Улады Беларусі пільна і з жахам сочаць за падзеямі ў паўднёвых суседзяў – упэўненыя эксперты. Ці не таму Аляксандр Лукашэнка абвесціў пра пераход… да дэмакратыі. Падчас сустрэчы са старшынёй Цэнтрвыбаркаму Лідзіяй Ярмошынай кіраўнік краіны пагадзіўся з прапановаю ЦВК аб правядзенні выбараў у мясцовыя саветы 23 красавіка. Ды з сарказмам паведаміў пра змену палітычнага курсу.

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА, КІРАЎНІК БЕЛАРУСІ:
«Перыяд дыктатуры заканчваецца, з наступнага года пераходзім да дэмакратыі, і ад гэтага нікуды не падзецца. Напэўна, пачатак пакладуць гэтаму выбары ў мясцовыя саветы. І дай Бог, каб мы мірна, па-чалавечы скончылі гэты этап выбарамі прэзідэнта».

Паводле Аляксандр Лукашэнкі, выбары ў мясцовыя саветы, а ў 2015 – прэзідэнцкія і ў 2016 годзе – парламенцкія, маюць быць, цытуем, «дэманстрацыяй сапраўднай дэмакратыі». Адказваць за арганізацыю і правядзенне выбарчых кампаніяў Лукашэнка даручыў надалей Лідзіі Ярмошынай. Чыноўніца з 1996 года ўзначальвае ЦВК. Праўда, з гэтага ж года аніводныя выбары міжнародная супольнасць не прызнала за сумленныя і справядлівыя. А сама кіраўніца Цэнтральнай выбарчай камісіі з 2004-га застаецца ў чорным спісе Еўразвязу.

Працягласьць: 00:01:16