“Футбаліст-2009 году” ў Беларусі Сяргей Крывец робіць фенаменальную кар’еру ў Польшчы. У першых трох матчах сезону за познаньскі клуб “Lech” ён забіў два галы і паспрыяў таму, каб клуб узняўся на другое месца ў чэмпіянаце Польшчы. Інтэвію «Польскаму радыё».

 

Выязджаючы з Беларусі, Вы тлумачылі свой пераход у „Lech” тым, што Вам патрэбая новая матывацыя. Ці знайшлі Вы ў Познані тое, што шукалі?

С. Крывец: Любы пераезд – гэта крок наперад. Змена абставінаў надае новы імпульс, рух наперад. Новыя людзі, новае месца, новая сытуацыя — чалавек развіваецца. Трэба сябе паказаць і штосці давесці. Так, я тут развіваюся.

Ці задаволены Вы вынікам першых трох матчаў Чэмпіянату Польшчы? Два галы – гэта тое, што Вы хацелі?

С. Крывец: Вынікам задаволены, але якасцю гульні не да канца. Мог бы гэта рабіць лепш…

А што менавіта?

С. Крывец: Дзесьці дзейнічаць больш востра, больш надзейна, каб прыносіць больш карысці.

Ужо больш за тры месяцы Вы жывяце на новым месцы? Ці падабаецца Вам у Польшчы?

С. Крывец: Падабаецца. Адзіная праблема ў тым, што пакуль не вельмі добра валодаю мовай і тое, што я тут адзін. Дарэчы, як раз неўзабаве пачынаюцца курсы польскай мовы. Горад і краіна мне падабаюцца. Ездзіў у Варшаву, Бэлхатаў. Але ў асноўным сяджу ў Познані.

І як выглядае Ваш працоўны графік?

С. Крывец: А 8.00-8.30 пад’ём. Пазней збор а 10.00 на стадыёне і трэнінг. Пасля трэнігу еду на абед і дадому. Вось і ўвесь мой графік, асабліва ненасычаны. У Познані вельмі спакойнае жыццё, а гэта тое, што трэба для росту футбаліста.

А што робіце вечарамі, калі сканчваецца трэнінг?

С. Крывец: Прыходжу дадому і сяджу, звычайна ў Інтэрнэце. Праз сеціва кантактую з сябрамі і роднымі. Ёсць пару знаёмых. У клубе працуе скаўтам Сяргей, таксама з Беларусі. Часта з ім праводжу вольны час.

Ці патрэбная Вам была адаптацыя да ўмоў польскага футболу?

С. Крывец: Думаю, што яна яшчэ ідзе. Я пакуль не да канца адаптаваўся. Польскі футбол трошкі іншы, таму патрэбны некаторы час. Тут больш сілавы і дынамічны футбол. Рашэнні падчас гульні даводзіцца прыймаць вельмі хутка. У Беларусі ён больш тэхнічны з вялікай колькасцю камбінацый. У Польшчы шмат увагі надаецца фізічнай падрыхтоўцы. Апрача таго, увага, якая надаецца футболу ў Польшчы, непараўнальная з тым, што адбываецца ў Беларусі.

А званне «Футбаліст году» ў Беларусі – гэта мала?

С. Крывец:  Канечне, папулярнасьць была і ў Беларусі. Але я кажу не пра сваю асобу, а пра футбол увогуле. Увага, якая тут надаецца футболу, гэта штосці надзвычайнае. І ў прэсе, і на тэлебачанні! Тут з гэтым нашмат лепей, чым у Беларусі.

А ці паспелі Вы ўжо пазнёміцца з заўзятарамі «Lech»? Ці адрозніваюцца яны ад беларускіх?

С. Крывец:  У «БАТЭ» ў нас цудоўныя заўзятары, ды і ўвогуле беларускія заўзятары класныя. Але тут існуюць старыя футбольныя традыцыі. Тут у кожнага клюбу ёсць заўзятары, якія будуць на матчы заўсёды, нягледзячы на абставіны. А што тычыцца «Lech», то тут проста фантастычныя заўзятары. Мяне часта пазнуюць у горадзе і я ўдзячны ім за пазітыўныя эмоцыі.

Анатоль Капскі казаў у адным з інтэрвію, што Вы атрымалі прапановы з Іспаніі, Італіі, Украіны і Расіі. Але Вы выбралі Польшчу. Чаму?

С. Крывец: «Lech» паказаў большую зацікаўленасць, больш жадання і канкрэтыкі. Тое, што я пазней тут пабачыў, мне вельмі спадабалася. У клуба ёсць вялікія перспектывы, шмат заўзятараў, а таксама новы стадыён. Я падумаў, узважыў, і вырашыў паспрабаваць?

Шмат хто кажа, што Вы тут марнуецеся, што Вашае месца ў вядомым еўрапейскім клубе.

С. Крывец: Вядома, я хацеў бы развівацца як футбаліст, расці і трапіць у мацнейшы клуб. Але на дадзены момант усё сканцэнтравана на гульні з клубам «Lech». Я не сумняюся, што калі будуць перамогі і поспех, то будуць і чарговыя прапановы. Галоўнае – рабіць добра сваю працу, і цябе заўважаць.

Ваш трэнер Віктар Ганчарэнка лічыць, што Вы ўжо цяпер вартыя большага, чым польскі футбол.

С. Крывец: Усяму свой час. Калі я гэтага варты, то яно ад мяне нікуды не ўцячэ. Усе гэтыя выказванні трэнера і прэзідэнта клубу, шчыра кажучы, мне ня вельмі падабаюцца. Я прыняў рашэнне. Я ж не каментую іх рашэнняў. І мне не вельмі прыемна, што кожны на Беларусі пачынае яго ацэньваць.

А ці былі дома пасля пераезду?

С. Крывец: Так, аднойчы ўдалося вырвацца, праўда, не на доўга. Спадзяюся, што яшчэ будуць выходныя, і я абавязкова паеду. Я часта стэлефаноўваюся з бацькамі, зь сябрамі і з трэнэрамі. Я вельмі сумую па доме і па Беларусі.

А па чым найбольш Вы сумуеце?

С. Крывец: Калі казаць пра нешта матэрыяльнае, то гэта беларускія супы…

…. але ж у Польшчы вельмі багатая супная традыцыя.

С. Крывец: Так, але тут, у асноўным, бульёны, а мне хочацца баршча ці салянкі. А такога няма. Таксама я заўважыў, што тут вельмі мала чорнага хлеба. Было б няблага з’есьці боршч з чорным хлебам.

Як Вы спраўляецеся са славай? Ці няма «зорнай хваробы»?

С. Крывец:  Мне здаецца, што я прайшоў той этап, калі «зрывае дах». У БАТЭ таксма былі сур’ёзныя поспехі. Увага вельмі вялікая: амаль штодзённа па некалькі інтэрвію і фотасэсій. Я стаўлюся да гэтага вельмі спакойна, як да звычайнай працы.

Вы вялі свой блог у Інтэрнэце. Ці не збіраецеся яго аднавіць, тым больш, што ў Вас шмат вольнага часу?

С. Крывец: Той досвед быў вельмі цікавы. Было б няблага паспрабаваць ізноў. Буду думаць, можа будуць цікавыя прапановы. Было б добра, каб такі блог знаходзіўся на нейкім канкрэтным сайце, які б не знік у адзін момант, як гэта ўжо аднойчы здарылася. Хацелася, каб гэта было на нармальным партале, каб людзі маглі чытаць і цікавіцца.

Ваша рашэнне напісаць прозвішча Krivets, а не Kryviec альбо, парынамсі, Kryviets, выклікала, мякка кажучы, здзіўленьне ў некаторых вашых заўзятараў у Беларусі. Чаму Вы напісалі яго на рускай?

С. Крывец: Я прызвачаіўся менавіта да варыянту – Krivets, менавіта так пішацца маё прозвішча. Мне так больш падабаецца, чым KrYwiec. Але гэта абсалютна не сведчыць пра тое, што я менш люблю Беларусь. Гэта мая радзіма, якую я люблю, не ўяўляюе без яе жыцьця і жыць буду толькі ў Беларусі.

У адным з інтэрвію польскай газеце “Przegląd Sportowy” Вашыя бацькі сказалі, што ў дзяцінстве ў Вас быў сшытак, куды Вы запісвалі свае планы. Што ў ім запісана на бліжэйшы час?

С. Крывец: Гэты сшытак я больш не вяду, бо ўсе планы ў маёй галаве. Я ніколі не хачу іх афішаваць, а проста хачу іх выканаць. Думаю, што нескладана здагадацца, якія гэта планы. Трэба перамагаць.
 

 

 Польскае радыё