Паэт са Слуцка Дзмітрый Рудакоўскі раскрыў усе асабістыя таямніцы: распавёў аб працы электрыкам, прыхільніцах, уплыве Коласа і ўдзеле ў Еўрабачанні.

Неафіцыйны гімн да чэмпіянату свету па хакеі падарваў розумы грамадскасці, здавалася б, простымі словамі «ты Беларусь такая, ты Беларусь, я тобою одною горжусь” и “сколько лет у власти отец! Наш Лукашенко, наш президент”. Гэтыя радкі выйшлі з-пад пяра 21-гадовага паэта са Слуцка Дзмітрыя Рудакоўскага.

Звязваемся з аўтарам. Ён згаджаецца на інтэрв’ю. Распытваем пра гісторыю стварэння хакейнага гімна.

Дзмітрый Рудакоўскі: Ну, не ведаю, мне захацелася проста так скласці.

Еўрарадыё: То бок апанавала натхненне?

Дзмітрый Рудакоўскі: Ды не, проста захацелася паспрабаваць напісаць. Ну, напісаў. З «Беларусь-1″ прапанавалі ў конкурсе нейкім паўдзельнічаць, я і закінуў заяўку, усё такое. Ну, прапанавалі ў Слуцк прыехаць і гэты кліп зняць кароткаметражны.

Еўрарадыё: І доўга здымалі?

Дзмітрый Рудакоўскі: Хвіліны тры.

Еўрарадыё: А вы кліп глядзелі? Як ён вам?

Дзмітрый Рудакоўскі: А што, ён ужо апублікаваны? Я сам толькі раніцай пра гэта даведаўся. Ішоў па горадзе, і мне сказалі.

Еўрарадыё: Як вы ставіцеся да песні? Як да сур’ёзнага паэтычнага твору, ці вы жартавалі?

Дзмітрый Рудакоўскі: Ды не, чаму, я асэнсавана напісаў. І пра прэзідэнта. Я ж не буду на кагосьці дрэнна пісаць.

Еўрарадыё: Ці лічыце вы сябе геніем?

Дзмітрый Рудакоўскі: Цяпер не ведаю. Я сябе простым чалавекам лічу. Раней, можа, і думаў: можа, мне Богам нешта дадзена. Але сёння я прысвячаю сябе сваёй працы, у асноўным. Але паралельна займаюся і гэтай творчасцю. Калі ў мяне атрымліваецца, то чаму яго закопваць?

Еўрарадыё: Вы кажаце пра «сваю працу». Кім і дзе?

Дзмітрый Рудакоўскі: Я то электрыкам працую на кансервавым (прадпрыемства выпускае сокі, закансерваваную гародніну, пладова-ягадныя віны. Зарплата электрыка каля 3 мільёнаў рублёў. ― заўв. Еўрарадыё). Гэтая праца больш падабаецца, яна больш прэстыжная. Добрае прадпрыемства, дружны калектыў. А вось гэтай творчасцю я нібы для сябе займаюся, гэта як бы хобі.

“Я ў каледжы пакуль толькі выступаў. Я і насценгазеты там рабіў”

Еўрарадыё: Якія з вашых вершаў лічыце самымі паспяховымі?

Дзмітрый Рудакоўскі: Я думаю, патрыятычныя. Мы ж лічымся патрыётамі. Ну, «Рэспубліка Беларусь», «Сінявокая зямля».

Еўрарадыё: Гэты год абвешчаны Годам гасціннасці. Ці будзеце вы нешта пісаць на гэтую тэму?

Дзмітрый Рудакоўскі: Не ведаю. Можна паспрабаваць, можа, і напішу, калі будзе час.

Еўрарадыё: Ці выступаеце са сваімі вершамі і песнямі ў Слуцку або ў іншых гарадах? На карпаратывах, канцэртах?

Дзмітрый Рудакоўскі: Я ў Мар’інагорскім аграрна-тэхнічным каледжы пакуль толькі выступаў. Я і насценгазеты там рабіў.

Еўрарадыё: Вершы чыталі падчас канцэртаў?

Дзмітрый Рудакоўскі: І вершы, і спяваў, і насценгазеты прысвячаў розным святам.

Еўрарадыё: Раней паэт мог сабраць стадыён. А сёння ваш брат не так папулярны. Як лічыце, у Слуцку ці варта нешта мяняць у плане аздараўлення творчай атмасферы?

Дзмітрый Рудакоўскі: Я не магу адказаць на гэтае пытанне. Не магу падабраць словы.

Еўрарадыё: Ці збіраецеся заваёўваць сталіцу?

Дзмітрый Рудакоўскі: Напэўна, не. Для гэтага сродкі патрэбныя.

“Маёй згоды на ўдзел у “Еўрабачанні” не было”

Еўрарадыё: Вы сачылі за фіналам адбору на “Еўрабачанне”?

Дзмітрый Рудакоўскі: Не. Але адзін гурт напісаў песню на мае вершы. Думалі адпраўляць на “Еўрабачанне” песню “Я из города”. “Строго Бобруйск” ― там такі гурт ёсць. Але маёй згоды на ўдзел не было.

Еўрабачанне: Вы б даверыліся рашэнню журы ― Ціхановіча, Ланской, Раінчыка, чыноўнікаў розных?

Дзмітрый Рудакоўскі: Нічога не магу сказаць. Калі іх паставілі ― значыць, так трэба.

Еўрарадыё: Ці пішаце вы на беларускай мове?

Дзмітрый Рудакоўскі: Не, у мяне ўсё ў рускім фармаце. Я беларус, але руская мова мне радней.

Еўрарадыё: А якія вашыя любімыя паэты?

Дзмітрый Рудакоўскі: Янка Купала, Максім Багдановіч і Якуб Колас.

Еўрарадыё: А якія вершы на вас больш за ўсё паўплывалі?

Дзмітрый Рудакоўскі: «Новая зямля» (культавая ліраэпічная паэма Якуба Коласа. ― заўв. Еўрарадыё).

Еўрарадыё: А можаце на памяць зачытаць які-небудзь урывак?

Дзмітрый Рудакоўскі: Ды я не памятаю, даўно я вучыў гэтыя вершы.

Еўрарадыё: У вас у Слуцку шмат фанатаў, прыхільнікаў творчасці?

Дзмітрый Рудакоўскі: Ну, я вам не скажу дакладна.

Еўрарадыё: Аўтографы бяруць? Я б у вас сапраўды ўзяў аўтограф.

Дзмітрый Рудакоўскі: Ну так. Разы тры так сапраўды было. Год таму, на вуліцы мінакі.

Еўрарадыё: Дзяўчаты або хлопцы?

Дзмітрый Рудакоўскі: Дзяўчаты, у асноўным.

Еўрарадыё: А ў вас ёсць жонка?

Дзмітрый Рудакоўскі: Не. Проста яшчэ час не прыйшоў. Я хачу наогул да 30 гадоў ажаніцца.

Еўрарадыё: А дзяўчына? Бо ў вас шмат інтымнай лірыкі. Да прыкладу, верш са словамі «Ты прынцэса, а я твой прынц».

Дзмітрый Рудакоўскі: Гэта я адной дзяўчыне ў каледжы прысвячаў .

Еўрарадыё: І як яна адрэагавала?

Дзмітрый Рудакоўскі: На той момант яна ўжо не вучылася.