцкую вобласць БССР і два раёны Брэсцкай вобласці. У 1950 годзе Польшчы былі перададзены дадаткова яшчэ некалькі беларускіх вёсак. Беларусь стала адзінай краінай, заснавальніцай ААН і пераможцай у вайне супраць фашызму, якая страціла частку сваёй этнічнай тэрыторыі.

Увогуле падзеі 1939 года разглядаюцца зараз у Польшчы як агульнанацыянальная трагедыя, і з гэтым варта пагадзіцца. Дастаткова толькі прыгадаць апошні фільм Анджэя Вайды «Катынь».

А.М. Вабішчэвіч: У польскай грамадскай свядомасці, гістарычнай навуцы і адукацыі з міжваеннага часу замацаваўся тэрмін «усходнія крэсы». Ён выключаў этнапалітычны змест паняцця «Заходняя Беларусь», якое выкарыстоўваецца ў беларускай грамадскай думцы, гістарычнай навуцы, літаратуры і мастацтве. У 1920-я – 1930-я гады ў Польшчы «ўсходнімі крэсамі» лічылі ваяводствы Віленскае, Навагрудскае, Палескае, Валынскае, Цярнопальскае, Станіславаўскае, частку Львоўскага, Беластоцкага (гэта значыць заходнебеларускія і заходнеўкраінскія землі). У статыстычных матэрыялах, афіцыйным дыскурсе да іх залічвалі толькі Віленскае, Навагрудскае, Палескае, Валынскае. У цяперашняй гістарычнай літаратуры аўтары часта выкарыстоўваюць трохі іншую дэфініцыю – «паўночна-ўсходнія землі» (Віленскае, Навагрудскае, Палескае, Беластоцкае ваяводствы), якія ахопліваюць Заходнюю Беларусь. Актыўна выкарыстоўваецца паняцце «крэсы» для абазначэння памежжа, перыферыі. У грамадскай свядомасці сучасных палякаў пры дапамозе сістэмы гістарычнай адукацыі, сродкаў масавай інфармацыі актыўна культывуецца «крэсовасць». Нягледзячы на асобныя меркаванні адносна дзяржаўнай прыналежнасці «ўсходніх крэсаў» з боку некаторых прадстаўнікоў польскіх шавіністычных сіл, пытанні аб тэрытарыяльных зменах цяпер не ўздымаюцца.

Ацэнкі вераснёўскіх падзей 1939 года з боку польскай грамадскасці, гісторыкаў адрозніваюцца ад меркаванняў беларускай грамадскасці і вучоных. Адназначна сцвярджаецца пра анексію Усходняй Польшчы, савецкую агрэсію, чацвёрты падзел Польшчы, не прызнаецца вызваленчы характар ваеннай кампаніі Чырвонай арміі. Такога пункту гледжання прытрымліваюцца і афіцыйныя колы сучаснай Польшчы, аб чым сведчыць іх пазіцыя, выкладзеная ў пачатку верасня 2009 года пад час жалобных мемарыяльных урачыстасцей з нагоды 70-годдзя пачатку Другой сусветнай вайны. Паход савецкіх войскаў 17 верасня 1939 года па-ранейшаму лічыцца «ўдарам у спіну Польшчы», агрэсіўным актам. У многім існуючыя грамадскія стэрэатыпы сфарміраваліся пад уплывам міфалагізаванай гістарычнай адукацыі. Некаторыя сучасныя польскія вучоныя заклікаюць да пераадолення гэтага. Так, у выдадзенай у 2005 годзе кнізе, прысвечанай гісторыі міжваеннай Польшчы, польскія гісторыкі Збігнеў Ландаў, Ежы Тамашэўскі прызначэнне гістарычнай адукацыі бачаць у тым, каб грамадства не кармілі ілюзорным бачаннем мінулага. «Трэба падзеі ўспрымаць такімі, якімі яны былі сапраўды ці з’яўляюцца», – заклікаюць аўтары. На думку даследчыка з Беластока Войцеха Сляшынскага, на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў 1920–1930-я гады так і не праводзіўся ўсёабдымны прагрэсіўны план эканамічнага развіцця, гэтыя землі засталіся на перыферыі гаспадарчага развіцця Польшчы, таму памылковасць і заганнасць нацыянальнай палітыкі польскіх улад якраз і выявіліся ў верасні 1939 года.

Польскія гісторыкі ў апошнія дзесяцігоддзі актывізавалі даследаванні заходнебеларускай праблематыкі. У многім гэта тлумачыцца адкрыццём і аблягчэннем доступу (як і ў іх беларускіх калег) да архіўных крыніц. Разгорнуты ў 1990-я гады беларуска-польскі гістарыяграфічны дыялог, які праходзіў пад час навуковых канферэнцый і семінараў, пры выданні навуковай і навукова-папулярнай літаратуры, спробах падрыхтоўкі сумесных падручнікаў, патрабуе на сучасным этапе істотнага ажыўлення, змястоўнага напаўнення, узаемапаважлівага стаўлення.

Ці ёсць цяпер розніца ў эканамічным, сацыяльным, культурным развіцці Заходняй і Усходняй Беларусі і ў чым яна выяўляецца (альбо чаму яна знікае)?

А.А. Каваленя: Істотны разрыў паміж сацыяльна-эканамічным, культурным становішчам усходняй і заходняй частак Беларусі пачаў ліквідавацца адразу пасля ўз’яднання. Нягледзячы на ўсю супярэчлівасць моманту, у заходніх абласцях Беларусі была праведзена вялікая работа па арганізацыі сацыяльна-эканамічнага і культурнага жыцця. За кароткі час была наладжана бясплатная сістэма медыцынскага абслугоўвання. Калі ў 1938 годзе ў заходніх абласцях было толькі каля 60 бальніц і каля 70 урачоў, то ў канцы 1940 года тут меліся 243 бальніцы і радзільныя дамы, у якіх працавалі 1755 урачоў і 5585 работнікаў сярэдняга медперсаналу.

Значныя змяненні адбыліся ў культурным жыцці, у нацыянальнай асвеце. Напрыклад, калі ў 1937/1938 навучальным годзе ў рэгіёне дзейнічала 4221 школа, у якіх на польскай мове вучылася 546,6 тыс. дзяцей, то ў 1939/1940 навучальным годзе працавалі ўжо 5643 школы, прычым, у 4278 з іх навучанне адбывалася на беларускай мове, а ў астатніх 1365 дзеці вучыліся на рускай, польскай, яўрэйскай і літоўскай мовах. У пачатку 1941 года каля 170 тыс. дарослых наведвалі школы па ліквідацыі непісьменнасці.

У заходніх абласцях былі адкрыты чатыры вышэйшыя навучальныя ўстановы і 25 сярэдніх спецыяльных, у тым ліку 8 педвучылішчаў, 8 медвучылішчаў, 7 тэхнікумаў. На беларускай мове сталі выдавацца газеты, адкрыліся 5 драмтэатраў і 100 кінатэатраў, 220 бібліятэк з фондам 446 тыс. кніг.

Важна падкрэсліць, што кіраўніцтва СССР і БССР імкнулася ўлічваць нацыянальныя асаблівасці заходняга рэгіёну. Адкрываліся нацыянальна-культурныя ўстановы на польскай і яўрэйскай мовах. Так, у 1940 годзе ў Беластоку былі адкрыты польскі і яўрэйскі драматычныя тэатры. У красавіку 1941 года ў Гродне пачаў працаваць музей польскай літаратуры імя Э. Ажэшкі. Выходзілі на польскай мове газеты, працавалі рэдакцыі польскага радыёвяшчання.

Значны ўклад у сацыяльна-эканамічныя і палітычныя пераўтварэнні ўнеслі кіраўнікі і арганізатары вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі. Сярод іх – А.І. Валынец, І.Я. Дабрыян, М.Е. Крыштафовіч, З.Ф. Паплаўскі, С.В. Прытыцкі, І.П. Урбановіч, У.З. Царук, В.З. Харужая і многія іншыя. Таксама трэба назваць дзеячаў беларускай нацыянальнай культуры М. Васілька, А. Салагуба, П. Пестрака, В. Таўлая, М. Засіма, Я. Брыля, М. Танка, С. Пеюна, якія шмат зрабілі для абуджэння нацыянальнай годнасці народа.

А.С. Пачобут: Я заўважыў большую рэлігійнасць у заходняй Беларусі, ды тое, што прынамсі да 1996 года быў большы працэнт падтрымкі дэмакратычных партый і кандыдатаў на Гродзеншчыне, чым у сярэднім па краіне. Магчыма, гэта вынік меншай саветызацыі грамадства. Аднак гэта толькі мая версія.

А.А. Трусаў: Адрозненне вельмі моцна адчувалася да 1949–1950 гадоў, пакуль заходнебеларускіх сялян не загналі ў калгасы. Дагэтуль яны матэрыяльна жылі значна лепш, чым іх браты на ўсходзе. У апошнія дваццаць гадоў, калі вырастае першае пакаленне незалежнай Беларусі, гэта розніца амаль знікла, і беларус з Мсціслава падобны да беларуса з Гродна.

А.М. Вабішчэвіч: Раз’яднанасць беларускіх зямель, іх знаходжаннне на працягу двух дзесяцігоддзяў у розных дзяржаўнапалітычных сістэмах аказала ўплыў на характар іх сацыяльна-эканамічнага, духоўнага жыцця. Заходнебеларускія землі ў пачатку 1920-х гадоў істотна адставалі па ўзроўні развіцця эканомікі, сацыяльнакультурнай сферы ад цэнтральных і заходніх рэгіёнаў Польшчы. Аднак да канца 1930-х гадоў польскія ўлады не змаглі кардынальна змяніць гэту дыспрапорцыю. Яны не выканалі абяцаную цывілізатарскую місію ў заходнебеларускіх землях (напрыклад, не была вырашана такая сацыяльная праблема, як ліквідацыя непісьменнасці). Дзяржаўнасць беларусаў у форме савецкай рэспублікі, нягледзячы на яе абмежаваны характар, у 1920-я гады спрыяла развіццю навукі, культуры. У Заходняй Беларусі назіраліся адваротныя працэсы, якія негатыўна адбіліся на стане духоўнага жыцця, паўплывалі на сацыякультурныя працэсы. У адрозненне ад БССР, дзе ў 1930-я гады была праведзена індустрыялізацыя, Заходняя Беларусь заставалася аграрным рэгіёнам, аграрна-сыравінным прыдаткам Польшчы. Палітыка-ідэалагічная раз’яднанасць спрыяла фарміраванню ў грамадскай свядомасці пэўных сацыяльных стэрэатыпаў пра «ўсходнікаў» і «заходнікаў». Менавіта таму працэс ураўноўвання і ўніфікацыі заходнебеларускіх зямель у складзе БССР пасля ўз’яднання восенню 1939 года адбываўся на працягу доўгага перыяду і суправаджаўся радыкальнымі зменамі ва ўсіх сферах жыццядзейнасці. Больш актыўна ішлі працэсы саветызацыі (у грамадскім жыцці, рэлігійнай сферы). Разгорнутая ўніфікацыя заходніх абласцей у сацыяльна-эканамічным развіцці рэспублікі ў 1960–1980-я гады недастаткова ўлічвала іх асаблівасці. Аднак заходнебеларускія землі пераўтварыліся з адсталых аграрных у высокаразвітыя індустрыяльнааграрныя рэгіёны Беларусі.

І апошняе пытанне, якое патрабуе, напэўна, зусім лаканічнага адказу. Для кожнага беларуса 17 верасня 1939 года – гэта …

А.А. Трусаў: Гэта ліквідацыя вынікаў ганебнай Рыжскай дамовы, калі нашу нацыю падзялілі напалам дзве розныя палітычныя сілы – усходняя і заходняя. Ліквідацыя, хай і прымусовая, не цывілізаваным шляхам, без рэферэндуму і плебісцыту, але яна дала беларусам магчымасць жыць разам у складзе адзінай дзяржавы. Без 17 верасня 1939 года магло і не быць снежня 1991 года, калі мы зноў набылі незалежнасць.

А.С. Пачобут: Мне цяжка гаварыць, чым з’яўляецца для беларусаў дзень 17 верасня 1939 года. Хоць бы таму, што я не беларус. Але як грамадзянін Беларусі лічу няправільнымі прапановы ўсталявання 17 верасня дзяржаўнага свята. У заходняй частцы краіны гэта дата выклікае неадназначныя эмоцыі і балюча нагадвае пра яе трагічныя наступствы.

А.М. Вабішчэвіч: Гэта рашучы к