Пачалася кампанія па выбарах у мясцовыя Саветы. Пераканаўчая большасць партыяў і грамадскіх аб’яднанняў прымае ў ёй самый актыўны ўдзел, але існуе думка, што ня трэба супрацоўнічаць з цяперашнімі уладамі, адмовіцца ад удзелу ў палітычным жыцці і байкатаваць выбары.

Гэткай думкі прытрымліваецца і наш субяседнік – віцебскі правазнаўца, былы рэдатар газеты “Выбар” Барыс Хамайда.

– Барыс Ханонавіч, у палітыцы вы ўжо не меньш за чвэрць стагоддзя. Не паспела існуючая ўлада паведаміць пра мясцовыя выбары, як апазіцыя пачала шыхтавацца ў калоны, каб цвёрдым крокам накіравацца да выбарчых участкаў. У першых шэрагах — вядомыя асобы, нават тыя, якія да гэтага нешта казалі пра байкот. На ваш погляд , чаму так?

– Для мяне няма нічога дзіўнага, таму што амаль усе актыўныя праціўнікі байкоту запляміліся ва ўдзеле ў незаконных так званых выбарах.

Нехта з іх ламіўся атрымаць мясцовы дэпутацкі значак, іншыя пішчом лезлі у “палатку”.

Асобныя, больш цынічныя і нахабныя, спрабавалі ускараскацца ў прэзідэнцкае крэсла, якое, дарэчы, даўно юрыдычна не існуе.

– Яны, напэўна, меркавалі па-біблейску: “Грукайце – і адчыняць вам”?

– Не. Ніколі не адчыняць. Не для таго ў лістападзе 1996 года быў здзейснены антыканстытуцыйны пераварот. Так што лёс гэтых “змагароў” – быць вечнымі халуямі ў кіруючай улады. Тым больш, ніхто не паважае здраднікаў.

Вось і зараз, калі агалошана мясцовая палітычная кампанія, яны хорам крычаць: “Поўны байкот немагчымы”. Логіка тут простая. Калі сам залез у бруд, то трэба, каб і твой сусед апынуўся побач. Бо мыліць уласнае вока-яго прынцыповая і маральная пазіцыя. Калі больш забруджанных, тады самому камфортней пачувацца.

І вось ужо чуецца танная дэмагогія: маўляў, калі па-сапраўднаму байкатаваць, то ня трэба пускаць дзяцей у дзяржаўныя школы і сады, купляць у дзяржаўных крамах хлеб, малако, карыстацца грамадскім транспартам…

Сумленным грамадзянам як бы падказваюць, што сапраўдны байкот магчымы толькі за мяжой. За “бугром” байкатуй, калі ласка.

Тады наступіць поўная ідылія кіруючай улады і так званай апазіцыі. Першыя будуць і далей беспакарана абкрадаць беларускі народ, а другія сваімі дзеяннямі будуць фактычна дапамагаць першым у гэтай справе.

Але ж і тыя, і другія сядзяць на парахавой “бочцы.”

– Адзіны лідэр неяк паўплывае на сітуацыю?

– Калі я чую, як пачынаюць “ляпіць” адзінага, мне становіцца смешна. Я нідзе ў Старым Запавеце не знайшоў, каб Майсея прызначалі лідэрам на нейкіх кангрэсах, альбо з дапамогай “праймериз” (тады і слова такога не ведалі). Калі пытанне аб адзіным ставіцца “рубам”, то гэтая публіка на сто адсоткаў упэўнена, што такі знойдзіцца менавіта ў іх асяроддзі.

Але на хлусні нічога станоўчага не з’явіцца. Я так разумею: адзіны ім спатрэбіўся, каб “касу“ трымаць. Вось тут яны і “пагараць”. Зайздрасць і прагнасць зробяць сваю разбуральную справу.

Патрэбен доказ? Калі ласка! У Евангеллі, паводле Мацвея, сказана: “Сцеражыцеся фальшывых прарокаў, што прыходзяць да вас у авечым адзенні, а ў сярэдзіне яны ваўкі драпежныя”… І далей: “Па пладах іх пазнаеце іх”.

Безумоўна, беларускі Майсей з’явіцца, калі для гэтага саспее час. Попыт народзіць прапанову. Будзе шырокае грамадскае жаданне мець агульнанацыянальнага лідэра, здольнага аб’яднаць абсалютную большасць беларускага народа, такі чалавек з’явіцца!

Але ў чым я упэўнены: ён ніколі не выйдзе з асяроддзя прыстасаванцаў. Не тая глеба для росту яркай асобы. Потым гэтая так званая апазіцыя хуценька далучыцца да выбару большасці народа і будзе крычаць на кожным перакрыжыванні, што менавіта гэтую постаць яны заўседы мелі на ўвазе.

– Атрымліваецца, калі гэтыя апазіцыянеры удзельнічаюць у неправеднай справе, тады і адказнасць у адносінах да іх павінна узнікаць у будучым?

– Лічу, так. Яны любяць паразважаць аб люстрацыях у адносінах да ўладных чыноўнікаў. Але, калі уводзіць люстрацыю, то, у першаю чаргу, да так званых апазіцыянераў, якія сваімі дзеяннямі цалкам дыскрыдытуюць змаганне з кіруючай уладай. Нельга па-сапраўднаму змагацца з бандай па яе правілах. Таму што ўсе запісанае у гэтых правілах дазваляе толькі імітаваць змаганне. І тыя, хто складаў гэтыя правілы, і тыя, хто старанна выконвае іх, гэта добра ведаюць. Вось чаму і першыя, і другія сінхронна паліваюць брудам тых, хто спрабуе нарэшце вырвацца за забарончыя чырвоныя сцяжкі гэтай абмежаванай зоны. Бо там, за чырвонымі сцяжкамі, выратавальная свабода і перамога, дзе паляўнічыя са сваімі стрэльбамі цалкам бездапаможныя.

Таму для усей гэтай хэўры трэба будзе на заканадаўчым узроўні забараніць займаць дзяржаўныя і выбарчыя пасады.

Каб зарабіць на хлеб, дастаткова іншай працы. І ня трэба марнавць час на складаннне спісаў такіх апазіцыянераў. Сёняшнія дзяржаўныя чыноўнікі з вялікім задавальненнем дапамогуць будучай дэмакратычнай уладзе. Яны добра працуюць з архівамі. А гэтыя “змагары” ўжо ўсіх дасталі.