Народны фальклёр недарма зрабіў спадара Міхал Міхалыча адным з (анты)герояў сваёй творчасьці.
Перажыўшы першыя ў жыцьці Зімнія Алімпійскія гульні на велізарнай адлегласьці ад Беларусі ды назіраючы за імі па большай частцы вачыма заакіянскага гледача, хочацца падзяліцца ўражаньнямі, як Алімпіяда ўспрымаецца з гэтага ракурсу. Асаблівай пікантнасьці надае прыведзенай ніжэй размове двух спартыўных “спецыялістаў-аматараў”, што адзін з суразмоўцаў пабачыў Алімпіяду такой, якая яна ёсьць без дапамогі тэлевізійнага вока.

Такім чынам, мінулыя ды цяперашнія аўтары шэрагу спартыўных выданьняў Беларусі – газэты “Прессбол”, часопіса “Ваш Спорт”, сайтаў “еСпорт.by” і “Сусьветны хакей па-беларуску” – нью-ёркскі менчук Ілля Куніцкі ды нью-джэрсійскі салігорац Дзяніс Талпека размаўляюць пра пабачанае, адчутае ды перажытае за мінулыя два з паловай тыдні самых буйных спаборніцтваў гэтай зімы.

Хакей, біятлон, фрыстайл і ўсё астатняе


Т.Д.
– Менавіта так для беларускіх гледачоў успрамалася прайшоўшая Алімпіяда. Хакей – гэта зараз, як кажуць, нацыянальны від спорта. Усім было цікава паглядзець, на што будуць здольны нашыя майстры праз 8 гадоў пасьля незабыўнага швэдзкага кідка Копаця “імя Сала”.

Біятлон і фрыстайлавая акрабатыка – заўсёдныя нашыя мэдальныя спадзяваньні. Чакалі мэталу менавіта адсюль. Пры добрым разьвіцьці падзей – нават мэталічнага перазвону. Пры вельмі добрым – яшчэ і з доўгачаканымі залатымі “меднымі трубамі” па вяртаньні атлетаў на Радзіму: на першую прыступку на Зімніх Алімпіядах беларусы на чатырох суверэнных гульнях да Ванкувэру-2010 не ўздымаліся.

І.К. – Згодзен, хакей, біятлон ды фрыстайл – “беларускія” віды спорту на Зімовых Алімпіядах. Добра памятаю другі наш срэбраны “суверэнны” медаль (першы заваяваў канькабежац Ігар Жалязоўскі) Сьвятланы Парамыгінай у Ліліхамэры-1994. З савецкіх часоў Беларусь брала медалі ў біятлоне на чэмпіянатах сьвету ды Алімпіядах. Працягнулася традыцыя і на гэтых гульнях.

Фрыстайл выйшаў на авансцэну ў 1998-м, калі Зьміцер Дашчынскі ўзяў бронзу ў Нагана. З таго часу кожная белая Алімпіяда не абыходзіцца без нашых узнагарод у спаборніцтвах лыжных акрабатаў.

 

 

Афіцыйны сайт Алімпіяды ў Ванкуверы-2010 засьведчыў  першую перамогу спартоўца незалежнай Беларусі ў гісторыі Алімпійскіх гульняў

 

Ну, а пасьля Солт-Лэйк Сіці-2002 хакея на Алімпіядах мы чакаем з асаблівай цікавасцю. На жаль, у Турыне нашай каманды не было, бо яна прайграла сумна вядомую кваліфікацыйную гульню ў Рызе пад кіраўніцтвам таго ж Міхаіла Захарава, які вярнуўся на трэнерскі мосцік перад гэтай, Ванкувэрскай Алімпіядай. Таму цікава было паглядзець на каманду яшчэ і з-за факта вяртаньня Захарава.

Але пра гэта мы пагаворым крыху пазьней. Зараз жа – пра больш прыемнае. Колькі мэдалёў чакаў ты?

Т.Д. – Два. Прычым лічыў гэта аптымістычным прагнозам-жаданьнем. Шчыра кажучы, вельмі хацелася пабачыць радасьць нашых сонечных прыгажунь біятланісткі Дашы Домрачавай і фрыстайлісткі Ассоль Сьлівец. Ну, хаця б адной з іх. І радасьць абедзьвюх пабачыць сапраўды давялося. Толькі крыўдна, што Ассолевая выдатная, на мяжы магчымасьцяў, праца мэдаля не прынесла: яна стала, язык не паварочваецца сказаць слова “толькі”, чацьвёртай – па-за кітайскімі “ламбарджыні” і аўстралійкай. Наколькі ведаю, падчас вашага чатырохдзённага візыту ў Ванкувэр быў запланаваны і візыт на “кіпарысавыя” схілы кваліфікацыі экстрэмальных аэра-жанчын?

І.К. – Так, у Ванкувэры мы – я і яшчэ тры беларускіх хлопца – пазнаёміліся з беларускай Натальлей, добрай сяброўкай Ассоль Сьлівец. Натальля стала жыве ў сталіцы Брытанскай Калюмбіі ўжо некалькі гадоў і яна прапанавала два квіткі на жаночую кваліфікацыю ў фрыстайле. Было б вельмі цікава туды патрапіць, але нешта ў апошні момант не атрымалася, і мы абмежаваліся толькі праменадам па Ўістлеру.

 

 

А чакаў я адзін мэдаль. Усё ж такі ў біятлоне мы больш не займаем такія моцныя пазыцыі як раней, і спадзявацца можна было толькі што на Дашу Домрачаву.  Тым прыемней, што выбухнуў вынікова таксама Сяргей Новікаў. Падарунак беларускія біятланісты прынесьлі нам проста неверагодны, бо як раз у чацьвер 18-га лютага мы прыехалі ў Ванкувэр! Па тэлефоне ад цябе даведаўся пра посьпехі, што ўзьнесла нас на неба ад радасьці, і прыцягнула да чатырох хлопцаў у беларускіх хакейных швэдарах яшчэ больш увагі. Хоць мы і так ёю у сталіцы Гульняў абдзелены не былі. Можа, і нашы фібры дапамаглі беларускім спарцмэнам у той дзень! Уууух, як прыемна адчуваць сябе прычасным да беларускага посьпеху!

Потым па выніках нашых біятлонных дасягненьняў прачытаў на форуме газэты  “Прессбол” файныя анекдоты – кароткія і ёмістыя, прыдуманыя наведвальнікамі сайта лепшай спартыўнай газэты Беларусі, якія таксама дадалі настрою.

Над анекдотамі “Клаус Зіберт: “DASH is fantastish!!!” ды “Снайпер на лыжах — надзея Беларусі” пасьмяяліся ад душы ;)

 

 

А што да мэдалёвага прагнозу, то чакаў мэталу хутчэй усё ж ад фрыстайлістаў – Антона Кушніра ці ад дзяўчын Сьлівец і Цупер.

Т.Д. – Цікавае ў мяне дарэчы склалася адчуваньне па выніках Алімпіяды. Здавалася б засмуціўся там, дзе думаў засмуціцца ня будзе нават і магчымасьці – у лыжах. Апытанка на сайце “Прессбола” кажа пра сходныя пачуцьці беларусаў .

Лыжнікі, на якіх і спадзяваньняў асаблівых не было, набедакурылі так, не даяжджаўшы да фінішу, што таксама патрапілі ў народны анекдотны фальклёр. Добра яшчэ, што ў прадстаўнічай кампаніі са знакамітым галяндзкім канькабежцам Свенам Крамерам, які з-за трэнера пераблытаў дарожку. “Мы пойдзем другім шляхам”. (с) Леанід Карніенка і Свен Крамер. Невычэрна народная мудрасьць ;)

А вось у “нашых” відах парадавалі амаль усе. Біятланісты-дзяўчыны падтрымалі лідэра і выступілі вышэй чаканьняў. На мужыкоў жа асабліва ніхто і так не разьлічваў, таму як выступалі астатнія асаблівай ўвагі ўжо і не зьвртялі: задача была нават перавыканана.

Няўдалы выступ Антона Кушніра кампэнсаваўся бліскучым скачком на вышэйшую ступень п’едэсталу Аляксея Грышына. У той момант, а 7-й з чвэрцю па часе ўсходняга ўзьбярэжжа ЗША я файна паскокаў па кватэры, а ў наступныя паўгадзіны атрымаў каля 20-ці смсак ад сяброў-беларусаў. Шчыра кажучы, пасьля таго, як Кушнір не патрапіў у фінал, нядзеяў менавіта на залаты медаль у мяне асаблівых не было. Хоць, вядома, падтрымліваў нашых напоўніцу! Таму радасьней было ўдвая! Прыемна-та як! Ээээх, Беларусь! Дзякуй, Аляксей, за твой падарунак усім нам!!!

Тэлебачаньне і яго зоркі

Толькі вось што крыўдна, дык тое, што ніводзін з трох беларускіх мэдалёвых відаў ня быў паказаны ў ЗША ў наўпроставым эфіры. На выручку прыходзіла безадмоўнае сеціва з неверагоднымі для сярэднестатыстычнага беларускага беларуса хуткасьцямі перадачы інфармацыі.

Біятлон на ТБ амэрыканскім наогул застаўся амаль па-за межамі ўвагі: 20-хвілінныя клачкі трансьляцыяў – гэта быў нейкі зьдзек над біятлонам. Ну, а фрыстайлавая частка звыкла для Алімпіяды па-амэрыканску аказалася задвінутай на 10-15 хвілін ад “лайва” для больш зручнага, па іх меркаваньню, выкарыстаньня часу трансьляцыі ў бізнэс-сэнсе. Праўда, і гэта чамусьці не дапамагло амэрыканцам паказаць хоць бы скачкі ўсёй шасьцёркі лепшых пасьля першай спробы. Цімафей Сьлівец такім чынам наогул не патрапіў на амэрыканскія экраны…

Тэлекампанія NBC яшчэ ў 2003-м годзе набыла эксклюзыўныя правы на паказ Алімпіяды-2010 у Ванкувэры. Тады амаль не было размоў пра крызіс і надыходзячыя эканамічныя складанасьці, таму чарговае павышэньне кошту за трансьляцыю на аўдыторыю ЗША да 820-ці мільёнаў даляраў (плюс 34% у параўнаньні з Турынам) успрымалася тады як добры бізнэс-разьлік. Асабліва ўлічваючы большую зручнасьць для амэрыканцаў ванкувэрскага часовага поясу са сходным прайм-таймам. У выніку ж атрымалася, што яшчэ напачатку года NBC заявіла, што, кампаніі не дасягнуць прыбытку: продаж раклямы чакаецца на ўзроўні 750-770 мільёнаў.

І.К. – Не сакрэт, што амэрыканскі спартовы бізнэс – фінансава празрысты. Сумы кантрактаў гульцоў, бюджэты клюбаў, прыбыткі ад тэлетрансляцыяў – усю гэту інфармацыю можна без цяжкасьцяў знайсьці ў сеціве. Беларускія ж рэаліі ў гэтым сэнсе – цёмны лес. Тым больш, калі тэлебачаньне зьяўляецца дзяржаўным і накіравана не на задавальненьне і адпаведна ўлік густаў гледачоў ды атрыманьне прыбытку, а на абслугоўваньне інтарэсаў улады.

У сучаснай беларускай ідэялогіі спорт адыгрывае вельмі важную ролю, бо гэта ці не адзіны сродак падняцьця прэстыжу краіны на міжнароднай арэне. Таму тое, што беларускае тэлебачаньне – асноўны рупар дзяржаўнай прапаганды – з кожнай Алімпіядай павялічвае аб’ёмы трансляцый, не выклікае здзіўленьня.

Мне не давялося паглядзець Алімпіяду вачыма БТ. Праўда, знаёмыя ў Беларусі кажуць, што з “блакітнага экрану” ішло шмат негатыву пра горад Ванкувер ды арганізацыю Алімпіяды. І умовы пражываньня нібыта не ідэальныя, і ежа не лепшая, і накладак з правядзеньнем спаборніцтваў шмат. Прызнаючы апраўданасць некаторых крытычных заўваг, усё ж такі падаецца, што БТ выкарыстала магчымасць для некаторага прыніжэньня заходняга сьвету.

З пункту гледжаньня наведальніка Алімпіяды, якім я быў чатыры дні, усё было на вышэйшым узроўні. Валанцёры заўсёды дапамагалі з інфармацыяй, прагляд хакейных гульняў быў арганізаваны добра, было шмат куды пайсці ў горадзе. Чаго не хапала асабіста мне – прагляду спаборніцтваў на вялікіх экранах для вялікай колькасьці людзей. Можна было пайсці ў спецыяльна створаныя павільёны ці бары, але, лічу, на плошчах, дзе тусавалася шмат народу, вялікіх экранаў бракавала.

Т.Д. – Пра беларускую дзяржаўную тэлевізію з яе бюджэтнай соскай і сапраўды было б даведацца цікава, колькі яны прадалі раклямы і якая эфэктыўнасьць атрымалася ў іх у параўнаньні з мінусавой амэрыканскай. Беларускіх трансьляцый мне таксама убачыць не давялося, таму спынімся на заўвагах нашым амэрыканскім калегам. Бо пакрытыкаваць іх сапраўды ёсьць за што.

Шчыра кажучы, неаднаразова вырубалі амэрыканскія тэлевізійныя паводзіны. Назаву іх нават нахабствам.

Вядома, што “зорна-паластаыя” вельмі любяць гісторыі “self made man ці вумэн” і ўсялякія пераключэньні на спецыялістаў-камэнтатараў плюс скаканьне з трансьляцыі на трансьляцыю. Было нават уражаньне нейкае, быццам бы паказваюць не спорт, а чарговы галівудскі мегаблакбастэр, дзе кадры і тэмы зьмяняюцца калі і не кожную сэкунду, то занадта рэгулярна.

І гэтая пагоня за раклямным так і не адбітым у выніку “баблом” ды за апавяданьнямі-публіцыстыкай (так, якаснымі, так, цікавымі, але ж) перашкаджала назіраньню непасрэдна за самімі СПАРТЫЎНЫМІ спаборніцтвамі. Даволі некампетэнтыя з пункту гледжаня самаго спорту, па-мойму, паводзіны нібыта самых прадвінутых у сьвеце тэлевізіёншчыкаў.

Усё ж бізнэс-паводзіны – і, як бачу, з нашага ўзгаданага ў некапіталізме погляду – можна будаваць больш прафэсыйна. На выпраўленьне памылак ёсьць чатыры гады. Чатыры, бо Летняя Алімпіяда – усё ж фармат іншы. І па аб’ёму, і па прадстаўніцтву краін.

І.К. – Падаецца, што паказ “чыстых” спартыўных  спаборніцтваў не выклікаў бы вялікай цікавасьці ў амерыканскіх гледачоў, як, напрыклад, у эўрапэйцаў.  Віды спорту, прадстаўленыя на Зімовай Алімпіядзе, не зьяўляюцца папулярнымі ў шырокай амерыканскай аудыторыі. Так атрымалася, што “беларускія” віды асабліва . Таму, каб зацікавіць гледачоў, амэрыканскія тэлевізіёншчыкі рабілі акцэнт на раскрутцы зорак, бо гэта – неад’емная частка культуры ды гісторыі ЗША. Спорт – тэлебачаньне – стварэньне зоркі – інвэстыцыі ў спарцмэна – прыбытак для ўсіх: мадэль якая працуе ў ЗША лепш, чым дзе-небудзь яшчэ ў сьвеце.

Амерыканская прапаганда, як і любая іншая, дарэчы, заўсёды займалася стварэньнем зорак, якімі можна ганарыцца і на якіх трэба арыентавацца. Таму пасьля Алімпіяды звычайныя янкі ведаюць снаўбардыста Шона Уайта, гарналыжнікаў Ліндсі Вонн, Бодэ Мілера ці шорт-трэкаўца Аполо Она, але слаба ўяўляюць, напрыклад, у якім відзе спаборніцтваў праславіўся апошні.

835 амэрыканскіх ТБ-гадзін Алімпіяды на чатырох каналах NBC аказалася для гэтага недастаткова.

Т.Д. – Ну, гэта і не галоўнае, напэўна. Бо чацьвёрка, якую ты назваў – найбольш забясьпечаныя алімпійцы-нехакеісты каманды ЗША. Дзякуючы раклямным кантрактам, той жа Ўайт зарабляе каля 8-мі мільёнаў даляраў за год. Дарэчы яго выступ у хаф-пайпе паглядзела аўдыторыя, перабіўшая амерыканскі варыянт “Фабрыкі зорак” – “American Idol”! Хто ведае рэаліі амэрыканскіх густаў і тэлевізіі, той зразумее клічнік напрыканцы мінулага сказу. Так што раклямадаўцы сапраўды не прагадваюць, укладаючы ў гэтага даўгавалосага юнака-хіпі.

Прыгажуня Вонн зарабляе больш за 3 мільёны даляраў. Мілер і Она – таксама мільянэры. Думаю, нядрэнныя пэрспектывы для ўваходжаньня ў сьпіс мільянэраў і ў Джуліі Манкуза, якая будзе добрай інвэстыцыяй для вытворцаў прадуктаў ці паслуг.

І.К.
– Мда, беларускім спартцмэнам добра б было мець магчымасць зарабляць на рэкляме хоць нешта. Атрымліваецца ж так, што тыя мэдальныя дзесяткі тысячаў “зялёных”, прадугледжаных НАКам ды бюджэтам краіны і ёсьць амаль адзіны даход спарцмэнаў ад удзелу ў гульнях. Што ня ёсьць добра.

Праўда, тут прэтэнзіі, вядома, не да спарцмэнаў, а да агульнага бізнэс-клімату кріаны, СМІ, спартыўных фэдэрацый і шмат каго яшчэ.

Т.Д. – Ага. Столькі грошаў падаткаплацельшчыкаў (чамусьці ў Беларусі іх прынята называць дзяржаўнымі) ды прадпрыемстваў убухана ў той жа хакей-футбол на ўказах спартыўных, а ці тэлевізія тая ж стварыла хоць якога-небудзь героя? Пры такой неаб’емнай падтрымцы спорту і на словах і справай не ствараць спартыўны канал – лічу, вялізная памылка. Гэта б дазволіла разьвіваць спартыўныя ўнутраныя спаборніцтвы ды дала б нашмат больш магчымасьці разьвіцьця тэлевізіі спартыўнай, у тым ліку на месцах. Без гэтага можна яшчэ доўгі час будзе “разьвіваць” спорт і праводзіць самаўнушэньне-замбіроўку… Тэлевізія і спорт – павінны быць найлепшымі партнэрамі, СТРАТЭГІЧНЫМІ. Няўжо гэта так складана зразумець прадстаўнікам хакейных ды футбольных клюбаў і федэрацый спорту? Ці, узьнікае пытаньне, так ім трэба тое разьвіцьцё?

Зараз жа нават Саша Глеб у нас, напэўна, вядомы ў асноўным толькі спартыўным заўзятарам. Я ўжо не кажу пра Руслана Салея, Мішу Грабоўскага, братоў Касьціцыных, Лёшу Калюжнага, Юру Жаўнова, нашых баскетбалістак, Ягора Мешчаракова і Валодзю Верамеенку. Гэта ж гатовыя зоркі. Але ўсё ўпіраецца ў адсутнасьць неабходнага бізнэс-клімату ў нашай краіне.

Ну, пра спартыўны мэнэджмэнт мы маглі б размаўляць яшчэ доўга. Таму – давай лепш усё ж вернемся да Алімпіяды.

Мэдалі і тэлебачаньне разгледзелі. Праўда, упэўнены яшчэ будзем так ці інакш вяртацца да гэтых пытаньняў далей. Давай зараз узгадаем як усё пачыналася і некаторыя цікавыя моманты.

На старт!

Яшчэ летам узьнікла жаданьне выбрацца на турнір хакейны. Тады і пачалі падрыхтоўчую працу ды пошук магчымых партнёраў для паездкі. Аказалася ж, што наша – тады яшчэ цалкам “філядэльфійская” – група падтрымкі так і не здолела паехаць. А вось беларусы Флярыды, Нью-Ёрку, Нью-Джэрсі ды Дэлавэру аб’ядналіся для сумеснага падарожжа. Прапанову наведаць Ванкувэр ты ж пачуў ад мяне?

І.К. – Так, але думаў пра гэту магчымасць ужо даўно – з таго самага часу, як Ванкувэр абралі сталіцай Алімпіяды. Я вельмі рады, што атрымалася выбрацца ў Канаду. Пабываць на Гульнях марыў з 1992-га году, Алімпіяд у Барселоне ды Альбервіле – першых, што адклаліся ў памяці 10-гадовага хлапчука. Цікава, што існавала вялікая верагоднасць майго “недаезду” да Ванкувера па розных прычынах, але ўсё атрымалася пасьпяхова. У Канадзе, пасьля ўсіх нашых прыгод, злавіў сябе на думцы, што мог жа гэта ўсё – хакейныя гульні ўжывую, магчымасць расказаць аб Беларусі канадскім СМІ, проста адчуць атмасфэру Алімпіяды – прапусьціць. Ад такой думкі зрабілася не па сабе. Усе ж такі такія моманты ў жыцьці трэба старацца не прапускаць і тым больш ня варта шкадаваць грошай ці часу, калі ёсць хоць невялікая магчымасць спраўдзіць мару.

Т.Д. – Ну, а я пачакаю здзяйсненьня сваіх мараў да Эўра-2012 і Бразіліі-2014.

Свая Алімпіяда для беларускага хакею, лічу, пачалася ў Менску “Гульнёй Усіх Зорак КХЛ”, якую прымала прыгажуня “Мінск-Арэна”. Уявіць толькі, што меньш чым за два тыдні да таго, як у Ванкувэры запаліцца алімпійскі агонь, у беларускай сталіцы будзе знаходзіцца “Вялікі Першы” Ваня Грэцкі! Уаў! Што мяне ўразіла, дык гэта беларускія СМІ, якія амаль не зьвярнулі ўвагі на гэты факт ды не пыталі Уэйна пра будучую Алімпіяду на яго Радзіме падчас візыту на Радзіму сваіх продкаў, дзе ён упершыню ў жыцьці пабачыўся са сваякамі. А прадказаць, што менавіта Уэйн Грэцкі стане зажыгальшчыкам было ж зусім няцяжка.

І.К. – Ну, з зажыганьнем канадцы сапраўды адажглі ;) Добра, што выехала хоць чатыры слупа, а то глядзець на разгубленыя твары Уэйна і Рыка Нэша было няёмка крыху. Так і хацелася падпіхнуць той – ужо было зразумела – заеўшы механізм. Чым мне падабаюцца для Беларусі заакіянскія, а для нас туташнія жыхары, дык тым, што яны здольны жартаваць над сабой і рабіць працу над памылкамі з энтузіязмам і гумарам. Электрык на закрыцьці, безумоўна, згладзіў за гэтыя тыдні ўжо нават і забыты мной той тэхнічны промах.

Т.Д. – Так, промах і сапраўды забыўся за хваляй падзей. А вось сьмерць грузінскага саначніка Надара Кумарыташвілі запамятаць ня ўдасца… Пры гэтым непрыемна уразіла, што арганізатары спрабавалі адвесьці ад сябе відавочны промах. Ну, як можна было не абматаць мяккай тканінай гэтыя слупы? І яшчэ называць атлета пры гэтым “слаба падрыхтаваным”… Да таго ж за пару дзён да гэтага для арганізатараў прагучала папярэджаньне: румынская саначніца згубіла прытомнасьць пасьля падобнага ўдару аб слуп, пазьбегнуўшы пры гэтым сур’ёзнай траўмы.

І.К. – Акрамя саначных эпізодаў журналісты газэты “Прессбол” у сваім заключным аналізе ўзгадалі і на іншыя выпадкі. На шчасьце, не настолькі трагічныя. Па-першае, жэнскі хуткасны спуск быў вельмі небясьпечны для здароўя (пятая частка спрцмэнак не даехала да фінішу), вынікам чаму – траўмы нават самых падрыхтаваных. Плюс судзейская недарэчнасьці ў біятлоне ды тым жа хуткасным спуску, якія пазбавілі шанцаў на чарговы мэдаль амэрыканку Джулію Манкуза. Па-другое, чатыры зламаныя рэбра славэнскай лыжніцы Пэтры Майдзіч, якая ўпала з даволі вялікай вышыні на неагароджаным кавалку трасы.

Т.Д. – Калі ўжо ўзгадалі пра траўмы, то нельга не ўзгадаць і пра сапраўдныя спартыўныя подзьвігі. Той жа Майдзіч, якая праз некалькі дзён з гэтымі пераломамі выйграла бронзу. Наша Алла Цупер выступала ўжо на чацьвёртай Алімпіядзе, але пакуль так і засталася без мэдаля. Нягледзячы на зламаную за пару месяцаў да Алімпіяды лапатку, яна яшчэ і здолела выйграць кваліфікацыю. А расеец Іван Скобраў з траўмай пляча выйграў срэбра і бронзу! А выступ нарвэскага лыжніка Пэтэра Нортуга – у калекцыі з чатырох мэдалёў эстафэтны 4х10 км  срэбраны фініш з ліквідацыяй неверагоднага адрыву ад чэхаў і французаў на апошнім этапе зойме асаблівае месца. Хоць і без траўмы-перашкодаў, ды чым не геройства!

Але на першым месцы для мяне ў гэтым сьпісе, безумоўна, ідзе канадзкая фігурыстка Джаані Рашэт, якая за пару дзён да выступу страціла маці. Як правільна сказаў камэнтатар NBC пасьля яе выступу ў першы дзень спаборніцтваў адзіночніц: “Гэты момант – нешта куды большае, чым спаборніцтва!” Сьлёзы так і наварочваліся на вочы…

І.К. – Так. Такія моманты застаюцца ў памяці больш, чым самі спаборніцтвы. І тут тэлевізіі трэба паставіць за той паказ “пяць з плюсам”.

Хаця трэба адзначыць, што калі-некалі амерыканскія мэдыі перагібаюць палку з “кавэрам” трагічных выпадкаў. Напрыклад, выдомыя нью-ёркскія таблоіды “ New York Post” і “Daily News” пэрыядычна смакуюць падрабязнасьці трагічных гісторый як нядаўні землятрус у Гаіці ці сьмерць таго ж Кумарыташвілі. Складваецца ўражаньне, што амерыканскія СМІ ня грэбуюць узьняць свой рэйтынг, асьвятляючы трагедыі у мелкіх, часам недарэчных, няёмкіх ды брыдкіх падрабязнасьцях…

Т.Д. – Вяртаючыся да пазітыўнага боку, я амэрыканскім тэлівізіёншчыкам паставіў бы найвышэйшую адзнаку таксама за разбор сытуацыі з Лайсачэкам – Плюшчанка. Паказ, праўда, саміх спаборніцтваў фігурыстаў быў такім, як раней мы апісвалі фрыстайл: выступы папросту вырываліся з трансьляцыяў.

Дык вось – да станоўчага ўсё ж ;) Неяк ужо прызвычаіўся да крыху дубовых заяў расейцаў праз медыі пра засужваньне і ворагаў навокал. Таму цікава было паглядзець, як на гэта рэагуюць тут. Аказалася – узважана, асэнсавана і прафэсыйна да дробязяў. Амаль пасекундны прагляд выступаў фігурыстаў з запрашэньнем у тым ліку і расейскіх спецыялістаў-журналістаў і ў выніку становіцца зразумелым, што перамог мацнейшы на той момант. Вельмі не хапае, як разумею зараз, у нашай школе прадмэтаў рыторыкі і мастацтва дыялёгу. Амэрыканцы тут проста докі.

І.К. – Напэўна, ад докаў трэба ўжо нарэшце пераходзіць да хокаў ;)

Т.Д. – Яшчэ адну сэкунду распавяду пра амэрыканскую тэлевізію і свае новыя пэрсанальныя сымпатыі. Можа, зьдзівішся, – да керлінгу. Спачатку не зусім разумеў насычанасьці гэтым відам спорту ТБ-праграмы ў ЗША. Аднак бліжэй да канца Алімпіяды стаў сапраўдным прыхільнікам гэтай гульні. Вельмі жадаў перамог канадзкім дружынам. Асабліва жаночай, капітанам якой Шэрыл Бернар папросту зачараваўся. Аказалася, праўда, што менавіта яна ўпусьціла дзьве цудоўнейшыя магчымасьці прынесьці сваёй камандзе золата ў фінале са швэдкамі.

І.К. – Ну, канадцы сваё кампэнсавалі ў керлінгу мужчынскім. І, вядома, у галоўным турніры Алімпіяды галоўнай гульні на лёдзе, фінал якога глядзела, па словах некаторых, нібыта 30 мільёнаў канадцаў (з 34-х у краіне агулам)!

Хакейнае блюда

Т.Д. – Так. Мы адмыслова пакінулі самае смачнае на дэсерт ;) Толькі во ці быў хакей смачным у выкананьні беларусаў – яшчэ пытаньне…

І.К. – Добра, што хоць з’ядобным аказаўся. Для нас – хто наведаў толькі гульні са швэдамі і немцамі – дык лепш і складана прыдумаць было. Праўда, гэта больш датычыцца выніку.

Т.Д. – Ды хто там з нас – 15-ці чалавек беларусаў, што сабраліся ў той адзіны пераможны вечар у барчыку Манхэтана паглядзець за сустрэчай – тую гульню памятаць будзе… Радасьць была якая зато ад самой перамогі! Гол нашага Салея прымусіў пацярпець беларускую заўзятарку, на якую накінуліся мы ўсе, бо яна была ў швэдары з імём Руслана :)

 

 

Карацей, у той момант мы дакладна не шкадавалі, што адмовіліся ад ідэі вырабу беларускай саколкі з прозьвішчам “ZaharOFF” пад нумарам “ХХ” ;) Тайм-аўт у гэты раз ён узяць не запамятаваў. Навучыўся ў бітве пры Рызе. Праўда, у выніку гэта не пазбавіла трэнера ад стварэньня заўзятарскай ініцыятывы па “аб’яўленьню імпічмэнту” яму: рыхтуецца ўжо адпаведны ліст да адказных асобаў розных устаноў ды арганізацый.

І.К. – Так. Як ні хацелася заўзятарыць за зборную напоўніцу, але фігура галоўнага ўносіла пэўны разлад у нашы стройныя шэрагі падтрымкі каманды.

Т.Д. – Ну, столькі наляпаць брыдоты і так сапсаваць імідж краіны мог, напэўна, толькі ён. Я ўсё яшчэ радуюся, што яго словы пра “тупагаловых канадцаў” не пераклалі на ангельскую замежныя мэдыі. Сорамна было б за краіну ды за хлопцаў, якія яшчэ працягвалі ўдзельнічаць у турніры, калі Захараў сказаў, пра тое, што жадае перамогі расейцам. Як кажуць, без камэнтароў.

Гэта ж жах проста, як сябе паводзіць Міхалыч. Абражаючы ды прыніжаючы ўсіх вакол сябе і шукаючы безупынна ворагаў, па-мойму, складана, а то і немагчыма ўзьняць баявы дух ды выклікаць самапавагу ў ужо шмат што зрабіўшых у жыцьці людзей – заўважу, ЛЕПШЫХ у сваім відзе дзейнасьці ў Беларусі! Тое ж можна сказаць і пра сярэднестатыстычнага беларуса: якая тут можа самапавага ўзьнікнуць…

Народны фальклёр недарма зрабіў спадара Міхал Міхалыча адным з (анты)герояў сваёй творчасьці.

І.К. – Асабліва спадабаўся наступны анекдот. Па дадзеных брытанскай кансалтынгавай кампаніі Brand у тройку самых дарагіх брэндаў Беларусі ўвайшлі: 3-е месца — МТЗ; 2-е — МАЗ; 1-е — ММЗ. Спецыялісты Brand адзначаюць, што кожны беларус пры узгадваньні ММЗ закатвае вочы дагары, зжымае кулакі ды кажа: «Как он нам… дорог!»

Т.Д. – Атрымалася ў хакеі тое, чаго асьцерагаўся перад пачаткам Алімпіяды. Па большай частцы абмяркоўвалі не сам хакей, а пэрсону галоўнага трэнера. Адэкватнасьці якому, вядома ўжо даўно, не стае. Са сьпісу эпізодаў яго нахабных паводзінаў і заяў скора трэ будзе шматтомнік выдаваць. Я б не хацеў, каб такі спадар кіраваў нацыянальнай камандай. Ня буду нават казаць, які ён трэнер, і пра тое, хто б паказаў лепшы вынік з іншых настаўнікаў у дадзены канкрэтны момант, але галоўным павінен быць па-першае чалавек, а ўжо потым настаўнік-спецыяліст-прафэсыянал. Чалавечых жа якасьцяў Захараву па-добраму не хапае.

І.К. – Як бы там ні было, а ММЗ даў дазвол форуму “ПБ” разгледзець дзеяньні трэнерскага штабу ;) Во і разглядаем.

А калі сур’ёзна, то зірнуўшы на тое ж “Юнацтва” у апошнія гады бліжэй, узьнікае пытаньне, каго яно ўзгадала для зборнай? ММЗ працягвае расказваць басьні пра пераважную большасьць нібыта выхадцаў-“юнакоў” у складзе эліты беларускага хакею. Але тое было праўдай у 90-я, а ніяк не зараз. Па-мойму, у Наваполацку амаль бяз грошаў і ў Гомлі робяць куды больш, чым у гэтак узнасімым хэдкоўчам “Юнацтве”.

Т.Д. – Трэ ўсё ж і пра хакей алімпіядны нешта сказаць ;) Той жа сын ММЗ Косьця Захараў, напрыклад, гэтага заслугоўвае. Ён, нягледзячы на ўсе па-за хакейныя размовы выкол яго пэрсоны, правёў вельмі добры турнір. Спадабаліся таксама маладыя Лёша Ўгараў, Аляксандр Кулакоў, Андрэй Стась, мае пэрсанальныя сымпатыі падтрымаў добрай гульнёй Зьміцер Мялешка. Раскачыгарыліся па ходу турніра Сяргей Касьціцын і Аляксей Калюжны. На ўжо звычайным для Беларусі высокім узроўні правялі турнір брамнікі Віталь Коваль і Андрэй Мезін. Амэрыканскія журналісты нават пад час адной з трансьляцыяў жартавалі, нібыта ў нас, напэўна, з 5-ці соцень займаючыхся хакеем недзе 100 – брамнікі. Таму і такая прадуктыўнасьць ;)

І.К. – Нельга не адзначыць, што вельмі паменьшылі патэнцыял нашай каманды траўмы Мішы Грабоўскага ды Андрэя Касьціцына. Першага нечакана сустрэў у падтрыбунным памяшканьні ў перапынку гульні са швэдамі. Даўшы інтэрвію нязьменнаму камэнтатару БТ Уладзіміру Навіцкаму, Міша звыкла не адмовіўся ад невялікай фатасэсіі з фанатамі. Ужо пасьля гульні Беларусь — Швэцыя давялося таксама пазнаёміцца з абаронцам нашай каманды Сяргеем Коласавым. Ён гуляў па вуліцы з жонкай і шчыра здзівіўся, што я размаўляю на беларускай мове. “У нас у Наваполацку я ніколі беларускую мову ня чуў”, –  заявіў той. Мне стала сумна.

То можа быў адзіны негатыўны момант з усяго падарожжа ў Ванкувэр. Мы – чацьвера беларусаў у яркіх швэдрах з “Пагонямі” – там увесь час былі нарасхват. То пагутарыць з намі канадцы хацелі, то зфатаграфавацца, то проста пажадаць посьпеху. А яшчэ журналісты мясцовыя стараліся не прапусьціць магчымасць праінтэрвіюіраваць экзатычнах для ніх беларусаў, добра валодыючых ангельскай мовай. Так мы далі тэле-інтэрвію здымачнай групе, якая працавала на арэне “Canada Hockey Place” ды пагутарылі з журналістамі адной з цэнтральных ванкувэрскіх газэт – “The Vancouver Sun”. Пасьля таго, як нас паказалі на арэне некалькім тысяч гледачоў ды, асабліва, пасьля артукула ў газэце, нас пачалі пазнаваць на вуліцах Ванкувэра. Было прыемна; мы адчулі што значыць быць зоркамі ;)

Т.Д. – Нельга не ўзгадаць і пра тую падтрымку, якую трыбуны аказалі нашай зборнай напрыканцы гульні са швэдамі. Ці вы прынялі свой чынны ўдзел у “заводзе”?

І.К. – Куды больш, чым нам, “завод” быў вызваны гульцамі нашай зборнай. Наведвальнікі арэны шчодра адорвалі ў апошнія хвіліны сваёй падтрымкай актывізаваўшуюся беларускую дружыну. У той момант нашы спадзяваньні на станоўчы вынік узрасьлі неімаверна. Пару сантыметраў яшчэ б пасьля кідка Косьці Захарава, і замест звону перакладзіны трыбуны б выбухнулі “Беларусь!” ва ўсе магчымыя дэцыбелы, рэагуючы на, прызнаемся, усё ж такі цуд. Чарговы швэдзка-беларускі.

Т.Д. – Чамусьці ўзгадаў у той момант амбасадара Швэцыі ў Беларусі Стэфана Эрыксана. Цікава ці жадаў ляўрэат прэміі “Люблю Беларусь” тады тых самых сантыметраў Беларусі? ;)

І.К. – Ня ведаю, як Эрыксан, а арэна дакладна хацела, прычым за велізарнай перавагай. Тыя 50-60 беларусаў (улічваючы спарцмэнаў, спецыялістаў і журналістаў), якія прысутнічалі на арэне па маіх падліках, былі ў той момант у фавары, купаючыся ў акіяне пазытыўных эмоцый больш за 15-ці тысячаў наведвальнікаў гульні.

Дарэчы, акрамя, скажам так, афіцыйных прадстаўнікоў групы падтрымкі, якім па статусе патрэбна сьвяціцца з зялёнымі сьцягамі, былі намі сустрэты і “амэрыканскія” беларусы з такімі ж палотнішчамі. Нацыянальных жа бел-чырвона-белых сьцягоў, акрамя нашых трох, бачыў яшчэ па два-тры на кожнай з гульняў.

Т.Д. – Так-так, бачылі вас нашай групай падтрымкі ў Манхэтане, шмат разоў усклікаючы: “О! О! Глядзі! Яны! Нашы!” ;)

Дарэчы тэлевізія на хакеі працавала на вышэйшым узроўні. Камэтатары, узровень аналізу эпізодаў гульні, кампэтэнцыя аглядальнікаў, разбор па гарачых слядах у запаволеным паўторы і пры спыненай карцінкі сытуацый на лёдзе з дадатковай графікай – усё было па-майстэрску. Сапраўды было цікава паназіраць. Хоць я ўжо і прызвычаіўся да гэтага, сочачы за НХЛ, але ж тут і нашых разьбіралі дэталёва, што выклікала павышаную зацікаўленасьць. А як гульня глядзелася з арэны?

І.К. – Зборная пакінула супярэчлівыя ўражаньні. З аднаго боку, мы маем даволі моцных хакеістаў, якія могуць вырашыць лёс эпізоду ў адзіночку. Калюжны, Салей, Антоненка, больш маладыя Касьціцын-малодшы, Угараў, Мялешка, безумоўна брамнікі. Запомніўся першы гол Калюжнага немцам, бо я як раз сядзеў за брамай Грайса. Ужо губляючы раўнавагу, Аляксей усё роўна вытрымаў майстэрскую паўзу і паклаў шайбу ў сетку, нягледзячы на перашкоды з боку абаронцы. І такіх момантаў дэманстрацыі індывідуальнага майстэрства з боку нашых на турніры было даволі.

З іншага боку, з трыбуны каманды выглядала неяк “сыравата”. Пасьпяховай каманднай гульні бракавала. Асабліва гэта праявілася ў дзеяньнях у няроўных складах: што ў большасьці, што ў меньшасьці нашыя былі аднымі з горшых на Алімпіядзе. Міхаіл Захараў пасьля вяртаньня дадому адмовіўся ўзгадаць памылкі трэнерскага штабу і сказаў, што, гледзячы як мала дзён было на падрыхтоўку, каманда на Алімпіядзе выступіла добра. Як быццам іншыя зборныя мелі больш часу на давядзеньня сваіх дзеяньняў да аптымальнага ўзроўню. А кепская гульня ў няроўных складах, на маю думку, як раз і паказвае на недапрацоўкі нашага малаколькаснага ды інтэрнацыянальнага, што таксама не дадало ўзаемаразуменьня, трэнерскага штабу.

Т.Д.
– Так, маеш рацыю. Мне гульня нашай каманды нагадала абаронцаў фартэцыі, якія за мурамі брамнікаў, хаваліся ад сотняў стрэлаў, пушчаных у свой бок, ды кідалі ў адказ з-за пляча “атамныя” бомбы. Дзякуючы па-большасьці майстэрству нашых гульцоў, гэтыя нерэгулярныя выбухі атрымліваліся галявымі. Каманднага было малавата. Што яшчэ раз вымушае ўзгадаць пра пэрсону трэнера. Нібыта нават незамянімага, як пісаў той жа “Прессбол” перад Алімпіядай.

І.К. – Можа, і незамянімага. Бо з “падлёдавым” адмінрэсурсам і сваімі сувязямі спадар Захараў здольны заесьці ў Беларусі сёньня любога канкурэнта. Таму тыя, разумеючы гэта, асабліва і не высоўваюцца. Я прынамсі бачу сытуацыю гэтак.

Т.Д. – У кропку.

Зато фінал ЗША – Канада, безумоўна, кампэнсаваў на 100% чаканьні тых, хто спадзяваўся на сустрэчу двух галоўных хакейных “монстраў” у галоўнай гульні спаборніцтваў. Аднак чакаемыя “монстры” аказаліся, паўшы ў чвэрцьфінале з лікам 3-7, зусім бяззубымі. Некаторыя з іх у прамым сэнсе. Бо ад таго ж Авечкіна, які мне вельмі сымпатычны як спарцмэн, ну ніяк не чакаў ламаньня камэр журналістаў і сваіх жа заўзятараў.

І.К. – Бог з імі з расецамі. Ты во каго, цікава, у фінале падтрымліваў?

Т.Д. – Я знаходзіўся ў самым выйгрышным з усіх становішчы. Бо ў любым выпадку бы парадаваўся. Ці за Канаду, якая, безумоўна, заслугоўвала сьвята менавіта на хакейнай вуліцы. Той жа Грэтцкі казаў у інтэрвію перад гульнёй, што ў гэты дзень у Канадзе нават донута-бубліка будзе немагчыма набыць падчас трансьляцыі, бо ўся краіна спыніцца, назіраючы за фіналам. Думаю так і было.

Ну, а амэрыканцы на працягу ўсяго турніру паказалі на што здольныя. Іх золата ні ў якім разе не было б выпадковым.

А ты пасьля свайго візыту ў сталіцу гульняў, напэўна, схіляўся ў бок Канады?

І.К. – А вось і не. Усё ж такі больш сымпатызаваў маладой амэрыканскай камандзе. Калі не маю асабістых прэферэнцый, звычайна не перажываю за фаварытаў. Яны могуць узяць сваё і без падтрымкі. А вось каманды, якія не лічацца кандыдатамі на перамогу, а па ходу турніру радуюць вока сваёй добрай гульнёй, заўсёды выклікаюць сымпатыю. Хаця да фіналу шмат хто з амерыканцаў пад уздзеяньнем вынікаў сваёй каманды ды усё таго ж пазытыўнага асьвятленьня выступу “зорна-паласатых” у амэрыканскіх СМІ, ужо лічыў фаварытамі сваіх. Мой добры амэрыканскі сябра, які разбіраецца ў хакеі, перад фіналам не сумняваўся, што ЗША пераможа. Я ж адказаў яму эсэмэскай: “Калі Штаты два разы запар пераможаць зорную Канаду, то гэта будзе наступным (пасьля тых жа амерыканцаў-1980 ды беларусаў-2002) Цудам на Лёдзе”. Як ведаем, цуда не адбылося…

А так Алімпіяда, безумоўна, павінна дадаць увагі хакею ў ЗША. Тая ж NBC абвесьціла, што вяртае па нядзелях на канал гульні свайго партнёра – НХЛ.

Т.Д. – Фінал, безумоўна, аказаўся шыкоўным. З мегахуткасьцямі, закручанай да бязмежжа інтрыгай і, што гэтак падабаецца мясцовай паўночна-амэырканскай публіцы – гяроем, якога чакала ўся нацыя, – Сідам Кросбі!

Дарэчы, вяртаючыся да пытаньняў аб хакейных школах. Цікавы факт пра аўтараў двух апошніх шайб на Алмпіядзе. Герой амэрыканскі Зак Парызе, які параўняў лік за 24,5 сэкунды на заканчэньня трэцяга перыяду фінала, гадаваўся ў адной хакейнай школе з канадцам Кросбі – у Shattuck — St. Marys school.

І.К. –  Так. А агулам гэта ўстанова была прадстаўлена на Алімпіядзе ажно сямёркай хакеістаў. Акрамя ўзгаданых дваіх яшчэ Раян Мэлоўн, Джэф Джонсан і Джонатан Тоўвс плюс дзьве жанчыны-амэрыканкі. Во дзе ліга чэрпае таленты!

Т.Д. – Зараз для НХЛ пытаньне ў тым, ці здолее ліга капіталізаваць гэтыя таленты ды алімпійскі патэнцыял напоўніцу і выпрацаваць адпаведную стратэгію бізнэс-разьвіцьця сваіх спаборніцтваў у пяцікольцавым кантэксьце.

Алімпіяда-2014 стане адным з пунктаў перамоў прадстаўнікоў лігі і прафсаюза гульцоў пры падпісаньні новай калектыўнай дамовы. На адной чашы вагаў будуць неправядзеньне Гульні Ўсіх Зорак НХЛ, два тыдні перапынку ў саборніцтвах ды таму вельмі сьціснуты графік, а на другой жаданьне гульцоў выступіць на наступнай Алімпіядзе ў Сочы.

І.К. –  Гэтыя спаборніцтвы паказалі яшчэ раз, што Алімпіяда для хакеістаў – гэта як чэмпіянат сьвету для футбалістаў. Хацелася б бачыць у 2014-м на турніры і нашых ізноў.

Погляд у будучыню, ці простыя мары беларусаў

Т.Д. – Уяві сабе такі 2014-ты. Спачатку ў лютым (у) Сочы з нашай зборнай. Потым у траўні ў Менску – чэмпіянат сьвету па хакеі. Нашы там будуць дакладна. І хацелася б, каб выступілі па-гаспадарску. А потым у чэрвені-ліпені ЧС па футболе ў Бразіліі.

І.К. –  І таксама з нашымі?

Т.Д. – Бачу ты ўжо марыш разам са мной ;)

І.К. – У цябе наогул добрая фантазія. Наконт стварэньня дружыны па керлінгу пісаўшы свой пост на фэйсбуку пра падрыхтоўку да Алімпіяды-2018 ты таксама не жартаваў?

Т.Д. – А што тут жартаваць? Вучымся тут. Вучымся працаваць. Вучымся зарабляць грошы. Пачнем гуляць у керлінг у вольны час замест більярду ды вялікага тэнісу – і, глядзіш, і зборная Беларусі сярод прэтэндэнтаў на мэдалі Алімпіяды апынецца ў 2018-м у камандным гульнявым відзе спорту.

А ты, бачу, з хлопцамі прэтэндуеш, каб стаць першым беларускім бобам у гісторыі? ;)

І.К. – Лепш мы прымем удзел у гульнях летніх па картачным брыджы ў 2020-м ;)

 

belmov.org