Прапануем вашай увазе стэнаграму круглага стала, прысвечанага тэме кансалідацыі так званай «новай большасці». У працы круглага стала ўзялі ўдзел прадстаўнікі грамадзкіх аб’яднаннняў, палітычных партыяў і экспертнай супольнасці.

З боку экспертнай супольнасці ў працы круглага стала прынялі ўдзел: сацыёлаг, прафесар Алег Манаеў (НІСЭПД), палітолаг, старэйшы аналітык BISS Дзяніс Мельянцоў, былы прарэктар ЕГУ, рэдактар Агенцтва палітычнай экспертызы Уладзімір Дунаеў, галоўны рэдактар інтэрнэт выдання «Салідарнасць» Аляксандр Старыкевіч. Палітычныя партыі і рухі прадстаўлялі: намеснік старшыні кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў, дэпутаты «Грамадзянскага дамовы» Таццяна Караткевіч і Ігар Драко, лідэр моладзевага крыла «Гавары праўду» – «Zмена» Павал Вінаградаў, кіраўнікі Руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч, Юрась Губарэвіч , Алесь Лагвінец, старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

Ігар Драко. Вітаем усіх! Сёння мы, кампаніі “Гавары праўду” і “Рух за Свабоду” ладзім сумесны круглы стол на агульную тэму «Як склеiць новую большасць» – як з жадаючых пераменаў зрабіць iх удзельнікаў? Шмат сацыялагічных даследаванняў кажуць пра тое, што ў Беларусі вялікая частка грамадства жадае пераменаў. Але гэтыя людзі не артыкулююць, якія перамены ім патрэбныя, і, больш за тое, не становяцца прыхільнікамі ніякіх пэўных ідэалогій, якія прапануюць ім апазіцыйныя колы. Калі“Гавары праўду” распрацоўвала “Грамадзянскую дамову”, а “Рух за Свабоду” –“Народную праграму”,яны сыходзілiз меркавання, што большасць грамадзянаў не вельмі давярае дзяржаве. Але вялікая частка грамадзянаў не давярае, уласна кажучы, і таму, што прапануе апазіцыя. Так, людзі згодныя, што перамены патрэбныя, але як зрабіць выбаршчыкаў  больш актыўнымі?

Алег Манаеў. Можна канстатаваць, што на дадзены момант стан беларускага грамадства характарызуецца адным словам – раскол, і гэта пацвярджаюць лічбы сацыялагічнага маніторынгу, які вось ужо 20 гадоў праводзіць НІСЭПД. Вынікі нацыянальнага апытання, праведзенага ў верасні-пачатку кастрычніка, сведчаць, што па-ранейшаму значная частка насельніцтва Беларусі жадае пераменаў як у сферы дзяржаўнага кіравання, так і ў сферы эканомікі і сацыяльнай палітыкі. Хоць у трэцім квартале 2012 года працягвалася пэўная стабілізацыя «эканамічнага самаадчування» беларусаў, у цэлым пазітыўнае «эканамічнае самаадчуванне» па-ранейшаму значна адстае ад негатыўнага: калі паляпшэнне свайго матэрыяльнага становішча за трэці квартал адзначылі 14.7%, то пагаршэнне – 25%, не лічаць, што эканоміка знаходзіцца ў крызісе 25/8%, а 64.1% з гэтым згодныя; з тым, што «стан рэчаў у нашай краіне развіваецца ў правільным кірунку», згодныя 34.1%, не згодныя – 47.4%. Такая «паўзучая стабілізацыя» ставіць пад сумнеў будучы дабрабыт у вачах многіх беларусаў: 27.8% апытаных лічаць, што «сацыяльна-эканамічная сітуацыя ў Беларусі ў бліжэйшыя гады пагоршыцца», і толькі 18.4% – што палепшыцца (у чэрвені паляпшэння чакалі 21.4%). Як бачым, няўстойлівасць эканамічнай стабілізацыі, пра якую кажуць шматлікія эксперты, адчуваецца і мільёнамі нашых суграмадзянаў.

Гэтая няўстойлівасць непазбежна адбіваецца на стаўленні беларусаў да ўладаў. Хоць большасць па-ранейшаму спадзяецца на дапамогу дзяржавы, а не на сябе, само разуменне моцнай дзяржавы мяняецца. Так, на пытанне: «Ці згодныя Вы з тым, што моцны лідэр можа сёння даць краіне больш, чым добрыя законы?» Станоўча адказалі 43.3%, а адмоўна – 49.1%. Летам 2006 года адразу пасля выбараў перавага аддавалася моцнаму лідэру. Як ужо не раз адзначалася нашымі аналітыкамі, да эканамічных трывогі дадаецца «пачуццё несправядлівасці ўлады» – мільёны беларусаў замест абароны з боку дзяржавы атрымліваюць ад яе нешта супрацьлеглае: траціна апытаных сказалі, што за апошнія тры гады іх крыўдзілі прадстаўнікі органаў улады.

Аднак да адкрытага выказвання сваёй незадаволенасці большасць з іх не гатовыя. Пра гэта красамоўна сведчаць вынікі верасьнёўскіх парламенцкіх выбараў. Нягледзячы на шматлікія заявы і сведчанні прадстаўнікоў апазіцыі, яны адбыліся: байкатавалі гэтыя выбары 9.6%, яшчэ 24% сказалі, што не ўдзельнічалі па іншых прычынах. У той жа час узрослая незадаволенасць ўладамі адбілася ў тым, што за чатыры гады суадносіны тых, хто прагаласаваў за кандыдата – прыхільніка прэзідэнта, незалежнага кандыдата і прыхільніка апазіцыі прыкметна змянілася не на карысць уладаў.

У поўнай адпаведнасці з вельмі умераным ростам сацыяльных індэксаў электаральны рэйтынг А. Лукашэнкі павялічыўся за квартал на сціплыя 1.9 пункта. І ў дадзеным выпадку можна ўпэўнена канстатаваць, што эфектыўнасць трыльёнаў інвестыцыяў у электарат апынулася як ніколі нізкай. У верасні акрамя традыцыйнага адкрытага пытання, з дапамогай якога звычайна фіксуюцца электаральныя рэйтынгі палітыкаў, было зададзенае і закрытае пытанне. Пры адказах на закрытыя пытанні ўзровень адказаў, як правіла, атрымліваецца вышэй, чым пры адказах на аналагічныя адкрытыя пытанні. Дадзены выпадак не стаў выключэннем: рэйтынг А. Лукашэнкі павялічыўся на 2.9 пункта, а сумарны рэйтынг яго палітычных апанентаў – на 4.1 пункта (з 21.9% да 26%).

Нестабільнае эканамічнае самаадчуванне і паступовая эрозія стаўленння да ўладаў адбіваюцца на нестабільнасці геапалітычных арыентацыяў беларусаў. Калі яшчэ ў чэрвені пры неабходнасці выбару паміж аб’яднаннем з Расеяй і ўступленнем ў Еўрапейскі Звяз за першы варыянт выказваліся 43.6%, а за другі – 39.8%, то сёння гэтыя суадносіны сталі адваротнымі: 36.2% vs. 44.1%. Магчыма, расейская падтрымка, дзякуючы якой з канца мінулага года і пачалася эканамічная стабілізацыя, стала выклікаць пытанні ў «масавага беларуса». У той жа час казаць пра новы «паварот да Еўропы», мякка кажучы, заўчасна. Так, рэакцыя рэспандэнтаў на «плюшавы дэсант» з Швецыі ў Беларусь ашаламляльна адрозніваецца ад рэакцыі палітычнага байнэту. Пра пачатак новай праграмы Еўразвязу «Дыялог аб мадэрнізацыі Беларусі» ведаюць / чулі што-небудзь толькі 20.9%, але лічаць, што «такая праграма патрэбная Беларусі» 40.3% (не – 18.2%, не змаглі адказаць ці не адказалі 41.5%). Іншымі словамі, калі стаўленне да Расеі (ад сяброўства да крыўды) у большасці беларусаў будуецца на аснове ўласнага вопыту, то да Еўропы (ад надзеяў да асцярогаў) – хутчэй, на аснове даступнай інфармацыі і стэрэатыпаў. Супрацьлеглая скіраванасць геапалітычных вектараў не выключае магчымасці абмену паміж двума ідэалагічна несумяшчальнымі часткамі грамадства, што перыядычна і адбываецца пад уздзеяннем ваганняў знешнепалітычнага курсу краіны.

Аляксандр Старыкевіч. Ці правільна з улікам названых характарыстык называць новую большасць большасцю, паколькі гэтая група з абсалютна несфармуляванымі інтарэсамі?

Алег Манаеў. Многія памятаюць сакавіцкае апытанне, дзе 77% выказаліся за перамены. Мы правялі адмысловы аналіз і выявілі, што «пераменшчыкі» абсалютна разнастайныя. У цэлым сярод іх дамінуюць тыя, хто за дэмакратыю, за рынкавую эканоміку і г.д. Але значная колькасць за перамены, але з Лукашэнкам, з Расеяй і г.д.

Алесь Лагвінец. А наколькі сегментаваны праеўрапейскі электарат? Ці ёсць сацыяльна-прафесійныя характарыстыкі гэтых людзей? Ці бачна з апытанняў, наколькі яны атаясамліваюць сябе з тымі ці іншымі палітычнымі сіламі альбо рухамі?

Алег Манаеў. Я магу даць такі ж адказ, як і пра перамены. Прыхільнікі еўрапейскіх ідэяў (гэта больш за 40%), калі іх размалёўваць ў чорна-белыя колеры, то яны за палітычную дэмакратыю, рынкавую эканоміку і іншыя такія ж рэчы. Але сярод іх ёсць нямала людзей, якія адначасова за Еўропу, але каб і з Расеяй добрыя адносіны захоўваць. Ёсць нямала людзей, якія гатовыя за Лукашэнку галасаваць. Сярод «еўрапейцаў» ёсць частка людзей, якія не з’яўляюцца часткай дэмакратычнага супольнасці. Калі казаць, ці ёсць у «еўрапейцаў» рэпрэзентацыі ў выглядзе нейкіх асобных фігур і рухаў, вядома, у іх рэйтынгі асобных партыяў і фігур, накшталт Мілінкевіча, вышэй, чым у іншых. Але казаць пра тое, што беларускія «еўрапейцы» рэпрэзентаваныя ў выглядзе канкрэтных сілаў, фігур і праграм, нельга.

Андрэй Дзмітрыеў. Калі ўзяць ўмоўна прарасейскага і праеўрапейскага беларуса, хто больш устойлівы ў сваім выбары? Хто хутчэй адмовіцца ад сваёй пазіцыі?

Алег Манаеў. У праеўрапейскіх беларусаў больш выразны прафайл, чым у прарасейскіх. У апошніх ўсё больш традыцыйна: агульная гісторыя, культура, мова. Што б мы сёння ні казалі, але «ў крыві» у многіх беларусаў беларускасці няма. І калі людзі да праеўрапейскага выбару прыходзяць, то гэта больш усвядомлена, чым у тых, хто прытрымліваецца прарасейскіх геапалітычных арыентацыяў.

Губарэвіч. Была ўнікальная сітуацыя, калі рэйтынг Лукашэнкі пасля 2010 года пачаў падаць, але рэйтынг апазіцыі не пачаў расці. Ці былі апытанні з такім пералікам пытанняў: чаму вы не давяраеце апазіцыі з пералікам магчымых прычынаў (таму што гэтыя людзі непрафесіяналы, таму што яны не маюць праграмаў, таму што яны за развал краіны, за продаж Захаду)? Якія ёсць стэрэатыпы ў дачыненні да апазіцыі ў беларускага грамадства?

Алег Манаеў. Такія пытанні часам задаваліся. У цэлым негатыўнае або скептычнае стаўленне да апазіцыі або да дэмакратычных сілаў у масавага беларуса склалася таму, што ён лічыць, што яна не можа нічога зрабіць. Усё роўна чаму: таму што няма сродкаў, няма магчымасцяў, няма вопыту. Магчыма, што з’яўленне ў электаральных рэйтынгах прадстаўнікоў наменклатуры (а 5% у Сідорскага – гэта значная лічба) неяк звязана з тым, што людзі шукаюць рэалістычную альтэрнатыву. Самае галоўнае – гэта не прафесіяналізм, не ўзрост, не пол, а проста здольнасць пераканаць, што апазіцыя ў стане ажыццяўляць свае праграмы.

Дзяніс Мельянцоў. У мяне некалькі рэмарак да таго, што было сказана, і некалькі цікавых заўвагаў.Што да сацыялагічных рэчаў, то я хацеў бы прыгадаць тое даследаванне, якое мы рабілі разам з “Будзьма” і з “Новакам” у 2009 годзе, і там акурат мы ставілі такое пытанне. Сапраўды, 20% людзей выказаліся, што яны б адначасова хацелі інтэгравацца і з Расіяй, і з ЕC. Гэта паказвае тое, што ў людзей у галавах. Наше даследаванне паказала, што беларусы вельмі прагматычныя і сітуацыйныя. Калі Расія прапануе выратаванне беларускай эканомікі, то адпаведна народ галасуе за гэта. Калі яны бачаць, што Еўрапейскі саюз прапануе якія-небудзь праграмы: дыялогавыя, эканамічныя, то адпаведна яны падтрымлiваюць iх . На гэта ўплывае таксама і тэлевізар, і стаўленне ўлады ў канкрэтны момант. Гэтым можна патлумачыць і скачок праеўрапейскіх настрояў у перыяд лібералізацыі.

Кажучы пра агульныя трэнды, я б, напэўна, зрабіў песімістычную выснову, што новая большасць паступова схлопваецца. І дзверы магчымасцяў, якія былі пасля прэзідэнцкіх выбараў, прызачыняюцца. Таму трэба было каваць жалеза, пакуль яно гарачае. Рэжым таксама мяняецца, і адбываецца паступовая трансфармацыя папулістычнага рэжыму, які абапіраецца на большасць насельніцтва, у бок паліцэйскай дзяржавы, калі дзяржава імкнецца падладзіцца так пад сітуацыю, каб грамадскае меркаванне не аказвала ўплыў на існаванне ўлады. Адсюль і стымуляванне міграцыі. У новай сітуацыі беларускай палітычнай сістэмы не патрэбна насельніцтва, яно толькі перашкаджае. Адпаведна, і ўсе ініцыятывы з трансфармацыяй дзяржаўнага кіравання, і новыя асобы ў спецслужбах, пакліканы абслугоўваць задачу пераўтварэння дзяржапарату ў больш мабільную, лаяльную сістэму, якая можа адказваць на выклікі для кіраўніка дзяржавы, не абапіраючыся на грамадскае меркаванне.

Калі мы вернемся да тэорыяў дэмакратычнага транзіту, то яны нам кажуць пра тое, што каб адбылася паспяховая трансфармацыя аўтарытарнага кіраўніцтва да дэмакратычнага, то, па-першае, патрэбна, каб быў раскол у элітах. Там заўсёды ёсць канфігурацыя традыцыяналістаў і рэфарматараў. І рэфарматараў памяркоўнае асяроддзе апазіцыі павінна прывабіць на свой бок. Вось гэты тактычны хаўрус паміж тактоўнымі прадстаўнікамі апазіцыі і рэфарматарамі са стану ўлады забяспечвае нармальны, гладкі транзіт.

Трэба сваю актыўнасць накіроўваць не толькі на народ, але і шукаць магчымасцяў супрацоўніцтва з узроўнем, хаця б нізавым, наменклатуры. Таму што сёння апазіцыя – гэта такая страшылка і для наменклатуры, і для грамадства. Ёсць такое меркаванне, што апазіцыянеры хочуць усё расцягнуць, прадаць. А для ўлады апазіцыя значыць, што яны прыйдуць і паразвешваюць на слупах наменклатуршчыкаў. Трэба нейкім чынам шукаць сваіх хаўруснікаў і там, і рэкрутацыю накіроўваць і туды.

Яшчэ адзін важны фактар – не так важны нават стан грамадства і яго незадаволенасць уладай, як бачнасць альтэрнатыў. Людзям можа быць вельмі дрэнна жыць, 90% могуць казаць, што эканоміка ў крызісе, але пакуль яны не будуць бачыць, па-першае, праграмную альтэрнатыву, па-другое, персанальную альтэрнатыву, ні пра які выбар казаць нельга.

Уладзімір Дунаеў. Тэрмін “новая большасць” збольшага рытарычны і маніпулятыўны. Новую большасць знаходзяць ва Украіне, у Грузіі, у Расеі, у Беларусі, у ЗША. Трэба мець на ўвазе, што калі гэтая большасць існуе ў нашай краіне, то наўрад ці яна з’яўляецца палітычнай. І казаць пра мабілізацыю такой большасці для палітычных мэтаў зусім несвоечасова. Гэтая большасць з’яўляецца сацыяльнай, і дадзеныя апытанняў пра гэта сведчаць. Адзінае, што аб’ядноўвае гэтых людзей, гэта незадаволенасць няздольнасцю або нежаданнем уладаў усіх узроўняў вырашаць наспелыя сацыяльныя праблемы. Гэтая група занадта аморфная для масавай, публічнай палітычнай барацьбы.

Трансфармаваць сацыяльную большасць у палітычную – гэта доўгатэрміновая задача, якую трэба вырашаць іншымі інструментамі, чым тыя, якімі прывыклі карыстацца беларускія апазіцыйныя партыі.

Трансфармаваць сацыяльную большасць у палітычную – гэта доўгатэрміновая задача, якую трэба вырашаць іншымі інструментамі, чым тыя, якімі прывыклі карыстацца беларускія апазіцыйныя партыі.

Перш чым спрабаваць мабілізаваць такіх незадаволеных людзей, іх трэба неяк кансалідаваць. Але яны ніяк не хочуць кансалідавацца на аснове тых праграмаў, каштоўнасцяў або фігур, якія ім прапануе апазіцыя. Наадварот, ёсць ўстойлівае дыстанцыяванне ад традыцыйных апазіцыйных фігур. Рызыкі вялікія, а надзеі на тое, што такія палітыкі змогуць вырашыць рэальныя сацыяльныя праблемы, няшмат. Але гэта не азначае, што няма ніякай перспектывы. Задача палягае ў тым, каб паспрабаваць нашае атамізаванае грамадства кансалідаваць хоць бы лакальна вакол галіновых праблем. Гэта больш перспектыўна, чым спроба ўцягнуць у палітычную камунікацыю гэтую новую большасць у цяперашнім яе стане.

Напрыклад, у Беларусі амаль два мільёны навучэнцаў усіх узроўняў – ад школы да ВНУ. І ва ўсіх, хто сутыкаецца з нашай сістэмай адукацыі, у бацькоў, у працадаўцаў, у студэнтаў, а гэта сапраўды большасць насельніцтва, назапасілася нямала прэтэнзіяў да ўладаў з-за іх няздольнасці вырашыць праблемы гэтай сферы. Дзяржава ўсё больш перакладае фінансаванне адукацыі на насельніцтва, але не жадае нікога дапускаць да кіравання галіной ці нават асобнымі установамі. Калі грамадзяне дастаюць грошы з сваіх кішэняў, яны пачынаюць задавацца пытаннем: калі мы плацім, чаму не мы замаўляем музыку? Пакуль гэтая незадаволенасць паасобных індывідаў уладам нічым не пагражае, але калі адбудзецца кансалідацыя гэтых стэйкхолдэраў, то з імі ўжо давядзецца лічыцца. Калі апазіцыйныя партыі знойдуць сваё месца ў гэтым працэсе кансалідацыі новай большасці, скажам, вакол ідэі сацыяльнага партнёрства, то ў іх будзе больш шанцаў на будучыню палітычнае прадстаўніцтва гэтай новай сілы.

Алег Манаеў. Унутры краіны адабраць уладу апазіцыя не можа. Тут хутчэй трэба дапамагаць народу вяртаць ўладу сабе.

Юрась Губарэвіч. Не трэба кожны дзень працаваць на вынік, трэба проста працаваць на карысць. І рана ці позна вынік выстрэліць.

Андрэй Дзмітрыеў. На рэгіянальным узроўні такіх выпадкаў, калі дзяржава здымае з сябе фінансавую адказнасць, становіцца ўсё больш. Асабліва ў сацыяльнай сферы. З іншага боку, наменклатура на месцах вельмі незадаволеная загадам Лукашэнкі ісці да людзей. Таму што няма з чым да іх ісці. Няма грошай. Мы ўсе чакаем расколу ў вярхах. Ці можа быць раскол ня уверсе, а паміж рэгіянальнай і цэнтральнай элітамі?

Дзяніс Мельянцоў. Гэта адзін са шляхоў. Мы таксама разглядалі такую магчымасць у прывязкі да прыватызацыі. Калі з’явіцца прыватная ўласнасць на зямлю і калі пачнецца маштабная наменклатурная прыватызацыя, кіраўнікі рэгіёнаў забяспечаць у свой бок прыватызацыю, і, такім чынам, рэгіянальныя групоўкі могуць узнікнуць. Зараз пра рэгіянальныя групоўкі казаць нельга. Пакуль недастаткова матэрыялу, каб казаць, што яны ёсць. І цэнтральная ўлада сама сваю палітыку будуе такім чынам, каб максімальна змікшаваць, не дапусціць укаранення людзей на месцах. Калі рэгіянальны бюджэт змяншаецца, пачынае назірацца антаганізм людзей у рэгіёнах. Тут ранавата казаць пра нейкі раскол, але пэўная перспектыва тут ёсць.

Алег Манаеў. Я не ведаю, ці можа апазіцыя спрыяць расколу ў кіруючых элітах. Але што насамрэч трэба рабіць, дык гэта наводзіць масты і падтрымліваць кантакт з часткай наменклатуры.

Ігар Драко. Хутчэй за ўсё, найбольш выйгрышнай на дадзены момант з’яўляецца тактыка «малых справаў», якія прыносяць няхай маленькія, але бачныя і адчувальныя вынікі. Тым самым мы дэманструем сваю патрэбнасць і карыснасць для прадстаўнікоў «новай большасці», заваёўваем аўтарытэт, што ўключае саміх грамадзянаў у грамадскія працэсы, павышаючы тым самым іх сацыяльную актыўнасць. Цалкам магчыма, што яна будзе канвертаваць ў далейшым і ў актыўнасць палітычную.