Прыхільнікі пабудовы беларускай нацыі зацыкліліся на адным узоры яе стварэння. Госць праграмы «Размова Мацкевіча» філосаф Валянцін Акудовіч мяркуе, што ёсць лепшая для беларусаў альтэрнатыва, чымся «этна-лінгвістычная» мадэль нацыі.

Пра ідэю, якая б аб’яднала ўсіх беларусаў, нядаўна ўзгадаў Аляксандр Лукашэнка. Ці гаворка ішла пра нацыянальную ідэю? Валянцін Акудовіч сумняваецца ў тым, што нацыянальная ідэя патрэбная і ўвогуле можа існаваць. «Калі ёсць нацыя, то тэарэтычна ў нацыі можа быць нейкая ідэя. Напрыклад, уся нацыя аб’ядноўваецца, каб засвоіць космас. Можа існаваць ідэя стварэння нацыі, а калі нацыя створаная, то пры чым тут «нацыянальная ідэя»? Якая можа быць «ідэя трактара», калі трактар ужо ездзіць? Гэтак – якая ідэя у літоўцаў? Яны здзейснілі сваю мару: адарваліся ад Расейскай імперыі, уступіўшы ў Еўразвяз, далучыліся да Еўропы. На гэтым – усё, далей – жыць, якая яшчэ ідэя?»

Госць праграмы заўважае, што існуюць дзясяткі фарматаў утварэння нацыі. «У нас, у еўрапейскай частцы, этнічная база дамінуе. Таму ў нас дзве асноўныя мадэлі: этна-лінгвістычная, дзе ў аснову пакладзеная культура, этнас, кроў, мова. Гэтак званая «нямецкая мадэль». Ёсць яшчэ «грамадзянская нацыя», гэтак званая «французская мадэль». І мы ў Беларусі зацыкліліся, у нас ідэя фікс, што мы павінны стварыць на этна-лінгвістычнай, этна-культурнай базе. А я схільны да «французскай мадэлі», мне падаецца, што яна нам больш пасуе», – кажа філосаф.

У гісторыі былі спробы збудаваць менавіта «грамадзянскую нацыю»: падобнае было і ў Вялікім княстве Літоўскім і ў Рэч Паспалітай. Уладзімір Мацкевіч мяркуе, што і сёння беларусы хутчэй – грамадзянская нацыя. Таму, на ягоную думку, і побытавага нацыяналізму ў Беларусі практычна няма. «Побытавы нацыяналізм нас яшчэ чакае», – заўважае госць праграмы.

Валянцін Акудовіч падкрэслівае, што беларуская нацыя ўжо створаная і існуе. «Відавочна ўсе прыкметы ёсць. Так, можа гэта не тая нацыя, якую мы хацелі, пра якую мы марылі. Але нацыя ўжо ёсць, і 20 гадоў існавання дзяржавы – самы істотны чыннік для нацыяўтварэння. Калі мы яшчэ мелі гэта ў гісторыі? А сёння мы кладземся спаць і прачынаемся ў Беларусі – сваёй краіне».

 

Працягласьць: 00:14:49