Накірунак беларусаў — Еўропа, але нам трэба падумаць, хто мы, што мы і дзе мы, каб рухацца наперад.

Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) Жана Літвіна расказала “Новай Еўропе”, што такое Еўропа і што трэба зрабіць Беларусі для набліжэння да Еўразвязу.

— Чаму Вы лічыце сябе еўрапейцам і калі Вы гэта ўсвядомілі?

— Гэта прышло разам з тымі гістарычнымі падзеямі, якія адбываліся ў краіне, я гэта ў першую чаргу звязваю з развалам Савецкага Саюза, з атрыманнем Беларуссю суверынітэта і незалежнасці, ну і наогул, відаць, самыя першыя крокі гэтага ўсведамлення пачыналіся з перабудовы.

Ужо даўно жыву і таму памятаю вось тую цікавасць, абсалютна натуральную, да ўсяго, што адбываецца за межамі той здаровай імперыі СССР. Відаць, як бы з таго часу.

— Што такое для Вас Еўропа?

— У першую чаргу, гэта людзі абсалютна іншай культурнай цывілізацыі, відаць, чым мы, якія выйшлі з былога Савецкага Саюза. Гэта людзі, у грамадстве якіх успрымаецца як каштоўнасць павага да ўласнасці. Гэта людзі, які ведаюць, што такое свет, што такое свет і рай спажыўца, але гэта зусім не азначае как бы спажывецкія…

Гэта тэрыторыя на нашай зямлі, дзе ў першую чаргу прытрымліваюцца прынцыпаў міжнароднага права, фундаментальных нейкіх нормаў, звязаных з правамі чалавека, свабодамі, дэмакратыяй, і, відаць, у адрозенні ад нашай краіны, гэта тэрыторыя, дзе шмат магчымасцяў, і дзе ёсць і паважаецца права выбара.

Я не адкрыю Амерыку, але гэта ўжо ўстойлівы выраз такі, што дэмакратыя гэта, ў першую чаргу, выбары, гэта магчымасць выбара і гэта інфармацыя, якая стварае ўмовы для асэнсаванага выбару, да свядомага выбару. Вось пакуль у нас не будзе гэтай магчымасці, не будзе права выбіраць, Еўропа для нас будзе заставацца нейкай тэрыторыяй, якая побач з намі, але як бы далекая, відаць, крышачку нашай ментальнасці.

— Што гаворыць у бок таго, што Беларусь – гэта частка Еўропы?

— Ведаеце, варта пачынаць усё ж такі з банальных нейкіх рэчаў, я маю на ўвазе ў першую чаргу тэрытарыяльную прыналежнасць да еўрапейскага кантынента. Нас ніяк не назавеш Лацінскай Амерыкай, я зусім адмаўляюся проста разумець, што такое вось гэтыя апошнія нашы ініцыятывы еўразійскай інтэграцыі? Як можна інтэгравацца з Сярэдняй Азіяй, з якой у нас элементарна няма умовы для гэтай інтэграцыі? Я маю на ўвазе агульную мяжу, гэта ў першую чаргу.

— Ці павінна Беларусь стаць членам Еўразвязу і што для гэтага трэба зрабіць?

— Гэта абсалютна непазбежныя працэсы. І яны ўсё роўна адбудуцца, як бы не хісталіся нашыя сёняшнія ўлады на працягу апошніх дваццаці гадоў. Гэта абсалютна непазбежны працэс набліжэння да еўрапейскіх працэсаў, да еўрапейскага ладу жыцця. Гэта непазбежныя гістарычныя рэаліі і нам нікуды не дзецца.

А што трэба зрабіць? Трэба пачынаць, відаць, усё ж такі з дыялогу ўнутры самой краіны. Вось беларусы — яны абсалютна такая дзіўная нацыя, якія б хацелі перамен і хочуць перамен, але каб гэта хто-небудзь за іх зрабіў і каб засталося па-старому, пры ўмовах гэтых пераменаў.

А нам сапраўды вельмі сур’ёзна трэба думаць, хто мы, што мы, дзе мы, і спрабаваць усё ж такі адгукацца на тыя прапановы, якія мы ўвесь час атрымліваем ад краінаў Еўразвязу.

Канешне, гаворачы на гэту тэму, зусім нельга не ўзгадаць, што роўна пяць гадоў таму, у лістападзе 2006 года, Еўракамісія прапанавала Беларусі дванаццаць рэкамендацыяў, якія прагучалі пад назовам, што можа Еўразвяз зрабіць для Беларусі і што можа Беларусь зрабіць для таго, каб наблізіцца да Еўразвязу. Там абсалютна канкрэтныя прапісаныя крокі і, на жаль, прайшло пяць гадоў і нашая знешняя палітыка ў першую чаргу вызначаецца нейкай мітуслівасцю, несфармуляванасцю, невызначанасцю.

Адсюль, відаць, у нас ў прыарытэтах то ўсходні вектар, то мы ў чарговы раз пачынаем спрабаваць наладжваць дыялог з Еўропай, а па вялікім рахунку так нічога і не атрымліваецца. Таму, відаць, унутраныя працэсы, звязаныя з дэмакратызацыяй, з рэфармаваннем эканомікі, з набліжэннем нашага заканадаўства да міжнародных нормаў і стандартаў – вось той крок, складаны крок, балючы вельмі крок, але мы проста абавязаны гэтыя крокі рабіць і рухацца ў бок Еўропы.

— Што ў Вашай дзейнасці спрыяе таму, каб Беларусь еўрапеізіравалася?

— Супрацоўніцтва проста абавязана абапірацца на сістэму еўрапейскіх каштоўнасцяў і вот у гэтай сістэме адна з найважнейшых каштоўнасцяў — гэта свабода выказвання і свабода слова. Без магчымасці абмяркоўваць усё, што нас трывожыць, усё, чым мы жывем, у нас таксама няма заўтрашняга дня, таму павінна быць рэфармаванне медыясферы, вызначэнне, ролі, месца сродкаў массавай інфармацыі ў нашым грамадстве. Каб гэта адбылося, мы сёння павінны вельмі-вельмі сур’езна займацца і такой дзейнасцю, як медыяадукацыя. Каб людзі разумелі, каб людзі маглі адрозніць, дзе ідзе чарговы ідэалагічны стэрэатып, які закладваецца ў падсвядомасць, а дзе інфармацыя вартасная аналізу нейкага, вартасная ўвагі.

Мяне вельмі кранае, для мяне гэта вельмі балючая тэма — нашая сёняшняя інфармацыйная прастора. Я абураюся, я злуюся пасля некаторых праяваў прапагандысцкіх падыходаў нашых дзяржаўных СМІ. Адзін з нядаўніх прыкладаў: некалькі тыдняў галоўная газета краіны, прэзідэнцкая, выходзіць на першай старонцы з загалоўкам “Мир охватило безумие. От Рима до Нью-Йорка полиция бъет разъяренную молодежь”. Фарміруецца такі вобраз Еўропы, еўрапейскай цывілізацыі як штосьці вельмі агрэсіўнае, штосьці звязанае з выбухамі, агнём, бойкамі, паліцыяй… Мне ад гэтага вельмі-вельмі сумна.

Вот гэтыя ідэалагічныя падыходы закрылі сабой сутнасць еўрапейскіх краінаў, сутнасць тых законаў, па якіх жывуць сёння еўрапейскія краіны. І вось ад гэтых ідэалагічных шораў, ад гэтых ідэалагічных стэрэатыпаў нам таксама трэба пазбаўляцца.

Мы стараемся ўвесь час умацоўваць сваю прысутнасць у еўрапейскай журналісцкай супольнасці. Для нас самае галоўнае, услед за афіцыйным Мінскам не ісці шляхам самаізаляцыі, а быць часткай еўрапейскай супольнасці. Мы сёння ведаем, што такое стандарты журналісцкай дзейнасці, але мы павінны зрабіць гэтыя стандарты нормай для маіх калегаў, зрабіць іх зразумелымі, неад’емнымі, абавязковымі ў нашай прафесіі. Гэта самае галоўнае, і на выхадзе ў нас будзе сапраўдная інфармацыя, якая дапаможа людзям рабіць выбар, якая дапаможа людзям разважаць і рабіць высновы, прымаць рашэнні.

— Што б Вы адказалі тым, хто гаворыць, што ў Беларусі свой уласны “трэці” шлях?

— Ведаеце, асаблівасць гэтага трэцяга шляху пралягае ў гэтай нявызначанасці шляху, куды ісці. На першым месцы ў нас у першую чаргу да ўсіх краінаў, з якімі мы супрацоўнічаем, нейкія спажывецкія падыходы. Мы шукаем выгады, крэдыты, інвестыцыі. Гэта самае галоўнае і яно абсалютна не працуе на перспектыву. Іншага шляху, чым уваходжанне ў Еўропу, чым набліжэнне да Еўропы ў нас проста няма.

— Што павінна зрабіць Еўропа, каб дапамагчы Беларусі на шляху да еўрапеізацыі?

— Вот Еўропа на сёняшні дзень, прапанаваўшы дванаццаць рэкамендацыяў, зрабіла ўжо першы крок. Еўропа, набыўшы такі агромністы і адмоўны досвід супрацы з Беларуссю, таксама спрабуе выпрацаваць нейкую новую стратэгію ў дачыненні да Беларусі. Можна было б разглядаць саму праграму Ўсходняга Партнёрства таксама як шанец.

У сёняшняй, зусім канкрэтнай сітуацыі, адзінае што таксама Еўропа абавязана проста рабіць — гэта дэманстраваць сваю вельмі жорсткую і прынцыповую пазіцыю ў дачыненні да праблемы палітзняволеных на Беларусі, пытанняў, звязаных з невызначаным лёсам зніклых палітыкаў у Беларусі.

Я думаю, што такі паўнавартасны дыялог, як бы гэта не хацелася афіцыйнаму Мінску, ён проста немагчымы на сёняшні дзень вось пры гэтых як бы ўмовах. Павага да людзей, палітычныя свабоды, павага да свабоды слова, да свабоды выказвання – вось той шлях і тая трансфармацыя, якая ў нас павінна адбыцца для таго, каб мы сталі блізкімі і зразумелымі Еўропе.