Пакуль нічога ня сьведчыць пра тое, што расейскае кіраўніцтва нават па завяршэньні прэзыдэнцкіх выбараў зьбіраецца перагледзець палітыку эканамічнай і палітычнай падтрымкі сваёй заходняй суседкі. Але наколькі хопіць Расеі ў якасьці спонсара афіцыйнага Менску? На пытаньні адказвае былы прадстаўнік Беларусі ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў паэт Генадзь Бураўкін.

— Генадзь Мікалаевіч, як доўга Масква будзе спонсарам цяперашняга беларускага кіраўніцтва?

— Нажаль, мне здаецца, што гэта будзе доўга. У мяне такое адчуваньне, што ў Расеі не слабеюць, а наадварот набіраюць моцы імпэрскія настроі і памкненьні. І таму, каб атрымаць на гэтым шляху нейкія перамогі ці нейкія дасягненьні, якімі можна было б пацьвердзіць гэтую лінію, расейскія імпэрцы будуць старацца трымаць Беларусь да таго часу, пакуль яна не папросіцца і не аформіць юрыдычна і афіцыйна свой уваход у Расейскую Фэдэрацыю. Таму, паколькі мне здаецца, што менавіта такая сёньняшняя рэальнасьць, я думаю, што Крэмль доўга будзе падтрымліваць беларускія ўлады.

— Якія прычыны прывялі за таго, што Беларусь стала настолькі залежнай ад усходняй суседкі?

— Мы ў свой час не пайшлі на тыя цяжкасьці, на тыя відавочныя страты, якія трэба было перажыць дзеля таго, каб сьцьвердзіць сваю самастойнасьць і незалежнасьць, як гэта зрабілі некаторыя нашы суседзі. Мы не хацелі і баяліся пайсьці на цяжкое жыцьцё і рашылі, што калі ў нас будзе чарка й шкварка, то гэта нашмат важней, чым наша самастойнасьць і наша воля.

— Што сёньня перашкаджае зьмяніць сытуацыю ў іншы бок?

— Каму?

— Грамадзтву. Няўжо ў нас сёньня мёртвае грамадзтва?

— Ну, я ня думаю, што грамадзтва ў нас мёртвае. Але грамадзтва ў нас вякамі прывучана да паслухмянасьці, да абачлівасьці, да такой ціхамірнасьці. Можа, яно яшчэ, як кажуць, ёсьць, але тое, што яно сьпіць альбо робіць выгляд, што сьпіць, нажаль, у мяне такое адчуваньне ёсьць.

— Ці варта казаць, што ўвесь беларускі народ – памяркоўны? Ці варта прытрымлівацца таго ж прынцыпу памяркоўнасьці?

— Гісторыя паказвае, што ня ўсе беларусы памяркоўныя. Іначай у нас не было б Кастуся Каліноўскага, слуцкіх ваяроў, а калі глядзець далей, то не было б у нас і Давіда Гарадзенскага. Ня ўсе беларусы памяркоўныя, але так, характар у нас залішне памяркоўны. Не ва ўсіх, але, нажаль, у большасьці.

— А наколькі характэрны для беларуса прынцып “а мо так і трэба”?

— Я такога не прызнаю, я не хачу з такім мірыцца. Але, як кажуць у народзе, “што ёсьць – тое ёсьць”. Ці доўга гэта будзе? Хацеў бы, каб нядоўга. Як паказвае гісторыя, заўсёды ёсьць падставы для таго, каб пры жаданьні, пры гатоўнасьці можна было б сытуацыю зьмяніць. Нават тады, калі яна вельмі цяжкая. Але дзеля гэтага, нахай гэта і вельмі гучна сказана, трэба ўсенароднае жаданьне. Альбо, ва ўсякім разе, жаданьне большасьці людзей. Калі гэта будзе – ня ведаю. Для зьменаў трэба, каб беларусы ўсьвядомелі сябе беларусамі, зразумелі, што за іх ніхто ім ня дасьць, не падорыць ні свабоды, ні шчасьця, ні дабрабыту, ні дзяржаўнае самастойнасьці нацыянальнае дзяржавы.