Заснавальнік НІСЭПД, прафесар сацыялогіі Алег Манаеў патлумачыў, як змянілася беларускае грамадства за 19 гадоў праўлення Аляксандра Лукашэнкі, і што неабходна для палітычных перамен у краіне.

Заснавальнік зарэгістраванага ў Вільні Незалежнага інстытута сацыяльна-палітычных і эканамічных даследаванняў (НІСЭПД), прафесар сацыялогіі Алег Манаеў у інтэрв’ю DW ацаніў змены ў настроях беларускага соцыюму, якія адбыліся за 19 гадоў кіравання прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі. Прафесар Манаеў таксама распавёў, што неабходна для таго, каб у Беларусі адбыліся палітычныя перамены.

Эксперт кажа пра тое, што яго асабісты досвед жыцця ў Беларусі не супярэчыць вынікам незалежных сацдаследаванняў, якія ён аналізуе. 19 год таму беларускі соцыюм быў падобны на грамадства іншых постсавецкіх краін расчараваннем ў савецкім мінулым. «У асноўнай масе беларусаў у 90-я гады меліся невыразна сфармуляваныя страхі перад будучыняй, якія несла дэмакратычная хваля. І хоць у людзей не было ўласнага досведу пераменаў, яны бачылі, як няпроста ўсё адбывалася ў краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы», — кажа Манаеў .

Прафесар бачыць адрозненне беларускай сітуацыі ў тым, што ўзровень нацыянальнай самасвядомасці і завершанасць праекта «Беларусь як самастойная дзяржава» у пачатку 90-х былі значна ніжэй, чым на Украіне, у Малдове ці ў балтыйскіх краінах. «Лукашэнка з яго камандай дакладна згулялі тады на гэтых супярэчнасьцях — жаданні пераменаў і страхаў з нагоды іх наступстваў — і паабяцалі аднавіць сувязі з Расіяй. Улетку 1994 першы прэзідэнт Беларусі перамог у выбарах, набраўшы амаль 80 адсоткаў галасоў», — адзначыў эксперт .

Алег Манаеў падкрэслівае, што ў пачатку 90-х ступень гатоўнасці беларусаў да пераменаў была нашмат вышэйшая, чым праз 20 гадоў. «За гэтыя гады ўзровень нацыянальнай самасвядомасці ўсё ж вырас. Прычым вырашальнай акалічнасцю, па-за залежнасцю ад таго, хто знаходзіцца ва ўладзе, стала само ўзнікненне суверэннай дзяржавы Рэспубліка Беларусь пасля развалу Савецкага Саюза ў снежні 1991 года. З гэтым статусам самастойнасці краіны звыкліся і старое, і маладое пакаленні», — кажа прафесар.

Ён падкрэслівае, што важна адзначыць таксама рост ўзроўню дабрабыту. «Я хачу нагадаць крытыкам рэжыму, што ў 1994 годзе сярэдні заробак у краіне быў ўсяго некалькі дзясяткаў даляраў, а пенсія — удвая меншай. Да канца 2013 года ўлады абяцаюць сярэдні заробак да 600 даляраў, пенсіі таксама — хоць і павольна — растуць. Нягледзячы на тое, што частка даходаў з’ядае інфляцыя, іх нельга параўнаць з тым, што было ў мінулым. Беларусы маюць магчымасць выязджаць на адпачынак за мяжу, крамы запоўненыя таварамі, гэта значыць краіна, грамадства ўсё ж развіваецца «, — канстатуе эксперт.

«Але, нягледзячы на агульную карціну прагрэсу, якую я прадставіў, сёння грамадзяне незадаволеныя суадносінамі тэмпаў росту даходаў у параўнанні з суседнімі краінамі», — прызнае Манаеў. «Незадаволенасць праяўляецца і ў ацэнцы дзейнасці прэзідэнта, парламента і ўрада. Іншымі словамі, сістэма, выбудаваная за 19 гадоў кіравання Лукашэнкі, стала тармазіць працэсы развіцця расколатага беларускага грамадства.

У такой сітуацыі прыходзіць лідэр і аб’ядноўвае нацыю. Але Лукашэнка паставіў на тых, хто яго абагаўляе, а іншыя групы насельніцтва адсунуў на перыферыю. Прэзідэнт не раз нагадваў, што ў Беларусі ёсць «два розных народа». Раскол грамадства — галоўная гістарычная віна Лукашэнка. Калі ён сыйдзе, новай уладзе сярод іншых праблем прыйдзецца думаць пра тое, як аднавіць сацыяльны баланс ўнутры беларускага соцыюму «, — кажа эксперт.

Сярод фактараў, якія могуць змяніць свядомасць беларусаў і наблізяць краіну да пераменаў, Манаеў называе ў першую чаргу палітычную волю ўладаў. «У кіраўніцтва Беларусі на чале з прэзідэнтам для правядзення курсу пераменаў ёсць усе рычагі і магчымасці. Але гэтага Лукашэнка рабіць не будзе, таму што страціць уладу», — кажа эксперт.

Другім аб’ектыўным фактарам Манаеў называе наяўнасць у Беларусі сацыяльнай базы для іншай мадэлі грамадска-палітычнага, эканамічнага, сацыяльнага і культурнага развіцця. «Раскол грамадства паказаў, што разам з Беларуссю, якая ідзе пад сцягамі прэзідэнта, ёсць велізарная колькасць беларусаў (ад паўтары да двух мільёнаў з 9,5-мільённага насельніцтва), гатовых жыць у іншай сістэме каштоўнасцяў. Асаблівасць Беларусі ў тым, што абодва варыянты развіцця гатовыя падтрымаць мільёны людзей. Так што калі змена ўлады ўсё ж адбудзецца, ёсць усе магчымасці разгарнуць краіну ў іншым накірунку, чым у тым, у якім яна рухаецца ў апошнія гады «, — адзначае прафесар.

Алег Манаеў кажа пра тое, што пачуццё датычнасці да людскіх праблем зусім выветрылася як у апазыцыі, так і ва ўладзе. «Лідэры апазіцыі жывуць у сваім вузкім свеце, і народ гэта добра адчувае. У сусветнай гісторыі былі прэцэдэнты, калі кінутыя палітычнымі лідэрамі грамадзяне выбіралі кіраўніка, які выскачыў, як чорт з табакеркі, паабяцаўшы рашэнне праблем. Так было і ў Беларусі, калі да ўлады ішоў Лукашэнка. Мне здаецца, такую небяспеку разумеюць ініцыятары ідэі «Народнага рэферэндуму». Яны паехалі па гарадах і вёсках менавіта таму, каб даведацца, што хвалюе народ. Гэта няпростая праца, і да яе гатовыя далёка не ўсе, якія называюць сябе беларускімі палітыкамі «, — адзначае эксперт.

Ён падкрэслівае, што людзі, якія прэтэндуюць на ўладу, павінны любіць народ і паважаць яго. «Калі апазіцыянеры хочуць прыйсці да кіравання краінай, ім патрэбныя не 2-3 адсоткі падтрымкі, аб якіх кажуць сацдаследавання, а салідная кропка апоры ў грамадстве», — заключае Манаеў.