З’езд “Маладога фронта” зблытаў планы Змітра Дашкевіча: замест таго, каб сысці ў адстаўку, малады палітык стаў сустаршынём і бярэ на сябе абавязак з нуля адрадзіць Мінскую арганізацыю.

Сітуацыю ў апазіцыі Дашкевіч характарызуе як прафанацыю. “Я ніколі не пайду за гэтымі людзьмі (лідэрамі апазіцыі. – Рэд.), і нікому не раю падпісвацца за іх”, -кажа палітык.

Аднак нядаўні палітвязень не губляе надзею…

Зміцер Дашкевіч даў інтэрв’ю “Беларускаму партызану”.

“На лідэрства трэба ледзь не прасіць”

— Пасля вызвалення ты заявіў, што пакідаеш пасаду старшыні “Маладога фронта”. Аднак з’езд МФ не адпусціў цябе у вольнае плаванне. Што здарылася, што змяніла планы?

— З’езд “Маладога фронта” развіваўся не па першапачатковым сцэнары. Некаторыя нашы сябры вырашылі прадэманстраваць сваю пазіцыю ў форме байкотаў і самаадводаў. Калі стала вядома, што не здымаецца толькі Андрусь Цянюта, для мяне стала ясна, што мне патрэбна заставацца ў кіраўніцтве арганізацыі, браць на сябе адказнасць. Бліжэйшыя паўгода, я мяркую (паўгода – гэта дакладна) актыўна займацца “Маладым фронтам” і далей. Праз паўгода мы мяркуем правесці другую сесію з’езда.

— Іван Шыла заявіў, што ў кіраўніцтве “Маладога фронта” адбыўся раскол.

— Хутчэй, гэта розныя погляды на некаторыя рэчы, расколам называць гэта – занадта, у “Маладым фронце” былі і значна цяжэйшыя часіны. Дый Іван Шыла, які прадстаўляў на з’ездзе іншую стратэгію, застаецца ў арганізацыі, будзе займацца выбарамі, што не можа не радаваць.

Праблема з’езда заключаецца ў тым, што сапраўды не аказалася людзей, гатовых за палітычнае лідэрства рваць. Калісьці мы вялі жорсткую барацьбу за лідэрства, а цяпер мы назіраем такую сітуацыю, што на лідэрства трэба ледзь не прасіць. Відаць, і я зрабіў памылку, падахвочваючы кагосьці на лідэрства, бо ніколі нікога не прымусіш быць лідэрам. Лідэрства трэба заваёўваць у баях – толькі тады яно нечага вартае.

— А каго б ты хацеў бачыць на пасадзе старшыні “Маладога фронта”?

— Ёсць асобы, дастойныя ўзначаліць арганізацыю. Той жа Іван Шыла – ніколі да яго не было прэтэнзіяў: ён заўсёды быў сумленным чалавекам. Колькі мы з ім не спрачаліся на ідэалагічныя тэмы, заўсёды паводзіў сябе сумленна, ніколі не плёў інтрыг, не займаўся фальсікацыямі.

Некаоторая інфармацыя, якую ён агучыў у СМІ, памылковая. Напрыклад, пра левых дэлегатаў. Напачатку мы і арыентаваліся дэлегатаў на 50. Напачатку я папярэдзіў усіх, што Цянюта прэтэндуе на пасаду сустаршыні (ён не ўваходзіў у папярэднюю схему як кіраўнік), што з ім будуць дэлегаты. Усе казалі: хай вязе – будзе барацьба, дыскусія.

А прыйшлі на з’езд – сітуацыя зусім іншая. Ну якія левыя дэлегаты? Я прааналізавўа спіс дэлегатаў: з Цянютам прыехалі пяць чалавек з Гомеля. Усяго толькі пяць чалавек з 58 дэлегатаў! Сёння з ім у Курапаты прыехалі чалавек 15. Ну якія гэта левыя дэлегаты?

Ну і што, што прысутнічалі прадстаўнікі МХД? Статутам дазволена – быць сябрам іншых арганізацыяў, дзейнасць якіх не пярэчыць нашым каштоўнасцям. Заўсёды былі і ёсць людзі, якія прадстаўляюць то АГП, то БНФ, то БХД. Калі гэта блізкія па ідэалогіі арганізацыі, мы ніколі праблем не чынілі.

Таму варта было проста шчыра прызнаць сваю паразу. Калі нехта хоча правесці другі з’езд – давайце правядзём іншы: з квотамі дэлегатаў, правядзем сходы, папрацуем. Але ніхто ж нічога! “Мы не хочам кіраваць, але маглі б!” – заяўляюць некаторыя. Вось у тым і палягае ўся праблема…

Сёння ў “Маладым фронце” склалася парадаксальная сітуацыя: ёсць рэгіянальныя структуры, але цалкам выбіты Мінск, давядзецца браць гэта на сябе. Было некалькі лідэраў: Раман Васільеў, Зміцер Крамянецкі, якія месяцамі не выходзілі з Акрэсціна. Дай Бог кожнаму адпрацаваць так, як яны адпрацавалі. У Рамана хутка з’явіцца дзіця (дай Бог і не аднаго). Людзі змянілі прыярытэты, і гэта нармальна. А мінскую структуру трэба адраджаць з нуля.

Іван Шыла кажа: не ведалі прысутных. Праблема “Маладога фронта” і намеснікаў (а іх пасля мяне засталося чалавек шэсць) у тым, што за апошні год-два ніхто ні разу не праехаў па рэгіёнах, хаця МФ заўсёды славіўся найперш рэгіянальнымі структурамі, якімі ніводная маладзёвая арганізацыя не магла пахваліцца, і нават не кожная партыя.

З аднаго боку – праўда, што яны не ведаюць гэтых людзей, а з другога боку, а хто вінаваты ў тым?

— Цяперашняя стратэгія “Маладога фронта” распрацоўвалася без цябе. З тваім вяртаннем у кіраўніцтва стратэгія будзе пераглядацца?

— Стратэгія мяняцца не будзе – яна адпавядае каштоўнаснай базе “Маладога фронта”. Любая дзейнасць карысная. Нехта ініцыюе збор подпісаў – выдатна,нехта ўдзельнічае ў мясцовай кампаніі – супер, нехта сустракаецца з людзьмі – таксама добра.

У Салігорску мы будзем імкнуцца закрываць усе акругі на мясцовых выбарах. Чым змагу – буду дапамагаць, але асноўная мая задача – паставіць на ногі Мінскую арганізацыю, на якой заўсёды ляжаў асноўны цяжар маладафронтаўскай працы. Будзем ствараць мінскую каманду, збіраць подпісы і працаваць. Лепшай кампаніі за збор подпісаў ніхто яшчэ не прыдумаў, нават у самай дэмакратычнай краіне.

“Ні аб адным дні праведзены ў турме я не шкадую”

— Ці паўплывала на тваё рашэнне сысце з кіраўніцтва “Маладога фронта” трохгадовае зняволенне? Што адбылося за кратамі, што вымусіла цябе прыняць такое рашэнне?

— На гэтае рашэнне абсалютна не ўплывалі гады, праведзеныя за кратамі. Я крытычна ўспрымаю рэальнасць, у якой жыву, таму не выключаю, што цягам бліжэйшых паўгода мяне пасадзяць зноў. Магчыма, журналісты няправільна інтэрпрэтавалі мае словы: Дашкевіч сыходзіць з МФ.Нікуды я не сыходжу! Я збіраўся працаваць у МФ, але простым актывістам. Цяпер – на пасадзе аднаго з сустаршыняў.

Я ў арганізацыі больш за 12 гадоў, з іх больш за восем кірую “Маладым фронтам”. Канешне, трэба даць шанец новым актыўным людзям. Ад выбараў да выбараў я рабіў памылку: кагосьці прасіў, кагосьці падцягваў. А жыццё сведчыць, што калі нехта прэтэндуе на лідэрства, дык яго не прасіць трэба, а наадварот – перашкаджаць. Тады будуць цаніць і пасвячацца працы.

— Чаму ты мяркуеш, што бліжэйшыя паўгода цябе могуць зноў пасадзіць?

— Я знаходжуся пад дэбільным наглядам: ледзь не штоночы прыходзяць і падымаюць з ложка. Калі-небудзь элементарна могуць здаць нервы. А па-другое, я збіраюся займацца актыўнай грамадскай дзейнасцю.

Турма для мяне даўно не з’яўляецца страшылкай. Ні аб адным дні праведзеным у турме я не шкадую: гэта досвед, я загартаваўся і духам і целам.

— Колькі калоній і турмаў ты прайшоў?

— Неяк падлічваў – агулам, з 2006 годам, дванаццаць. Кажу дванаццаць, улічваючы шклоўскі вопыт 2006 года (Шклоў, Валадарка і першая зона на Кальварыйскай, ужо знесеная).

— Якая калонія была найбольш цяжкаю?

— Найбольш неадэкватная сітуацыя склалася ў Горкаўскай калоніі. Раней быў кіраўнік операддзела турмы Петраковіч, цяпер ён зампарор, у якога ёсць “сматрашчы” за зонай Іван Іваноў. Днямі чаі ганяюць у кабінеце опера ды вырашаюць справы кіравання калоніяй. Потым каго трэба збіваць – збіраюць брыгаду і збіваюць, каму трэба рамсы вешаць – клеяць разборкі. Даходзіць да смешнага: піша чалавек скаргу ў дэпартамент выканання пакаранняў – тут жа прыходзяць і вешаюць яму петушыны рамс. Зняволены ідзе дамаўляцца з операм, маўляў, больш не буду нікуды пісаць, прыходзіць блатны і здымае рамс. Калі чалавек не разумее – проста збіваюць, або гоняць у петушатнік.

Людзей ламаюць – не толькі палітычных. Таму я і кажу, што адна з найдэбільных калоніяў, калі не самая бесаўская ў Беларусі – Горкаўская, цяперашні начальнік якой Лапатка ўнесены ў спіс неўязных у Еўрасаюз, а да яго ў спісах значыўся папярэдні на пасадзе начальніка калоніі – Кавалёў. Іх трэба ўсіх гнаць у гэтыя спісы – каб ім сорамна было хадзіць па гарадах сваіх.

Супрацоўнік адной з калоніяў неяк гаворыць мне: людзі падыходзіць да іх на вуліцы і ледзь не плююць у вочы – што вы робіце з палітвязнямі?Турэмшчыкі пабойваюцца грамадскага меркавання, як бы ні пыжыліся, што ім ўсё роўна.

— Ты нядаўна сказаў, што Лапатку не зусім справядліва ўключылі ў чорныя спісы.

— Пра яго лепш сказаць так: лепшы з найгоршых, ці ёсць куды больш неадэкватныя турэмшчыкі. Першы –Петраковіч; Кавалёў таксама паводзіў сябе неадэкватна: роў матамі-пераматамі, я нават не разумеў, што ён хоча сказаць. Гэта неадэкватныя людзі, нічым не абмежаваныя, якія разумеюць, што ніякі закон на іх не мае юрыдычнай сілы. Любы чалавек, які трапляе ў іхнія лапы, — гэта кавалак мяса, з якім робяць усё што заўгодна.

— Каго яшчэ варта было адзначыць унясеннемс у спісы неўязных?

— Туды варта занесці кіраўніцтва Мазырскай калоніі, начальнік Збароўскі. Зампарор ягоны, што заступіў на месца папярэдніка, якога пасадзілі за хабар (“Аўдзі”). Яны з усімі так працуюць: пасадзім, цябе адтрахаюць. Дык гэта ж падпалкоўнікі, якія прайшлі Акадэмію МУС, — большая палова зэкаў адэкватнейшая за начальнікаў. Зэк пасядзеў – і выйшаў, а яны ж у зоне ўсё жыццё.

У спісах мусіць быць Мысліцкі – начальнік Віцебскай турмы, пры якім зэкі жруць футлярамі ад зубной шчоткі. Кажу: выдайце людзям лыжкі, тым больш ёсць нарматыўныя акты. Не прадугледжана, кажуць. Як так: людзям дазваляюць у камерах трымаць макароны, выдаюць кубкі без ручак – яго не возьмеш, пакуль тэмпература больш за 40 градусаў. Зэкі заварваюць макароны ў гэтым кубку і жруць футлярам ад зубной шчоткі, каву заварваюць – цукар мяшаюць гэтымі ж футлярамі. І Лукашэнка за гэта выпісвае тым турэмшчыкам граматы з ардэнамі! Дай ім волю, як у 1937-м, яны б рэзалі людзей на кавалкі і садзілі іх заднім праходам на ножкі крэслаў!

Я заклікаю такіх людзей уносіць у чорныя спісы пажыццёва. Пакуль яны не панясуць судовую адказнасць за свае злачынствы. А то сёння ўнеслі ў чорныя спісы, заўтра – выкраслілі: бач ты, пасаду змяніў! Знявечыў дзесяткі і сотні людзей, а змяніў пасаду – і стаў беленькім, пухнаценькім?..

— Як да цябе ставіліся звычайныя зэкі?

— Зэкі ставіліся вельмі добра, нават там, дзе цкавалі. Знайшліся потым людзі, якія вырашылі ўсе праблемы, мне навязаныя. Нават у беснаватай Горкаўскай калоніі прыносілі хто гарбату, хто ежу; нават супрацоўнікі калоніі ў некаторых зонах. Паўсюль я адчуваў падтрымку: у турмах кожны чацвёрты сядзіць па сфальсіфікаваных справах, як і я.

— Ці ва ўсіх турмах ад цябе дабіваліся прашэнняў на памілаванне?

— У той ці іншай форме – паўсюль. Цяжка сказаць, ці то разнарадка такая, ці з уласнай ініцыятывы. Нехта казаў: пішы і выйдзеш на волю, а іншыя зыходзілі з таго, чым хутчэй я звалю ад іх, тым ім прасцей будзе. Больш-менш афіцыйна патрабаваў прашэння былы начальнік Горацкай калоніі Кавалёў: пішы. Не будзеш – ідзі ў ізалятар.

Агучваць нейкія разнарадкі было бессэнсоўна – было відавочна, што я нічога не падпішу. Я прыняў рашэнне:– што б са мной ні зрабілі, закатаюць у бетон – не закатаюць, пераламаюць – не пераламаюць, не падпішу; зламаюць мяне – будуць ламаць маіх сяброў па адкатанай схеме. Я вырашыў: на мне вы зламаеце хоць адзін зуб, але на мне вы гэтую схему не адкатаеце.

— Што найбольш цяжка перажывалася за кратамі?

— Самым цяжкім былі галадоўкі ў ізалятарах: калі ў камеры не вышэй за 10 градусаў, калі не можаш спаць больш за 45 хвілінаў, а пасля мусіш паўгадзіны адціскацца ў хэбэшнай кашулі, на голаде. Ідзе сур’ёзная духовая барацьба, фізічная барацьба; часам проста молішся: Божа, забяры мяне, болей не магу!

“Я ніколі не пайду за гэтымі людзьмі, і нікому не раю ісці падпісвацца за іх”

— Як праходзіць адаптацыя да жыцця на ўмоўнай волі?

— Са сваёй практыкі скажу – гэта выдуманы тэрмін. Я ж не ў рудніках сядзеў 25 гадоў, а пару годзікаў правёў у турме, дзе людзі дапамагалі. Што пасля адсідкі 2006-2008 года, што зараз: я выйшаў і праз два дні забыў, што я сядзеў.

— Якія наступствы для здароўя нанесла турма?

— Асабліва ніякіх, вось толькі зрок сеў, хаджу ў акулярах.

— Пасля выхаду на волю прайшлі два месяцы, ты ўжо змог адчуць атмасферу ўнутры апазіцыі. Што сабой уяўляе цяперашняя апазіцыя?

— Стан шакуючы — усіх арганізацый. І “Маладога фронта”, які магчыма, на тле іншых выглядае трохі лепш. Існуе актыўнасць яшчэ некаторых арганізацый. Можна назваць “Гавары праўду”, якая трымаецца на сур’ёзнай менеджэрскай працы некаторых лідэраў, можна назваць БХД, якая грунтуецца на аўтарытэце Паўла Севярынца… А так – усё вельмі сумна.

Шмат чыннікаў – і суб’ектыўных, і аб’ектыўных. Людзі 20 гадоў б’юцца ў сцяну, многія разачараваліся.

Але найвялікшая праблема апазіцыі, непераадольная: непаслядоўнасць – непаслядоўнасць у словах, ва ўчынках, у справах.

Заклікаюць на плошчу, рвуць чыесьці патрэты, штосьці крычаць, пыжацца, а даходзіць да справы – сікаюцца ў падгузнікі, прама ў аўтазаках пішуць прашэнні. Значна больш павагі выклікае Міхалевіч, які нікуды нікога не пнуўся, нікога нікуды не зваў, партрэты не рваў, годна сядзеў – а потым лахануў гэбэшнікаў і зваліў за мяжу і зганьбіў іх на ўвесь свет. Трэба быць паслядоўным.

У беларускім грамадстве вельмі вялікі пратэстны патэнцыял. Але чаму людзі не ідуць за гэтымі ліэдрамі? Бо не вераць ім! У 2001 годзе падманулі, у 2006 – падманулі, у 2010 годзе – падманулі. А зараз што гэтыя лідэры будуць казаць людзям? Зноў на плошчу? Дык кожны плюне мне і любому з лідэраў у твар, і будзе мець маральнае права на тое. Што вы зрабілі за гэтыя 20 гадоў?

Суцэльны падман!

Я гавару непапулярныя рэчы, за якія на мяне многія дуюцца. Але трэба, каб гэта нехта гаварыў. На Плошчы 2010 года аблажаліся ўсе! І вось тыя, хто раз за разам здраджваюць сваім прыхільнікам, зараз зноў увасабліваюць беларускую апазіцыю. Хто ім паверыць? Ніхто! Сказаў – зрабі, не можаш зрабіць – не кажы і не рабі.

А зараз я зноў назіраю прафанацыю: ствараюцца нейкія кааліцыі. Нават я ў турме, чытаючы кожны выпуск “Белорусы и рынок”, “Белгазеты”, “Народнай волі”, “Нашай Нівы” не магу зразумець – што за арганізацыі ўваходзяць у гэтыя кааліцыі? Для чаго гэтая прафанацыя? Я ніколі не пайду за гэтымі людзьмі, і нікому не раю ісці падпісвацца за іх.

— Прынцып фармавання кааліцый такі: стварылася адна кааліцыя, а ёй у піку – іншая…

— Смешны і “Народны рэферэндум”. Някляева ўсе абзывалі агентам. А хто крычаў? Тыя арганізацыі, якія цяпер стварылі з ім кааліцыю. Пару гадоў ён для вас быў агент, а цяпер вы з ім цалуецеся? Дык хоць скажы тады: прабачце, мы памыляліся! Як вы яго публічна абражалі, так вы і публічна папрасіце прабачэнне. Мяне самога щжо проста падванітоўвае на ўсё гэта глядзець.

— Раз цяперашнія лідэры ні на што не згодныя, як іх сагнаць з наседжаных месцаў?

— Ніхто нікога не згоніць! Жыццё іх згоніць. Паўстануць новыя лідэры. Павінна выспець крытычная маса праведных самаахвярных людзей, няхай тысяча, некалькі тысяч чалавек, якім Бог мог бы даверыць беларускую зямлю. Бо я перакананы: Гасподзь даўно хоча змяніць гэтае беззаконне, калі знікаюць людзі, калі фізічна знішчаюцца палітычныя апаненты, калі паўсюль прапагандуецца культ Сталіна-Леніна.

Але хто возьме на сябе гэту місію? На жаль, няма такой сілы. Я рады, што гэтыя людзі не ўзялі ўладу ні ў 2001, ні ў 2006, ні ў 2010 годзе. Калі яны сікаюцца ў аўтазаку, то што б яны рабілі ў супрацьстаянні паміж Бруселем, Масквой і Вашынгтонам? Яны разадралі б і прадалі Беларусь гэтую няшчасную направа і налева. Патрэбны лідэр, не менш моцны па характары за Лукашэнку, а то і мацнейшы. Гэта зараз “нафта ў абмен на пацалункі”, а пасля Лукашэнкі гэтага не будзе.

І дзе тая сіла, здольная процістаяць усім? Ніхто з тых лідэраў, якія балатаваліся, не здолелі б супрацьстаяць знешнім выклікам Беларусі.

— Ці ўяўляеш тысабе сцэнар прэзідэнцкай кампаніі 2015 года?

— Цяжка цяпер нешта гаварыць. Па-чалавечы – сітуацыя бесперспектыўная. Але калі разваліўся Савецкі Саюз, ніхто і падумаць пра тое не смеў. Нават на Захадзе. Прыязджалі прэзідэнты Францыі, Штатаў – баяліся, што ядзерная зброя распаўзецца па 10 рэспубліках. Але Саюз разваліўся, нішто яго не выратавала. Саюз разваліўся насуперак усім палітычным раскладам і супраць логікі чалавечай.

Гэтаксама разваліцца і беларускі рэжым. Таму што гэта Божая задача, Божы план – змяніць любую краіну. Прыйдзе дзень, бо прысуд Богам ужо вынесены. Калі наступіць гэты дзень – ніхто не ведае: можа заўтра прыйсці, можа ў 2015 годзе, можа – у 2025 годзе. Асабіста для мяне гэта нічога не мяняе: я буду працаваць аднолькава на гэта і сёння, і ў 2015 годзе, і ў 2025-ым.

“Чакаем дзіця”

— Годзе пра змрочнае, давай пагаворым пра прыемнае. Як складваецца вашае з Настай сямейнае жыццё? Яшчэ не чакаеце прыбаўлення ў сяместве?

— Складваецца класна! Адкрыю прыемную навіну “Беларускаму партызану”: чакаем дзіця. Духоўны падмурак: Бог, сям’я, Бацькаўшчына. Не можа быць незалежнай Беларусі без Бога. Беларусь пад бел-чырвона-белым сцягам можна зрабіць за адзін дзень, беларускамоўнай краіну можна зрабіць за пару дзясяткаў гадоў. Ну не будзе Беларусі фізічна праз 100 год без Бога! Бог – гэта перадусім.

Не будзе Беларусі без цвёрдай сям’і. З боку я назіраю: у многіх патрыётаў беларушчыны вырастаюць деці, якія не толькі мовы не ведаюць, а насміхаюцца з яе.

Мы з Насцяй у адпаведнасці з гэтай іерархіяй і будзем жыць.

— Невядома, каго чакаеце – хлопчыка, дзяўчынку?

— Гэта будзе другая сенсацыя (смяецца).

— А імя ўжо выбралі?

— Для дзяўчынкі – ёсць. Але – давайце пачакаем.

— Якія адносіны з цесцем склаліся?

— У нас сяброўскія адносіны і з татам Насці, з братам. Гэта людзі дэмакратычных поглядаў, спрабуюць часам па-беларуску размаўляць.

— А бацька як?

— Трымаецца.

— Адведваеце адзін аднаго?

— Мне нельга выязджаць за межы Мінска бліжэйшыя паўгода, бацьку таксама цяжкавата выцягнуць. Можа, на святы Калядныя выцягнем. Ён чалавек кансерватыўны, 38-га года нараджэння, яго ў маршрутку не ўсадзіш.

— За тры гады твайго зняволення сяброўскія шэрагі парадзелі?

— Павел Севярынец як быў маім сябрам, так і застаўся. Паплечнікі з “Маладога фронта” як былі, так і засталіся.

— Я пра сяброў – сапраўдных сяброў і тых, хто сябе такімі лічыў.

— Мае сябры – мае браты ў царкве Ян Прадвеснік, у якую хаджу, заўсёды за мяне моляцца, падтрымліваюць, чым могуць. І Насценьку падтрымліваюць. Нашае вяселле цалкам арганізавалі браты і сёстры царквы Ян Прадвеснік. Чуў пра сябе: нейкі зэк выйшаў з турмы, ні кала ні двара, набраў грошай і сабраў панскае вяселле на 200 чалавек. Людзі не разумеюць – так жыве пратэстанцкая суполка. Я ніякіх высілкаў не прыклаў і ніколі б не здолеў не толькі ў фінансавым плане, але і ў арганізацыйным – за тры дні арганізаваць такое вяселле.

Сярод людзей, якіх я лічыў сябрамі, здраднікаў няма. А каго не лічыў, дык мне іх здрады – фіялетавы.