Нрэдадні Хэлоўіна — неафіцыйнага «свята» нячысцікаў — кавярні, бары і начныя клубы навыперадкі заманьваюць наведвальнікаў цікавымі забаўляльнымі праграмамі, моднымі спевакамі і гуртамі, вясёлымі гульнямі і абяцанкамі «бязмежнай весялосці». Каталіцкі ж касцёл папярэджвае вернікаў пра небяспечнасць такіх забаў.

Так, 30 кастрычніка мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч звярнуўся да вернікаў і не толькі са зваротам. «Практыка Хэлоўіну захоплівае ўсё больш і больш моладзі. Некаторыя думаюць, што гэта проста нейкая забава. Аднак гэтая «забава», у двукоссі, можа прывесці да цяжкіх наступстваў, — заўважае арцыпастыр. — Тут мы ўваходзім у сферу дзеяння духаў, а там злы дух, д’ябал, не спіць. І калі мы не молімся да Бога, мы молімся да д’ябла».

Пра цяжкія наступствы «вясёлага свята» нячысцікаў і злых духаў карэспандэнту Naviny.by разпавёў ксёндз-экзарцыст Андрэй Шут.

«Хэлоўін — гэта ніякая не забава, і нічога агульнага з хрысціянствам не можа мець. Гэтую маніфестацыю кшталту «я ў гэта веру, гэта мае моц» чалавек прымае як норму жыцця. Хрысціянін не можа быць і там, і там: лічыць сябе вучнем Хрыста, а практыку мець бязбожную. Некаторыя экзарцысты маюць прыватнае меркаванне, што нават пераапранацца ў касцюм шатана ці чорта можа быць небяспечным. Самае галоўнае — гэта ідэя, з якой мэтай ты гэта робіш, што табе гэта дае, чаму ты ў гэтым удзельнічаеш. Дэманы — ворагі жыцця, ворагі збаўлення, і таму сама ідэя Хэлоўіна не прымальная для хрысціяніна», — тлумачыць святар.

Па яго словах, цяжкія наступствы такіх «забаў» — адкрыццё свайго жыцця для дэманаў. Нават калі ты атэіст — гэта не значыць, што гульні з нячысцікамі пройдуць для цябе бясследна. У першую чаргу ад такіх забаў шкоду атрымлівае душа. Чалавек, які не прызнае Бога — добрая прынада для шатана. Хэлоўін — свята нячыстай сілы, створанае насуперак веры ў Бога, праз яго дэманы паказваюць сваё валадарства, і хрысціянін не можа ў ім удзельнічаць.

«Гэта важныя рэчы, якія вымагаюць адназначнасці. Напрыклад, у кнізе Маккавейскай ёсць такі прыклад, калі 90-гадовы Елеазар адмовіўся есці свіное мяса — каб, як ён сам патлумачыў, не стаць кепскім прыкладам для моладзі. Яму нават прапаноўвалі схітрыць, зрабіць выгляд, што ён еў — і такім чынам выратаваць жыццё. Елеазар жа сказаў, што не варта нашага ўзросту крывадушнічаць, каб многія з маладых, даведаліся, што 90-гадовы Елеазар перайшоў у паганства, і каб іншыя не трапілі праз мяне ў зман. Гэта значыць — не даваць іншым кепскага прыкладу, каб не пагоршыць іх», — падкрэсліў ксёндз Андрэй.

Ён звярнуў увагу, што шатан не пытаецца, яму не цікава — свядома ці несвядома ты ўдзельнічаеш у такіх «святах». «Ты зайшоў на яго тэрыторыю — ён задаволены будзе. Бог жа ствараў чалавека свабодным, і таму Бог лічыцца з выбарам чалавека, шатан — не. Ён мае моц, некаторую, каб часова дапамагчы чалавеку, але потым абавязкова забярэ тое, што даў — кар’еру, грошы, іншыя паслугі назад, верне сабе, і плюс давядзе таго няшчаснага чалавека да трагічнай смерці, да самазабойства, іншага сумнага фіналу. Яго «паслугі» каштуюць вельмі дорага», — адзначае суразмоўца.

У сваім служэнні святар неаднаразова сутыкаўся з апантанымі, якія і пацярпелі якраз ад уздзеяння злых духаў, прычым як прамога дзеяння іх, так і ўскоснага. Напрыклад, калі раней нехта ў сям’і займаўся магіяй, варажыў, «аздараўляў» іншых людзей.

«99% тых людзей, якія да мяне звяртаюцца, патрабуюць малітвы вызвалення. Гэта людзі, якія непасрэдна мелі кантакт з рознымі варажбіткамі, шаптухамі, ці нехта з іх сям’і займаўся такімі рэчамі, ці чалавек меў няшчырую споведзь, ці адышоў ад Бога, ці заключаў пакт з шатанам, каб атрымаць нейкія часовыя выгоды. Сярод гэтых людзей былі і тыя, якія цярпелі вялікі фізічны боль, іх нешта круціла, душыла, яны моцна крычалі», — успамінае святар.

На яго думку, людзям не варта падманваць саміх сябе, што бабкі-варажбіткі «лечаць» малітвамі.

«Гэта воўкі ў шкуры авечак. Шатан маскіруецца пад Бога. Тое, што называецца ў бабак малітвай — на самой справе заклінанне, якое мае абавязковы дадатак — абрад, звязаны з ужываннем свечак, вады, яечак, яшчэ невядома якіх магічных рэчаў. У тых атрыманых ад бабак «аздараўленнях» ёсць, як правіла, пабочныя эфекты. Чалавек атрымлівае фізічнае аздараўленне, а потым у яго разбураецца сям’я, пачынаюцца скандалы, п’янкі, іншыя праблемы, часта — духоўныя і псіхалагічныя. Людзі часам не разумеюць, што ён атрымлівае спецэфекты, якія здзяйсняе шатан, і які абавязкова за гэта потым возьме дарагі кошт, і хтосьці абавязкова пацерпіць — калі не «вылечаны», дык той, хто гэта робіць, ці члены яго сям’і, нават дзеці і ўнукі», — распавядае ксёндз Андрэй.

Ён нагадвае словы Езуса, што зброя хрысціяніна — пост і малітва.

1 лістапада Каталіцкі касцёл адзначае Дзень усіх святых.

«Касцёл — містычнае цела Хрыста. Касцёл складаецца з трох частак: пілігрымуючы на Зямлі, збаўлены — душы, каторыя знаходзяцца ўжо ў Божым Валадарстве, і тыя, каторыя яшчэ пакуль пакутуюць у чыстцы. Паміж гэтымі часткамі ёсць лучнасць, таму 1 лістапада мы просім заступніцтва ў святых, а таксама молімся за душы, якія пакутуюць пакуль у чыстцы», — нагадаў святар.

2 лістапада — дзень успаміну ўсіх памерлых. Таму хрысціянскія канфесіі нагадваюць вернікам, што варта было б замест таго, каб шалець з нячысцікамі, годна падрыхтавацца да важных дат.