Чаму беларусы едуць на Майдан у Кiеў, i ў чым адрозненнi памiж ciтуацыяй у Беларусi ды Украiне?

Загнаныя ва ўласныя норы

Пра ўкраінскі і беларускі досведы пратэстаў карэспандэнт Службы iнфармацыi «ЕўраБеларусі» пагутарыла з філосафам, пісьменнікам і культуролагам Валянцінам Акудовічам.

— Чаму беларусы едуць на Майдан? Чаго ім не хапае?

— Туды едуць тыя, каму не хапае Майдана ў Беларусі.

— Што перашкаджае беларусу такі ж самы Майдан ладзіць у сябе «у хаце»? Ці ён не хоча ў Еўрасаюз?

— Ва ўласнай кватэры — нічога не перашкаджае, напрыклад, забарыкадавацца ад жонкі і дзяцей (смяецца). А калі сур’ёзна, то, паспрабуйце, выйдзеце! Праз 15 хвілін вы будзеце сядзець у пастарунку. У краіне створана сітуацыя, у якой кожны паасобку ведае, што свайго Майдана не атрымаецца. А тыя, хто выйдуць, атрымаюць Плошчу-2006 ці Плошчу-2010, павальныя арышты і розныя іншыя метады запалохвання грамадзян, рэпрэсіі нават праз праверку мабільных телефонаў.

Паслядоўным, упартым, сістэмным тэрорам можна каго заўгодна прыдушыць і загнаць ва ўласныя норы. Калі б герой кшталту кіраўніка нашай дзяржавы прыйшоў ва Украіну адразу замест Краўчука і паслядоўна пачаў тую ж стратэгію, што і на Беларусі, не мелі б украінцы таго Майдану, негледзячы на іх свабодалюбнае казацкае мінулае і заходнюю Украіну. Дарэчы, пры Сталіне заходняя Украіна маўчала гэтак сама, як і ўсходняя. А частка, якая не маўчала, апынулася ў Сібіры. Нічога хітрага ва ўсім гэтым няма.

Неразгаданая таямніца сціпласці АМАПу

— Не ўзнікала жадання зірнуць хаця б адным вокам на Майдан ці апынуцца ў самым гушчары падзей?

— Было парыванне паехаць на першы Майдан, зараз нават цяжка ўзгадаць дакладна, чаму. Але не паехаў. А на гэты Майдан не было ніякага жадання патрапіць, таксама складана патлумачыць прычыны. У сваёй сучаснай гісторыі супраціву мы маем Захаранку ды іншых, маем тысячы арыштаваных падчас і пасля падзей 2006 і 2010 гадоў. Майдана ў нас не было толькі таму, што ўлада мела больш магчымасцяў для любых рэпрэсій. І любая спроба зрабіць падобны масавы пратэст жорстка душылася.

Быў толькі адзін цікавы эпізод падчас Плошчы-2006, таямніца, якую ніхто і па сёння не разгадаў: чаму ўлада дазволіла прастаяць намётам на Кастрычніцкай плошчы аж тры ночы? Абсалютна незразумела. Чаму пастаўленыя намёты АМАПаўцы не парвалі на шматкі праз 15 хвілінаў? Мужнасць тых, хто там стаяў, не мае да гэтага аніякага дачынення.

— Прысутнасць еўрапейскіх назіральнікаў не магла на тое паспрыяць?

— Пабойцеся Бога! Яны таксама парушалі нашыя законы. Трэба падзяляць Плошчу-2006 на фантастычную ноч пасля выбараў, калі людзей было шмат, і тыя ночы, калі засталіся толькі адзінкі людзей з намётамі. Вось на гэтым нашым «Майдане» я быў, патрапіў нейкім чынам.

На тры галавы вышэй за Расію

— Які лёс, на вашае гледзішча, чакае Украіну?

— Ну, я ж — не Піфія (у Старажытнай Грэцыі жрыца-прадракальніца ў храме Апалона ў Дэльфах ды выдуманы персанаж галівудскай кінатрылогіі «Матрыца». — «ЕўраБеларусь»). Наперадзе ўкраінцаў чакае складаны і цяжкі шлях па самых розных прычынах. Украіна значна менш цэласная, чым Беларусь. Ёй яшчэ трэба сабрацца ў адно, каб стаць адзінай нацыяй, зрабіць яшчэ шмат чаго. І ў гэтым плане Майдан грае вельмі значную ролю.

З другога боку, ва Украіне ёсць то, чаго няма ў нас: палітычная культура як складнік дэмакратыі. Ёсць алігархічная, але дэмакратыя. Партыі — рэальныя, жывыя. Ідзе праца ў жывым, рэальным парламенце і гэтак далей. Існуе безліч незалежных сродкаў масавай інфармацыі, украінцы маюць свабоду пратэстаў і супраціву ў самых розных формах. Гэта ўсё — неверагодная адлегласць паміж намі і ўкраінцамі. Вось гэты шлях Беларусі яшчэ трэба будзе прайсці.

Адзначу, што датычна палітычнай культуры Расія яшчэ больш адстае ад Украіны, чым мы. Як бы Расія не цягнула Украіну да сябе, але яны стаяць на розных узроўнях сусветнай палітычнай культуры. Эканамічна Украіна, канешне, адстае, але палітычна — на дзве-тры галавы вышэй за Расію, ну і за Беларусь таксама.

«Хай не засціць нам вочы Майдан!»

— Хто з украінскіх апазіцыйных палітыкаў выклікае ў вас сімпатыю?

— Нейкі час я трохі больш аддаваў перавагу Клічко. Магчыма, таму, што ён — баксёр. Але каб ён быў вялікім палітыкам, пра тое ніхто не кажа. Я сачу больш за падзеямі, а не за апазіцыйнымі лідарамі Украіны. Таму не магу сказаць, хто з іх мне б падаваўся найбольш вартасным.

Буду шчырым: мой ранак пачынаецца з інфармацыі з Украіны, і калі кладуся спаць, таксама цікаўлюся тым, што адбылося там за дзень. Але я востра адчуваю, што нічога не разумею — нейкіх нерваў, сутнасцяў, якія рухаюць усім гэтым. Інфармацыя ёсць, а вось глыбіннае штосьці мне незразумела.

Я спрабую глядзець на ўсё вачыма ўкраінцаў, дык вось скажу: калі б зараз Януковіч абвесціў датэрміновыя выбары, то я зусім не выключаю, што нават на дэмакратычных выбарах ён бы зноў перамог. Менавіта Януковіч, а не героі Майдана, Клічко і лідары апазіцыі. Калі мы даем адзнаку сітуацыі ва Украіне, то хай не засціць нам вочы Майдан! Як і не засціць палітычную сітуацыю ва ўсёй Украіне, негледзячы на масавыя захопы адміністрацыйных будынкаў у правінцыі.