У эксклюзіўным інтэрвію Барыс Нямцоў раскрывае закулісы грандыёзнай алімпійскай карупцыі.
Зімовая Алімпіяда ў Сочы зьяўляецца самай скандальнай і самай дарагой у гісторыі чалавецтва. Яе кошты пераўзыходзяць выдаткі на ўсе папярэднія зімовыя Алімпійскія гульні разам узятыя – сьцьвярджаюць аўтары дакладу “Зімовая Алімпіяда ў субтропіках”. З 50 мільярдаў даляраў, выдаткавыных падрыхтоўку да гульняў, 26 мільярдаў былі скрадзеныя. Пра карупцыю, якасьць пабудоваў ды іншыя алімпійскія праблемы мы размаўляем з адным з аўтараў дакладу, расейскім палітыкам Барысам Нямцовым.

— Спадар Барыс, скажыце, калі ласка, колькі каштавала падрыхтоўка да Алімпіяды й колькі грошай было скрадзена?

Б. Нямцоў: Сочынская Алімпіяда аказалася самай дарагой у гісторыі чалавецтва. Яе кошт – больш за 50 мільярдаў даляраў. Ацэнку крадзяжу сродкаў мы праводзілі двума рознымі спосабамі. Першы засноўваецца на параўнаньні падаражаньня сочынскай Алімпіяды (ад моманту рашэньня правесьці яе ў Расеі) з падаражаньнем іншых алімпійскіх гульняў, якія праводзіліся раней. Іншы спосаб грунтуецца на параўнаньні коштаў пабудовы аднатыповых алімпійскіх аб’ектаў. Справа ў тым, што алімпійскія аб’екты ва ўсім сьвеце аднолькавыя. Паўсюль павінныя быць стадыёны, трампліны, бабслэйныя трасы, канькабежныя трэкі й гэтак далей. Гэтыя два спосабы падлікаў даюць адну і тую ж лічбу скрадзенага – гэта ад 25 да 30 мільярдаў даляраў.

— А які алімпійскі аб’ект можна лічыць самым дарагім і скандальным?

Б. Нямцоў: Самы дарагі аб’ект Алімпіяды – гэта дарога Адлер-Красная Паляна, даўжынёй 48 кілямэтраў, якая ідзе ад аэрапорту да горнага клястэру. Яе будаваў сябра Пуціна па дачным каапэратыве “Возера” Уладзімер Якунін. Цана аднаго кілямэтра дарогі – 200 мільёнаў даляраў. Цана аднаго квадратнага мэтра асфальту – 10 тысячаў даляраў ЗША.

— Вядома, што на будове масава выкарыстоўвалася праца нізкакваліфікаваных гастарбайтэраў. Якая якасьць пабудаваных аб’ектаў і што будзе зь імі пасьля Алімпіяды?

Б. Нямцоў: Пасьля Алімпіяды гэтыя аб’екты проста ня будуць выкарыстоўвацца. Сочы – гэта субтрапічны курорт. Відавочна, што зімовыя стадыёны там ніхто ня будзе выкарыстоўваць, таму што там такой культуры няма. Палова працоўных там – гастарбайтэры, якім у дадатак ня плацяць заробкі. Іх кваліфікацыя вельмі нізкая. Гэта выхадцы з Таджыкістана, Кыргыстана, Узбекістана. Акрамя таго, шматлікія аб’екты рабіліся без дакумэнтацыі. Стадыёны будавалі на субтрапічным балоце, і чакаць, што гэтыя аб’екты будуць нармальна функцыянаваць можа толькі наіўны чалавек.

Ужо адбылося некалькі буйных катастрофаў: змыла порт, пабудаваны ў 2009 годзе; у выніку шторму былі разбураныя берагавыя ўмацаваньні; падчас будаўніцтва тунэля праваліўся дом. “Растэхэкспэртыза” пастаянна фіксуе грубыя парушэньні. Але задача Пуціна заключаецца ў тым, каб гэтыя аб’екты прастаялі роўна 2 тыдні – столькі, колькі ідзе Алімпіяда.

— Ці пасьпяхова выбралі месца правядзеньня гульняў? Чаму з усёй вялікай Расеі для правядзеньня зімовай Алімпіяды выбралі менавіта субтрапічны Сочы?

Б. Нямцоў: Гэта ўвогуле адна за самых буйных афэраў ў гісторыі краіны. Для правядзеньня зімовых гульняў выбралі самае цёплае месца ў Расеі. Гэта Імэрэцінская нізіна, дзе ніколі не было сьнегу. Гэта самае цёплае месца Сочы! У Імэрэцінскай нізіне тэмпэратура вышэйшая за тэмпэратуру ў самім Сочы на 5-6 градусаў.

Трэба было правесьці Алімпіяду ў некалькіх гарадах. У горным клястэры, дзе знаходзіцца Красная Паляна, трэба было б правесьці спаборніцтвы па горных лыжах, па бабслэі, скачках з трампліна, сноўбордзе. А ўсё, што датычыцца стадыённых відаў спорту, трэба было праводзіць у іншых гарадах. Але Пуцін нікога ня слухаў, рашэньні прымаў без усялякай грамадзкай дыскусіі (гэтая тэма ані разу не абмяркоўвалася нават у кішэннай Думе). Таму было прынятае гэтае валюнтарысцкае, абсалютна вар’яцкае рашэньне.

— Якія чыноўнікі й бізнэсмэны непасрэдна замешаныя ў раскраданьні сродкаў?

Б. Нямцоў: Да падрадаў дапушчаныя альбо сябры Пуціна, альбо абсалютна залежныя ад яго людзі. Галоўнымі бэнэфіцыярамі зьяўляюцца браты Ротэнбэргі, якія ў дзяцінстве былі спарынг-партнэрамі Пуціна па дзюдо. Бэнэфіцыярам зьяўляецца Ўладзімер Якунін з каапэратыва “Возера”. Вялікія падрады атрымаў “Газпром”. Будова дарогі да Краснай Паляны была без конкурсу перададзена блізкім да Якуніна бізнэсоўцам. Будаўніцтва газаправоду Джубга – Сочы было аддадзенае Ротэнбэргу. Там няма ніводнай выпадковай асобы.

— Спадар Барыс, якія рызыкі Алімпійскіх гульняў вы лічыце найбольш магчымымі й небясьпечнымі?

Б. Нямцоў: Небясьпечная энэргетычная рызыка. Сочы – гэта горад з хранічным энэргадэфіцытам. У мінулым годзе ў Сочы адключалі электраэнэргію тысячу разоў – у сярэднім тры разы на дзень! Цяпер, праўда, пабудавалі новыя магутнасьці – Адлерскую ТЭС і мадэрнізавалі Сочынскую. Аднак лёд у субтропіках дарагі. Магутнасьці, неабходныя для падтрыманьня алімпійскіх аб’ектаў у нармальным стане – гэта 600 мэгават. Гэта больш, чым спажывае ўвесь вялікі горад Сочы.

Другая рызыка – кліматычная. Паколькі зьнішчылі прыроду ў горным клястэры Сочы, то ў сярэдзіне лютага гэтага году ў Сочы было +15. І гэта ў горным раёне! Ёсьць яшчэ так званыя “рызыкі гасьціннасьці”. Дзеля таго, каб вырашыць праблему з тэрарыстамі, Пуцін прыдумаў так званы “пашпарт заўзятара”. Калі вы купляеце білет на хакей, то вы ўсё роўна на яго не патрапіце, пакуль не адстаіце чаргу ў мясцовым ФСБ.

“Рызыкі гасьціннасьці” памножаныя на дзікія сочынскія заторы робяць лягістыку правядзеньня Алімпіяды вельмі праблемнай. Тэрарыстычныя рызыкі я ацаніць не магу, бо ўся інфармацыя пра гэта засакрэчана. Ёсьць тэхналягічныя рызыкі: якасьць будаўніцтва пакідае жадаць лепшага. Будуць аб’екты працаваць, альбо яны рухнуць – ніхто гарантавана сказаць ня можа.