Сёлета ў вёсцы Лаўрышава на Навагрудчыне, непадалёк ад Свята-Елісееўскага Лаўрышаўскага мужчынскага манастыра зноў праводзіліся археалагічныя раскопкі. Іх вынікі даюць падставы пацвердзіць мінулагоднюю версію, што знойдзена месцараспалажэнне старажытнага манастыра – верагодна, у XV1 стагоддзі, лічыць доктар гістарычных навук, прафесар Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Сяргей Рассадзін. Але застаецца яшчэ шмат тайнаў, якія чакаюць сваёй разгадкі.

 “Дзе нейкі час знаходзіўся цэнтр Вялікага княства Літоўскага? Тут, у Лаўрышаве!”

На аўтавакзале ў Карэлічах карэспандэнта “Звязды” сустракае паплечнік прафесара Рассадзіна па захапленні археалогіяй — Генадзь Різнавокі, выкладчык Светлагорскага індустрыяльнага каледжа. Яны разам працавалі на раскопках старажытнага горада Казіміра, у іншых мясцінах Беларусі і вось другі год запар частку свайго водпуску праводзяць у Лаўрышава. Зразумела, не шукаючы нейкай асабістай выгады, нажывы, як так званыя чорныя капальнікі.

Пад’язжаем да месца раскопак, над якім на выпадак дажджу зрабілі навес з поліэтыленавай плёнкі. Сяргей Рассадзін прадстаўляе сваіх памочнікаў – гэта студэнты Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, а таксама юнакі са Слоніма, якія ўлетку ўжо не першы год дапамагаюць манастыру, а сёлета яшчэ і далучыліся да раскопак. Іх таксама ніхто не прымушаў гэтым займацца.

“На цікавіць гісторыя нашай Радзімы, нашых продкаў, хочацца акунуцца ў глыбіню стагоддзяў. І, калі запросяць, у наступным годзе зноў прыедзем ” — у адзін голас сцвярджае моладзь.

А для Іллі Мантуша ў гэтай справе ёсць яшчэ і асабістае:

— Бо я тутэйшы. Яшчэ ў школе нам расказвалі, што быў старажытны манастыр і вось я ўдзельнічаю ў яго пошуку.

Кіраўнік археалагічнай экспедыцыі працай моладзі вельмі задаволены, а на пытанне, чаму ён сам прыехаў у Лаўрышава, Сяргей Рассадзін адказвае так:

– Мажліва, гэта гучыць высакамоўна, але элементарны хрысціянскі абавязак. Праўда, калі ігумен Свята-Елісееўскага манастыра айцец Яўсевій звярнуўся да мяне з прапановай аб раскопках, я яшчэ не разумеў, наколькі гэта цікава і важна. Цяпер жа думаю, што гэта перст Божы. Бо паступова я, як гавораць мае студэнты, уехаў, з чым маю справу.

– З чым жа?

– Як вы думаеце, дзе некаторы час знаходзіўся цэнтр Вялікага княства Літоўскага – самай буйной дзяржавы Еўропы позняга сярэднявечча? Тут, у Лаўрышаве! Бо калі вялікі князь Войшэлк пайшоў у манастыр, то ён працягваў кантраляваць сітуацыю ў дзяржаве (да Навагрудка адсюль – гадзіна ходу добрым канём). Як у свой час заставаліся пры ўсіх справах Іван Грозны, калі перабраўся ў Александраву Слабаду, альбо Ціберый, пераехаўшы на Капры. Гэтак жа і Войшэлк – манастваваў, застаючыся гаспадаром становішча. Адсюль і важнасць Лаўрышава ў XІІІ стагоддзі.

На жаль, у свядомасці многіх нашых грамадзян родная зямля аказалася, так бы мовіць, на перыферыі інтарэсу. Углядаемся, разявіўшы рот, на чужаземныя славутасці, а тое, што ў нас пад нагамі – быццам лухта нейкая. Аднак сёння, літаральна перад вашым прыездам сюды заехалі нямецкія турысты, якія пыталі дарогу да манастыра. Я запрасіў іх паглядзець на раскопкі і яны вельмі зацікавіліся. Але найперш гэта важна для нас саміх –  пазнанне сябе, сваёй гісторыі.  Як пісаў Уладзімір Караткевіч, “І тады я пачаў шукаць свой народ”. Значэнне гэтых раскопак у тым, што мы зможам па-іншаму зразумець, спасцігнуць Беларусь. Прычым, не толькі цераз камп’ютар, інтэрнэт, нават “вэстэрнізацыю” гісторыі, як робіцца на Захадзе, а цераз гістрычныя рэаліі нашай культуры і праваслаўнай веры.

Дзе знойдзена – там і застанецца   

Існуюць розныя варыянты наконт заснавання і першапачатковага месцазнаходжання манастыра. Дзе ён быў: у Гнесічах, у пяці кіламетрах адсюль на тым баку Нёмана альбо ўсё ж у Лаўрышаве? І калі ў Лаўрышаве, то ў якім месцы? Летась удалося знайсці шмат доказаў знаходжання старажытнага манастыра менавіта ў Лаўрышаве, а сёлета атрымалі ў пацвярджэнне іншыя важныя вынікі.Сяргей Рассадзін і прыводзіць наступны аргумент:

— Паглядзіце на гэтую кладку з валуноў і цэглы (на фотаздымку). Яна тэхналагічна такая ж, нават у дэталях (аналагічная цэгла), як на Навагрудскім замчышчы. І паколькі замчышча апошні раз абнаўлялася ў XVІ стагоддзі, то, безумоўна, да таго ж перыяду адносіцца і гэты фундамент. А праслойка гліны – гэта глінабітная падлога, пад якой залягае ўзровень пажару (манастыр быў разбураны татарамі ў XVІ стагоддзі). Такім чынам, вядомыя падзеі з гісторыі, пісьмовых крыніц будуць пацверджаны рэчавымі доказамі археалогіі.

– Што даказвае знаходжанне тут менавіта манастырскай пабудовы, а не нейкай іншай?

– У мяне працяглы вопыт археалагічных даследаванняў розных аб’ектаў – той жа горад Казімір, Парычы, Шацілкі … Дык вось, ва ўсіх гэтых помніках – мноства не толькі бутэлек XVІ – XVІІІ стагоддзяў, але і кілішкаў. Зразумела, што насельнікі гэтых мясцін ужывалі, змагаліся, так бы мовіць, у меру сілаў з зялёным змеем. А вось тут шмат, напрыклад, бутэлечных горлачкаў, але кілішкі ні летась, ні сёлета не сустракаліся. Мы з ігуменам айцом Яўсевіем мяркуем, што ў гэтых бутэльках, верагодна, знаходзіліся віно для прычасця альбо свяшчэнны ялей. Акрамя таго, тут няма жаночых упрыгажэнняў. І такая характэрная дэталь: даволі шмат астанкаў парсюкоў, развядзенне якіх з’яўлялася манастырскім бізнэсам. На мой погляд, доказы знаходжання  ў гэтым месцы манастырскай пабудовы атрыманы, будзем працягваць работу.

— Акрамя вышэйзгаданых, якія яшчэ знаходкі сталі вынікам раскопак?

– Некаторыя, зыходзячы з пэўных меркаванняў, я пакуль называць не буду. Але магу сказаць, што знойдзена шмат старажытнарускіх прадметаў – ножык, кераміка, цудоўная кафля, развал печы, грузілы ад рыбалоўных сетак (у манастырах займаліся гэтым промыслам), вельмі прыгожа выглядаюць некаторыя шкляныя вырабы … Перакананы, што ўсё да апошняга чарапка (у тым ліку і знаходкі, якія будуць накіраваны на экспертызу у Мінск) павінна захоўвацца там, дзе знойдзена. Тым больш, што ў манастыры мяркуецца стварыць музей.

– Шмат яшчэ тайнаў захоўвае лаўрышаўская зямля?

— Безумоўна, застаецца шмат загадак. Што гэта за пабудова, фундамент якой знойдзены, з прыгожай пячной кафляй? Можа, брацкі корпус манастыра? Ці Нікольская царква, якая была пры Лаўрышаўскім манастыры да яго рэканструкцыі напрыканцы ХVІІІ стагоддзя?

Таксама мне хацелася б зразумець, як быў устроены манастыр ХІІІ стагоддзя пры Войшэлку, адшукаць брацкія манастырскія могілкі. І ў аддаленай перспектыве – атрымаць нейкія вынікі, якія б патлумачылі цуд стварэння Лаўрышаўскага евангелля.

Даследчая праграма разлічана на 5 гадоў, наперадзе шмат працы. Аднак эксплуатацыя толькі энтузіязму, на якім мы фактычна працуем, не мае працяглай станоўчай перспектывы. Патрэбны грошы на сучасныя сродкі аснашчэння археалагічных раскопак, каб паскорыць працу, аплату лабараторных аналізаў — магу скласці адпаведны прэйскурант. Сёлета я напісаў адпаведны ліст у адну высокую інстанцыю – яна пераслала ў іншую …

Хачу цераз газету звярнуцца да суайчыннікаў, патрыётаў Беларусі і праваслаўя:

— Не надта ўжо вялікія грошы патрэбны на гэтыя раскопкі. Што, усім мірам не скінемся? Справа ж богаўгодная …

“Мы павінны заслужыць, каб нам адкрыліся мошчы пакутнікаў”

Свята-Елісееўскі Лаўрышаўскі манастыр, перажыўшы на працягу васьмі стагоддзяў шмат катастрофаў, цяпер ізноў адраджаецца. У прыватнасці, на яго тэрыторыі будуецца Дом міласэрнасці, абмяркоўваецца праект “Школа малітвы” і нават распрацаваны агратурыстычны маршрут “Актыўны адпачынак на святой зямлі Белай Русі”.

А самую вялікую каштоўнасць для манастыра ўяўляе яго гісторыя, зазначае ігумен Яўсевій:

— Крок за крокам, раскрываючы гісторыю манастыра, мы пазнаем шмат новага. Але яшчэ больш застаецца пакуль невядомага, загадак. Напрыклад, што мы ведаем аб прападобным Елісею? Толькі што падвязаўся тут і загінуў ад рукі свайго вучня, і што мошчы былі. А як ён правёў сваё дзяцінства? Як дайшоў да той думкі, каб, маючы княжацкі тытул, пайсці ў манастыр? А верагодна ж, былі і іншыя асобы, якія перанялі яго прыклад.

У чым будзе выглядаць для нас гісторыя манастыра дзякуючы гэтым раскопкам? У рэштках выяўленых фундаментаў? Ці, можа, у астанках манахаў, якія жылі там у X1V – XV стагоддзях і загінулі ад рук варвараў? Калі знойдзем астанкі гэтых пакутнікаў – гэта будзе для нас самым галоўным скарбам.

– Ці ёсць надзея знайсці мошчы прападобнага Елісея Лаўрышаўскага?

– Не тое, што надзея – мы верым, што з адраджэннем манастыра мошчы будуць абавязкова знойдзены. Але гэта залежыць найперш не ад нейкіх знешніх фактараў, а ад нашага ўнутранага жыцця. Мы павінны заслужыць, каб гэтыя мошчы нам адкрыліся.