Экс-мэр Каўнаса, палітык Вітаўтас Шустаўскас лічыць, што ў Беларусі больш парадку і дэмакратыі, і хоча адмовіцца ад літоўскага грамадзянства.

Еўрарадыё: Гэта сапраўды было вамі сказана на поўным сур’ёзе — што вы хочаце папрасіць прытулку ў Беларусі?

Вітаўтас Шустаўскас: Дык у Літве немагчыма жыць! Мяне злосць бярэ, калі нейкая дзяржава глядзіць на іншую і разважае пра адсутнасць там дэмакратыі, а насамрэч у той жа Беларусі больш дэмакратыі, чым у той жа Літве! Паглядзіце: супраць мяне было распачата 56 спраў. Нават Швецыя распачала справу з-за таго, што я нібыта абразіў габрэяў. Спачатку распачалі і толькі потым узялі ў журналіста касету з запісам размовы і ўпэўніліся, што ніякіх антысеміцкіх выказванняў там не было. У мяне тут увогуле так: якую заяву ні зраблю — адразу распачынаюць справу! Ці як у выпадку з тым гееўскім парадам — я толькі прыехаў у Вільню і вылез з машыны, як адразу быў арыштаваны і пяць гадзін пратрымалі ў КПЗ. За што? Ніякага адказу, нічога! За тое, што ў Вільню прыехаў? А калі ў мяне іншае меркаванне наконт гэтых парадаў? Як у той жа Беларусі ці Расіі, дзе забаранілі гэта ўсё.

Калі браць агулам, то за розныя мітынгі я заплаціў каля 15 тысяч літ. А большасць іх тычылася сацыяльных праблем — я заўсёды людзей абараняў! 30 сутак давялося даседзець за кратамі. За што — таксама не ведаю. Калі дэмакратыя, то я маю права выказваць сваё меркаванне. Таму я і кажу, што ў Беларусі больш дэмакратыі.

Еўрарадыё: Даволі спрэчная заява…

Вітаўтас Шустаўскас: У вас хаця б людзей не расстрэльвалі! А калі 16 студзеня 2009 года людзі сабраліся каля Сейма і спрабавалі адстаяць свае сацыяльныя правы ва ўмовах крызісу, то мы першыя ў Еўропе расстралялі народ гумавымі кулямі. Пра якую дэмакратыю ў Літве можна гаварыць — яе тут няма! Застаецца толькі з’ехаць туды, дзе ёсць парадак. Я 26 гадоў аддаў незалежнасці Літвы, але зараз кажу: такой незалежнасці мне не трэба!

Еўрарадыё: Ці даўно вы былі ў Беларусі і ці бачылі на ўласныя вочы, як жывуць простыя людзі?

Вітаўтас Шустаўскас: Быў тут, калі быў дэпутатам Сейма — дзесьці ў 2000 годзе. Я бачыў тут парадак, засеяныя палі. Калі народ абірае прэзідэнта, то каго абіраць — гэта лепш ведае беларускі, а не наш народ. Калі яго абіраюць, значыцца паважаюць і ён стараецца для свайго народа. І няма ў вас той русафобіі, як у Літве. Са сваім суседам неабходна жыць дружна — лепш разам выпіць пляшку ды да жанчын пайсці, чым адзін на аднаго розную бязглуздзіцу вярзці.

Еўрарадыё: Калі ўжо параўноўваць, то ў Беларусі акцыі апазіцыі разганяе міліцыя, актывістаў штрафуюць і садзяць на суткі. Чым беларускае лепш за тое ж літоўскае?

Вітаўтас Шустаўскас: У вас разганяюць — у нас таксама не пускаюць да Сейма і кажуць недзе ў лесе праводзіць свае мітынгі. Але я не чуў, каб у Беларусі народ расстрэльвалі хай і гумовымі, але — кулямі! А калі нехта вокны б’е і за гэта па дупе атрымлівае “бананам” (гумовай міліцэйскай дубінкай. — заўв. Еўрарадыё), то гэта правільна робіцца. Нашым не давалі “бананамі”, а пусцілі кулі ў лоб!

Еўрарадыё: А розныя магчымасці для дзейнасці палітычных партый?

Вітаўтас Шустаўскас: Мяне злосць бярэ ад беларускай апазіцыі! Апазіцыя павінна ўтрымлівацца на свае сродкі, сваіх сяброў і прыхільнікаў. А калі апазіцыя атрымлівае грошы з іншых краін, то якая гэта апазіцыя?! Атрымлівае грошы з Амерыкі, той жа Літвы, працаваць яму не трэба — ён языком і малоціць. Трэба самім сябе ўтрымліваць, а не малаціць языком за чужыя грошы тое, што патрабуюць замежныя агенты!

Еўрарадыё: Чым вы будзеце займацца ў Беларусі?

Вітаўтас Шустаўскас: Можа, нейкую працу знайду… Я хачу свету расказаць праўду — якая дэмакратыя ў Літве. Пра тое, як гееў на парадзе ахоўваюць, а нармальнага чалавека б’юць, нягледзячы на тое, што ён быў сябрам Сейма, кладуць на глебу, наступаюць нагамі на галаву…

Еўрарадыё: Практычна тое ж самае вам мог бы расказаць былы дэпутат Вярхоўнага Савета, лідар апазіцыйнай партыі Анатоль Лябедзька…

Вітаўтас Шустаўскас: У любой краіне ёсць нешта падобнае… У той жа Амерыцы — якія там пратэсты ідуць. А што робіцца цяпер у Егіпце, у Балгарыі той жа, у Венгрыі, у Грэцыі. Я і мой Саюз выступалі супраць уваходжання ў NATO і ў Еўрасаюз. І я маю права крытыкаваць гэты Еўрасаюз!

Еўрарадыё: Калі будзеце звяртацца з заявай наконт прытулку ў Беларусі?

Вітаўтас Шустаўскас: Я ўжо ўсё даведаўся — як, куды і што пісаць. Дзесьці на наступным тыдні ўсё і дашлю. Я вырашыў звярнуцца асабіста да Лукашэнкі і даслаць свой ліст яму праз амбасаду Беларусі ў Літве.

Еўрарадыё: Як вы будзеце фармуляваць сваю просьбу — прасіць беларускае грамадзянства?

Вітаўтас Шустаўскас: Буду прасіць палітычнага прытулку — я не хачу грамадзянства Літвы, мне надакучыла ў такой краіне жыць. Навошта, калі мяне чалавекам не лічаць тут! А я ж магу смела любому ў вочы глядзець — я нічога не скраў у дзяржавы! Я трымаў у сваіх руках бюджэт Каўнаса і ніводная газета не напісала, што я нейкімі махінацыямі займаўся. Хаця на стол не адзін раз клалі па 60 тысяч і паўтара мільёна, каб прадаў электрастанцыю, але я не браў хабар! А якая зараз карупцыя ў Літве — ледзь не апошняе месца займаем у Еўропе. У такой краіне ўжо ніхто не хоча жыць!

Еўрарадыё: Можа ўжо думалі пра палітычную кар’еру ў Беларусі — дэпутата беларускага парламента?

Вітаўтас Шустаўскас: Трэба ў краіне пажыць, паглядзець… Ведаеце, я тут чуў, што ў вас Лукашэнка так робіць: не выплаціць дырэктар нейкага прадпрыемства людзям грошы, то ён прыходзіць і здымае такога дырэктара. А людзям кажа:: “Давайце, выбірайце дырэктара са сваіх!” Праўда гэта ці не — вось хачу на ўласныя вочы гэта пабачыць!