Як прафесійны дыпламат, Прадастаўніца АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Дунья Міятавіч імкнецца рабіць любыя крокі, каб дамагчыся паляпшэння сітуацыі ў Беларусі.

Такое меркаванне ў размове са Службай інфармацыі “ЕўраБеларусі” выказала старшыня грамадскага аб’яднання “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Жанна Літвіна.

У сваёй заяве з нагоды вызвалення Ірыны Халіп ад крымінальнага пераследу Прадстаўніца АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Дунья Міятавіч нагадала беларускім уладам, што яны выказвалі гатовасць актывізаваць дыялог з Бюро АБСЕ па пытанні паляпшэння сітуацыі са свабодай СМІ ў Беларусі.

Журналіст Службы інфармацыі “ЕўраБеларусі” запытаў у Жанны Літвіной, наколькі такі дыялог можа быць магчымым:

— Я маю адчуванне, што чаканне пераменаў, крокаў у галіне дэмакратычных рэформаў, у адаптацыі дэмакратычных каштоўнасцяў вельмі зацягнулася. Я наогул лічу, што для Беларусі найгалоўнае на сённяшні дзень – гэта вынясенне дыялогу аб сітуацыі са СМІ ў публічную сферу.

Мы павінны абмяркоўваць пытанні дэманапалізацыі, раздзяржаўлення СМІ, рэфармавання тэлевяшчання, ператварэння яго ў грамадскае вяшчанне. І дзеля гэтага павінен быць задзейснены экспертны патэнцыял Бюро Прадстаўніка АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ. Патрэбнае прывядзенне заканадаўства ў адпаведнасць з міжнароднымі нормамі і стандартамі. У гэтым накірунку, дарэчы, экспертамі АБСЕ шмат што зроблена ў плане прапановаў па рэфармаванні, пэўных крокаў па дэмакратызацыі.

Але павінны быць перадумовы. І ў першую чаргу такі дыялог мог бы адбыцца пры ўмове спынення крымінальнага пераследу і зняцці судзімасці з нашых калегаў. Я вельмі рада за Ірыну Халіп. Таксама спынены пераслед, і пастаўленая кропка ў справах сябраў БАЖ Сяргея Вазняка, Аляксандра Фядуты. Гэта сапраўды такія крокі, дзе за нашых калегаў можна толькі радавацца.

Але сярод гэтых перадумоваў – мараторый на ўжыванне артыкулаў крымінальнага кодэксу, звязаных з дыфамацыяй, увядзенне заяўнага прынцыпу акрэдытацыі журналістаў. Калі гэта будзе зроблена, гэта азначае, што нашых калегаў не будуць чарговы раз папярэджваць пракуратура і КДБ. Заяўны прынцып вырашыць многія праблемы, звязаныя з доступам да інфармацыі і з правам нашых калег займацца прафесійнай дзейнасцю. Калі хаця б гэтыя тры ўмовы будуць выкананыя, я думаю, будзе ўтвораны падмурак для дыялогу, звязаны са стварэннем канцэпцыі фармавання медыясферы ў Беларусі.

— Наколькі рэалістычна Бюро АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ ацэньвае гатовасць беларускіх уладаў да супрацы? Ці няма з іхняга боку нейкай наіўнасці? Ці добра яны разумеюць сітуацыю ў Беларусі?

— Я з велізарнай павагай стаўлюся да эксператаў Бюро Прадстаўніка АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ, да самой Дуньі Міятавіч. Гэта людзі, якія вельмі рэалістычна ставяцца да беларускай сітуацыі, валодаюць ёй. Хачу таксама адзначыць іх імгненную рэакцыю на тое, што адбываецца ў нашай краіне.
Я думаю, што, па вялікім рахунку, тая ж спадарыня Дуня Міятавіч – у першую чаргу дыпламат. Яна гатовая любымі шляхамі, але рухацца да лепшага, у бок рэфармавання, паляпшэння сітуацыі ў нашай краіне. Таму яна выкарыстоўвае абсалютна любую магчымасць, каб наблізіцца да гэтай мэты.

— Уяўленні беларускіх уладаў пра тое, якім аб’ёмам свабодаў павінны валодаць мясцовыя СМІ, істотна адрозніваюцца ад стандартаў АБСЕ. І змяншэнне гэтай розніцы можа адбывацца па двух шляхах: альбо Беларусь набліжаецца да стандартаў АБСЕ, альбо АБСЕ прызнае ўнікальнасць выпадку Беларусі і зніжае планку патрабаванняў да нашай краіны. Наколькі рэальны кожны з такіх сцэнароў?

— Ведаеце, плата заўсёды павінна быць сапраўды высокай у імкненні да сур’ёзных рэформаў у нашай краіне. З другога боку, абсалютна зразумела, што на сённяшні дзень для ўраду кантроль за інфармацыйнай прасторай – гэта спосаб утрымання ўлады. І ёсць адчуванне, што гатовасці да нейкіх кардынальных крокаў, зменаў у нашага ўраду няма. А ў першую чаргу, патрэбная дэманапалізацыя. Таму што нашыя СМІ манапалізаваныя звыш усялякай меры. І адмовіцца ад прапагандысцкай функцыі, якую ўсклалі на СМІ, уладзе сёння вельмі складана. Але ўсё роўна працэс, рух у бок зменаў, дэмакратызацыі так ці інакш непазбежны. І сілавымі метадамі ўтрымліваць сітуацыю ўсё роўна доўга не атрымаецца.

Што тычыцца магчымай згоды АБСЕ на тое, каб бачыць Беларусь такой, якая яна сёння ёсць, то мне не хацелася б прымаць такі змрочны сцэнар. Бо я ўсё ж такі веру ў прынцыповасць пазіцыі і экспертаў АБСЕ, і самой спадарыні Дуні Міятавіч.