У старой бібліятэцы Варшаўскага ўніверсітэта адбыліся чарговыя дыскусіі палітыкаў Усходняй Еўропы пра будучыню краінаў, якія пакуль не ўваходзяць у Еўрапейскі звяз, але туды імкнуцца. Чарговай тэмай дня была Украіна, але і тут беларускае пытанне было закранута. 

У размове з Антонам Разумоўскім палітолаг Ігар Мельнікаў падвёў вынікі першых дзён працы дзясятай па ліку Усходнееўрапейскай канферэнцыі пад назвай “Праз бар’еры”.

Ігар Мельнікаў: Безумоўна можна адразу падкрэсліць, што гэта канферэнцыя адна з найбольш важных у Еўропе, якія праводзяцца, якія датычаць беларускай тэматыкі. Тут абмяркоўваецца ўвесь шэраг пытанняў, пачынаючы ад палітыкі, паліталогіі, эканомікі, скончваючы гісторыяй, гісторыяграфіяй і культурай. Мяне, як гісторыка, цікавілі пытанні, якія датычацца менавіта аспектаў гісторыі Беларусі, сучаснай праблемы гісторыі і культуры Беларусі. Я асвятляў пытанне, якое мае дачыненне да заходнерусізму, яно вельмі актуальнае. Было вельмі цікава, што ўдзельнікі з Англіі, Амерыкі, а таксама палякі, літоўцы, украінцы — усіх гэта таксама цікавіла. Для ўсіх гэта была тэма, якая сёння безумоўна актуальная, якую трэба абмяркоўваць. Таксама цікавым было тое, што ўдзельнічае шмат вядомых асобаў з Беларусі — гэта спадары Шушкевіч, Саннікаў, Мілінкевіч, яны разам, яны распавядаюць пра тыя актуальныя праблемы, якія існуюць у Беларусі. Разам з тым цікавы погляд еўрапейцаў, я маю на ўвазе палякаў, якія зацікаўлены ў вырашэнні шматлікіх пытанняў у дачыненнях Менска і Варшавы, Польшчы і Беларусі. Для іх беларуская тэматыка адна з найвялікшых. Канешне яны ведаюць, што на Усходзе ў іх ёсць вельмі цікавая краіна, з якой яны звязаны гістарычна і культурна, пра гэта таксма трэба размаўляць і казаць.

РР: Ва ўдзельнікаў ад Беларусі былі розныя меркаванні, але сыйшліся яны на тым, што Еўразвяз павінен кансалідавацца і весці адзіную палітыку.

Ігар Мельнікаў: Я лічу, што палітычныя аспекты — гэта асобная рэч. Я займаюся больш культурна-гістарычнымі аспектамі. Мы кажам пра супрацу ў эканамічнай, культурнай, а таксама ў палітычных сферах. Безумоўна павінна быць кансалідаваная пазіцыя, можа быць адзін цэнтр, можа быць Літва, можа быць Польшча, але павінна быць адна стратэгія ў супрацы з Беларуссю, з грамадствам, з моладдзю, якая будзе ствараць гэтую краіну. Палякі ў гэтым сэнсе ідуць наперадзе ўсіх. Яны ствараюць магчымасці для беларускай моладзі, каб яны фарміраваліся ўжо ў новай плыні еўрапейскага грамадства, каб яны стваралі новую Беларусь.

РР: Ян Маліцкі заявіў, што праграма імя Кастуся Каліноўскага дапамагае стварыць у будучыні новую Беларусь, калі моладзь, якая вернецца атрымаўшы адукацыю, пачне працаваць на карысць Бацькаўшчыны.

Ігар Мельнікаў: Вы закранулі галоўнае пытанне. Не толькі праграма Каліноўскага, таксама іншыя праграмы, увогуле “Studium Europy Wschodniej”, дзе беларусы могуць атрымаць еўрапейскую адукацыю высокага ўзроўню, калі самі беларусы гэтага жадаюць. Калі чалавек прыехаў сюды толькі атрымліваць стыпендыю, то гэта адна справа, іншая справа, калі чалавек прыехаў сюды атрымаць адукацыю, напрыклад, як я. Пасля гэтага я працаваў у Маскве, а цяпер працую ў Беларусі. Бачна, што я тут зусім па-іншаму, пры гэтым я ўжо меў дзве вышэйшыя адукацыі, і ўжо на базе гэтых вышэйшых адукацый я трымаў польскую ў Варшаўскім універсітэце, а пазней абараніў кандыдацкую ў Беларусі. Такіх людзей у нас з кожным годам больш і больш, людзі вучацца ў Польшы, у іншых краінах Еўропы, яны пазней вяртаюцца ў Беларусь. Як бы там не было цяжка ці не, але людзі вяртаюцца, і яны павінны там працаваць, яны павінны будаваць іншае грамадства. Напрыклад, я займаюся гісторыяй. Я з’яўляюся рэдактарам гістарычнага партала, які мы зрабілі разам з расіянамі — гэта праект “Беларускага партызана”, які называецца “Гістарычная праўда”. Вельмі цікавы партал, нас чытаюць не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі, Польшчы. Беларусы звяртаюцца да гэтага партала таму, што ім беларуская гісторыя вельмі цікавая, тое чаго яны не ведалі, яны звяртаюцца і чытаюць. Я кажу не толькі пра гістарычны бок, гэта таксама палітыка і эканоміка.

РР: Што вас зацікавіла на канферэнцыі па Украіне, ці можна правесці паралелі?

Ігар Мельнікаў: Цяжка не ўбачыць гэтых паралеляў таму, што яны сапраўды ёсць. Вельмі добра, што дзейнічаў такі даволі вядомы палітык Барыс Нямцоў, расійскі палітык, які сапраўды з’яўляецца чалавекам, які прайшоў праз усё ў расійскай палітыцы, а таксама і ва ўкраінскай палітыцы, ён быў дарадцам прэзідэнта Юшчанкі. Дык вось гэты чалавек, ён як не навуковец, а чалавек са сферы палітыкі, расказаў пра тыя рэчы, якія адкрываюць вочы на шматлікія праблемы сучаснай Украіны, а таксама тагачаснай Украіны пачатку 2000-х гадоў. Таксама і пра беларускія аспекты ён казаў, гаварыў, закранаў гэтую тэматыку. Постсавецкая прастора — Беларусь, Расія, Украіна, мае аднолькавыя праблемы, сярод якіх галоўная нават не столькі палітыка, колькі грамадства. Грамадства павінна прайсці гэта, змяніцца і стаць сапраўды еўрапейскім. Нам беларусам і ўкраінцам, што спадар Нямцоў і кажа, будзе лягчэй гэта зрабіць. Расіянам цяжэй, бо Расія вялікая краіна, а мы гістарычна былі еўрапейцамі, нам толькі трэба пазбавіцца хомо савецікуса і пайсці далей.

У круглым стале па праблемных пытаннях стасункаў на лініі Еўразвяз — Украіна ў Варшаўскім універсітэце сярод іншых прымалі ўдзел еўрадэпутат Павел Коваль, старшыня расійскай партыі “Парнас” Барыс Нямцоў, віцэ-міністр энергетыкі Літвы Рэната Цытацка. Заключны дзень будзе прысвечаны Расіі.

Беларускае пытанне ўздымалася ў першы дзень канферэнцыі, на якой выступілі Андрэй Саннікаў, Станіслаў Шушкевіч, Аляксандр Мілінкевіч і Андрэй Вардамацкі.