Беларусы маюць патрэбу ў адзінай, “нацыянальнай” Бібліі на роднай мове, – упэўнена вядомая навукоўца і бібліст Ірына Дубянецкая. У кастрычніку яна прымала ўдзел у III Міжнародным кангрэсе даследчыкаў Беларусі, на якім упершыню была створана секцыя па перакладзе біблійных і літургічных тэкстаў.

Навукоўцы з Нью-Йорка, Прагі, Лондана і Мінска абмяркоўвалі праблемы і перспектывы беларускай Бібліі. Яшчэ ў 2010 г. Ірына Дубянецкая спрабавала сабраць разам усіх, хто зацікаўлены ў беларускім перакладзе Святога Пісання. Зацікаўленасць гэта ўзнікла не тры гады таму – існуе яна не адно стагоддзе, але да гэтага часу Беларусь не мае перакладу Бібліі. Атрымалася, што беларуская – амаль адзіная ў свеце мова, якая носіць статус дзяржаўнай, але на якой нельга знайсці сучаснага, якаснага і поўнага Святога Пісання. І гэта нягледзячы на тое, што ў часы Рэфармацыі менавіта беларусы адны з першых пачалі перакладаць Біблію, – патлумачыла доктар філасофіі і доктар сакральнай тэалогіі Ірына Дубянецкая.

“Ад самых першых хрысціянскіх стагоддзяў пераклады Бібліі на родныя мовы часам стваралі пісьменства на гэтай мове (напрыклад, армянскае і грузінскае пісьменства ўтварылася менавіта дзеля перакладу Бібліі). Або гоцкае пісьмо – першае з германскіх. Сёння яно знікла, але мы маем пераклад Бібліі на гоцкую мову. Адпаведна, калі на нейкай мове ствараецца пісьменства, яна адразу пачынае працаваць як літаратурная, яна змяняе свой статус. І ў часы Рэфармацыі адбылося тое самае: калі пачалі перакладаць Бібліі на нацыянальныя мовы, гэта надзвычай спрыяла, стымулявала станаўленне нацыянальных літаратур і культур. Так адбылося з нямецкай, польскай, англійскай мовамі, у XIX ст. – з рускай мовай”, – адзначыла бібліст.

У Беларусі сітуацыя была іншай. Першы пераклад зрабіў Францыск Скарына ў XVI ст. Затым, напрыканцы XVI ст., гэта версія была перакладзена на польскую мову і стала папулярнай настолькі, што менавіта з яе ў XVIІ ст. рабіліся наступныя пераклады. Потым – хваля паланізацыі, затым – русіфікацыі, і нарэшце, як падкрэсліла Ірына Дубянецкая, савецкія часы сталі аб’ектыўнай прычынай таго, што пра беларускую Біблію забыліся.

“Такім чынам, мы бачым культурную сітуацыю: неперакладзеная Біблія – гэта адна з прычын недафармаванай нацыянальнай самасвядомасці беларусаў, нізкага сацыяльнага статусу літаратурнай мовы, адна з прычын таго, што ў беларускай мове да гэтага часу існуюць розныя самастойныя плыні, якія паміж сабой не перакрыжоўваюцца. І гэта беларусы разумелі вельмі добра. Фантастычная гісторыя – за XX стагоддзе ў нас было больш за паўсотні спробаў перакласці Біблію, але не цалкам, а нейкіх канкрэтных тэкстаў. Максімум – Новага Запавету, у большасьці выпадкаў – фрагменты асобнай кнігі. Што тычыцца Старога Запавету, усе пераклады былі не з арыгіналу. Калі Новы Запавет яшчэ перакладаўся з грэцкай мовы, то Стары Запавет з габрэйскай мовы – не”, – распавяла даследчыца.

Сярод спроб былі тры сур’ёзныя, вынікам якіх сталі тры поўныя пераклады Бібліі на беларускую мову. Пераклад Янкі Станкевіча (выйшаў у ЗША ў 1973 г.) так нікому і не спатрэбіўся – Беларусь была савецкай рэспублікай, больш за тое, “жалезная заслона” не дазволіла пазнаёміць беларусаў з тэкстам. З лінгвістычнага пункту гледжання “станкевічанка” – мова, вельмі далёкая ад сучаснага ўспрымання. Пераклад Васіля Сёмухі рабіўся цалкам не з арыгіналаў, а месцам – з перакладу пераклада. Таму ён таксама не адпавядае крытэрыям сучаснай біблістыкі. У мінулым годзе быў выдадзены пераклад, зроблены Беларускім біблійным таварыствам на аснове перакладу айца Уладзіслава Чарняўскага, які таксама часта карыстаўся не арыгіналамі, а пераводзіў з польскай ці лацінскай моў. Дарэчы, Каталіцкі Касцёл і Праваслаўная Царква даўно працуюць над перекладамі ў сваіх біблійных камісіях, акія асобна адна ад другой ужо пераклалі чатыры Евангеллі і іншыя тэксты. Праца вельмі вялікая і складаная, якую нельга перамяншаць.

“Вельмі шмат што зроблена ў Каталіцкім Касцёле, што тычыцца Старога Запавету: зроблены лекцыянарыі, вельмі вялікая частка біблійных тэкстаў перакладзена. Але беларусы не могуць сабрацца разам і прачытаць “Ойча наш”, таму што кожны з іх ведае свой уласны пераклад. Такія сітуацыі ўзнікаюць вельмі часта, і тады нават на вуха ловіш гэтыя адрозненні ў словах і нават у рытме малітвы. Вось імя Ісус: Іісус, Езус – гэта колькі варыянтаў! А колькі варыянтаў для іншых тэрмінаў? Гэтыя варыянты робяцца прывычнымі ў адной нейкай канфесіі, нягледзячы на тое, што могуць быць супраць нормаў беларускай мовы і практыкі беларускай мовы. Благаславіць, дабраславіць… Гэта тыя лінгвістычныя пытанні, якія таксама трэба развязваць. Хоць яны і другасныя, бо найперш трэба, каб быў якасны пераклад з якасных крыніц”, – сказала ў інтэрв’ю Ватыканскаму радыё Ірына Дубянецкая.

Такім чынам, лічыць бібліст, пераклад Бібліі ў XXI ст. трэба пачынаць з нуля. Зрабіць гэта аднаму аўтару немагчыма. Пераклад павінен быць калегіяльным. Над ім павінны працаваць біблісты, лінгвісты, святары і тэолагі ўсіх хрысціянскіх канфесій. Новы пераклад не мусіць замяніць тыя, што ўжываюцца ў Цэрквах сёння, але можа стаць акадэмічным, аб’ядноўваючым цывілізацыйным фактарам і, нарэшце, галоўнай духоўнай кнігай, зразумелай кожнаму сучаснаму чалавеку.

“Біблія – гэта звод тэкстаў самага рознага характару і стыляў. Усё гэта хочацца паказаць. Хочацца, каб псальмы гучалі як паэзія, бо гэта вельмі прыгожая і рытмічная паэзія, там рыфмы няма. Але часам там ёсць такія моцныя рытмічныя зрухі, якія толькі адной рытмікай узрушаюць. У Бібліі ідзе вельмі дакладны падбор слоў, часам словы маюць два-тры значэнні ў залежнасці ад таго, з якімі іншымі словамі яны ўжываюцца. Біблія – вельмі прыгожы мастацкі тэкст. Хочацца, каб і пераклад быў мастацкім. І гэта прыцягне новыя пакаленні да чытання Бібліі”, – лічыць бібліст.

Зараз магчымасць новага перакладу Бібліі на беларускую мову абмяркоўваюць у Беларускім біблійным таварыстве. Пытанне падтрымкі гэтай ідэі пакуль разглядаюць галоўныя хрысціянскія Цэрквы краіны. “Як гэта атрымаецца, я яшчэ не ведаю. У любым выпадку супрацоўніцтва з Цэрквамі бузде максімальным. Асноўныя карыстальнікі – гэта вернікі. Мы нават падумалі, можа, складаныя пытанні выносіць на абмеркаванне, каб у людзей было зацікаўленне, каб людзі маглі выказацца. Хочацца, каб гэта быў нацыянальны праект, так ён бачыцца. А як атрымаецца – гэта не толькі нашы намаганні, але і Божае благаслаўленне”, – пераканана Ірына Дубянецкая.

Новы пераклад можа стаць сапраўдным інтэграцыйным фактарам. Ім змогуць карыстацца ўсе – святары і лінгвісты, беларускамоўная эліта і простыя людзі, вернікі любой канфесіі і тыя, хто яшчэ не прыйшоў да Бога, але менавіта праз прыгажосць біблійнага тэксту можа спасцігнуць глыбіню веры, духоўны сэнс і, магчыма, стаць членам хрысціянскай сям’і.